Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Суверэнітэт — гэта не толькі пытанне захавання дзяржавы


Аляксандр Лукашэнка адказвае на пытанні студэнцкай моладзі, наведваючы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У аўдыторыі геаграфічнага факультэта кіраўніка краіны чакаюць амаль 160 навучэнцаў і выкладчыкаў БДУ.


Па відэасувязі свае пытанні Прэзідэнту задаюць і студэнты вядучых рэгіянальных ВНУ: Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава, Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Запланаваны ўдзел у сустрэчы 350 студэнтаў з абласцей.

Перад размовай з моладдзю кіраўніку краіны рэктар БДУ Андрэй Кароль далажыў аб перспектывах развіцця адной з самых старажытных навучальных устаноў краіны і азнаёміў з экспазіцыяй Музея земляробства.


«Я рады, што вы адкрыта, а часам дзёрзка апануеце ўладзе» 

Студэнцкую моладзь кіраўнік дзяржавы назваў «самай прасунутай і прагрэсіўнай часткай грамадства».

«Мае адносіны да моладзі не зменяцца ні пры якіх абставінах, — сказаў ён. — Бо ў гэтым вельмі, вельмі шмат асабістага. Пра гэта я таксама казаў, не буду канкрэтызаваць. Ствараючы фактычна з нуля суверэнную Беларусь, я, можна сказаць, у нейкім сэнсе выгадаваў і вас. Таму, калі нехта кажа “вось у нас моладзь дрэнная, добрая, яшчэ нейкая”, я кажу: якая ёсць, мы яе выгадавалі. Мне наракаць няма на каго. А значыць, нясу поўную адказнасць. І не толькі за ваш лёс, але і за лёс наступных пакаленняў беларусаў».

Прэзідэнт дапусціў, што новае пакаленне можа захацець зламаць тое, што было пабудавана папярэднім, і папярэдзіў, што наноў нешта пабудаваць будзе вельмі дорага.

«Асабліва для нас. Любая памылка пагражае практычна катастрофай», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь, у адрозненні ад Расіі, ЗША, іншых краін, дзе маюцца дастатковыя рэсурсы для выпраўлення памылак, не можа сабе дазволіць нешта радыкальна разбураць, лічыць кіраўнік дзяржавы. Ён папярэдзіў, што знішчаць дасягненні Беларусі новаму пакаленню не дазволяць і тыя, хто ўжо мае жыццёвы вопыт.

Прэзідэнт адзначыў розніцу паміж сваім пакаленнем і сённяшняй моладдзю. Запыты апошняй вышэйшыя, але ўсё ў яе руках, не сумняваецца ён.

Як бацьку беларускаму лідару хацелася б ведаць, пра што моладзь думае на самой справе і чаго хоча ад гэтага жыцця. Як Прэзідэнту — важна разумець, наколькі асабістыя планы і мары яна суадносіць з дзяржаўнымі інтарэсамі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«З улікам павышанай увагі моладзі да палітычных працэсаў у краіне асабліва хвалюе, ці аднолькава мы з вамі разумеем гэтыя інтарэсы. І, наогул, ці задумваецеся вы над гэтай тэмай?» — спытаў ён.

Летась градус палітызацыі грамадства дасягнуў найвышэйшага пункта, мяркуе Прэзідэнт.

«І цяпер гаворка не пра тое, хто і дзе за мяжой падаграваў гэтыя пратэсты. Пытанне ў іншым: чаму частка грамадства, сярод якой апынуліся і вы, маладыя беларусы, дазволіла сябе падагрэць? Думаю, што я атрымаю адказ на гэта пытанне. Чаму мы дазволілі ўнесці ў наш агульны дом — родную Беларусь — разлад? Не толькі ў краіну, але нават у сям’і, — працягнуў кіраўнік дзяржавы. — Бо мы так ганарыліся сваёй мудрасцю і разборлівасцю, сваёй талерантнасцю, адзінствам, стабільнасцю. А ўлічваючы развіццё падзей, адважуся выказаць здагадку, што на тэму, каму выгадна раз’яднаць народ і аслабіць Беларусь, задумваюцца далёка не ўсе».

Улада, СМІ, рознага роду аналітыкі вельмі шмат у апошнія гады казалі аб абароне суверэнітэту Беларусі, тэзіс стаў амаль народным, усе заклапочаныя гэтым пытаннем, заўважыў беларускі лідар.

«Але як тады растлумачыць той факт, што частка беларусаў усё ж адгукнулася на заклікі дзеячаў, якія сёння ўладкаваліся ў Літве, Польшчы і жыруюць на замежных грантах. Больш за тое, і гэта відавочна, прадстаўляюць інтарэсы іншых дзяржаў, — звярнуўся ён да аўдыторыі. — Хто не сляпы, той гэта бачыць. Дык ці каштуюць вашай увагі размовы пра лёс нашай краіны тых, чые думкі і ўчынкі сёння цалкам кантралююцца з-за мяжы? І няўжо нехта ўсур’ёз думае, што там, за мяжой, моцна заклапочаныя інтарэсамі нашага народа? Не да Беларусі ім. А вось вырашыць свае праблемы за кошт беларусаў — гэта тэма».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ад эканамічных санкцый выйграюць канкурэнты беларускіх вытворцаў.

«Не падабаецца ім там самастойнасць Беларусі ў энергетычнай палітыцы. Ці бачыце, хто дазволіў ім пабудаваць сваю атамную станцыю. Зразумела, куды цікавей выкарыстоўваць нашу краіну як рынак збыту ўласнай электраэнергіі, як і іншых тавараў, — прывёў ён прыклад. — Да таго ж еўрапейская нацыя імкліва старэе. Там амаль няма каму лячыць, вучыць, працаваць у полі і на вытворчасці».

Пацвярджэнне таму — спрыяльныя ўмовы для прыняцця беларускіх урачоў у Польшчы. Аляксандр Лукашэнка не сумняваецца, што эмігранты там патрэбны, каб абслугоўваць інтарэсы кіруючай эліты, аднак эмігранты, у тым ліку беларусы, ніколі не стануць часткай гэтай эліты. Як іх дзеці і ўнукі.

Не трэба думаць, што ў мінулае сышлі і тэрытарыяльныя прэтэнзіі на беларускую зямлю з боку некаторых суседзяў, дадаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што большасць у свеце тых, хто адмаўляе беларусам у гістарычным праве на іх зямлю.

«Суверэнітэт — гэта не толькі пытанне захавання дзяржавы, — адзначыў беларускі лідар. — Гэта пытанне нацыянальных амбіцый. Пытанне вашага грамадзянскага статусу. Я ніколі не паверу, што мы вырасцілі пакаленне незалежных беларусаў, якія мараць, каб іх будучыню вызначалі замежныя палітыкі. Але ці разумееце вы, якіх велізарных высілкаў каштуе такая палітычная самастойнасць? Ці шмат вы ведаеце краін у свеце, такіх жа невялікіх і не багатых на рэсурсы, як наша, але якія здолелі зацвердзіцца на міжнароднай арэне як самадастатковая і моцная дзяржава?»

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яму цікава, якім маладыя людзі бачаць свой удзел у пытаннях умацавання гэтых пазіцый? Ці разумеюць, як яны патрэбныя краіне, як важныя іх поспехі для захавання нашай дзяржаўнасці.

«Я цвёрда веру, што вы і толькі вы будзеце гаспадарамі роднай зямлі, што, дзе б ні апынуліся, будзеце з гонарам казаць: “Я беларус!” І тое, што вы мяне запрасілі на гэтую размову, пацвярджае маю веру ў гэта», — сказаў ён.

Прэзідэнт упэўнены, што ведае, як думае і якімі ідэямі жыве моладзь. Па-першае, ён добра памятае сябе ў такім узросце. Па-другое, яго малодшы сын належыць да гэтага пакалення. Да таго ж, самі студэнты актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў сацсетках, на вуліцах і нават у твар прадстаўнікам улады.

«Ніхто не забараняе вам казаць. Выказваць меркаванне можна. Трэба абавязкова», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы і расказаў, што наяўнасць альтэрнатыўнага меркавання — абавязковая ўмова ўсіх нарад з яго ўдзелам.

Але недапушчальна пераходзіць рысу закона, размежаваў ён.

«Сцены ўніверсітэта — не месца для палітычных мітынгаў. Прашу гэта ўлічыць. Тым больш недазваляльныя хамства і агрэсія ў адносінах да выкладчыкаў. Мы гэта фіксавалі не ў адным ВНУ, у некалькіх. Гэта пытанне не толькі выхавання і маралі, але і прававой адказнасці», — сказаў ён і прызнаўся, што сам канфліктаваў з дэканам, калі быў студэнтам, але рабіў гэта, каб абараніць сваіх аднакурснікаў, і заўсёды з павагай ставіўся да выкладчыкаў.

Прымяраючы на ​​сябе вобраз змагароў з сістэмай, трэба разумець, што ні адна дзяржава ў свеце не дазволіць расхістаць яе асновы: парушаць закон, бурыць традыцыі і падвяргаць небяспецы жыцці людзей, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на тое, як у такіх выпадках «еўрапейскія дэмакратыі» хутка і жорстка наводзяць у сваіх краінах парадак і папрасіў бачыць і аналізаваць тое, што адбываецца ў свеце. І цаніць сваё, нават калі яно трохі горш.

«Лепш не можа быць нідзе, бо там чужое», — сказаў Прэзідэнт і дадаў, што пабачыў свет і не сумняваецца ў гэтым.

«Я сёння рады, што ў пытаннях грамадска-палітычнага жыцця краіны вы адкрыта, а часам і дзёрзка апануеце ўладзе», — дадаў ён.

Напрыканцы ўступнай прамовы Аляксандр Лукашэнка выказаў гатоўнасць адказаць на любыя пытанні і заклікаў да жывой гутаркі, без купюр. 

«Вы павінны ўлічыць адны абставіны — я ў сваёй краіне абсалютна нікога не баюся. Мне няма чаго саромецца перад вамі за любыя свае ўчынкі, — сказаў ён. — Так, я не святы. Немагчыма прапрацаваць Прэзідэнтам больш за чвэрць века і не спатыкнуцца, не дапусціць памылкі. Але сістэмных памылак мы з вамі не дапусцілі». 

Самае галоўнае — беларусам, усім сучаснікам, у тым ліку і моладзі, удалося пабудаваць першую суверэнную і незалежную дзяржаву ў гісторыі Беларусі са «скрываўленага» кавалка былой вялізнай імперыі. 

«І мне пашчасціла быць першым Прэзідэнтам нашай суверэннай дзяржавы. Вось адсюль мая рашучасць абараняць гэту дзяржаву», — патлумачыў ён студэнтам. 
Ён заклікаў выпраўляць непазбежныя памылкі, але не ламаць пабудаванае. 

«Давайце разам будаваць нашу будучыню, — прапанаваў ён субяседнікам. — Давайце разам дыскутаваць, казаць адно аднаму ў вочы. Не па-хамску, а асэнсоўваючы ўсё. Я да гэтага гатовы і гарантую вам, што ўсе падпарадкаваныя, я як кіраўнік дзяржавы вам кажу, яны таксама будуць весці з вамі дыялог».

 

Прэзідэнт расказаў пра правакацыю, якая рыхтавалася напярэдадні інаўгурацыі

 «Да мяне напярэдадні прыходзіць старшыня камітэта (дзяржаўнай бяспекі. — «Зв.»), на стол дакументы: хочуць зладзіць правакацыю з дэпутатамі. Яны ведалі, інаўгурацыя, на аўтобусах дэпутаты (прыедуць. — «Зв.»). Закінуць кактэйль Молатава ў аўтобус, разбіўшы акно. Ніхто б не казаў пра інаўгурацыю. Усё б казалі, што там спалілі дэпутатаў. А ў што б гэта вылілася? І як мне трэба было паступіць? Я зрабіў, як здолеў», — заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падзяліўся, што ўсе «бунты» на выбарчых участках і пратэсты планаваліся загадзя, а ўлады не змаглі іх папярэдзіць.

«Я не змог. Па-першае, я ніколі не думаў, што частка нашага грамадства, у асноўным у Мінску, будзе сябе так весці. Па-другое, мы разумелі настроі грамадства, бачылі вынікі (выбараў. — «Зв.») Ніякай фальсіфікацыі не было, — сказаў кіраўнік краіны. — Не ў гэтым была прычына. Нам рыхтавалі гэты майдан, а зараз б’юць. Б’юць па Лукашэнку. Чаму? Таму што пакуль жывы Лукашэнка — нічога ў іх не атрымаецца. Выкінуць мяне з гэтай абоймы, краіна перавернецца».

«Трэба давяраць студэнтам»

Прэзідэнт пацікавіўся, як ідуць справы ў камісіі, якая займаецца справамі адлічаных за ўдзел у пратэстах студэнтаў і дадаў пра неабходнасць уважліва разглядаць кожную просьбу аднавіцца на вучобе.

«Можа быць там хтосьці выпадкова аказаўся. Можа проста прабачыць трэба кагосьці. У некаторых ВНУ мы ўжо паглядзелі — там літаральна некалькі чалавек аднавіліся. Ад усіх астатніх самі студэнты адмовіліся. Таму трэба давяраць студэнтам. Гэта не значыць, што трэба ўсіх прабачыць. Не, ты парушыў закон — павінен адказваць. Паслухайце, вы з такімі складанасцямі паступілі ў вядучую ВНУ: ці вам хадзіць на вуліцах?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка.

«Прэзідэнтамі не становяцца, прэзідэнтамі нараджаюцца»

Такой думкай падзяліўся кіраўнік краіны з хлопцам, які прызнаўся, што сам мае прэзідэнцкія амбіцыі. Ён звярнуў увагу, што маладым людзям трэба вельмі ўважліва закладваць фундамент свайго жыцця.

«Вы дакладна без Лукашэнкі будзеце будаваць фундамент свайго жыцця, і тады вы ацэніце наш перыяд. А ў тым, што трэба мяняць Канстытуцыю, трэба разумець адно — мы выстаялі толькі дзякуючы гэтаму адзінству і вертыкалі ўлады. Дрэнная ўлада ці добрая, але яна трымала краіну», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Прэзідэнт заявіў пра магчымасць рэбрэндынгу БРСМ

Прэзідэнт паведаміў, што ў яго ёсць прэтэнзій да дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, асабліва да цэнтральных органаў. Паводле яго слоў, неабходна дакладна вызначыць накірункі, за якія будзе адказваць гэта грамадскае аб’яднанне, але ні ў якім разе нельга арганізацыю разбураць.

«Каб менш нараканняў было ў яе бок і неабгрунтаваных чаканняў, трэба дакладна вызначыць тую тэматыку, па якой мы будзем працаваць. Напрыклад, студэнцкія будаўнічыя атрады — гэта самы магутны рух, які гістарычна застаўся за моладдзю, і іншыя. Вось вызначылі сем кірункаў і грамадства павінна ведаць, што БРСМ займаецца гэтымі пытаннямі і па іншых не звяртайцеся. Мы не зрабілі гэтага, як задумвалася», — расказаў пра сваё бачанне дзейнасці БРСМ кіраўнік краіны.

Па яго словах, каб павысіць аўтарытэт аб’яднання, трэба даць яму больш паўнамоцтваў. Напрыклад, яны могуць адказваць за налічэнне стыпендый, падтрыманне парадку ў інтэрнаце, дзейнасць маладзёжных СМІ, масавыя мерапрыемствы.

«Чаму бы гэта не развярнуць у нас? Гэта недапрацоўка рэктаратаў усіх ВНУ і міністра адукацыі. І Адміністрацыя Прэзідэнта прапусціла гэтыя пытанні, — заўважыў Прэзідэнт. — Каб мы не дзяўблі нашу маладзёжную арганізацыю, трэба вызначыць кірункі, па якіх яна будзе працаваць, і даць паўнамоцтвы».

Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава, можа падтрымліваць і іншыя юнацкія арганізацыі, якія з’явяцца ў краіне. Такой, па яго словах, стаў і маладзёжны парламент.

«Мы яго падтрымліваем, таму што ён карысны. Праз гэты маладзёжны парламент мы атрымаем новых лідараў. А БРСМ — маладзёжная масавая арганізацыя, магчыма, трэба правесці яе рэбрэндынг. Падумаем, як гэта зрабіць», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Хтосьці памятае стральбу па Белым доме ў Расіі, і камусьці няймецца»

Адказваючы на пытанне студэнтаў, Прэзідэнт заявіў, што пасля беларускіх падзей у постсавецкіх рэспубліках не адносяцца расхлябана да пратэстаў. 

«Асаблівасць уварвання ў Беларусь была звязана з тым, што ўдар вырашылі нанесці па адносна моцнай,  маналітнай дзяржаве. Для каляровых рэвалюцый у нас падстаў не было», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Па яго словах, гэта была праверка — калі пройдзе ў Беларусі, магчымы пратэсты і ў іншых краінах. Другая асаблівасць нестабільнасці ў нашай краіне, па яго словах, — праз Беларусь атрымаць трамплін супраць Расіі.

«Расійскае кіраўніцтва зрабіла адпаведныя высновы з беларускага вопыту, і яны падрыхтаваліся да гэтага, — заўважыў кіраўнік краіны. — Будуць паціху качаць і ў залежнасці ад таго, якая будзе масавасць гэтых працэсаў, будзе і іх інтэнсіўнасць. Я бачу, што да верасня, да думскіх выбараў будуць да гэтага рыхтаваць грамадства. Хтосьці памятае стральбу па Белым доме ў Расіі, і камусьці няймецца. Хтосьці думае, што гэта паўторыцца. Ніколі гэта не паўторыцца».

Як акцэнтаваў увагу Прэзідэнт, Беларусь знаходзіцца ў зоне інтарэсаў ЗША і Еўрасаюза. І пажадаў, не дай Бог, аказацца ў эпіцэнтры вайны, калі на нашай тэрыторыі будуць вырашацца чужыя пытанні.

«Гэтага дапусціць нельга. Так разумее гэта Расія і разумеюць іншыя постсавецкія рэспублікі. Ніхто не расслабляецца», — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандра Лукашэнку спыталі, як ён адносіцца да ідэі прыцягваць маладых людзей да кіраўніцтва (у тым ліку краінай) у якасці так званых «дублёраў». Прэзідэнт адказаў, што лічыць гэта нармальным. Ён нагадаў, што ў свой час, асабліва ў раёнах, якія пацярпелі ад наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, была створаная практыка кшталту школы кіраўніка моцнай сельскай гаспадаркі.

«Гэта мала што дасць у жыцці, але калі вы гэта хочаце, гэта трэба зрабіць. Гэта будзе не на шкоду», — мяркуе Аляксандр Лукашэнка. 

Іншае пытанне датычылася фінансавання маладзёжных праектаў з бюджэту. Лепшыя са «100 ідэй для Беларусі» не проста падтрымліваюцца дзяржавай, але ўкараняюцца ў жыццё, заўважыў Прэзідэнт. Яшчэ адзін шлях давесці свае ідэі да дзяржаўнага ўзроўню — Маладзёжны парламент.

Магістрантка з Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы спытала, як кіраўнік дзяржавы адносіцца да дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў фінансаванні ўніверсітэцкіх навуковых даследаванняў.

«Адношуся абсалютна станоўча, — адказаў ён. — Я гатовы нават да эксперыменту ў гэтым плане на базе вашага ўніверсітэту. Стварайце такі фонд: колькі ўнясе прыватнік, столькі ўнясе і дзяржава. Паглядзім, як універсітэт выдаткуе гэтыя грошы. Я за».

Прадстаўнікі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава спыталі, ці дастаткова, на думку Прэзідэнта, у краіне праграм па вызначэнні і развіцці маладзёжных лідараў, ці такім чалавекам трэба нарадзіцца.

Многае, каб стаць лідарам, даецца ад нараджэння, лічыць Прэзідэнт. Знаходзіць такіх можна па-рознаму. У савецкія часы гэта рабіла камсамольская арганізацыя. Ён ухваліў любыя ініцыятывы, якія дазваляюць знаходзіць лідараў у маладзёжным асяродку зараз.

Чарговае пытанне — пра міжнародныя адукацыйныя рэйтынгі: ці варта гнацца за пазіцыю ў іх?

Адказ Аляксандр Лукашэнкі: высокае месца ў такім рэйтынгу — рэч прыемная, але, на жаль, у іх складанні зашмат палітыкі.

«Вось мы былі, па-мойму, на 18 месцы ў свеце па бяспецы, — нагадаў ён. — Да пратэстуноў. Потым нас закінулі ажно на 146 месца. Слухайце, у нас нешта такое ў грамадстве адбылося, што мы там на 146-м ці нейкім там аказаліся? Ды глупства поўнае».

Прапанову маладога чалавека зацвердзіць беларускае студэнцкае свята 24 лютага (у 1925 годзе ў гэты дзень быў заснаваны Мінскі дзяржаўны ўніверсітэт) Прэзідэнт цалкам падтрымаў і параіў разгледзець і іншыя даты, магчыма, каб свята можна было правесці на свежым паветры ў цёплае надвор’е.

Адна са студэнтак спытала, на якой стадыі знаходзіцца разгляд скаргаў ад тых, хто пацярпеў ад празмернага, па іх меркаванню, выкарыстання сілы з боку праваахоўнікаў падчас вулічных акцый з 9 па 13 жніўня.

«Ці не разглядаеце вы магчымасць амністыі да тых, хто не здзейсніў цяжкія правапарушэнні?» — працягнула яна.

Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненні наконт таго, што сіла была выкарыстаная да людзей выпадковых і невінаватых і не выключыў памілавання і аднаўлення, у прыватнасці, у ВНУ, тых, хто здзейсніў правапарушэнне падчас пратэстных акцый з-за памылкі.

«Трэба вельмі сур’ёзна разабрацца, бо гэта было ў грамадстве ўпершыню, — сказаў ён. — Можа, нехта не зарыентаваўся. Трэба спакойна да гэтага падысці, і персанальна».

Скаргі на сілавікоў ён назваў палітычнай акцыяй, мэта якой была адсекчы праваахоўнікаў ад канкрэтнай работы.

«Мы трымаем гэта на кантролі. Мы гэтыя скаргі аб’ядналі, яны знаходзяцца на кантролі пэўных груп следчых. Гэта значыць, яны не раскіданыя па ўсёй краіне. Генеральны пракурор унёс такія прапановы. Мы іх разглядаем, але іх некалькі соцень, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы не можам на гэтыя скаргі (чыста з палітычнага пункту гледжання ўкінутыя) кінуць увесь апарат Следчага камітэта і ўсіх аператыўнікаў падраздзяленняў МУС».

Да лета расследаванні па іх будуць завершаныя, выказаў упэўненасць беларускі лідар.

«На працягу гэтага года мы павінны разабрацца з даўгабудамі»

Студэнтка філалагічнага факультэта Ала Валёк звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з праблемай пустуючых офісных будоўляў, якія засталіся без гаспадара.

«Чаму ўладам не перастаць квапіцца і не дазволіць без аплаты арэнды там стварэнне крэатыўных пляцовак, прастор для рэалізацыі творчага патэнцыялу?» — задала пытанне дзяўчына.

Прэзідэнт паведаміў, што падтрымлівае такое меркаванне. Па яго словах, адно з асноўных даручэнняў пры прызначэнні старшыні КДК было заняцца недабудаванымі памяшканнямі і за невялікую плату перадаваць іх ва ўласнасць.

«Ты сказала, магчыма там рэпетытарства, спартыўныя заняткі і іншае. Бачыш дзесьці недабудаванае — унось прапанову, і мы з задавальненнем дадзім табе такую магчымасць развярнуцца там са сваімі сябрамі. Але на працягу гэтага года мы павінны разабрацца з гэтымі даўгабудамі. Мы шмат займаліся імі, і іх ужо няшмат засталося, але такія ёсць», — канстатаваў кіраўнік краіны і дадаў, што справа не ў сквапнасці ўлады, а ў невялікім попыце на памяшканні.

Пра развіццё валанцёрскага руху ў Беларусі

Аляксандр Лукашэнка даручыў падтрымліваць і выкарыстоўваць гэты рух на карысць краіны накшталт таго, як падтрымліваюцца студэнцкія атрады.

Курсант з Гродна спытаў Аляксандра Лукашэнку, хто для яго з’яўляецца патрыётам. Пытанне складанае і ў той жа час заезджанае, прызнаўся Прэзідэнт.

«Ну, напэўна, той, хто любіць сваю краіну. Гэта фундаментальнае ў гэтым паняцце. Чалавек, які адданы свайму, і які не шкадуе сваё жыццё, калі абараняе нацыянальнае, роднае, сваю краіну ў цэлым», — дапоўніў ён адказ.

Пытанне з Брэста было пра мэтазгоднасць цэнзуры ў сацыяльных сетках. Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што абмежаванні ў Інтэрнэце будуць, але народзяцца яны не ў Беларусі.

«Напэўна той, хто спарадзіў гэтага змея і выпусціў з бутэлькі, той і павінен гэты працэс пачынаць», — сказаў ён і дадаў, што апошнія падзеі ў ЗША да гэтага вядуць.

Павінны быць пэўны кантроль і жорсткая забарона на ўмяшанне ў асабістае жыццё і на разбурэнне грамадска-палітычнага ладу дзяржавы, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

«Дзякуючы сацыяльным сеткам мы можам зараз нарадзіць планетарную рэвалюцыю, — перакананы ён. — Вы бачыце, што ва ўсіх краінах, нават афрыканскіх, адбываюцца падобныя падзеі, якія кіруюцца праз гэтыя сеткі і кіруюцца не на месцы, як у нас было».

Так, мы стаім на парозе прыняцця абмежавальных мер у глабальнай сетцы, лічыць Прэзідэнт і папярэдзіў, што ў адносінах тых, хто займаецца дэструктыўнай і супрацьпраўнай дзейнасцю ў Інтэрнэце з тэрыторыі Беларусі, будуць прынятыя самыя жорсткія меры цягам бліжэйшых некалькіх месяцаў.

«Але не цэнзура. Цэнзура, напэўна, ужо сышла ў мінулае. Выберам тыя меры, якія павінны абараніць дзяржаву і народ», — заявіў ён і дадаў, што адпаведныя заканадаўчыя змяненні будуць прынятыя неадкладна.

Прэзідэнт паабяцаў агучыць сваю мару на УНС

Пытанне пра мару кіраўнік краіны назваў банальным, яго задаюць пастаянна, але да гэтага часу ў Прэзідэнта няма адказу.

«Раніцай прачнуўся — Сергяенка (кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта — «Зв.») графік на стол бах! Да абеду я павінен публічныя мерапрыемствы правесці, што вы бачыце па тэлевізары. Потым раскачаўся. Мне чамадан дакументаў на стол — бах. Я іх кілаграмамі вымяраю. Калі пуд ёсць — гэта добра. Калі больш пуда — гэта два чамаданы, ужо цяжка. І так, як вавёрка ў коле», — распісаў свой графік Аляксандр Лукашэнка.

Ён узгадаў, што аднойчы пра яго мару запыталі ўрачы ў «чырвонай» зоне і адзначыў: марыць, каб хоць аднойчы людзі яму сказалі «Дзякуй» за яго працу. Але тым не менш, прэзідэнцкага адказу на пытанне пра мару, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у яго няма.

«Пайду ад адваротнага. Я не хачу, каб тое, што мы зрабілі разам, сваімі рукамі калісьці знікла і развалілася, гэта наша краіна. Гэта вельмі актуальна. Заўтра ў мяне будуць іншыя мары, бо краіна жыве шматпланава, у розных кірунках, ёсць розныя трэнды ў развіцці, і ў мяне там усюды ёсць жаданні», — канстатаваў кіраўнік краіны.

Ён адзначыў, што да Усебеларускага народнага сходу вырашыў сфармуляваць адказ на пытанне пра мару і там яго агучыць.

«Куча пытанняў, якія даводзіцца вырашаць. Ды і пратэстуноў неяк трэба спыняць па-добраму. Не будзем жа пастаянна з імі біцца на вуліцах. Бо, што гэта за дзяржава?! І ўсюды я мару, не адрываючыся ад рэаліяў. Але часам неабходна быць рамантыкам, каб бачыць перспектыву развіцця сваёй дзяржавы», — падзяліўся Прэзідэнт.

Пра новыя правілы паступлення ў ВНУ: «Гэта вельмі складанае пытанне»

Прэзідэнт расказаў, што кожную вясну ў яго працоўных планах — падрыхтоўка да ўступнай кампаніі, фарміраванне адпаведных камісій. Ён звярнуў увагу, што да сёлетняй уступнай кампаніі ён даручыў міністру адукацыі вырашыць, як яе будуць праводзіць, як сумесцяць адзіны дзяржаўны экзамен і індывідуальнае апытанне абітурыентаў.

«Гэта вельмі складанае пытанне. У нас вопыт ёсць у гэтым плане», — дадаў кіраўнік краіны.

Пра сакрэты выхавання дзяцей

«Я сваіх сыноў, асабліва малодшага, выхоўваў проста: рабіў на яго вачах тое, што павінен рабіць ён», — прагучаў адказ.

Ён расказаў пра музычныя здольнасці Мікалая і пра тое, што ў свой час настаяў, каб той атрымаў музычную адукацыю. Тое ж тычыцца і заняткаў спортам.

«Мая парада: калі вы не ўмееце ўсяго гэтага рабіць самі, знайдзіце чалавека, каб хаця б аднойчы яго, дзіця, акунуць у нешта. Калі ўбачыце, што яму гэта падабаецца, паспрабуйце развіваць. Гэта потым усё акупіцца. Але абавязкова — вучоба, — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы. — Сакрэт адзін — рабі як я. І вынік будзе. Добры».


«Рабіце ўсё ў свой час. Таму што ў будучым у вас не будзе часу зрабіць тое, што не змаглі зрабіць учора. Зрабіце гэта», — з такім наказам ён звярнуўся да студэнтаў напрыканцы размовы.

Па традыцыі Прэзідэнт пасля размоў з моладдзю дорыць каму-небудзь ручку. Гэтым часам такога падарунка ўдастоена мадэратар сустрэчы, студэнтка факультэта журналістыкі Анастасія.

Будзе дапоўнена

Марыя ДАДАЛКА

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.