Вы тут

Стылістка Юлія Чынвяокву: Дзеці — маё натхненне, бясконцая матывацыя і рэсурс


Калі бачыш гэтую жанчыну, адразу падпадаеш пад яе абаяльнасць. Прыроджаная жаноцкасць вабіць і прымушае моцны пол азірацца ўслед, а чароўныя элегантныя вобразы захапляюць і служаць для беларускіх прыгажунь своеасаблівым стымулам у рабоце над сабой.


Фота Таццяны Русецкай.

Сёння ў гасцях у «Сямейнай газеты» — вядомая стылістка, гісторык моды, журналістка, а таксама маці пяцярых дзяцей-мулатаў Юлія Чынвяокву.

— Юлія, давайце пагаворым пра вашу дзейнасць, пра тое, з чаго ўсё пачалося...

— Спачатку я працавала як стыліст, да гэтага вучылася ў Школе моды і стылю Ірыны Ільінскай, пасля ў Маі Старавойтавай у яе Fash`on school. Аднак зразумела, што для мяне гэтага яшчэ недастаткова, хацелася глыбіні. Цікавіла менавіта гісторыя моды, а гэта шырокая сфера, якую я пачала вывучаць самастойна. З цягам часу ў мяне назапасілася шмат ведаў, з'явілася жаданне дзяліцца імі. Так узнік праект «120 гадоў моды» — курс лекцый аб развіцці моды 1900—2020 гадоў (пасля, мяркую, з'явіцца і курс па больш раннім перыядзе). Для мяне вельмі важныя рэальныя адносіны, падабаецца, калі на лекцыі прыходзяць у добра падабраным вобразе, сама стараюся апранаць сукенкі і аксесуары ў стылі пэўнай эпохі. У планах — развіваць дзейнасць у кансультацыйным кірунку, гэта цяпер актуальна.

— Як думаеце, па што жанчыны прыходзяць на вашыя сустрэчы, майстар-класы?

— Часцей за ўсё да мяне прыходзяць жанчыны, падпісаныя на мой Іnstagram. Яны ведаюць мяне завочна, ім падабаюцца мой стыль і філасофія прыгажосці, элегантнасць ды эстэтыка.

— Ведаю, што вы супрацоўнічаеце з Добрушскім фарфоравым заводам. Раскажыце, калі ласка, падрабязней, у чым сутнасць вашага ўдзелу?

— Гэта наш адзіны фарфоравы завод у Беларусі. Аднак, як ні дзіўна, многія пра гэта не ведаюць, і для мяне як для карэннай дабрушанкі такі факт сумны. Я раблю публікацыі ў акаўнтах сацыяльных сетках прадпрыемства, выкладваю фота посуду і апісанні да іх.

Многія мае знаёмыя зацікавіліся беларускім брэндам, а я пачала выкарыстоўваць элегантныя чайныя пары ў якасці падарунка на сваіх сустрэчах-лекцыях.

— Малая радзіма неяк паўплывала на ваша фарміраванне як асобы?

— На мяне, безумоўна, вялікі ўплыў аказаў Добруш. Я вучылася ў мясцовай гімназіі, там былі выдатныя настаўнікі, з некаторымі і дагэтуль падтрымліваю сувязь, напрыклад, са сваёй настаўніцай рускай мовы і літаратуры Тамарай Пятроўнай Рабковай. Дзякуючы такім настаўнікам добра давалася вучоба, я ўдзельнічала ў рэспубліканскіх алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, займала прызавыя месцы. Мае першыя літаратурныя вопыты былі менавіта ў Добрушы. Там я ўпершыню напісала сваю казку, адаслала яе на радыё. Памятаю, сядзела і слухала, як яе чытаюць у праграме «Калыханка»... Я ні разу не пашкадавала, што пайшла калісьці вучыцца на філфак, хоць цяпер мая дзейнасць зусім не літаратурная. Аднак у планах запусціць другі свой праект — цыкл лекцый аб сяброўстве мастакоў і пісьменнікаў.

Фота Настассі Кажухоўскай.

— Вы незвычайная мама для беларускай рэчаіснасці — у вас пяцёра дзяцей-мулатаў. Раскажыце пра іх.

— З іх бацькам Эмануэлем я пазнаёмілася ва ўніверсітэце, ён таксама вучыўся на філфаку, сам з Нігерыі. Кожная цяжарнасць была нечаканая, але мы ніколі не былі супраць, радаваліся новаму чалавеку, які прыйдзе ў гэты свет. Хлопчыкі Габрыэль, Даніэль і Рафаэль займаюцца футболам у ФК «Мінск». Дачушцы Мішэль падабаецца танцаваць і спяваць, таму зараз мы ў пошуках школы, бо лічу, калі дзіця нечым цікавіцца, трэба дазволіць яму спрабаваць сябе ў гэтым. Малодшую Ізабэль у гэты момант пакінула на старэйшага сына, які прыйшоў са школы. Увогуле, я вельмі ўдзячная сваім дзецям, што ўжо магу на іх разлічваць. А яшчэ дзеці — маё натхненне, бясконцая матывацыя і рэсурс.

— Не баяліся асуджэння, непаразумення з боку родных?

— Спачатку асуджэнне было. Натуральна, для маленькага Добруша гэта ўвогуле быў шок. Усе адгаворвалі, але я была ўпартая. Калі з'явілася першае дзіця, мне было ўсяго 22 гады, і тады хвалявала меркаванне іншых. А потым перастала заўважаць і звяртаць увагу, хто што думае. Я разумею: гэта мае дзеці і яны назаўсёды будуць часткай мяне.

— Як атрымліваецца ў шматдзетнай мамы знаходзіць час для сябе і сваёй справы?

— Вядома, гэта патрабуе самаарганізацыі. Я шмат кніг прачытала па тайм-менеджменце. Хацела, каб быў нейкі баланс паміж работай і дзецьмі. Калі разумею, што адбываецца перакос у нейкі бок, то адразу пераглядаю, што дзе не так. Цяпер у мяне досыць жорсткі графік. Аднак на кнігі стараюся заўсёды знайсці гадзінку, гэта звычайна адбываецца ноччу ці раніцай, пакуль усе яшчэ спяць, бо для чытання неабходная свежая галава — для мяне важна не колькасць прачытаных старонак, а ўсвядомленасць, з занатаваннем, падкрэсліваннем, каб інфармацыю потым можна было прымяніць на сваіх лекцыях.

— Неяк вы напісалі: «Куды б я ні збіралася, перш-наперш кладу ў сумку кнігу». Якая кніга зараз у вашай сумцы?

— «Гульня ў бісер» Германа Гесэ. Гэта не першая яго кніга, з якой мне давялося пазнаёміцца. Цікава, што Гесэ быў такім жа бібліяфілам, як і я, у той жа час вельмі педантычным калекцыянерам — нічога лішняга не набываў. Бяру прыклад з яго, бо мая хатняя «кнігарня» вельмі разраслася, і часта я хаджу па кнігі ў бібліятэку. Адначасова чытаю беларускую літаратуру — восенню хочацца нечага асаблівага — Караткевіч і яго «Лісце каштанаў» цудоўна падыходзіць для такой пары.

Фота Алены Шкарпітнай.

— Ці праўда, што вы былі знаёмы з Іванам Шамякіным і дзякуючы яго пратэкцыі паступілі ва ўніверсітэт?

— Я вучылася ў такі час, калі многія лічылі, што паступіць можна не толькі праз веды, а і за грошы альбо па блаце. За год да паступлення ў БДУ мяне як адну з найлепшых вучаніц накіравалі ў Мінск на сустрэчу, прымеркаваную да 80-годдзя Івана Шамякіна. Там я не толькі пазнаёмілася са славутым пісьменнікам, узяла ў яго аўтограф, але пабачыла і іншых, выдатных майстроў слова таго часу. Праз год я патрапіла на кафедру да яго дачкі Таццяны Іванаўны Шамякінай, цесна супрацоўнічала з ёй падчас напісання курсавых, а потым і дыплома. Тады і пайшлі чуткі, што я паступіла дзякуючы знаёмству з Шамякіным. Чуць гэта было дзіўна і смешна, бо я прывыкла заўсёды спадзявацца на сябе. З іншага боку, калі пра цябе ходзяць чуткі, значыць, ты цікавы і папулярны (смяецца).

— Вы неяк сказалі, што доўгі час баяліся сваіх жаданняў, не маглі даць волю амбіцыям і марам. Калі адчулі, што ўсё магчыма?

— Я шкадую, што так шмат часу пайшло на гэта. Штуршком былі менавіта дзеці. Калі зацяжарала чацвёртым, зразумела: прыкрывацца дзецьмі больш нельга. Наша жыццё абмежавана, і няма часу адкладваць свае мары на потым. Я чакала дзяўчынку, і ў гэты перыяд у мяне абвастрылася пачуццё прыгожага. Зразумела, што не згодная на ролю толькі хатняй гаспадыні, менавіта ў той час пачала развівацца як стыліст. Калі надышла пятая цяжарнасць, сяброўцы сказала, што, напэўна, трэба ставіць крыж на творчасці. Аднак яе словы сталі для мяне выклікам: «А ты рабі з пяццю тое, што не магла з чатырма». Таму не люблю, калі людзі апраўдваюцца дзецьмі, гэта заўсёды няшчырасць з самім сабой.

Фота Ганны Арцішэўскай.

— Напэўна, у паўсядзённым жыцці ваш унутраны крытык не дае спакою: часта звяртаеце ўвагу на тое, як чалавек апрануты, ці ўсё ў яго добра са стылем?

— Вядома, я заўважаю хібы ў адзенні мінакоў, аднак разумею, што гэта ад няведання, і не асуджаю іх ні ў якім разе. Часта бачу жанчын, якія махнулі на сябе рукой, і вельмі сумна за іх. Разумею, што знешнасць — гэта адлюстраванне ўнутранага свету. Таму я за тое, каб працаваць з чалавекам, аднак, на жаль, я не псіхолаг.

— Юлія, вы часта разбіраеце шкатулкі з упрыгажэннямі вашых кліентак, праводзіце рэвізію ў іх шафах. Раскажыце, якія памылкі яны дапускаюць і ад чаго часцей раіце пазбаўляцца?

— Настойваю, каб прыносілі свае шкатулкі на нашы сустрэчы, бо ўпрыгажэнне — гэта таксама важная характарыстыка. А пазбаўляемся ад рыззя для дому ці лецішча, ад рэчаў на выпадак «калі пахудзею» — на жаль, на той момант яны будуць неактуальныя. Ёсць у мяне адна заможная кліентка, з якой вось ужо другі год разбіраем гардэроб: ён сапраўды велізарны. Шмат дарагіх рэчаў, якія шкада аддаваць ці прадаваць танна, але яны не носяцца, таму паралельна мы фарміруем актуальны гардэроб... Увогуле, раю праводзіць рэвізію гардэробу напачатку кожнага новага сезона, пазбаўляцца ад рэчаў, якія не ўпрыгожваюць і не выклікаюць станоўчых эмоцый. Трэба насіць тое, што падабаецца і што пасуе. Асабіста я не баюся нават нейкай тэатральнасці ў сваім адзенні. Магу паўтарыць які-небудзь вобраз з фільма і пры гэтым не буду адчуваць сябе некамфортна. Для мяне вельмі важная жаноцкасць, якая ідзе знутры, гэта гармонія, адсутнасць барацьбы, грубасці.

Фота Таццяны Русецкай.

— Складваецца ўражанне, што вы жывяце, радуючыся кожнаму дню. Але сучаснаму чалавеку цяжка спыніцца і агледзецца, убачыць прыгажосць вакол сябе...

— Мне здаецца, для жанчыны гэта першародны рэсурс. Кожная жанчына павінна хоць бы раз на тыдзень выходзіць, выязджаць на прыроду, у лес, каб напоўніцца, адпусціць свае думкі. Бачыць прыгажосць — гэта таксама навык, які можна трэніраваць. Для гэтага трэба практыкавацца ў прыгожым, наведваць музеі, глядзець на жывапіс вялікіх майстроў, увогуле, цікавіцца мастацтвам.

— Юлія, а пра што вы марыце?

— Мару, каб маё імя асацыявалася ў людзей з гісторыяй моды, культурай, каб большая колькасць людзей далучалася да прыгожага. Няправільна не дазваляць сабе таго, чаго ты хочаш. Я сама некалі гэтым грашыла. Цяпер, калі надзяваю турбан з вэлюмам і пяром, бачу, як спачатку ўсе азіраюцца, а пасля прызнаюць, што мне гэта пасуе, і яно становіцца маёй своеасаблівай «фішкай». А яшчэ мару жыць у Пецярбургу...

— І холад вас не пужае?

— Не. Я люблю холад, і восень мая любімая пара. Летам чакаю заўсёды восень, нават няёмка ў гэтым каму-небудзь прызнацца (смяецца). Гэта самы плённы час для мяне.

Фота Алены Шкарпітнай.

Гутарыла Надзея ЗУЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.