Вы тут

Беларусь для яе — душа, а Латвія — сэрца


У Беларускім доме ў Даўгаўпілсе адзначылі 90-годдзе нашай зямлячкі Настассі Сазанковай


Настасся Сазанкова на юбілейным вечары

“Настасся Сазанкова — вядомая у горадзе паэтка, мастачка, у мінулым цудоўны ўрач, уладальніца сярэбранага знака “Узнагарода года‑2014” Даўгаўпілскай гарадской думы, член Беларускага таварыства “Уздым”.

У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры (ЦБК) у гонар Настассі Сазанковай быў праведзены творчы вечар “Па хвалях маёй памяці”. Яна нарадзілася ў Беларусі, у вёсцы Захарнічы Полацкага раёна Віцебскай вобласці. Медыцынскую навуку спасцігала на радзіме: у Полацку скончыла медыцынскае вучылішча, у Мінску — медыцынскі інстытут. Настасся Аляксандраўна з дзяцінства ўвабрала любоў да роднай зямлі, разуменне важнасці і каштоўнасці малой радзімы, роднай мовы і блізкіх людзей. А паколькі даўно жыве ў Латвіі, то дзве краіны сталі для яе аднолькава блізкія і любімыя. “Беларусь — мая душа, а Латвія — сэрца”, — прызнаецца яна ў сваіх вершах.

У Латвіі Настасся Сазанкова жыве з 1974 года. У 80‑ыя гады яна вучылася ў Завочным народным універсітэце мастацтваў у Маскве. Пасля гэтага пачала маляваць цудоўныя карціны. Яе персанальныя выставы часта праходзяць у Даўгаўпілсе. Яна напісала некалькі твораў. Кнігі Настассі Сазанковай адвезены ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, у Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (падчас акцыі па збору літаратурнай спадчыны беларусаў ва ўсім свеце ў 2019 годзе), у бібліятэку Полацкага медыцынскага вучылішча, цэнтральную бібліятэку Полацка.

Настасся Аляксандраўна раней спявала ў ансамблі “Купалінка”. На фестывалі “Браслаўскія зарніцы”, 2001 г.

Яна — неардынарная, шматгранная, таленавітая асоба. Доўгі час працавала ўрачом і сваёй адданай працай дапамагла тысячам пацыентаў. А калі ў 1993 годзе выйшла на заслужаны адпачынак, адкрыла ў сабе новыя таленты: піша пранікнёныя вершы, захапляецца жывапісам і пляценнем з бісеру, і нават “на ты” з камп’ютарам. Напісала кнігу пра лекавыя расліны.

Адкрываючы паэтычны вечар, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская сказала, што Даўгаўпілсу пашанцавала, калі амаль 40 гадоў назад у горад прыехала працаваць урачом Настасся Сазанкова. Таленты і захапленні ацаніла і Генеральнае консульства Беларусі ў Даўгаўпілсе. Консул Галіна Найдзёнава цёпла павіншавала юбілярку і ўручыла ёй Ганаровую грамату. Ад усяго сэрца віншавалі Настассю Аляксандраўну прадстаўнікі Праўлення беларускага таварыства “Уздым”, Цэнтра рускай культуры, удзельнікі ансамбля “Купалінка” (у якім калісьці спявала Настасся Аляксандраўна), калегі па паэтычнай і мастацкай ніве і прыхільнікі яе творчасці. Яны літаральна “засыпалі” яе кветкамі. На вечарыне гучалі выдатныя беларускія песні ў выкананні кіраўніцы ансамбля “Пралескі” Настассі Лукашонак, харавой капэлы “Спадчына”, дуэта Рэгіны Родзікавай і Таццяны Багданавай. Настасся Сазанкова дзялілася ўспамінамі, чытала шмат вершаў на беларускай і рускай мовах, жартавала і радавалася незвычайна душэўнай атмасферы свята.

Марыя Памецька, метадыст Даўгаўпілскага ЦБК

Фота Ірыны Апейнанэ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Лукашэнка прызначыў новых памочнікаў Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай, Гродзенскай абласцях і Мінску

Валерый Вакульчык, які з верасня гэтага года працаваў на пасадзе дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі, а да гэтага быў старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі, сёння прызначаны памочнікам Прэзідэнта Беларусі — інспектарам па Брэсцкай вобласці. 

Культура

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Ірына Відава: Такіх мужчын, як Алег Молчан, адзін на мільён

Чвэрць стагоддзя разам, і ніколі не было сумна ці нецікава адно з адным.

Культура

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Успамінаем Янку Нёманскага, які быў расстраляны 30 кастрычніка ў 1937 годзе

Як знік працяг рамана Янкі Нёманскага «Драпежнікі», прысвечанага лёсу рабочых шклозавода

Грамадства

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

Карэспандэнты «Звязды» даведалiся, як працуюць ратавальнiкi-кiнолагi

У Беларусi прайшлi спартыўныя спаборнiцтвы па службовым шматбор'i кiнолагаў.