Вы тут

Замяшчальныя бацькі сямейнага дзіцячага дома: Прэмія «За духоўнае адраджэнне» — гэта найвышэйшая адзнака нашай работы


Навіна, што сямейны дзіцячы дом у аграгарадку Вялічкавічы Салігорскага раёна ўзнагароджаны прэміяй Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне», імгненна разнеслася не толькі па вёсцы, але і па ўсёй акрузе. Замяшчальных бацькоў — Андрэя і Таццяну Барытоляў віншавалі знаёмыя, сваякі, суседзі, землякі. Словам, тэлефон літаральна разрываўся ад званкоў.


— Для нас было нечаканасцю, што мы ўдастоены такога гонару. Мы ніколі не думалі пра ўзнагароды — з раніцы да вечара ў клопатах пра дзяцей. А ўзнагарода з рук самога кіраўніка дзяржавы — гэта найвышэйшая адзнака нашай работы, — кажа Таццяна Міхайлаўна. — І калі нам паведамілі пра гэтую падзею, нават не верылася, пакуль не паехалі за прэміяй. Ведаеце, я ўпершыню сустрэлася з такой цёплай, утульнай атмасферай, якая панавала падчас урачыстай цырымоніі.

— А на што патраціце грошы? — пацікавілася ў суразмоўніцы.

— Летам, калі ў дзяцей будуць канікулы, хочам пападарожнічаць па Беларусі. Ужо і маршрут спланавалі. Паездку арганізуем з начлегам на берагах рэк, азёр — словам, своеасаблівы турпаход.

— Дык месцаў на ўсіх у машыне не хопіць...

— Было б жаданне, а магчымасць заўсёды знойдзецца. У нявесткі, зяця, сына ёсць легкавікі.

З-за дзвярэй за намі цікуюць маленькія хлопчык і дзяўчынка.

— Унукі Рома і Паліна, — знаёміць з малымі бабуля. — Гэта дзеці нашай прыёмнай дачкі. Спачатку мы ўзялі хлопчыка Валеру, а затым забралі яго браціка і сястрычку. Яны ўжо дарослыя, маюць сем'і, але не забываюць нас з бацькам. Валерыю ўжо 25 гадоў, працуе на рудніку «Беларуськалія». Ільі — 20 гадоў, вывучыўся на механіка, жыве ў Петрыкаве. А дзве прыёмныя дачкі закончылі педагагічны і медыцынскі каледжы.

Усяго ж цяпер у сям'і Барытоляў дзевяць прыёмных дзяцей і свой родны сын Уладзіслаў, які праходзіць тэрміновую вайсковую службу. Нядаўна ажаніўся, але малымі пакуль не абзавёўся.

Самая старэйшая дачка — Насця, ёй споўнілася шаснаццаць гадоў, за ёй ідзе 15-гадовы Ягор.

— Мяне тата з мамай забралі да сябе восем гадоў таму, — кажа дзяўчына. — Мне пашчасціла, што трапіла ў гэту сям'ю.

— У нас вельмі ўтульна ў доме, стараемся ва ўсім дапамагаць бацькам, вечарам за адным вялікім сталом п'ём чай з выпечкай, гуляем у шахматы, — дадае хлопец.

Ягор любіць катацца на лыжах, наведвае секцыю па валейболе, марыць паступіць у Салігорскі горнахімічны каледж, каб стаць шахцёрам. Насця пакуль не вызначылася з будучай прафесіяй. Кожны раз меркаванне мяняецца, то хоча быць дызайнерам, то фармацэўтам. Яна добра малюе, спявае.

— Як вы спраўляецеся з такой кагортай выхаванцаў? — пацікавілася ў бацькоў.

— Узаемадапамога, выручка па прынцыпе: адзін — за ўсіх, усе — за аднаго, — лічыць бацька Андрэй Іванавіч, які працуе вадзіцелем у аддзеле па надзвычайных сітуацыях.

— Старэйшыя дзеці дапамагаюць. Стараюцца ўзяць малых, пагуляць з імі, каб я магла адпачыць, — кажа Таццяна Міхайлаўна.

— А як усіх накарміць? У кожнага, відаць свой густ, гастранамічныя перавагі?

— Гатую я сама, паколькі па спецыяльнасці кухар. Але дзяўчынкі пастаянна завіхаюцца каля мяне, цікавяцца, ці патрэбна дапамога. Ім падабаецца назіраць за працэсам гатавання ежы, вучыцца.

А вось на дзень нараджэння імяніннікі выказваюць пажаданні, што б хацелі бачыць на святочным стале, што ім падабаецца.

У кожнага з дзяцей свае схільнасці, таленты. Насця захапляецца шытвом, ёй падабаецца прыдумваць новыя мадэлі адзення. Ангеліна і Аня больш любяць займацца лыжамі. Паліна добра малюе. А хлопцы больш схільныя да спорту. Любяць яны бываць з бацькам у гаражы. Андрэй Іванавіч вучыць іх рамантаваць тэхніку, нешта майстраваць.

Звычайна бацькі хочуць, каб іх дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, вучыліся і працавалі за мяжой. А Таццяна Барытоль лічыць, што галоўнае, каб яны выраслі прыстойнымі людзьмі, каб былі шчырыя, любілі людзей, сваю Радзіму, каб у іх не было злосці, каб яны не шукалі нейкі негатыў, каб ва ўсім знаходзілі радасць, каб бачылі больш плюсаў і неслі святло. А да вучобы ў кожнага свае здольнасці. Дворнік — таксама пачэсная прафесія. Галоўнае — быць добрым, светлым, пазітыўным чалавекам, лічыць маці.

Як прызнаецца жанчына, яна не засмучаецца, калі хтосьці з гадаванцаў часам атрымае дрэнную адзнаку, не сварыцца на іх, бо ім і самім сорамна. «Нічога, назбіраем „калоў“ — будзем новы плот ставіць, „двоек“ — гусей разводзіць», — пакеплівае з вучняў Таццяна Міхайлаўна. У дзяцей саміх ёсць стымул добра вучыцца. Яны глядзяць адно на аднаго і стараюцца.

Святаслаў моцны ў матэматыцы, а вось Ангеліне гэты прадмет даецца цяжка. Яны вучацца ў адным класе. Неяк дзяўчынка прыходзіць дамоў і скардзіцца маме, што ў яе будзе два балы па кантрольнай рабоце, таму што Святаслаў не даў ёй спісаць. Маўляў, не даў падгледзець сястры, а свайму сябру дазволіў. «Таму гэта нармальна, дзіця павінна быць дзіцем, пражыць жыццё дзіцяці. Не атрымалася цяпер па кантрольнай, атрымаецца ў наступны раз. Яно асэнсавала сваю памылку і ў далейшым не наступіць на адны і тыя ж граблі», — сцвярджае маці.

— А ці здараецца, што дзеці нашкодзяць? Як ставіцеся да гэтага? — удакладнілі ў гаспадыні.

— Яны стараюцца не засмучаць мяне. Але дзеці ёсць дзеці, бывае і нашкодзяць у нечым. Тады забараняю на пэўны час глядзець тэлевізар, карыстацца ноўтбукам. Неяк даведалася, што дзяўчынкі глядзелі тэлевізар да чатырох гадзін раніцы. Забараніла ўключаць. Прыходзіць Ангеліна і цікавіцца, калі ж закончыцца пакаранне. Добра, глядзіце, кажу ім. «А ты, мамачка, не ўмееш караць, раніцай забараніла, а вечарам дазволіла».

— Нядаўна прачытала ў інтэрнэце меркаванне жанчыны, што нельга любіць чужых дзяцей. Любіць можна толькі сваіх, якіх вынасіла пад сэрцам...

— Так, не кожнаму гэта дадзена. У нас шмат знаёмых, якія сцвярджаюць, што ніколі б не змаглі прыняць чужое дзіця. Я ж кожнага са сваіх прыёмных трымаю ў галаве, нават калі спаць кладуся. Калі дзіця не адчувае гэтай любові, то з яго нічога не будзе. Мы не бяром дзяцей з сям'і міністра. Да нас прыходзяць малыя з параненай душой, якія перажылі здраду, боль. І каб дзіця вырасла маральна і псіхічна здаровай асобай, трэба даказаць, што яго любяць не на словах. Неабходна прытуліць, каб яно зразумела, што яно любае ў сям'і. Думаю, што дзеці адчуваюць мае адносіны да іх. І адказваюць удзячнасцю — робяць прыгожыя паштоўкі, на іх пішуць, як мяне любяць, наколькі я ім дарагая. Гэта настолькі шчырыя словы, што я па некалькі разоў іх перачытваю.

— А ад дзяржавы атрымліваеце нейкую дапамогу?

— Бясспрэчна. Не заўсёды ўсё бывае гладка, даводзіцца звяртацца ў органы апекі. Заўсёды прыходзяць на дапамогу, у любы час сутак можна ім патэлефанаваць, і заўсёды знойдзеш падтрымку, параду, адказ на любое пытанне. Аднойчы ў нас была складаная сітуацыя, не ведалі, як з яе выйсці, звярталіся да псіхолагаў. Яны самі прыязджалі да нас, працавалі з адным з выхаванцаў.

Дзякуючы дзяржаве мы атрымалі і гэты дом. Яго будавалі яшчэ тады, калі мы былі прыёмнай сям'ёй. Мы прыязджалі, глядзелі, як ідзе яго ўзвядзенне.

Дзеці вырастаюць, пакідаюць роднае гняздо. За столькі гадоў бацькі зразумелі, што гэта не толькі іх работа, але і прызванне — дапамагаць дзецям.

— Мы адказныя за іх выхаванне, за тое, якімі яны ад нас сыдуць у вялікі свет. Дык чаму б не дапамагчы яшчэ камусьці вырасці прыстойным чалавекам.

На развітанне нас з усёй сям'ёй праводзіў усеагульны любімец — маленькі дэкаратыўны той-тэр'ер Тобі.

— Гэта ўся наша гаспадарка, — пажартавалі Таццяна Міхайлаўна і Андрэй Іванавіч. — А коціка не завялі. У нас іх — хоць адбаўляй. — З усёй акругі прыходзяць бадзяжныя ваські ды муркі, бо ўсіх шкадуем, кормім. Ды і ад зносін з жывёламі дзеці становяцца дабрэйшыя.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Яна Хведчына

Загаловак у газеце: Дом, дзе пасялілася любоў, або Адзін за ўсіх, усе за аднаго

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.