Вы тут

Не саступлю!


На нашай вузкай вулiцы ўздоўж дома гэта не першы падобны iнцыдэнт. Можа, з месяц таму здарэнне было, несумненна, больш маштабнае i вiдовiшчнае. Тады прыязджала мiлiцыя, сабралася значна больш гледачоў. А ўчора ўвечары сын паклiкаў да акна i паказаў: «Зноў сустрэлiся два бараны».


Але адну дзеючую асобу некарэктна было б называць бараном —  хутчэй, авечкай. Так, гаворка пойдзе пра даму, якая пад'ехала на блакiтнай машыне i стала ледзь не ўпёршыся ў маленькае жоўтае аўто, якое iмгненне таму рухалася насустрач. Аўтааматары ведаюць сiтуацыю, тыповую для нашых двароў, калi рух ажыццяўляецца па адной паласе, бо другая занятая прыпаркаванымi аўтамабiлямi. Тады дзейнiчае правiла, што перавагу мае той, хто выязджае. I наадварот, кіроўца, што ўязджае, павiнен прапускаць, здаваць назад, нейкiм чынам лавiраваць. У жыццi ж усялякае бывае, часта кiроўцы iдуць адзiн аднаму на ўступкi, каму зручней, той i адхiляецца. Так i павiнна быць, прынамсi, у асяродку нармальных людзей. А вось калi два «прынцыповыя» сыдуцца, то можа быць сапраўдны спектакль.

Як i было ў нас месяц таму. Тады на вузкай дарозе сышлiся фургончык сэрвісу паслуг i залацiстае аўто, якiм кiравала аўталэдзi. Шчыра кажучы, фургон павiнен быў саступiць дарогу. Але ён, вiдаць, рашыў, што транспарту ўстановы дзяржаўнага значэння асабiсты аўтатранспарт павiнен саступаць, цi яшчэ што ён там рашыў, але стаў намертва. Дама таксама аказалася з рашучых: адчуваючы, што за ёй правiлы дарожнага руху, таксама стаяла —  нi з месца. Справа была адразу пасля рабочага дня. З абодвух бакоў у абодвух кiрунках сабралася па калоне машын, якiя не маглi праехаць. Некаторыя, самыя нецярплiвыя i ў каго машыны вышэйшыя, узбiвалiся на бардзюр ды аб'язджалi працэсiю па тратуары. Самыя гарачыя «пацярпелыя» падыходзiлi i гаварылi пра вышэйзгаданых кiроўцаў усё, што яны думаюць, пры гэтым асаблiва не клапацiлiся пра выкарыстанне нарматыўнай лексiкi. Падыходзiла дэлегацыя з заўсёднiкаў лаўкi каля нашага пад'езда, спрабавала ўшчуваць незгаворлiвых апанентаў, паказвала на хвост машын —  маўляў, людзi ж з работы едуць. Здавалася б, з сораму можна згарэць за сiтуацыю, якую справакаваў, але нашым героям нiбы з гусi вада. Яны нiкуды не спяшалiся, i кожны дэманстраваў намер стаяць да пераможнага канца. Вось ужо сапраўды бываюць людзi з такiмi нервамi, што мiжвольна згадаеш Маякоўскага: «Гвозди бы делать из этих людей...»

Маладая жанчына з залацiстай iншамаркi некалькi разоў тэлефанавала ў Дзяржаўтаiнспекцыю, але там асаблiва не спяшалiся. Яно i вядома —  не аварыя, не надзвычайнае здарэнне. Праз гадзiну-другую яны ўсё ж прыехалi i аднавiлi рух. Але ж дакладна больш за гадзiну многiя жыхары найблiжэйшых дамоў вымушаны былi нервавацца, мяняць планы, тэрмiнова некаму званiць.

I ўсё з-за таго, што iншаму не хапiла розуму i сумлення паводзiць сябе па-чалавечы, альбо проста не сустрэўся такi чалавек, як наша суседка Маргарыта. Учора яна «разрулiла» названую сiтуацыю даволi хутка i паспяхова. Калi двое мужыкоў залезлi з рызыкай для сваiх iншамарак на бардзюр i аб'ехалi гэтую «салодкую» парачку, за сiняй машынай спынiлася Рыта. Яна выйшла, спытала, што здарылася, а потым камандным голасам паведамiла, што ў кіроўцаў ёсць пяць хвілін. Пасля адведзенага часу звонкi натрэнiраваны голас кiраўнiцы з вялiкiм стажам пачулi, здаецца, не толькi ў нашым двары, але i ва ўсёй ваколiцы: «У мяне бiлет на цягнiк у Маскву праз дзве гадзiны. Я, што, з-за цябе спазнiцца павiнна?! Не дасі выехаць, зараз разаб'ю тваю «тачку», у мяне прэнт жалезны ляжыць. I нiхто, чуеш, нiхто не будзе сведчыць, не дакажаш потым!» I што вы думаеце? Тая, што дэманстравала ўпартую рашучасць, уцiснула галаву ў плечы, села ў машыну i павольна папхалася назад, уступаючы дарогу падобнаму на матыля маленькаму жоўтаму аўтамабiлю.

—  Якая там Масква! —  смяялася потым Маргарыта. —  Цяпер жа наогул нiкуды не пускаюць, пандэмiя бушуе. Не важна, што сказаць у падобнай сiтуацыi, важны вынiк. Так яна б стаяла яшчэ гадзiну, на двары цямнее, людзi дадому спяшаюцца.

Успомнiлiся словы былога нашага дэкана журфака Рыгора Васiлевiча Булацкага: «Вiтаецца першы нават не больш ветлiвы, а разумнейшы». Так i тут —  упартасцю можна прадэманстраваць не жалезную волю, а найчасцей уласную дурасць. Далёка не заўсёды ў сiле i настойлiвасцi праўда, часцей —  у розуме i знаходлiвасцi. Гэта можна адчуць паўсюль, нават у краме, у аўтобусе, i вось —  на дарозе.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

«Да штыка ён пяро прыраўняў». Узгадваем ваеннага карэспандэнта Канстанціна Сіманава

28 лістапада 2020 года спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага рускага пісьменніка, ваеннага карэспандэнта і журналіста Канстанціна Сіманава. 

Грамадства

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

«Калі б не сям'я Абрамукоў, наш род перастаў бы існаваць яшчэ ў 1941 годзе». Расіянка з Ніжняга Ноўгарада знайшла ў беларускай вёсцы сваякоў

І аднавяскоўцаў людзей, якія ў час вайны ратавалі сям'ю яе бабулі, жонкі афіцэра Чырвонай Арміі.

Спорт

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

«Вікторыя», якая робіць з Гродна баскетбольную сталіцу

Гродна — горад з багатай не толькі культурнай, але і баскетбольнай гісторыяй. 

Грамадства

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

У Гродне жыхары кватэр адмовіліся падчас капітальнага рамонту здымаць аздабленне з балконаў. На іх падалі ў суд

Такога кшталту справа ў судзе Кастрычнiцкага раёна Гродна разглядаецца ўпершыню.