Вы тут

Дзве палавінкі свята Дажынкі


Першымі ў краіне завяршылі жніво хлебаробы Століншчыны і ўжо адсвяткавалі гэтую падзею


Святочнае шэсце па аграгарадку

Століншчына — поўдзень Брэсцкай вобласці. Там заўсёды з‑за кліматычных умоваў і вясна раней прыходзіць, і жніво пачынаецца. Магчыма, якраз такая адметнасць і дапамагла менавіта Століну 24 гады таму прымаць удзельнікаў першага Рэспубліканскага свята-кірмашу “Дажынкі”. Як вядома, традыцыйнае свята хлебаробаў тады, у 90‑я, па ініцыятыве Прэзідэнта пачынала жыць у новым фармаце.

І сёлета Століншчына стала лідарам на жніве. Хлебаробы раёна першымі ў Беларусі завяршылі жніво ды не адкладваючы на потым 23 жніўня ўжо зладзілі свята-кірмаш “Дажынкі”. Прымаў свята падноўлены да яго аграгарадок Лядзец — там і ўшаноўвалі працаўнікоў нівы. А ім ганарыцца ёсць чым! Падлічана ўжо, што кожны гектар збожжавых даў там амаль па 39 цэнтнераў зерня. У аграпрадпрыемстве “Рубельскі” ўвогуле ўзялі па 57 цэнтнераў. На Дажынках адзначалася, што ў большай палове гаспадарак раёна ўраджайнасць збожжавых перавысіла 40 цэнтнераў. А ўвесь хлебны каравай на Століншчыне сёлета пацягнуў больш чым на 70 тысяч тон!

Як вядома, якасная й добрасумленная праца — гэта першы складнік Дажынак. А вось другая іх важная палавінка спрадвеку — гэта ўменне вяскоўцаў зладзіць святочную дзею як мае быць. Ушанаваць лепшых. Даць прыклад тым працавітым гаспадарам, хто гатовы імкнуцца да большага. Заадно й талентам — спевакам, танцорам, музыкам — даць слова. Гэта ж яны жыццё нашае ўпрыгожваюць, нібы валошкі жыта. Бо калі няма ў жыцці радасці, то што гэта за жыццё? Калі жыць не ў радасці — абрыдне хутка любая праца, нават вельмі грашовая.

Прыгожыя прыкметы палескіх Дажынак

Гасцей свята, якія з раніцы пачалі прыбываць, сустракалі ў аграгарадку Лядзец, на цэнтральнай сядзібе адкрытага акцыянернага таварыства “Лядзецкі”, з караваямі. Прычым бадай што ў кожнай дэлегацыі былі як перадавікі жніва, спецыялісты, кіраўнікі гаспадарак, так і творчыя самадзейныя гурты. Мне пашчасціла ўбачыць таксама, здымаючы для гісторыі святочную імпрэзу, і выступленні артыстаў вядомага на Палессі народнага калектыву “Палескія зоры” — ён прыехаў у Лядзец з Пінска.

Святочная калона хораша прайшлася па цэнтральнай вуліцы аграгарадка. Вось дзе сапраўдная сіла палескай зямлі! А гэтым людзям у падмогу — сучасная ўборачная тэхніка. Выставу яе, дарэчы, зрабілі ў аграгарадку. Мяркую, мясцовым хлапчукам надоўга тое запомніцца ды, магчыма, неяк і паўплывае на выбар жыццёвага шляху.

Віншаванне пераможцаў жніва

Адкрываў Дажынкі ў аграгарадку Лядзец, а потым віншаваў пераможцаў жніва, уручаў ім граматы й дыпломы Рыгор Пратасавіцкі, старшыня райвыканкама. З гонарам за ўсю Століншчыну казаў, што ў раёне сёлета два дзясяткі збожжаўборачных экіпажаў пераадолелі тысячны рубеж па намалотах зерня. І многія з іх, закончыўшы працу на нівах сваіх гаспадарак, дапамагалі суседзям: так здаўна павялося на Палессі. Увогуле ж, адзначыў Рыгор Пратасавіцкі, па асноўных сельскагаспадарчых паказчыках раён — сярод лепшых на Брэстчыне. Пераможцамі ж прызнаны аграгаспадаркі “Манькавічы”, “Рубельскі” ды “Церабяжоў-Агра”. Высокіх вынікаў дабіліся й працаўнікі гаспадарак “Беражное”,”Відзіборскі”, сельгаспрадпрыемства “Лядзецкі”. Апошняе штогод працуе з добрым прыбыткам. А ў самім аграгарадку стаяць заможныя дамы, радуюць вока сады, дагледжаныя агароды. Ужо не першы год узначальвае сельгаспрадпрыемства Уладзімір Вярэніч. Яму, і старшыні Лядзецкага сельвыканкама Аркадзю Скрабцу, як гаспадарам раённых “Дажынак”, дзякавалі ўсе ў святочны дзень за душэўны прыём.

Рыгор Пратасавіцкі прыняў Сноп-гаспадар

Дарэчы, разам з Дажынкамі адзначалася й свята аграгарадка. Завяршылася ўрачыстасць вялікім канцэртам: на той жа сцэне, побач з абноўленым Домам культуры, выступалі як самадзейныя творчыя гурты раёна (“Рэха”, “Карагод”, “Кірмаш”, “Церабяжоўскія харашухі”, “Пралеска” ды іншыя), так і згаданыя “Палескія зоры”. А ганаровае права правесці раённае свята “Дажынкі” ў наступным ужо годзе атрымала сельгаспрадпрыемства “Церабяжоў-Агра”.

Васіль Кулікоў

Столінскі раён

Фота аўтара

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.