Вы тут

​Цюбінг і іншыя небяспечныя забавы. Медыкі фіксуюць усплёск траўматызму


Варта было прыйсці ў Беларусь сапраўднай снежнай зіме, што якраз супала з вялікімі выхаднымі, — і медыкі адзначаюць усплёск траўматызму.


«Штодзень у прыёмны пакой звяртаецца пяць-шэсць чалавек з траўмамі пазваночніка, як правіла, кампрэсійнымі пераломамі, звязанымі з катаннем на цюбінгах. Тры-чатыры чалавекі з цяжкімі пашкоджаннямі прывозяць на выхадных з гарналыжных комплексаў «Сілічы» і «Лагойск», — адзначае выконваючы абавязкі загадчыка прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Ярашэвіч. Больш за чатыры дзясяткі дзяцей звярнулася падчас мінулых выхадных у прыёмны пакой Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі з чэрапна-мазгавымі траўмамі, страсеннямі, пераломамі. Медыкі нагадалі простыя правілы падчас актыўнага зімовага адпачынку, якія павінны выконваць дзеці і дарослыя.

— У апошнія пяць гадоў цюбінгавая траўма зімой выйшла на першае месца. Забараніць катацца на цюбінгах немагчыма. Але ўсе павінны ўсведамляць, чым ён адрозніваецца ад санак і лядзянак. Калі падчас катання на санках ёсць магчымасць затармазіць нагамі, змяніць накірунак ці, нарэшце, выпасці з іх, каб пазбегнуць сутыкнення, то на цюбінгу ногі, як правіла, не дастаюць да зямлі і немагчыма ні затармазіць, ні змяніць траекторыю. Гэта хуткі бескантрольны рух з кручэннем, — тлумачыць кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра дзіцячай нейрахірургіі, галоўны пазаштатны спецыяліст па дзіцячай нейрахірургіі Міністэрства аховы здароўя Міхаіл Талабаеў. — Калі наперадзе перашкода — прыпаркаваны аўтамабіль, жалезная дваровая канструкцыя, іншы чалавек, траўма непазбежная. Толькі за панядзелак у прыёмны пакой звярнулася 16 чалавек, шасцёра шпіталізаваныя. Нейрахірург падкрэслівае, што катацца можна толькі ў спецыяльна абсталяваных месцах. Ён адзначае, што дзяцей, якіх шпіталізавалі з гарналыжных цэнтраў, у яго стацыянары мінімум. Бо на добраўпарадкаваных горках няма наперадзе перашкод.

Яшчэ адно правіла бяспечнага катання — кантроль з боку дарослых.

— Бацькі ў дварах павінны аб'ядноўвацца і кантраляваць усіх дзяцей наверсе горкі і на спуску, — раіць спецыяліст.

Аляксандр Ярашэвіч тлумачыць, што з прычыны закрытых граніц беларусы накіраваліся адпачыць у гарналыжныя цэнтры ў нашай краіне. І раіць не пераацэньваць свае магчымасці.

Спецыяліст адзначыў, што апошнім часам нярэдкія і траўмы па неасцярожнасці. Кароткі светлавы дзень, вялікая колькасць аўтамабіляў у дварах, спешка і нязручны абутак — усе гэтыя фактары вядуць да падзенняў і траўміраванняў. У тым ліку і пажылых людзей. А для іх падзенні асабліва небяспечныя — як правіла, яны заканчваюцца траўмай тазасцегнавога сустава, што ў сталым узросце мае цяжкія наступствы. Таму пажылым людзям не варта нагружаць сябе цяжкімі сумкамі, трэба не саромецца браць з сабой палку, абуваць падыходзячы да надвор'я абутак з шырокай падэшвай.

Згодна са статыстыкай, штогод у Беларусі траўмы атрымлівае каля 700 тысяч чалавек. Траўміраванне з'яўляецца адной з вядучых прычын смяротнасці і знаходзіцца на чацвёртым месцы.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: silichy.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.