Вы тут

Сяргей Шаматульскі. Забарона адварожвальнага зелля


Калумніст «Маладосці» ўмее заўважыць самае надзённае і актуальнае. Як у яго гэта атрымліваецца? Вось хоць бы пра Роўлінг і навуку казаць «прабач».


Свет вялікі, страшны і заканчваецца ён роўна там, дзе заканчваецца кончык указальнага пальца тваёй рукі, а далей і няма яго, далей каляровы кардон бутафорскіх домікаў удалечыні, чорна-блакітная туш — рака ды неба з аблокамі-камякамі, намаляванымі на дне перакуленага пластыкавага вядра.

Здаецца, лепш нам туды не хадзіць.

Навошта. Бо ўсё, што так важна і зразумела, знаходзіцца даўно тут, побач: у прасторнай, як зала, нахіленай галаве, складках выпрасаванага адзення ды, у рэшце рэшт, у парадным крышталі праўды, які, калі спрытна круціць фужэр, падміргвае праўдзіва патрэбнымі гранямі на святле. Улева-ўправа — і вось ён, няўлоўна-прымальны блік, адзін з многіх іншых памылковых блікаў. Твой.

Не зусім ідэальны? Няхай. Яго перавага, увогуле, не ў формуле цэласнай аксіёмы, не ў нудзе дуальнага «ісціна — слэш — хлусня». Не. Годнасць — у позе донкіхотаўскай канфрантацыі: «я супраць іх бяздушнага зацвярджэння», у радасці неаспрэчнай думкі і, вядома, у існаванні суб'ектыўнага, ды, зразумела, выключна асабістага вопыту. А «выключна асабісты» гучыць як «выключна слушны», чытай: адзіны. Варыянтнасці нуль.

У кожнага яна свая? Магчыма. Толькі праўда — гэта не пра ліберальныя «прыказкі-афарызмы» (свабоды слова не існуе) у рэальнасці, праўда — гэта пра індывідуальную справядлівасць-мараль. Такія прыгожыя, але, на жаль, эгаістычныя назоўнікі, пабудаваныя на апісанні, а не на разуменні свету. Бо каб штосьці (кагосьці) зразумець, трэба да гэтага чагосьці (кагосьці) ісці — глядзець, пазнаваць. Вельмі дурная справа. «Нам жа і так усё ясна».

Непахісная праўда — гэта прыватызацыя «праўды». Вось і ўсё.

Выпадак «трансгендарнага скандалу» з Роўлінг, думаю, тут з'яўляецца характэрным. Жанчына, якая стварыла свет, дзе ўсё можа стаць іншым з дапамогай сакральнага слова або славутага філасофскага каменя, у выніку не хоча верыць, што і ў рэальнасці ёсць месца для змены (ці іншай праўды). Любое «адрозненне» ад існуючага (у пэўным месцы) для Джаан
не больш чым элемент чараўніцтва, які павінен ці заставацца ў кнігах, ці не прэтэндаваць на прыняцце. Бо нават усёмагутны чараўнік, як мы памятаем з «Гары Потэра», павінен хавацца ад маглаў, што ўжо казаць пра звычайнага чалавека.

Вынік: апаненты аўтаркі, якія ратаваліся ў створаным ёй сусвеце, цяпер ратуюць рэальны сусвет ад яе.

Пісьменніца ў сваіх выказваннях не мела рацыі? Для мяне — адназначна (яна, сто працэнтаў, мяркуе наадварот). Але, зноўку, гэта дэфолтны выбар той ці іншай мяжы фужэра, без рэфлексіі і разбору. Як у класічным: «Хто не з намі, той супраць нас». А дзе ж цяпер мы?

Безумоўна, хочацца трапіць у будучыню без невуцтва і дыскрымінацыі, але для гэтага трэба цяпер вучыцца прымаць і гаварыць «прабач». Толькі вось праўда — гэта далёка не пра «прабач».

Ды і тэкст зусім не пра Роўлінг.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.