Вы тут

Коні-лекары


Іпатэрапія — лячэбная верхавая язда — усё больш папулярная сярод пацыентаў з цяжкімі захворваннямі. І калі афіцыйная медыцына безнадзейна разводзіць рукамі, на дапамогу прыходзяць коні, вяртаючы не толькі радасць жыцця, але і здароўе.


Наталля Сінкавец — ідэйная натхняльніца рэабілітацыйнага праекта — з дачкой Эміліяй і любімым канём Барханам

У 35 кіламетрах ад Мінска на 70 гектарах зямлі раскінулася Green Ranch: вялікая аграсядзіба з хостэлам і маленькімі гасцёўнямі, футбольным полем, пляцоўкай для дзіцячых гульняў у выглядзе вялізнага драўлянага карабля, крытым манежам і стайняй. Астатнюю тэрыторыю займаюць вальеры. У іх, ляніва памахваюць хвастамі і перабіраючы губамі, прывольна шпацыруюць коні. На некаторых надзетыя маскітнымі сеткі, кагосьці схавалі ад пякучага сонца пад навесам — бачна, да коней тут ставяцца з піетэтам. Паміж вальерамі — вузкія дарожкі, яны ўтвараюць цэлы лабірынт, і не адразу зразумела, дзе ж «цэнтральная вуліца» з адміністрацыяй. Бо я прыехала даведацца, як тут праводзяцца сеансы іпатэрапіі — рэабілітацыі з дапамогай верхавой язды. Хоць ужо за пару кіламетраў ад прэзентабельнага белага дома, прыкметнага яшчэ здалёк, які ўзвышаецца над маляўнічым зялёным узгоркам, я адчула тэрапеўтычнае ўздзеянне самой прыроды. Азярцо з чыстай, як мне сказалі потым, вадой каля ранча, бярозкі ўздоўж звілістай дарогі… Нібы ажыўшы краявід, які сышоў з карціны мастака. Як жа не хапае такіх эмоцый нам, гарадскім жыхарам!

Блукаючы па перыметры вальераў, нарэшце знаходжу крыты манеж, дзе сустракаю Вольгу — інструктара па іпатэрапіі. Яна ўжо заканчвае занятак са сваёй маленькай пацыенткай, а побач стаіць наступная: пяцігадовая Кіра. Вольга дапамагае дзяўчынцы сесці на каня Марціна, і мы ў суправаджэнні канявода Алены (дарэчы, кандыдаткі ў майстры спорту па канкуры), адпраўляемся ў чароўны лес.

Ход канём

Так праходзіць сеанс іпатэрапіі з інструктарам Вольгай

Іпатэрапіяй можна займацца ў любым узросце і практычна ўсім. Але пры хваробе нырак — нельга, бо падчас язды ствараецца дадатковая нагрузка на гэтыя органы. І трэба ўстрымацца тым, у каго ёсць алергія на жывёл ды ломкія косці. Некантактнасць ды эпілепсія — спрэчныя супрацьпаказанні. Калі праз дзесяць сеансаў ніякіх паляпшэнняў з боку псіхалагічнай адаптацыі няма, а ў выпадку з эпілепсіяй — прыступы паўтараюцца або аднаўляюцца, то займацца, на жаль, нельга.

У Green Ranch на лячэбныя сеансы ў асноўным прыязджаюць дзеці. Заняткі праходзяць па аўторках і чацвяргах, доўжацца 30 мінут. Возяць дзяцей пастаянна і на працягу некалькіх гадоў, таму новаму пацыенту патрапіць туды — праблемна. Чарга! Найменшаму пацыенту — тры гады. Хоць рэабілітацыю вярхом на кані праходзіў неяк і 70‑гадовы мужчына: у яго былі праблемы са спіной.

Вольга ў якасці інструктара па іпатэрапіі ўжо шэсць год займаецца з маленькімі пацыентамі, у большасць з якіх дыягназ ДЦП. У самой — тры вышэйшыя адукацыі: медыцынская, спартыўна-медыцынская і ёсць дыплом іпатэрапеўта, які атрымала ў Расіі: у нас пакуль у сістэме адукацыі такой спецыяльнасці няма. Пытаюся, няўжо конь здольны якасна палепшыць жыццё пры самых цяжкіх формах ДЦП? У адказ Вольга ўсміхаецца, успамінаючы, колькі цяжкіх крокаў паспяхова пераадолелі яе пацыенты.

— Памятаю шасцігадовую дзяўчынку з цяжкім ад нараджэння дыягназам. У народзе пра такіх кажуць «не чалавек, а гародніна», яшчэ і з эпілептычнымі прыпадкамі. Дзіця было, абсалютна непрыстасаванае да жыцця, нашы медыкі разводзілі рукамі... Але бацькі не паставілі крыж на дачцэ, усяляк стымулявалі яе і фізічную, і разумовую актыўнасць, вазілі на іпатэрапію ў тым ліку. І вось да 12‑ці гадоў яна ўжо магла спакойна размаўляць па табліцы, трымаць самастойна лыжку. Дзяўчынка стала кантактная, актыўная, пайшла ў школу на інклюзіўнае навучанне.

Тут гатуюць ежу для коней

Вольга перапыняе аповед, бо Кіра, якая спакойна сядзела ўвесь час на кані бокам, стала варочацца і нешта спрабавала сказаць.

— Сесці наперад? Ты хочаш сесці наперад? Не «так», а «Вольга, я хачу сесці наперад тварам». Паўтары, калі ласка.

Пры мне Кіра, у якой ДЦП, цягліцавая атанія (нізкі тонус) удумліва, вельмі павольна, але выразна паўтарае фразу. Мы спыняемся, даючы дзяўчынцы магчымасць памяняць позу, а затым разам з інструктарам і каняводам «бяжым» галопам. Кіра ўсміхаецца, весела падскокваючы на Марціне. Яна займаецца ўжо два гады і, на мой погляд, упэўнена трымаецца ў сядле. Вольга распавяла, што першапачаткова дзяўчынка ніяк не сядзела і наогул не размаўляла.

Стайня

— Часам мы заходзім глыбей у лес: кветачкі нюхаем, там і ягадкі ёсць, іх можна палічыць. Але гэта калі дажджу няма. Калі зусім дрэннае надвор’е — у манежы займаемся. Усё неабходнае там ёсць: пірамідкі, калючыя мячыкі, палачкі — розныя прыстасаванні для развіцця дробнай маторыкі. На сценах літары вісяць. Яшчэ вучым, у які бок конь паварочвае: направа, налева… Перабіраем яго грыву, мацаем пазванкі, якія таксама можна палічыць. Дома на дыване, пагадзіцеся, не так займальна гэта ўсё вывучаць.

Быў у Вольгі яшчэ адзін складаны пацыент. Складаны таму, што акрамя дыягназу ДЦП, тэтрапарэза (усе чатыры канечнасці знаходзяцца ў цвёрдым спазме, моцна сціснутыя, што стварае пастаянныя болевыя адчуванні), 20‑гадовы хлопец не хацеў займацца. Ён не мог нават сядзець. Ці трэба казаць, як змянілася яго стаўленне да коней, калі змог самастойна згінаць-разгінаць рукі, адвесці нагу, каб сесці на каня і нават праехацца без дапамогі інструктара! А спачатку нават лаяўся, успамінае Вольга, калі прапанавалі выканаць «невыканальныя» каманды.

Чацвераногі трэнажор

У дзяцей з дыягназам ДЦП часты спадарожнік — сімптом «перакрэст»: так у народзе кажуць, калі перакрыжоўваюцца ножкі. Лячэбная фізкультура гэты сімптом, вядома, здымае, але з дапамогай каня поспеху дасягаюць нашмат хутчэй. Дарэчы, у звычайных здаровых людзей цягліцы, што размешчаны ва ўнутранай паверхні сцягна, не вельмі працуюць. І яны выдатна развіваюцца ў «несвядомым» стане, пакуль чалавек едзе верхам. Інакш проста не ўтрымаешся ў сядле! Уседзець на кані — складаная звычка для любога чалавека. Пасля дзесяцімінутнай язды па крузе ў першы раз адчуваецца боль і напружанне ва ўсіх практычна цягліцах. Хоць, здавалася б, сядзіш сабе камфортна, весела падскокваючы… І можна ўявіць, як цяжка даводзіцца дзецям з дыягназам ДЦП! Але пакуль маленькі пацыент зносіцца з інструктарам, па баках глядзіць — арганізм напружана працуе. Утрымацца, павярнуцца, легчы, устаць — вось ужо прэс і цягліцы шыі прапрацаваныя. А яшчэ касыя цягліцы прэса, спіны, цягліцы, якія выцягваюць хрыбетнік… Ножку перакінулі — напружылася малая галёначная, чатырохгаловая цягліца, пальцы ступні. Часта ў дзяцей з ДЦП яны альбо вальгусныя, альбо варусныя (віды дэфармацыі ступні). А тут даводзіцца нагу выпростваць асаблівым чынам, каб хутчэй яе падняць — бо хочацца даўжэй пакатацца! Працуюць і квадратныя цягліцы паясніцы. Гэта, дарэчы, канкрэтызуе Вольга, вельмі буйныя цягліцы ў спіне, яны адказваюць за рух ног. Нечакана, праўда! Мы прывыклі думаць, што за ногі адказвае хрыбетнік. Але было праведзена даследаванне, падчас якога ў дарослага чалавека «адключылі» анальгетыкамі буйныя паяснічныя цягліцы. Ногі ў яго былі выдатна развіты, на хрыбетнік і мозг навукоўцы не ўздзейнічалі. Тым не менш, паддоследны не змог хадзіць.

А яшчэ падчас катання добра развіваецца каардынацыя і раўнавага. Цікавы факт: за каардынацыю адказвае мозг, дакладней, малы мозг ці мазжачок, а за раўнавагу — слыхавы апарат, усярэдзіне якога знаходзіцца вадкасць. Дзякуючы ёй мы і не падаем з каня, і ходзім роўна.

Конь — суразмоўца

Другі напрамак іпатэрапіі — праца з псіхічнымі адхіленнямі, пачынаючы ад моцных стрэсаў і нервовых зрываў, заікання, энурэза і заканчваючы аутызмам, арганічнымі парушэннямі мозгу. Тут ужо ідзе акцэнт не на фізічным развіцці, а на спробе ўсталяваць кантакт пацыента са знешнім светам. Такія дзеці вучацца аддаваць каманду каню. Часта ў іх бываюць праблемы з гукавымаўленнем, таму ім прыходзіцца вучыцца зносіцца «на мове таты і мамы», каб быць зразуметым. А яшчэ такім дзецям важна ўсведамляць сваю ў пэўным сэнсе значнасць, бо калі сядзіш высока і кіруеш буйной жывёлай, адчуваеш сябе моцным, адважным, хуткім… І самастойным таксама, бо мама можа сысці за 4 км, і нічога не здарыцца. З часам маленькія вершнікі нават просяць інструктара прыбраць руку: маўляў, спраўлюся самастойна. Яны становяцца кантактныя, далікатныя: абдымаюць, гладзяць, дзякуюць каню, да якога спачатку ставіліся грэбліва з‑за, напрыклад, багатага слінаадлучэння або спецыфічнага паху.

Узімку іпатэрапію не праводзяць. Спрабавалі, але потым адмовіліся ад гэтай ідэі: нельга, каб занятак, нават калі ён прыносіць задавальненне, пераўтвараўся ў руціну. Ды і холадна да таго ж, цямнее рана, шмат непагодных дзён… А так хлопцы ды дзяўчаты за зіму пачынаюць сумаваць і ўвесну сустракаюць сваіх чатырохногіх лекараў з распасцёртымі абдымкамі.

Іпатэрапія — складаная праца не толькі для маленькага вершніка і яго інструктара, які аддае шмат фізічных і эмацыйных сіл, але яшчэ і для самога каня. Больш за дзесяць пацыентаў у дзень ён не вытрымлівае. Лічыцца, што лепш за ўсіх у такой справе — кабыла. Але на практыцы яна аказваецца больш тэмпераментная і капрызная. То настрою ў яе няма, то надвор’е на кабылу паўплывала… А мерын (кастрыраваны конь) ва ўзросце 5–15 гадоў — найбольш прыдатны варыянт. Яму б далі паесці ды паспаць — больш для шчасця нічога і не трэба. Ёсць сярод спецыялістаў, якія лечаць людзей з дапамогай жывёл, павер’е, што коні (і не толькі яны) адцягваюць на сябе «цяжкую энергетыку» пацыентаў і ад таго самі часта хварэюць. Але ў выпадку з чатырохногімі насельнікамі Green Rancho, я ўпэўненая, усе хутка вяртаюцца ў строй. Бо іх там любяць ды песцяць.

Green Ranch

Падчас трэніроўкі

Дэндзі, Ізюмка, Містэр Лёлік… На ранча 15 клубных коней. Сярод іх — тыя, хто задзейнічаны ў іпатэрапіі ды ў вольным пракаце. Папярэдне запісаўшыся, можна прыехаць і пакатацца, узяць урокі верхавой язды. Некаторыя коні ўдзельнічаюць у сацыяльным праекце — бясплатнай школе верхавой язды для прыёмных дзяцей і тых, хто жыве непадалёк. Астатнія коні — прыватныя, іх колькасць пастаянна вар’іруецца. Гаспадары там арандуюць стайні для сваіх гадаванцаў, плацяць за догляд. Уласна, асноўны даход — якраз з пастою прыватных коней. У цэлым, утрымліваць стайню — справа не прыбытковая. Гэта хутчэй занятак для душы. Але клубныя коні самі сабе «зарабляюць на хлеб». Ёсць на ранча і выратаваныя ад забою заводскія асобіны, і былыя спартсмены, якія доўгія гады верай і праўдай служылі гаспадару, але з‑за ўзросту сталі непатрэбнымі. Такіх даглядаюць валанцёры з Міжнароднага дабрачыннага таварыства дапамогі жывёлам «ЗООшанс», вядомыя ў Беларусі больш як «Каманда дапамогі коням HeaTR».

Green Ranch актыўна пашыраецца. Вось і калі я прыехала туды, намесніца дырэктара па гаспадарцы, якая курыруе ўсе пытанні, звязаныя з коньмі, а яшчэ ідэйная натхняльніца такога маштабнага праекта Наталля Сінкавец была ў ад’ездзе: у Брэсцкай вобласці яе чакаў чарговы чацвераногі сябар. Наталля сабралася перавезці яго да сябе на Green Ranch — дарэчы, там жыве ўвесь яе сямейны клан — для правядзення іпатэрапіі. Сама Наталля — карэнная мінчанка. Але ўсё жыццё хацела жыць бліжэй да прыроды. І яшчэ яе з дзяцінства цягнула да коней. Але бацькі не падзялялі любоў дачкі да верхавой язды, баючыся, каб тая не пашкодзіла сабе чаго-небудзь. У Віцебскую ветэрынарную акадэмію таксама не пусцілі: не камільфо сталічнай дзяўчыне з’язджаць вучыцца на перыферыю. Прыйшлося паступаць у медыцынскі… Толькі пасля замужжа, калі знайшла аднадумцаў-аматараў коней сярод сваякоў мужа, у Наталлі атрымалася рэалізаваць сваю колішнюю мару. Але ж галоўны ў сямейным «конскім» бізнесе, па яе словах, — гэта свёкар, Мікалай Сінкавец.

Верхавая язда — занятак для душы і цела

Шчыра кажучы, прыехаць на ранча мне хацелася яшчэ па адной, асабістай прычыне. Калісьці ў дзяцінстве я каталася на кані ў адным з дзіцячых паркаў Мінска. Некалькі кругоў «гонару» доўжыліся ад сілы мінут пяць, але непрыемныя адчуванні ад трасяніны запомніліся на ўсё жыццё. Увогуле, не спадабалася. З таго часу я шчыра не разумела захапленне людзей коньмі. І, вядома, вельмі здзівілася, даведаўшыся, што яны яшчэ і лечаць…

На ранча, калі я ледзь дакранулася да коня, цела яго здрыганулася, і гэта мяне ўсхвалявала. Жывёліна вельмі адчувальная! Захацелася супакоіць яе, пагладзіць, паказаць, што я — сябар. Распавяла Вользе пра свой першы непрыемны досвед. Яна засмяялася, пацвердзіла, што без практыкі верхавая язда сапраўды можа здацца жорсткай, некамфортнай, стрэсавай. Але калі, як той казаў, асядлаеш каня, а разам з ім і пераможаш свой страх, можна адчуць невядомыя раней эмоцыі. Так што, дадала Вольга, вам трэба паспрабаваць яшчэ раз.

На дзіцячай пляцоўцы цікава і дарослым

Запрашэнне я прыняла, і, думаю, што вярнуся — пазнаёміцца з новым сябрам. Але гэта будзе ўжо зусім іншая гісторыя.

Аліса Гюнгер

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

Медыцынскі агляд у віцебскіх газавікоў ажыццяўляе... робат

А наведвальнiкаў крамы кансультуе выява спецыялiста.

Грамадства

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

Не трапіць у рабства анлайн. Як у краіне змагаюцца з гандлем людзьмі

З 2000 года ў Беларусі выяўлена 4421 злачынства, звязанае з гандлем людзьмі.