Вы тут

Добрыя справы доўга помняцца


Прэзідэнт Беларусі паўдзельнічаў ва ўрачыстым сходзе працоўнага калектыву Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, прысвечаным 100‑годдзю вну. Сярод тых, каму Аляксандр Лукашэнка ўручыў узнагароды, і актывіст армянскай дыяспары ў Беларусі, дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ Армэн Сардараў.


Аляксандр Лукашэнка ўручае ордэн "Знак Пашаны" Армэну Сардараву. Фота БЕЛТА

Добрая слава пра вядучую тэхнічную вну краіны (раней — Беларускі політэхнічны інстытут) ідзе далёка за межы. У адным з інтэрв’ю цяперашні рэктар БНТУ (былы яго выпускнік) Сяргей Харытончык адзначыў: там падрыхтавана звыш 200 тысяч інжынераў, прычым як для Беларусі, так і для дзясяткаў іншых краін. Цяпер у так званай экасістэме вну навучаецца звыш 35 тысяч юнакоў і дзяўчат, у ягонай структуры 16 факультэтаў, 9 каледжаў, ліцэй, філіял у Салігорску ды шмат чаго яшчэ. За апошнія дзесяць гадоў у ім адкрыліся больш за 50 новых спецыяльнасцяў: ёсць і пераемнасць пакаленняў, і ключавыя традыцыі вну зберагаюцца. І ў нашых планах — расказаць пра студэнта Міхаіла Шымановіча (ён адну з новых спецыяльнасцяў набывае) ды ягонага прадзеда, партызана Вялікай Айчыннай вайны Міхаіла Рыгоравіча Шымановіча (залічаны студэнтам БПІ восенню 1944‑га, у год вызвалення Беларусі).

Наведваючы ўрачысты сход працоўнага калектыву БНТУ, Прэзідэнт адзначыў, што цяперашняя ўрачыстасць — гэта даніна павагі тым, хто не толькі ствараў гэты ўніверсітэт, але й праславіў яго сваімі справамі. А ў ліку такіх, дарэчы, і нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, які ў зеніце славы падтрымліваў дружалюбныя й творчыя кантакты з “альма матэр”. Жарэс Іванавіч закончыў з залатым медалём сярэднюю школу № 42 у Мінску, некалькі семестраў адвучыўся ў БПІ на энергетычным факультэце, пасля чаго паехаў паступаць у Ленінград, у вядомы электратэхнічны інстытут.

Выступаючы на ўрачыстым сходзе, Прэзідэнт падкрэсліў, што заўсёды з вялікай павагай ставіўся да выпускнікоў БНТУ: “Я заўсёды параўноўваў паводзіны тых ці іншых студэнтаў, выпускнікоў і гэтак далей: вы заўсёды былі асновай і падмуркам нашай дзяржаўнасці”. Цяпер жа, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, “мы перажываем вельмі цяжкі й складаны перыяд станаўлення беларускай дзяржаўнасці, незалежнасці й суверэнітэту. І гэта звязана перш за ўсё са зменай пакаленняў”.

Адзін з тых, хто годна нясе эстафету пакаленняў ды працуе на карысць Беларусі, якая стала для яго другой радзімай, — дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ, доктар архітэктуры, прафесар Армэн Сардараў. Ён — сын Сяргея Сардарава, які за савецкім часам камандаваў арміяй супрацьпаветранай абароны ў Беларусі ды Прыбалтыцы, быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Армэн Сяргееевіч нарадзіўся ў 1948‑м у Адэсе, у 60‑я сям’я апынулася ў Беларусі. У 1965‑м ён з залатым медалём закончыў тую ж, што й Жарэс Алфёраў, мінскую 42‑ю школу з фізіка-матэматычным ухілам. Закончыў БПІ ў 1970‑м, і там жа — аспірантуру ды ў 1974‑м абараніў кандыдацкую па цікавай тэме: “Дарожная архітэктура Беларусі”. Маці ў прафесара была родам з віцебска-пскоўскага памежжа, бабуля па маці размаўляла па-беларуску, і ён сам цудоўна ведае мову! Ягоны артыкул пра дарогі Беларусі друкавала й наша газета: у той час, калі ў Сардарава склалася плённая супраца з нашым калегам, прафесарам Адамам Мальдзісам. Супольная іх кніга “Даўняя Беларусь. З настальгіяй аб мінулым” выйшла, дарэчы, да 90‑годдзя БНТУ.

Кіраўнік дзяржавы ўручыў Беларускаму нацыянальнаму тэхнічнаму ўніверсітэту ордэн Працоўнай Славы, дзяржаўныя ўзнагароды супрацоўнікам вну. Армэн Сардараў атрымаў з рук Прэзідэнта ордэн “Знак Пашаны”. Віншуючы ўзнагароджаных, Прэзідэнт згадаў пра распрацоўку гранітнага памятнага знака “Нулявы кіламетр” — а да гэтай справы самае непасрэднае дачыненне мае ўлюбёны ў беларускія дарогі Армэн Сардараў. Што ж, добрыя справы доўга помняцца.

Іван Ждановіч

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.