Вы тут

Ячменная гарачая пара. Як праходзіць жніво ў Карэліцкім раёне


Штодня камбайнер Сяргей ЯКІМАЎ і яго памочнік Аляксандр ДЗЯЛЁЎ шчыруюць на палях калгаса «Чарняхоўскі-Агра» Карэліцкага раёна на сваім «Палессі». За два-тры тыдні трэба паспець сабраць з палеткаў увесь хлеб. Гэтымі днямі яны працуюць на ячменным полі. Культура, кажуць, капрызная да вільгаці: толькі раса пачне брацца, ячмень ужо жаць нельга — вельмі хутка ён пачынае сырэць.


— Зранку ўвесь камбайн правяраецца, змазваецца ды чысціцца, і ўжо а палове дзясятай мы ў полі. Ячмень якраз да гэтага часу падсыхае, і яго можна збіраць, — кажа камбайнер. — Колькасць сабранага дзень на дзень не прыходзіцца — усё ад надвор'я залежыць. Але ж падчас уборачнай мы ўвесь пагодны час на полі. Цяжка, але ж прывыкаеш. Дадому прыйдзеш, паспіш — і зноў па новай. Восем гадоў таму я ўжо працаваў на камбайне, дык пасля ўвесь час, дзе б ні ўбачыў яго, — аж душа цягнулася за руль ізноў сесці.

З 21 ліпеня экіпаж намалаціў ужо каля 400 тон. Сяргей Якімаў у раёне прыезджы, працуе ў калгасе з мая гэтага года, але ўжо ўцягнуўся ў работу. З жонкай атрымалі жыллё і перспектывы на будучыню. Сын працуе на збожжасушылцы, дачка з'ехала замуж у Барысаў. Дагэтуль, кажа камбайнер, па гаспадарках усёй краіны паматаўся і на прыватнікаў папрацаваў. Але ж захацелася пэўнай стабільнасці, ды і стаміўся, вось і прыбіўся да сельскагаспадарчага берага.

 

Аляксандр Дзялёў (малады ды нежанаты) — тутэйшы, нарадзіўся ў аграгарадку Турэц, тут жа і жыве, і працуе — памочнікам камбайнера ўлетку, механікам сельскагаспадарчых машын — у астатні час. Скончыў Жыровіцкі аграрны каледж, завочна паступіў вучыцца ў Баранавічы на інжынера. Хлопец сочыць, як напаўняецца бункер, ды глядзіць, каб жняярка дзе на якую купіну ці камень не наскочыла. «Гэты ж яравы ячмень, а не азімы, таму тут зямля мякчэйшая, больш рухаецца. Трэба пільна сачыць за паверхняй», — кажа ён.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

Маладых спецыялістаў у сельскай гаспадарцы вабяць не толькі жыллё і зарплата

У сельгаскааператыве «Ніва-2003» Гродзенскага раёна цяпер працуе ажно 11 маладых спецыялістаў. 

Грамадства

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Як працуюць маладыя спецыялісты ў Гарадоцкім раёне

Райцэнтр Гарадок знаходзіцца прыкладна за трыццаць кіламетраў ад Віцебска, недалёка — мяжа з Расіяй. Як там сёння з кадравым пытаннем?

У свеце

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Барацьба з эпiдэмiяй у Пекiне: адлюстраванне ўзроўню мунiцыпальнага кiравання

Да Кiтая ўвага ўсёй сусветнай супольнасцi прыкавана з розных прычын.

Грамадства

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Кампазiтар Алег Елiсеенкаў: У нас з жонкай усё агульнае — i радасцi, i нягоды, i грошы

Са сваёй жонкай аўтар папулярных песень знаёмы амаль паўстагоддзя.