Вы тут

Пра ўсё раскажа ДНК. У Інстытуце генетыкі і цыталогіі адкрыўся Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій


У Інстытуце генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук пасля двухгадовай мадэрнізацыі адкрыўся Рэспубліканскі цэнтр геномных біятэхналогій. Тут з'явілася дзесяць лабараторый з самым сучасным навуковым абсталяваннем. Цяпер цэнтр цалкам адпавядае сусветным патрабаванням, што прад'яўляюцца да ПЦР-лабараторый. Усё гэта створыць прынцыпова новыя магчымасці: колькасць генных даследаванняў падвоіцца, генетычныя пашпарты стануць больш даступнымі, а таксама будуць забяспечаны спрыяльныя ўмовы для міжнароднага супрацоўніцтва.


pravo.by

Намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр КІЛЬЧЭЎСКІ расказаў, што ўжо сёння наладжана актыўнае ўзаемадзеянне з урачамі, спецыялістамі ў галіне аховы навакольнага асяроддзя, крыміналістамі, селекцыянерамі і спартсменамі.

— Спецыялісты лабараторый цяпер выконваюць саюзную праграму «ДНК-ідэнтыфікацыя», якая складаецца з двух кірункаў: крыміналістыка (пошук злачынцаў на аснове даных малекулярнай генетыкі, вывучэнне генетыкі знешнасці, узросту, псіхічных асаблівасцяў) і медыцынская генетыка. Абсталяванне ў мадэрнізаваным цэнтры ўнікальнае і дарагое — каб на ім працаваць, нашы супрацоўнікі вучыліся ў Германіі, Вялікабрытаніі і ЗША. У планах праграма «ДНК-ідэнтыфікацыя — 2», па якой мы будзем вывучаць не толькі чалавека, але і біялагічныя аб'екты, што могуць быць асновай эканамічных злачынстваў, такіх, напрыклад, як фальсіфікацыя мясных або рыбных прадуктаў, крадзеж драўніны.

Геномныя біятэхналогіі лічацца вельмі перспектыўнымі ва ўсім свеце і актыўна развіваюцца. Даследаванні беларускіх навукоўцаў не саступаюць замежным, упэўнены старшыня Прэзідыума НАН Уладзімір ГУСАКОЎ: «У нас магутная біятэхналагічная навука. Адкрыццё мадэрнізаванага цэнтра дасць магчымасць выйсці на новы ўзровень у галіне вывучэння генома чалавека, раслін і жывёл».

Сёння ў цэнтры аказваюцца паслугі па генетычным тэсціраванні схільнасці да больш чым 20 сацыяльна значных захворванняў. Гэта і сардэчна-сасудзістыя, і астэапароз, і дыябет 2-га тыпу, і трамбафілія, і іншыя. Акрамя таго, сталі магчымымі вызначэнне індывідуальных генетычных асаблівасцяў метабалізму вітамінаў, алкаголю, халестэрыну, старэння скуры, стану валасоў, расшыфроўка поўнага геному чалавека. Гэтыя веды дазваляюць правесці раннюю дыягностыку паталогій, вызначыць прагноз развіцця небяспечных ускладненняў і правільна падабраць метады прафілактыкі і лячэння. Цяпер у лабараторыі генетыкі чалавека можна прайсці генетычнае тэсціраванне і даследаваць 60 самых важных генаў, а пасля — атрымаць асабісты генетычны пашпарт. У цэнтры іх зрабілі ўжо больш чым для 16 тысяч беларусаў.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.