Вы тут

На Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне пройдзе свята Макаўя


Гідралагічны помнік прыроды ў Слаўгарадскім раёне запрашае на свята Макаўя, у госці да Блакітнай крыніцы.


Адпачыць, пакаштаваць смачнага мёду і напіцца гаючай крынічнай вады — усё гэта будзе магчыма каля Блакітнай крыніцы. Праграма чакаецца вельмі насычаная і разнастайная. Будуць працаваць спартыўна-гульнявыя пляцоўкі, экскурсіі каля крыніцы і па Слаўгарадскім раёне, гандлёвыя пункты і атракцыёны.

Далёка за межамі Слаўгарада ведаюць пра надзвычай смачныя вырабы мясцовых сыравараў. Можна будзе не толькі іх набыць, але і навучыцца рабіць самастойна. А вось пра тое, што смачны не толькі слаўгарадскі сыр, але і мёд, мала хто ведае. Пераканацца ў гэтым запрашае ўніверсальны кірмаш «Мядовы Спас», дзе мясцовыя пчаляры прапануюць не толькі мёд, але і розныя каштоўныя для здароўя і настрою вырабы пчалярства. Шмат чаго цікавага і карыснага можна будзе паглядзець і набыць на выстаўцы-продажы прамысловых і харчовых тавараў беларускіх вытворцаў. А яшчэ наведвальнікаў чакаюць майстар-класы, экскурсіі, захапляльныя падарожжы. Арганізатары запрашаюць узяць удзел у велапаходах па маршрутах ад крыніцы да вёскі Крамянка, а таксама да вёсак Благадаць і Дубна. Тут сёння рэалізуецца шмат розных праектаў, з якімі будзе цікава азнаёміцца больш дэталёва на тэматычных пляцоўках. «Гастранамічная крама», «Кола жыцця», «Мабільная школа аўтарскага рамяства», «На шляху сельскага прадпрымальніцтва», «На скрыжаванні густаў» — гэта толькі
некаторыя з іх.

Сёлета шлях да крыніцы стаў больш просты і камфортны. Ад Слаўгарада да яе цяпер вядзе добраўпарадкаваная дарога. А мост цераз Сож, які нядаўна быў адкрыты з удзелам Прэзідэнта, дазволіць ацаніць па поўнай праграме ўсю прыгажосць навакольных мясцін.

Але галоўнае ў гэтай падзеі — усё ж такі цудадзейная Блакітная крыніца, якая з'яўляецца месцам паломніцтва людзей з усіх канцоў свету. 13 жніўня тут адбудзецца вячэрняе богаслужэнне, на наступны дзень раніцай — хрэсны ход, а таксама асвячэнне вады і мёду. Менавіта ў гэтыя дні праваслаўныя вернікі адзначаюць пачатак праваслаўнага двухтыднёвага Успенскага посту, які завершыцца 28 жніўня, у дзень Успення Найсвяцейшай Багародзіцы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота holiday.by

Загаловак у газеце: На Блакітнай крыніцы

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.