Якiя праблемы iснуюць у сям'i, як можа дапамагчы ў iх вырашэннi медыяцыя, цi трэба ўвогуле да яе звяртацца? Над гэтымi i iншымi пытаннямi на вэбiнары, прысвечаным захаванню мiру ў сям'i, разважалi спецыялiсты.
«Усё на жонцы, а муж — на рыбалцы»
Добра вядома, што сям'я — аснова станаўлення чалавека. Што ты вынесеш ад бацькоў, тое прынясеш i ў сваю сям'ю. Аднак часта моладзь успрымае шлюб як канчатковую мэту, пасля якой можна расслабiцца i адпачыць. Мiж тым патрэбна пастаянная работа над сабой, над узаемаадносiнамi з навакольнымi: «другой паловай», калегамi, настаўнiкамi сваiх дзяцей, спецыялiстамi розных устаноў.
Жыццёвы цыкл сям'i — гэта яе гiсторыя ад моманту сустрэчы сужэнцаў да старасцi. Час ад часу ў ёй адбываюцца змены, менавiта яны называюцца крызiснымi перыядамi сямейнага жыцця. Важна разумець, што на гэтых этапах шлюб павiнен рэарганiзавацца для вырашэння новых задач i выбару новых правiл. Калi гэтага не адбываецца, сямейная сiстэма дэстабiлiзуецца, папярэджвае Вольга МАЦЮХОВА, начальнiк Рэспублiканскага цэнтра псiхалагiчнай дапамогi:
— Кожны перыяд характарызуецца тыповымi праблемамi, якiя трэба ўмець пераадолець. Калi ж сужэнцы не могуць адразу падстроiцца пад змены чарговага этапу развiцця сям'i, узнiкаюць праблемы. Яны могуць узмацнiцца, калi муж i жонка працягваюць захоўваць на гэтым цыкле свае прыярытэты, не мяняючы iх.
Адзiн з такiх важных этапаў — з'яўленне дзiцяцi i падзел роляў, звязаных з мацярынствам i бацькоўствам. Для гэтага перыяду характэрнае з'яўленне задач па доглядзе малога i звужэнне зоны стасункаў жонкi. Тут важна ўмець дамаўляцца i камунiкаваць. Могуць з'явiцца праблемы з адзiнствам патрабаванняў да дзiцяцi i рознагалоссi па пытаннях выхавання, расказвае Вольга Мацюхова.
— Як паказвае практыка, жанчына ў перыяд догляду немаўляцi намагаецца амаль усё ўзяць на сябе. Так спрадвеку склалася, што жонка адваёўвае гэтую ролю ў мужа. Яна кажа: «не так трымаеш», «лепш паглядзi, як мама мая робiць», «мне не да цябе цяпер, я малым занятая». I калi жанчына праз нейкi час гатовая далучыць мужа да выхавання, ён ужо з сябрамi на рыбалцы цi ў гаражы. Пачынаецца канфлiкт, якi негатыўна адбiваецца на дзiцяцi. Немаўляцi, вядома, патрабуецца догляд, але ж абодвух бацькоў, а не толькi матулiн.
Як паказвае практыка, часта сужэнцы прыходзяць на кансультацыю па дзiцячых пытаннях i ў размове са спецыялiстам выходзяць на канфлiкты памiж сабой, якiя ўзнiклi праз тое, што муж i жонка чакалi адно ад аднаго ўступак i разумення, але не бачылi пры гэтым сваёй ролi i адказнасцi. «Яна сама павiнна разумець, што я ад яе хачу», «ён першы пачаў, цяпер хай сам выпраўляе» — такiя разважаннi спецыялiсты чуюць вельмi часта.
Агрэсiя, патуранне, злоўжыванне...
З верасня 2019-га ў Цэнтр паступiла 407 зваротаў па пытаннях вырашэння канфлiктаў. Пры гэтым спецыфiка зваротаў звязана перш за ўсё з дзiцяча-бацькоўскiмi адносiнамi (81 %), 16 % — праблемы са школьным асяроддзем, 3 % — канфлiкты памiж сужэнцамi.
Псiхаэмацыянальнае напружанне ў дзяцей можа ўзнiкаць праз асаблiвасцi камунiкацыi памiж членамi сям'i. Дзецi капiруюць рэакцыi i паводзiны бацькоў, у прыватнасцi агрэсiю.
А вось патуранне капрызам малога вядзе да таго, што дзiця перастае ўспрымаць дарослага як прыклад, а выкарыстоўвае яго для задавальнення сваiх патрэб, манiпулюючы iм. Неспрыяльна адбiваюцца на малых i пастаянныя канфлiкты, звязаныя з эканамiчнымi i бытавымi праблемамi, а таксама развод, якому папярэднiчаюць спрэчкi. Яшчэ адна праблема, калi хтосьцi з членаў сям'i псiхатропнымi рэчывамi злоўжывае. Гэта цягне канфлiкты сям'i з соцыумам.
— Сям'я — сiстэма ўзаемаадносiн, у праблемах сям'i закладзена кругавая прычыннасць — перадача мадэлi паводзiн ад аднаго пакалення да наступнага. Калi самi бацькi не ўмеюць камунiкаваць, то i ў дзяцей з гэтым узнiкнуць праблемы, — расказала начальнiк Цэнтра.
Досыць шмат запытаў паступае i з адмiнiстрацый устаноў адукацыi аб дапамозе ў вырашэннi канфлiктных сiтуацый. Гэта падкрэслiвае, што медыяцыя — кiрунак, якi сёння вельмi запатрабаваны.
— У iм зацiкаўлены не толькi кiраўнiкi школ, але i бацькi, якiя звяртаюцца ў Цэнтр. Пасля яны разумеюць, што самi не ўмеюць узаемадзейнiчаць канструктыўна, але ёсць iншыя шляхi вырашэння iх праблем. Калi прыходзiць усведамленне гэтага, мы можам рушыць далей i пераадольваць цяжкасцi, — удакладняе Вольга Мацюхова.
Супрацоўнiцтва лепшае за прымус
За мяжой медыяцыя паспяхова ўжываецца яшчэ з мiнулага стагоддзя. 70–85 % спраў, якiя перадалi на медыяцыю, заканчваюцца паспяхова, i бакi ўвогуле не звяртаюцца ў суд. А вось у заканадаўстве Беларусi да нядаўняга часу не было дзейсных працэдур, якiя б дазвалялi паспрыяць захаванню сям'i, дзе сужэнцы хочуць развесцiся. Механiзм прымiрэння мужа i жонкi ў выглядзе адтэрмiноўкi на тры i шэсць месяцаў пры разглядзе iскавай заявы аб скасаваннi шлюбу з'яўляецца толькi пасiўнай спробай вырашыць праблему. Станоўчы эфект па захаваннi сям'i назiраецца менш чым у 0,4 % выпадкаў, заўважыла Наталля ГУЙВIК, дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Беларусi 5-га i 6-га склiканняў, суддзя з 13-гадовым стажам, медыятар. Яна была адной з тых, хто актыўна ўдзельнiчаў у падрыхтоўцы змен у закон аб шлюбе i сям'i, якi пашырыў магчымасцi медыяцыi ў сферы сямейна-шлюбных адносiн i з 1 лiпеня ўступiў у сiлу.
— Сёння можна з гонарам казаць, што ўключэнне iнстытута сямейнай медыяцыi ў заканадаўства краiны было недарэмным. Пра станоўчыя вынiкi кажуць самi медыятары, i гэта толькi пачатак. Хутка i большасць насельнiцтва зразумее ўсе плюсы медыяцыi. З 2008 года ў гаспадарчых судах краiны ўжо працуюць прымiрыцелi, з дапамогай якiх вырашаецца большасць гаспадарчых спрэчак. Прыклад iх работы фактычна стаў асновай для фармiравання медыяцыi ў Беларусi, — адзначае Наталля Гуйвiк. — У сiстэму сям'i ўцягнуты i бацькi сужэнцаў, i iх сябры, i суседзi. На кожныя 100 шлюбаў у Беларусi прыходзiцца 50 разводаў, якiх можна было б пазбегнуць, калi б да дапамогi ў прымiрэннi прыцягвалi трэцi, незалежны бок не падпарадкаваны строгiм правiлам судовага працэсу, — медыятара. Медыятыўная дапамога больш дзейсная, чым тэрмiн для прымiрэння, якi прызначаецца судом.
Выкарыстанне iнструментаў медыяцыi — надзейны i правiльны крок, якi мае шэраг пераваг перад судовым разборам. Працэдуру медыяцыi нельга разглядаць як адзiн з вiдаў апошняга. Удзел у медыяцыйным працэсе цалкам добраахвотны, не мае строгiх рамак правядзення, як суд, а рашэннi прымаюць самi бакi, а не суддзя.
— Мараль i супрацоўнiцтва заўжды лепшыя за догмы i прымус. Падчас медыяцыi можна захаваць таямнiцу канфлiкту i цалкам абмеркаваць усе яго нюансы, а прымiрыцца не пасля судовага рашэння, а шляхам дамаўлення, пасля чаго захаваць добрыя адносiны, — запэўнiла Наталля Гуйвiк.
На жаль, многiя медыятары пакуль працуюць на грамадскiх пачатках, а грамадства дагэтуль не вельмi давярае гэтым спецыялiстам i iдзе ў суд. Першапачаткова яшчэ пры распрацоўцы змен у закон аб медыяцыi меркавалася ўвядзенне гэтай працэдуры як абавязковага дасудовага парадку ўрэгулявання асобных спрэчак у межах шлюбна-сямейных адносiн. Суду хацелi даць паўнамоцтвы накiроўваць бакi на абавязковую iнфармацыйную сустрэчу з медыятарам.
— Адстаяць гэтыя нормы, на жаль, не ўдалося, — заўважыла медыятар. — Такi падыход, на думку некаторых экспертаў, парушае галоўны прынцып медыяцыi — добраахвотнасць. Аднак абавязковая медыяцыя не супярэчыць прынцыпу добраахвотнасцi, а з'яўляецца адным са спосабаў рэалiзацыi публiчнага iнтарэсу дзяржавы па гарманiзацыi сямейна-прававых адносiн. Добраахвотнасць прадугледжвае наяўнасць у бакоў волевыяўлення на вырашэнне канфлiкту. Заканадаўства, як правiла, абавязвае бакi пайсцi на iнфармацыйную сустрэчу з медыятарам i на ёй даведацца, што гэта за працэдура. А ўжо пасля сужэнцы самi вырашаць, цi трэба iм у ёй удзельнiчаць. Я ўпэўнена, што будучыня ў нашай краiне — за абавязковай медыяцыяй, бо многiя краiны даўно i паспяхова выкарыстоўваюць яе як абавязковы этап на шляху ўрэгулявання сямейных канфлiктаў.
Гэта практыкуецца, напрыклад, у ЗША, Аўстрыi, Фiнляндыi, Iталii, Новай Зеландыi, Вялiкабрытанii, Канадзе i iншых краiнах. У апошнiх дзвюх аплату працэдуры для бацькоў, якiя спрачаюцца, бяруць на сябе дзяржава цi грамадскiя арганiзацыi.
Iрына СIДАРОК
Фота носіць ілюстрацыйны характар, 7ya.ru
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?