Вы тут

Вiцебшчына да другой хвалi каранавіруса гатова


У панядзелак у Вiцебску адбылося пасяджэнне абласнога штаба па супрацьдзеяннi распаўсюджванню COVID-19. Вядома, што менавiта Прыдзвiнне падчас першай хвалi iнфiцыравання было найбольш праблемнай вобласцю разам са сталiцай.


Старшыня Вiцебскага аблвыканкама Мiкалай Шарснёў запатрабаваў не расслабляцца. Трэба, каб грамадзяне не забывалi пра верагоднасць заразiцца i па-ранейшаму ў шматлюдных месцах насiлi маскi, своечасова апрацоўвалi рукi антысептыкам. Неабходна тлумачыць людзям, што яшчэ не ўсё скончылася: i ёсць неабходнасць клапацiцца пра сябе, каб не страцiць здароўе, жыццё.

На яго погляд, у палiклiнiках трэба больш уважлiва разбiрацца з кожным выпадкам, калi чалавек прыйшоў з сiмптомамi вiруснай iнфекцыi. Можа, гэта i ёсць хворы на каранавiрус. Таму яго неабходна iзаляваць, каб не заражаў калег, выпадковых людзей у крамах i гэтак далей.

Начальнiк галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Мiхаiл Вiшнявецкi адзначыў, што адпаведная дыягнастычная работа праводзiцца, але яна будзе ўзмоцнена. Галоўны медык вобласцi канстатаваў, што павелiчэнне вострых рэспiраторных iнфекцый нязначнае: на 2,7 % больш у параўнаннi з аналагiчным леташнiм перыядам.

Што да колькасцi ложкаў для хворых на пнеўманiю i COVID-19 — iх на Вiцебшчыне каля 1,4 тысячы. Кiраўнiкi сiстэмы аховы здароўя лiчаць, што гэтага дастаткова.

Сродкаў iндывiдуальнай аховы для медыкаў таксама хапае, як i лабараторый, якiя выконваюць спецыяльныя даследаваннi — iх шэсць. Там вынiкi атрымлiваюць часцей за ўсё ў той жа дзень. Няма праблем з лекамi, пунктаў кiслароднай падтрымкi на сёння ў два разы больш, чым вясной — каля 1,7 тысячы. Медыкi гатовыя да плаўнага ўваходу ў другую хвалю пандэмii, ведаюць, як вызначаць i як лячыць хворых, падкрэслiў Мiхаiл Вiшнявецкi.

Галоўны ўрач Вiцебскага абласнога цэнтра гiгiены, эпiдэмiялогii i грамадскага здароўя Уладзiмiр Сiнкевiч прапанаваў больш актыўна нагадваць у СМI пра меры, якiя дазволяць да мiнiмуму панiзiць верагоднасць заражэння COVID-19. У прыватнасцi, прышчэпкi супраць грыпу дазволяць паралельна значна ўзмацнiць iмунiтэт i, адпаведна ахову арганiзма ад iнфекцый, якiя перадаюцца паветрана-кропельным шляхам.

Адпаведную агiтацыйную дзейнасць даручана ажыццявiць i Вiцебскаму абласному аб'яднанню прафсаюзаў.

Аляксандр ПУКШАНСКI

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.