Вы тут

Погляд на мастацтва ў кантэксце часу


З рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной даводзілася сустракацца нярэдка: то ў музеі на якім- небудзь мерапрыемстве ўбачымся, то ў галерэі на адкрыцці выставы перасячэмся. Як правіла, у большасці выпадкаў удаваўся дыялог, абменьваліся думкамі, хоць і коратка, з той ці іншай культурнай нагоды.


На адной з такіх сустрэч і атрымаў ад рэктара запрашэнне пабываць непасрэдна ў Акадэміі. Прыехаць на свайго роду наваселле. Сутнасць у тым, што тут толькі што скончыўся маштабны рамонт-рэканструкцыя, які доўжыўся ні больш ні менш як з дзясятак гадоў. Помніцца ў жніўні 2012 года ў нас была грунтоўная прафесійная размова з рэктарам у сценах Акадэміі. Тады будаўнічая эпапея толькі разгортвалася і Міхаіл Баразна вымушаны быў, просячы прабачэння, перапыняць гутарку дзеля аператыўнага рашэння рознага роду гаспадарчых пытанняў.

Іншая справа цяпер. Нават знешне было выразна бачна тое, з якім натхненнем рэктар праводзіў экскурсію па абноўленай альма-матэр, дзе цяпер, сапраўды, ёсць выдатныя ўмовы для заняткаў студэнтам і для працы выкладчыкам. Нездарма партнёры з Масквы — з брэндавага інстытута кінематаграфіі — на цэлы тыдзень прыязджалі ў Мінск, каб адчуць тут, у сваіх беларускіх калег, выдатную атмасферу.

З асаблівым гонарам Міхаіл Баразна паказваў тое, як гарманічна ўладкавалася ў абноўлены інтэр’ер творчасць студэнтаў Акадэміі. Распавядаў пра выпадак, як чарговыя замежныя госці захапляліся маляўнічымі творамі на сценах яго кабінета. Былі ўпэўнены, што яны выкананы сталымі аўтарамі. Якое ж было здзіўленне гасцей, калі рэктар удакладніў, што гэта ўсяго толькі працы студэнта-першакурсніка!..

Вось на такім спрыяльным фоне і праходзіла наша цяперашняя гутарка з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

— Якія, на ваш погляд, галоўныя падзеі апошніх дзесяці гадоў у жыцці Акадэміі?

— Для калектыву Акадэміі галоўная падзея ў тым, што мы вярнуліся ў альма-матэр. Так, ёсць таксама падзеі з прафесійнага жыцця, якія не менш важныя. Да іх у першую чаргу варта аднесці наш удзел у выставе «Стужка часу» ў штаб-кватэры ААН у Жэневе. Яна праходзіла летась у красавіку на Вялікай выставачнай пляцоўцы — у памяшканні, дзе адлюстраваны не толькі характар дзейнасці ААН, але і сканцэнтраваны каласальныя калекцыі мастацтва. І на гэтай пляцоўцы мы мелі гонар зрабіць вялікую выставу-рэтраспекцыю, на якой прадэманстравалі работы выкладчыкаў і студэнтаў за некалькі дзесяцігоддзяў. У выніку там была прадстаўлена не толькі акадэмічная школа, але і тое, што можна назваць сучасным мастацтвам. Гэта і медыя-праекты, і мультыплікацыя, анімацыя, інсталяцыі, плакат і фатаграфія, эксперыментальныя працы. У адкрыцці выставы прымалі ўдзел Генеральны дырэктар ААН, Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, і рэктар, канешне ж, Акадэміі мастацтваў — на правах арганізатара экспазіцыі з беларускага боку. Гэтая падзея, напэўна, самая знакавая за апошнія гады, якая дазволіла нам убачыць рэтраспекцыі, дынаміку многіх працэсаў як у выяўленчым мастацтве, дызайне, так і ў развіцці самой філасофіі творчасці, якая культывуецца ў Акадэміі мастацтваў. Гэтая падзея, безумоўна, знакавая, яна сведчыць аб прызнанні нашай школы. Мы ўдзячныя беларускаму прадстаўніцтву ААН у Жэневе, самой штаб-кватэры за прадстаўленую магчымасць арганізаваць такую маштабную экспазіцыю.

— Вы працуеце рэктарам ўжо 10 гадоў. Для вопыту — значны тэрмін. За гэты час адчулі, што рэктар — значная фігура ў Акадэміі?

— Калі шчыра сказаць, то адчуў, што рэктар — такая ж адзінка, як усе. Як у дзейнасці любога экспертнага савета. Старшыня савета пры галасаванні мае толькі адзін голас. Але мае дзве магчымасці выступіць: у пачатку і ў канцы нарады. Таму ў яго большая прастора для нейкіх выказванняў. Але зноў жа, рэктар — толькі частка калектыва. Як ён сябе паводзіць — вось што самае галоўнае і самае важнае. У Акадэміі я працую з 2 верасня 1992 года. Гэта без студэнцкіх і аспіранцкіх гадоў. Таму ў мяне, з аднаго боку, нічога не змянілася, нават што тычыцца таго вопыту, калі я прыйшоў, і цяпер. З іншага боку — вельмі вялікі шлях. Не толькі гэтыя 10 гадоў, а і апошнія 20, 25. Велізарны шлях! Памятаю, якія былі раней навучальныя планы, праграмы, што чыталася на лекцыях, якая была аднастайнасць у патрабаваннях. Цяпер жа мы бачым шырокую панараму магчымасцяў для студэнтаў і выкладчыкаў: гаварыць на роднай мове, здзяйсняць творчыя здольнасці на мове мастацтва, адстойваць свае прынцыпы, свае погляды, нават свае філасофскія перакананні. Раней усё было абмежавана. А цяпер шмат што змянілася: з’явілася мабільнасць, ёсць розныя напрамкі дзейнасці для выкладчыкаў і студэнтаў, паступае разнастайная інфармацыя. Калі раней з трапятаннем глядзелі нейкія дыфіцытныя каталогі, то цяпер інтэрнэт дазваляе аператыўна выкарыстоўваць самыя розныя інфармацыйныя рэсурсы. І Акадэмія дэманструе сваю талерантнасць да ўсяго, што ўваходзіць у межы нашай платформы каштоўнасцяў: гуманітарных, маральных. Таму я бачу добрую дынаміку магчымасцяў у творчасці, у педагагічным майстэрстве.

— Вы ўжо адзначылі, што былі прадстаўлены ў міжнародным плане на высокай трыбуне ААН, калі так вобразна можна сказаць. Наогул, сутнасць сувязяў Акадэміі з іншымі арганізацыямі — яна істотная? У якой меры сёння патрэбныя такія камунікацыі для студэнтаў і выкладчыкаў?

— Вельмі неабходныя, бо гэта частка нашай міжнароднай дзейнасці. Для жыцця гэта кардынальна важна, каб адчуваць сябе роўным ў сусветнай супольнасці, а часам і лідарам; каб мець дакладнае ўяўленне, дзе трэба ўдасканальвацца з улікам канкурэнцыі, напрыклад. Гэта адзін момант. Другі — выхаваўчая праца, ідэалагічная. Студэнты павінны адчуваць, што яны далучаныя да вялізнай прасторы, а не абмежаваныя толькі сценамі альма-матэр. Яны, як і выкладчыкі, як і многія свабодныя творчыя людзі, павінны адчуваць сябе супольнасцю. Ёсць навуковыя кантакты для правядзення аналітычнай працы. А каб аналізаваць саміх сябе, заўсёды важны кантэкст, які не замыкаўся б толькі ўнутры мінскай кальцавой дарогі. Падкрэслю яшчэ раз, у нас вельмі шырокія кантакты ў навуковай сферы. Гэта, дарэчы, дапамагае ў адаптацыі і карэкцыі навучальных планаў. Мы пастаянна знаходзімся на сувязі з многімі кіраўнікамі і проста работнікамі ВНУ Усходняй Еўропы. Ды і не толькі гэтага рэгіёну. Гэта заўсёды цікава. Вобразна скажу, што Акадэмія па традыцыі фарміравалася праз палеміку. Напрыклад, у 50–60‑ыя гады мінулага стагоддзя ў навучальнай установе, якая тады мела іншы статус, працавалі педагогі, якія прадстаўлялі зусім розныя школы: Кіева, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Львова, Прагі, Варшавы, Вільнюса. І менавіта ў палеміцы фарміравалася ні на што не падобная школа і тэатральнага мастацтва, і выяўленчага. Такая палеміка патрэбна і цяпер. Быць ў палемічным поле вельмі важна для развіцця. Гэта жыццёвая неабходнасць. Калі выкладчык, які атрымаў нейкі міжнародны прыз, пабываў за мяжой з майстар-класам або з выставай, вяртаецца сюды і дзеліцца вопытам са студэнтамі, я бачу бляск у вачах гэтага педагога і жаданне студэнтаў знайсці нейкі фарсаж у сабе.

— Дарэчы, сёння ў Акадэміі ёсць замежныя студэнты?

— Так. Іх панарама даволі цікавая. Ёсць студэнты са Злучаных Штатаў Амерыкі, якія навучаюцца на мастака кіно. Ёсць двое датчан. Адзін хлопец вучыцца на жывапісе. А дзяўчына — на графіцы. Гэта Мацільда Лутсан. Яна — адна з лідараў у нас, ведае, што беларуская школа графікі вельмі моцная. І на выставе «Стужка часу» ў Жэневе яна выстаўлялася разам з беларускімі студэнтамі. Я лічу, што гэта абсалютна правільна, калі ў Акадэміі ёсць такі інтэрнацыянальны склад. Вядома, у нас ёсць студэнты з Літвы, Расіі, Кітая. За апошнія дзесяцігоддзі, калі гэтую панараму паглядзець, то былі прадстаўнікі многіх краін.

— Вы мяркуеце, што для іх гэта быў усвядомлены выбар — паступаць на вучобу менавіта ў Акадэмію мастацтваў у Мінску?

— Безумоўна. Гэта звязана з тым, што з савецкага часу рэйтынг нашай Акадэміі, тады — тэатральна-мастацкага інстытута, вельмі высокі. І з тых часоў захавалася меркаванне, а хутчэй — перакананне, што тут школа з добрымі традыцыямі і методыкамі. Мы на сайце Акадэміі выкладваем шмат інфармацыі пра падзеі, якія адбываюцца ў нас. І многія бачаць, што гэта — выдатная пляцоўка для атрымання адукацыі. Упэўнены, быў бы ў нас інтэрнат большы — было б значна болей замежных студэнтаў.

— А як яны зносяцца са сваімі беларускімі аднагодкамі? Камунікацыі ў іх ёсць? Ці замежныя студэнты замкнёна сябе паводзяць?

— Яны такія ж як і нашы, такія ж таварыскія. Людзі мастацтва, дзе б яны не знаходзіліся, усе падобныя. І мастакі, і акцёры, як правіла, заўсёды таварыскія і шматслоўныя. Як ніхто разумеюць, што працаваць трэба засяроджана і шмат. Гэта, дарэчы, і патрабаванне нашай Акадэміі. Бо мы не дзеля таго, каб рамеснікаў рыхтаваць. Задачы, якія ў нас ставяцца, патрабуюць высокай канцэнтрацыі і сілы, здольнасцяў, часу. А моладзь — аднолькавая. Тым больш, што моўных, лінгвістычных праблем у іх цяпер няма.

— Ахарактарызуйце выпускнікоў гэтага года?

— Год на год не падобны. Цудоўны выпуск тэатральнага факультэта. Лічу, што спектакль «А досвіткі тут ціхія» на беларускай мове — значнае дасягненне нашай тэатральнай школы. Цікавыя працы былі на факультэце экранных мастацтваў. Я магу шчыра сказаць, што кожны год праходзіць усё цікавей. Хоць сёлета для ўсіх быў неспакой: як пандэмія паўплывае на выніковасць, ці прынясе нейкі ўрон дыпломным работам… Але хачу сказаць: не, мы гэтага не заўважылі. Наадварот, на кафедры графікі, напрыклад, як ніколі былі проста цудоўныя працы. Што тычыцца манументальнага аддзялення, тут ярка выявілася асаблівасць апошніх гадоў: большасць работ накіраваны на афармленне самой Акадэміі. Мы за апошнія тры гады значна змянілі стэрыльны выгляд галаўнога офіса. Пасля рамонту ператварылі тутэйшае асяроддзе ў тое, што неабходна для выхавання мастакоў, акцёраў, рэжысёраў, аператараў. Мы насыцілі яе эстэтычнымі аб’ектамі — роспісамі, складанымі тэхналагічнымі матэрыяламі. Гэта вітражы, мазаікі. А яшчэ ёсць і інтэрнаты, якія таксама цікава аформленыя. Вазьму на сябе смеласць сказаць, што ні адзін інтэрнат у горадзе не мае такіх артэфактаў як нашы. Зрэшты, у нас ёсць вопыт, калі мы выконвалі заказы і для іншых рэгіёнаў Беларусі. Напрыклад, у адным з храмаў у Быхаўскім раёне Магілёўскай вобласці больш за 800 квадратных метраў роспісу рабіў Антон Бельскі па сваёй дыпломнай працы. У выніку атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта. У Валожынскім раёне Мінскай вобласці мазаічны алтар для праваслаўнага храма выконвала Паліна Амельяновіч. І таксама была адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта. Але апошнія два гады мы сканцэнтраваны больш на самой Акадэміі. Не для рэкламы, хоць ёсць ахвочыя, якія просяць арганізаваць да нас экскурсіі. Але мы робім нешта ў афармленні перш за ўсё для саміх сябе. Бо падрыхтаваць спецыяліста для нас значыць і выхаваць яго. А выхаваць можна якім чынам? На кнігах, уласным прыкладам. Як і паказваць моц духу, рэвалюцыю творчасці, адлюстроўваючы час гэтага пакалення. І сваім стаўленнем да справы нашы студэнты даказваюць, што ім ёсць што абараніць у плане сваёй духоўнасці, свайго развіцця. Іх словы «Гэта мы зрабілі, гэта мы пакінулі!», лічу, лепшы вынік нашай выхаваўчай працы.

— З сёлетняй уступнай кампаніяй якія надзеі звязваюць у Акадэміі?

— Дзве важных падзеі каляндарнага года: набор і выпуск. Усё астатняе — штодзённая праца. Выпуск — вынік працы: выхаваўчай, навуковай, вучэбнай, метадычнай, творчай. А вось набор, з ім мы звязваем спадзяванні, што да нас прыйдуць таленавітыя асобы, тыя, хто заззяе на небасхіле мастацтва і культуры не толькі Беларусі. Ёсць пэўныя ўмовы правядзення ўступнай кампаніі, калі ва ўсіх роўныя правы, дзе нішто нікому не перашкаджае раскрыцца. Ведаеце, практычна ўсе, хто сюды падае заяву, перакананыя, што гэта іх шлях у жыцці. А далей — як будзе…

— Час на сваю творчасць у Вас застаецца?

— Застаецца, вечарамі. У сутках жа 24 гадзіны. На працы я займаюся працай і думаю пра творчасць у долі секунды, хвіліны, у абедзенны час… Жыццё змушае больш актыўна займацца творчасцю ў адпачынку, у выхадны дзень ці ў позні час. А без гэтага, лічу, кіраўніку ў Акадэміі рабіць няма чаго. Калі не знаходзішся ў творчым працэсе, цябе не разумее калектыў. Але я займаюся творчасцю не таму, каб дагадзіць свайму калектыву. Гэта мая творчая патрэба.

— Калі не сакрэт, цяпер над нейкім мастацтвазнаўчым праектам працуеце?

— Так, над тэарэтычным праектам. Апошнія два гады працую над рукапісам, які тэарэтычны па сваім характары. Спадзяюся, што да канца года ён будзе завершаны. Гэта вельмі вялікі, 300‑старонкавы ці больш, рукапіс. Напэўна, я ўжо падыйшоў да ўзросту, калі можна сабе дазволіць нешта «вяшчаць». Цікава, як крытыка ацэніць.

Заканчэнне будзе

Веніямін Міхееў

Фото аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Валерый Вакульчык, які з верасня гэтага года працаваў на пасадзе дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі, а да гэтага быў старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі, сёння прызначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Брэсцкай вобласці. 

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

Культура

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.