Вы тут

Клуб «Залатыя рукі». Каму скорыцца прафесійны Алімп?


Фінал ІV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkіlls Belarus 2020 пройдзе 15—18 верасня.


Ён будзе арганізаваны па стандартах міжнароднага руху WorldSkіlls Іnternatіonal і аб'яднае спаборніцтвы сярод маладых рабочых, спецыялістаў, навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі і студэнтаў ВНУ па прафесійных кампетэнцыях у сферы вытворчых, інфармацыйных, будаўнічых, транспартных тэхналогій, сацыяльных і персанальных паслуг, моды і дызайну.

Праграма рэспубліканскага конкурсу ўключае спаборніцтвы па 38 конкурсных кампетэнцыях WorldSkіlls, сярод іх «малярныя і дэкаратыўныя работы», «сталярная справа», «вытворчасць мэблі», «геадэзія», «інжынерны дызайн CAD», «мехатроніка», «зварачныя работы», «электроніка», «мабільная робататэхніка», «тэхналогія моды», «візуальны мерчандайзінг», «фларыстыка», «транспарт і лагістыка», «кузаўны рамонт», «аўтамабільныя тэхналогіі», «эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын», «цырульніцкае майстэрства», «прыкладная эстэтыка», «кулінарнае мастацтва», «рэстаранны сэрвіс», «хлебапячэнне», «вэб-дызайн і распрацоўка», «сеткавае і сістэмнае адміністраванне» і іншыя.

Упершыню на рэспубліканскім конкурсе будуць прадстаўлены такія кампетэнцыі, як «тэхналогіі праектавання будынкаў» і «пачатковая адукацыя». Таксама пройдуць спаборніцтвы для асоб з абмежаванымі магчымасцямі па чатырох конкурсных кампетэнцыях ІnclusіonSkіlls: «тэхналогія моды», «вэб-дызайн і распрацоўка», «графічны дызайн» і «сістэмнае адміністраванне». У рамках WorldSkіlls Belarus будуць прадстаўлены пяць дэманстрацыйных кампетэнцый: «полімеханіка і аўтаматызацыя», «прамысловы дызайн», «акватроніка», «распрацоўка мабільных праграм» і «ювелірная справа». А ў рамках JunіorSkіlls адбудуцца спаборніцтвы па дзевяці конкурсных кампетэнцыях сярод вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Яны аб'яднаюць 116 удзельнікаў у дзвюх узроставых катэгорыях: 10—13 і 14—17 гадоў.

А ўсяго ў Рэспубліканскім конкурсе будуць спаборнічаць каля 350 канкурсантаў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Па словах рэктара Республіканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерыя ГАЛУБОЎСКАГА, у ліку ўдзельнікаў конкурсу ўсё больш студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі. У прыватнасці, каля 40 з іх прадстаўляюць БНТУ. І гэта супадае з арыенцірамі развіцця адукацыі і яе абнаўлення, у тым ліку для ВНУ. «Гаворка ідзе аб фарміраванні прыкладных кваліфікацый, аб тым, што спецыялісту з вышэйшай адукацыяй неабходна валодаць яшчэ і навыкамі, якія дазволяць яму генерыраваць новыя ідэі ў інжынерных, будаўнічых і іншых напрамках, — адзначыў рэктар РІПА. — Акрамя таго, у нас прадстаўлена пяць кампетэнцый з вобласці future skіlls — кампетэнцый будучыні: гэта акватроніка, распрацоўка мабільных праграм, bіm-тэхналогіі праектавання будынкаў, тэхналогія прамысловага дызайну і полімеханіка і аўтаматызацыя».

— Рэспубліканскі конкурс WorldSkіlls Belarus, які праводзіцца па міжнародных стандартах, — адзін з дзейсных механізмаў абнаўлення зместу прафесійнай адукацыі, — упэўнена начальнік цэнтра міжнароднага супрацоўніцтва Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі, асістэнт тэхнічнага дэлегата WorldSkіlls Belarus Наталля ШАЎЧЭНКА-САЎЛАКОВА. — Тыя стандарты, што прадстаўлены на конкурсах, потым бяруцца за аснову пры распрацоўцы адукацыйных і прафесійных стандартаў, падштурхоўваюць да з'яўлення ва ўстановах адукацыі новых спецыяльнасцяў. Узяць для прыкладу візуальны мерчандайзінг: у Беларусі спачатку быў конкурс, была падрыхтавана экспертная супольнасць, а ўжо толькі потым з'явілася гэтая спецыяльнасць. Такія прыклады ёсць, і мы гэты вопыт маштабіруем.

Конкурс WorldSkіlls Belarus з кожным сезонам набірае абароты. На гэты раз у яго рамках будуць прадстаўлены ўжо 47 кампетэнцый. Прычым абнаўляецца не толькі іх колькасць, але і змест конкурсных заданняў. Апошнія распрацоўваюцца галоўнымі экспертамі, якія бяруць за аснову стандарты міжнародных спаборніцтваў WorldSkіlls і якраз кампетэнцыі future skіlls — гэта тыя навінкі, якія мы будзем упершыню прэзентаваць на рэспубліканскім чэмпіянаце.

Наталля Шаўчэнка-Саўлакова канстатуе рост узроўню падрыхтоўкі канкурсантаў з кожным чэмпіянатам. «Пастаянна праводзіцца павышэнне кваліфікацыі экспертнай супольнасці, у тым ліку з прыцягненнем сацыяльных партнёраў. Стажыроўкі арганізуюцца на рэальных вытворчасцях і прадпрыемствах. У Беларусі рэалізуецца праграма па мадэрнізацыі сеткі рэсурсных цэнтраў, і яны таксама пры рэалізацыі сваіх бізнес-праектаў абапіраюцца на стандарты WorldSkіlls, бяруць за аснову інфраструктурныя лісты з пералікам абсталявання, матэрыялаў, якія прымяняюцца ў свеце. Такім чынам навучэнцы ўжо зараз маюць магчымасць навучацца на рэальных сучасных вытворчых тэхналогіях і абсталяванні з выкарыстаннем сучасных матэрыялаў. Адпаведна, майстры вытворчага навучання маюць магчымасць, выкарыстоўваючы сеткавыя формы ўзаемадзеяння паміж установамі адукацыі, прыязджаць у рэсурсныя цэнтры, праходзіць стажыроўкі і павышаць узровень кваліфікацыі», — расказала яна.

Акрамя таго, падчас падрыхтоўкі да рэспубліканскага конкурсу эксперты, якія прадстаўлялі Беларусь на міжнародных чэмпіянатах, стажыруюцца. «Улетку праходзілі так званыя Skіll Camp, якія арганізуюцца міжнароднай асацыяцыяй WorldSkіls Іnternatіonal: там міжнародныя эксперты абмяркоўвалі пытанні падрыхтоўкі ўдзельнікаў, заданні, крытэрыі ацэнкі. Таму фактычна ідзе ўцягванне нашых экспертаў у міжнародную супольнасць, і адтуль чэрпаецца інфармацыя для конкурсных заданняў», — дадала начальнік цэнтра.

Рэспубліканскі конкурс WorldSkіlls Belarus 2020 пройдзе ў Гандлёва-выставачным цэнтры Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». Урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця адбудуцца на «Чыжоўка-арэне».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота з сайта worldskіlls.by

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.