Вы тут

Фестываль «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю» сабраў аднадумцаў


Восенню на поўначы Віцебшчыны збіраюцца людзі з розных куткоў краіны, каб на свае вочы ўбачыць сотні і нават тысячы жураўлёў і пакаштаваць толькі-толькі сабраныя з мясцовых балот спелыя журавіны. Фестываль «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю» даўно стаў візітнай карткай рэгіёна. А сёлета прыродныя цікавінкі ўвайшлі ў склад і яго турыстычнага брэнда.


Жураўлі і журавіны

У канцы лета і ў пачатку восені на балоты і палі Мёршчыны злятаюцца тысячы жураўлёў, каб падсілкавацца перад доўгай дарогай у вырай. Паглядзець на грацыёзных птушак і паслухаць іх развітальныя спевы сюды прыязджаюць турысты з розных куткоў краіны.

Адначасова можна паласавацца і прыродным дарам — журавінамі. Мёрскі раён славіцца найбуйнейшымі ў Беларусі запасамі гэтых ягад. А мясцовыя аграэкасядзібы прапаноўваюць не толькі пазнавальныя вандроўкі па балоце і назіранні за птушкамі, але і збор ягад.

Усе гэтыя цікавінкі аб'ядноўвае мясцовае экалагічнае свята — фестываль «Жураўлі і журавіны Мёрскага краю», які ладзіцца кожны верасень з 2012 года. На ім можна набыць і свежыя ягады толькі-толькі з балота, і розныя журавінавыя прысмакі; пагуляць у экалагічныя гульні; узяць удзел у майстар-класах і купіць сувеніры, якія мясцовыя майстры робяць з экалагічных матэрыялаў (воўны, раслін, гліны).

— Такія святы дапамагаюць людзям знаёміцца з нашым прыродным багаццем, экалагічна адукоўвацца і прасоўваць наш раён, — упэўнена тэматычны каардынатар па «зялёнай» інфраструктуры праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Разам для грамады і прыроды: Мёрскі раён» Марына Гернат. — З году ў год з'яўляюцца новыя цікавыя ідэі, якія мы імкнёмся ўнесці ў праграму, каб зацікавіць наведвальнікаў.

«Дзівоснае побач»

Расказаць пра Мёршчыну, яе ўнікальны прыродны ансамбль, а таксама пра таленавітых людзей, што жывуць і працуюць у гэтых мясцінах, як мага большай колькасці людзей закліканы і нядаўна створаны брэндбук раёна. Ідэя яго распрацоўкі нарадзілася дзякуючы даўняму супрацоўніцтву Мёрскага райвыканкама і грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя.

— Калі пачыналі распрацоўваць канцэпцыю ўстойлівага развіцця, будучы праект «Разам для грамады і прыроды: Мёрскі раён», вызначылі некалькі кампанентаў: развіццё сацыяльнай інфраструктуры, рамонт у заказніку «Ельня», а таксама кампанент брэнда, — расказаў менеджар праекта Алег Сівагракаў. — Была мэта зрабіць Мёрскі край пазнавальным, каб ведалі ўсе, дзе ён знаходзіцца, каб ініцыятыва рухала гэты брэнд.

Распрацоўкай брэндбуку Мёрскага раёна па заказе «Аховы птушак Бацькаўшчыны» займалася крэатыўнае агенцтва «Малако». Гэта работа заняла каля паўгода, значны час прысвяцілі апытанням і даследаванням насельніцтва і турыстаў. На разгляд грамадскасці былі прадстаўлены тры варыянты стратэгіі, па адным з іх і пачалася распрацоўка варыянтаў дызайну.

— Навошта патрэбны турыстычны брэнд? Каб стварыць правільныя асацыяцыі, вобраз, цікавінку, якія будуць прывабныя для аўдыторыі, — адзначыла крэатар агенцтва «Малако» Віталіна Дубіцкая. — Гэта месца, якое здзіўляе, і за гэтымі эмоцыямі не трэба ехаць у іншыя краіны, бо дзівоснае побач.

У аснову брэнда аўтары вырашылі закласці тую лакальную экзотыку, якой славіцца Мёрскі край: прыродныя цікавінкі (верхавыя балоты, жураўлі і журавіны, вадаспад) і гісторыка-архітэктурныя славутасці (касцёл, Дзісна і іншыя). На лагатыпе можна ўбачыць усе гэтыя элементы і іх колеры — зялёныя лісцікі журавін, што сімвалізуюць расліны і балоты; самі пунсовыя ягады; шэрыя жураўлі; сінія рэкі і азёры; чырвоны касцёл і іншае. Атрымаўся міні-канструктар, з якога можна збіраць лагатыпы розных славутасцяў раёна.

Ужо сёння элементы брэндавага стылю можна ўбачыць у розных кутках райцэнтра — яны размешчаны на адным з указальнікаў на ўездзе ў Мёры, на лаўках у гарадскім парку і іншых месцах. Налета да гэтага спіса можа дадацца ўязны знак у горад. Але сапраўднае распаўсюджанне брэнд атрымае, калі яго пачнуць выкарыстоўваць мясцовыя жыхары, рамеснікі, прадпрыемствы Мёршчыны на сваіх таварах, каб вылучыць іх сярод іншых. Для гэтага распрацоўшчыкі прапісалі правілы выкарыстання аднаго стылю, размясцілі элементы лагатыпа і іншую інфармацыю на сайце праекта mіoryregіon.by. Крэатыўнае агенцтва таксама паказала, як лагатып можа выглядаць на розных сувенірах: кубках, майках, календарах і нават гумавых ботах і рыдлёўках.

Дадаць яркіх фарбаў

Паводле слоў мясцовага каардынатара праекта «Разам для грамады і прыроды: Мёрскі раён» Надзеі Дударонак, спачатку ідэя брэндынгу, як і ўсё новае, успрымалася дастаткова складана. Але калі прадстаўнікі агенцтва расказвалі на сустрэчах у раёне, у чым сутнасць працэсу, як дзякуючы гэтаму могуць выглядаць звычайныя рэчы, адбыўся пералом. Мясцовыя жыхары сталі глядзець на гэта па-іншаму, убачылі, што дзякуючы лагатыпу, брэнду можна прасоўваць свой раён, сваю прадукцыю. Сёння яго выкарыстоўваюць на сваіх вырабах школьнікі, людзі з абмежаванымі магчымасцямі, старэйшае пакаленне. Элементы брэнда могуць упрыгожыць і гарадскія будынкі пасля капітальных рамонтаў.

У рэкламных мерапрыемствах, у інфраструктуры і на ўпакоўцы будуць выкарыстоўваць брэндынг і 10 малых ініцыятыў, якія рэалізуюцца на Мёршчыне ў рамках праекта. Усе яны разнапланавыя і накіраваныя на развіццё культуры, адукацыі, сацыяльнай сферы, сельскай гаспадаркі, экалагічнага турызму. Сярод іх — ініцыятывы, прысвечаныя стварэнню маладзёжнай інтэрактыўнай культурна-гістарычнай пляцоўкі; дэманстрацыйна-адукацыйнай пляцоўкі па вытворчасці і рэалізацыі экалагічна чыстай прадукцыі з ужываннем тэхналогій арганічнага земляробства; якаснага, модульнага, зразумелага і рознабаковага веласіпеднага маршруту каля балота Ельня; актывізацыі партнёрства мясцовых жыхароў у рамках добраўпарадкавання зоны адпачынку на беразе возера Мядзведак і іншыя.

Рамесніца Ксенія Маскаленка з ініцыятывай «Размаляваныя пернікі Мёршчыны», дзякуючы праекту, атрымала магчымасць абсталяваць міні-майстэрню для вырабу сувенірных пернікаў з выявай славутасцяў Мёрскага раёна, знакаў і лагатыпаў свят, якія праводзяцца ў раёне, а таксама з лагатыпам рэгіёна.

— Я вельмі ўдзячная праекту за магчымасць рэалізаваць свае задумкі, — сказала Ксенія. — Дзякуючы яму я таксама трапіла на шмат цікавых майстар-класаў, семінараў пра балота Ельня і рэдкія віды жывёл, каб потым праводзіць экскурсіі на аграсядзібе («Яльнянскі панадворак». — Заўв. рэд.) для турыстаў.

* * *

Стварэнне брэнда Мёршчыны, упэўнена каманда праекта, дапаможа не толькі прыцягваць турыстаў у раён, рабіць прадукцыю мясцовых прадпрыемстваў і рамеснікаў больш заўважнай, але — і гэта галоўнае — дазволіць усё большай колькасці жыхароў займацца актыўнай дзейнасцю на карысць свайго раёна.

Вераніка КОЛАСАВА


Праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Разам для грамады і прыроды: узмацненне працэсу развіцця ў Мёрскім раёне праз супрацоўніцтва мясцовай улады і грамадзянскай супольнасці» фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Мёрскім раённым выканаўчым камітэтам у партнёрстве з ГА «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Тэрмін яго заканчэння — красавік 2021 года.

Загаловак у газеце: Прырода — найлепшы брэнд!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Беларускі Чырвоны Крыж працягвае аказваць дапамогу падчас пандэміі і іншых надзвычайных сітуацый

Каля мільёна чалавек атрымала падтрымку ў выглядзе прадуктовых набораў, ваўчараў, якія можна было «атаварыць», грашовых сродкаў, дастаўкі прадуктаў на дом, а таксама простай размовы па тэлефоне «гарачай лініі» са спецыялістам.

Грамадства

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Матывацыя праз гейміфікацыю, або як працуюць механізмы гульні ў адукацыі

Вядома, што гульня здольная захапіць усю ўвагу чалавека і не адпускаць яе доўгі час.

Культура

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

Падмурак Трэцяга Рэнесансу закладваецца ва Узбекістане

У Ташкенце прайшлі Тыдзень культурнай спадчыны Узбекістана і ІV Міжнародны кангрэс Сусветнага таварыства па вывучэнні, захаванні і папулярызацыі культурнай спадчыны Узбекістана «Культурная спадчына Узбекістана — падмурак новага Рэнесансу».

Грамадства

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елку можна секчы, але нельга спальваць у печы. Чым небяспечныя хвойныя дрэвы і што з імі рабіць, асабліва пасля свят

Елкі, вывезеныя на смеццевыя палігоны, падчас гніення выдзяляюць у асяроддзе шкодныя рэчывы не горш за пластык.