Вы тут

Што прапаноўваюць жыхары Міншчыны для больш камфортнага жыцця


Актуальныя пытанні развіцця і ўдасканалення сацыяльнай сферы абмеркавалі ўдзельнікі Мінскай абласной дыялогавай пляцоўкі, якая прайшла ў Чэрвені. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Міншчыны. Яны маглі свабодна выказацца па тых ці іншых праблемах і шляхах іх вырашэння.


Фота прэс-службы Мінаблвыканкама.

Чаму менавіта ў Чэрвеньскім раёне была арганізавана пляцоўка? На гэтае пытанне адказаў памочнік Прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў. На яго думку, у Чэрвені шмат зроблена і робіцца па развіцці сацыяльнай сферы. Каласальная работа праведзена ў гэтым кірунку напярэдадні абласнога свята-фестывалю працаўнікоў вёскі «Дажынкі», якое восенню мінулага года прайшло ў райцэнтры. Тут пасля рэстаўрацыі адкрыты будынак краязнаўчага музея, пабудаваны фізкультурна-аздараўленчы цэнтр, добраўпарадкаваны дваровыя тэрыторыі, заасфальтаваныя некаторыя вуліцы, абноўлены фасады адміністрацыйных, сацыяльных, культурных ды іншых аб'ектаў. Ігар Яўсееў дадаў, што пры наведванні сацыяльных устаноў ён задаваў пытанні пажылым людзям, што працавалі ў розных галінах народнай гаспадаркі, аб узроўні іх пенсій. Па іх словах, яны задаволеныя. Іх больш хвалюе тое, каб у краіне былі мір, лад ды згода. На дыялогавых пляцоўках, на якіх бывае памочнік Прэзідэнта, грамадзяне станоўча ацэньваюць зробленае ў краіне. Аднак, вядома, без праблем жыццё не бывае. Людзей цікавіць, як будуць выдавацца крэдыты на будаўніцтва жылля, як будзе развівацца медыцына, якія змены адбудуцца ў выкарыстанні сямейнага капіталу.

Дэкан факультэта філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Вадзім Гігін, які выступіў мадэратарам абласной пляцоўкі, падкрэсліў, што тэматыка дыялогавых пляцовак і колькасць удзельнікаў пераўзышлі чаканні арганізатараў. Больш чым 20 тысяч суайчыннікаў удзельнічала ў дыскусіі па ўсёй краіне. Людзей цікавяць самыя разнастайныя тэмы — развіццё сям'і, ІT-сектара. І, бадай, галоўнае — стварэнне партнёрскіх адносін дзяржавы і грамадзян. Прычым людзі свабодна выказваюць сваё меркаванне па тых ці іншых пытаннях шляхам адкрытага дыялогу, сцэнарый правядзення загадзя не рыхтуецца.

Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч адзначыў, што ў цэнтральным рэгіёне праведзена 70 дыялогавых пляцовак. Такія пляцоўкі сапраўды аб'ядноўваюць людзей. Грамадзяне выказваюць ідэі, што затым ажыццяўляюцца, а Мінская вобласць становіцца больш камфортнай і зручнай для жыцця.

Удзельнікі прапанавалі праводзіць таксама міжведамасныя дыялогавыя пляцоўкі разам з моладдзю. Вадзім Гігін адзначыў, што неабходна прапаноўваць розны фармат правядзення, каб зацікавіць маладых. Іван Маркевіч выказаўся за тое, каб для апошніх стваралі больш умоў для кар'ернага росту, прапаноўвалі ім адказныя пасады.

Старшыня савета Мінскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Казімір Чарапкоўскі, яго калегі і наогул людзі старэйшага пакалення заклапочаны праблемай патрыятычнага выхавання насельніцтва ў цэлым і падрастаючых грамадзян у прыватнасці. «За пяцігодку вырасла пакаленне з ніадкуль. Маладыя людзі не разумеюць і не задумваюцца, чаму змяніўся выгляд нашых пасёлкаў, хто для іх пабудаваў новыя аб'екты, жыллё, стварыў для іх дабрабыт. Якой працай і якімі намаганнямі гэта дасталася», — падкрэсліў ён. Казімір Браніслававіч прапанаваў распрацаваць рэспубліканскую праграму па патрыятычным выхаванні моладзі. Вадзім Гігін канстатаваў, што створана група па распрацоўцы такога дакумента на пяцігодку пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай. У гэтую групу ўваходзіць і ён. Вадзім Гігін запрасіў усіх ахвотных уносіць свае прапановы, якія пазней будуць выкарыстаны ў праграме.

Начальнік аддзела спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама Раман Кузняцоў распавёў, што ў студзені 2019 года ўпраўленне па адукацыі, спорце і турызме было раздзелена на два ведамствы. Аднак так стала толькі ў буйных гарадах Міншчыны. Раман Кузняцоў пацікавіўся, што плануецца ў гэтых адносінах у іншых раёнах. Дадзенае пытанне прапрацавана са старшынёй Мінаблвыканкама, адзначыў Іван Маркевіч. Магчыма будзе створана дзяржаўнае аб'яднанне або структура, якія будуць займацца спортам і турызмам. Мінская вобласць у гэтым плане павінна стаць базай пілотнага праекта. Больш канкрэтныя дэталі будучай структуры плануецца абмеркаваць. Але адназначна, што сістэму трэба змяняць з улікам новых падыходаў, форм і метадаў работы.

Бурныя рэакцыю і абмеркаванне, сутыкненне розных поглядаў выклікала пытанне дырэктара Барысаўскага дзяржаўнага каледжа Ліліі Чэчы па замацаванні кадраў і забеспячэнні маладых спецыялістаў жыллём.

— Выпускнікі нашага каледжа накіроўваюцца на работу ў дашкольныя ўстановы. Але ўзнікае праблема з забеспячэннем жыллём,— сказала яна.

— Сапраўды, сёння 20 % педагогаў вобласці перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Іх павінны замяніць маладыя кадры. І яны прыходзяць у навучальныя ўстановы. Але пытанне іх жыллёвага ўладкавання стаіць на парадку дня, асабліва востра ў Мінскім раёне, дзе актыўна будуюцца школы, дзіцячыя садкі, — падтрымаў Лілію Чэчу начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. — Каб вырашыць кадравую праблему, мы запрашаем маладых спецыялістаў з іншых рэгіёнаў вобласці.

На думку Мікалая Мікалаевіча, неабходна развіваць рынак арэнднага жылля так, каб кожны малады спецыяліст змог атрымаць жыллё па месцы работы.

— Арэнднае жыллё — гэта добра, — выказаўся з нагоды Іван Маркевіч. — Але сёння арэнда яго каштуе дорага, асабліва ў вялікіх гарадах, дзе не прымяняецца паніжальны каэфіцыент. Неабходна падымаць пытанне на ўсіх узроўнях, каб банкі выдавалі крэдыты маладым спецыялістам на будаўніцтва жылля пад 5 % на 20—30 гадоў. Моладзь будзе мець сваё жыллё, а значыць, і замацоўвацца.

Акрамя таго, як лічаць некаторыя ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі, маладым варта даваць права прыватызаваць службовае жыллё пасля таго, як яны адпрацавалі, дапусцім, 15 гадоў у арганізацыі, на прадпрыемстве, якія ім яго выдзелілі. У гэтым выпадку яны будуць сачыць за домам, кватэрай, уладкоўваць памяшканне, рабіць рамонт з перспектывай абзавесціся сваім кутком.

Удзельнікі пляцоўкі акцэнтавалі ўвагу і на дэмаграфічнай сітуацыі, рабоце са шматдзетнымі сем'ямі. Так, на Міншчыне пражывае 19 600 шматдзетных сем'яў, дзе выхоўваецца ад трох да адзінаццаці дзяцей. Падчас правядзення дыялогавых пляцовак бацькі казалі, што нарадзілі дзяцей асэнсавана. Але ўдзел у іх выхаванні дзяржавы таксама важны. Яны за тое, каб пашырылі спіс варыянтаў датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу. Сёння ён распаўсюджваецца на тры пазіцыі — паляпшэнне жыллёвых умоў (будаўніцтва, рэканструкцыя або набыццё жылых памяшканняў, пагашэнне запазычанасці па крэдытах), на атрыманне платнай вышэйшай адукацыі і платных медыцынскіх паслуг.

Па словах старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Мінаблвыканкама Тамары Красоўскай, неабходна думаць не толькі пра шматдзетных. «Мы павінны думаць у цэлым аб сям'і. Мы прапаноўваем, каб сямейны капітал выплачваўся і пры нараджэнні другога дзіцяці», — падкрэсліла Тамара Пятроўна. У полі зроку дзяржавы павінны стаць і няпоўныя сем'і. Пасля разводу малое звычайна застаецца з маці — як правіла, гэта жанчыны ва ўзросце ад 30 гадоў. Нарадзіць другое і трэцяе дзіця па-за шлюбам рызыкуюць не ўсе. Пра іх таксама не варта забываць, трэба аказваць дапамогу і падтрымку. Наогул, неабходна ствараць для сям'і дружалюбнае асяроддзе. Наймальнікі не рызыкуюць браць на работу жанчын пасля водпуску па доглядзе за дзецьмі. Маўляў, лішнія праблемы — пастаянныя «бальнічныя». Неабходна распрацоўваць стымулы ў дачыненні да кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, каб яны больш ахвотна працаўладкоўвалі бацькоў з няпоўных, шматдзетных сем'яў, сем'яў, што выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Не ўсё вымяраецца матэрыяльна. Наогул, трэба ствараць вакол такіх сем'яў атмасферу клопату, увагі.

Тамару Красоўскую падтрымаў Вадзім Гігін: «Адзін з прыярытэтаў у праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021—2025 гады — гэта ўмацаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, фарміраванне здаровай моцнай сям'і, фізічны, маральны і матэрыяльны дабрабыт, выхаванне падрастаючага пакалення, клопат аб старэйшым пакаленні і забеспячэнне актыўнай старасці».

Акрамя таго, абмяркоўвалася далейшае ўдасканаленне сістэмы аховы здароўя, культуры, прафесійнай арыентацыі моладзі. Намеснік старшыні Мінаблвыканкама Іван Маркевіч у канцы размовы падсумаваў, што ўсе агучаныя пытанні будуць прааналізаваны і абагульнены, а практыка правядзення дыялогавых пляцовак прадоўжыцца.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Сацыяльныя арыенціры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.