Вы тут

Праз прызму рэальнага жыцця. Менавіта так на праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на наступныя пяць гадоў глядзяць людзі ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны


Праект праграмы развіцця нашай краіны на 2021 — 2025 гады будзе адной з галоўных тэм абмеркавання на VІ Усебеларускім народным сходзе, які распачне сваю работу ўжо паслязаўтра. Асноўныя палажэнні названай праграмы апублікаваныя ў шырокім доступе, іх абмяркоўваюць і ў калектывах, і падчас дыялогавых пляцовак, што праводзіліся па ўсёй краіне.


«Звязда» таксама вырашыла далучыцца да абмеркавання. Паколькі ў праекце праграмы асаблівая ўвага аддаецца развіццю рэгіёнаў, мы запрасілі да нашай віртуальнай размовы людзей з усіх абласцей нашай краіны, якіх можна лічыць спецыялістамі ў той ці іншай сферы нашага жыцця. Кожнаму з іх прапанавалі паразважаць над пэўнай вытрымкай з праекта, якая датычыцца іх прафесійнай дзейнасці або жыццёвай пазіцыі.

Атрымалася, на наш погляд, цікава. Бо кожны гаварыў пра сваё — пра тое, чым жыве, аб чым клапоціцца. Зрэшты, вось з такога прыватнага, асабістага клопату і ствараецца наш адзіны, агульны для ўсіх клопат — каб жыццё ў нашай любімай краіне станавілася лепшым.

У наступным пяцігоддзі задачы дэмаграфічнай палітыкі застануцца нязменнымі:  стабілізаваць колькасць насельніцтва і стварыць умовы для яе наступнага росту.

Наталля КАСЦЮК, кіраўнік справамі Белавушскага сельскага Савета Столінскага раёна, маці чацвярых дзяцей:

— Спачатку крыху пра нашу вёску Белавушу: у населеным пункце жыве 3040 чалавек, у нас ёсць сярэдняя школа, дзіцячы садок, Дом культуры, дзевяць магазінаў, пошта, банк — словам, у наяўнасці ўся інфраструктура плюс добрыя дарогі. Ёсць адна асаблівасць: мы жывём у чарнобыльскай зоне. Белавуша трапіла ў «тэрыторыю для адсялення з узроўнем забруджвання ад 5 да 15 кюры». Таму мы карыстаемся пэўнымі льготамі: напрыклад, дапамога на дзіця ва ўзросце да трох гадоў складае 150 працэнтаў.

І пра сябе: маю трох сыноў 12, 10, 8 гадоў і 5-гадовую дачку. Жывём мы ў сваім прасторным і ўтульным доме, які купілі ў крэдыт пасля нараджэння трэцяга дзіцяці. Пасля нараджэння дачушкі, яна стала ў нас чацвёртым дзіцем па ліку, крэдыт быў поўнасцю пагашаны дзяржавай. Мы ўзялі яшчэ адзін крэдыт на рамонт і рэканструкцыю, таксама льготны, пад тры працэнты, які плацім самастойна і без асаблівых праблем. Такім чынам сям'я мае цагляны дом з выгодамі плошчай 85 квадратных метраў. Для жыцця, паспяховай работы, вучобы ўсё ёсць.

Мы, як і абсалютная большасць столінцаў, прывыклі працаваць. Як паспяваю і на рабоце, і дома? Дык мы з маленства прывучаныя да работы сваімі бацькамі, гэтак жа выхоўваем сваіх дзяцей. Мне старэйшыя дапамагаюць і па доме, і ў агародзе. Агарод у нас вялікі, вырошчваем капусту, памідоры не толькі для сябе, але і на продаж. Так робяць усе ў нашай вёсцы.

Наша малодшанькая нарадзілася ў 2015 годзе, на яе мы ўжо аформілі сямейны капітал. Дзеці ходзяць у садок і ў школу. Для іх паспяховай вучобы, для развіцця ўсё ёсць на месцы. Хоць некаторыя бацькі-аднавяскоўцы возяць дзяцей у Столін за сем кіламетраў. Гэта найбольш тыя з іх, хто працуе ў райцэнтры, ім так зручна: едзеш на работу, адвёз дзіця, потым забраў. Лічу, што наша школа нічым не горшая за гарадскую.

Летась у Белавушы нарадзілася 56 дзяцей, а ў 2019-м — 84 дзіцяці. У нас нараджальнасць перавышае смяротнасць, так што паказчыкі па дэмаграфічнай сітуацыі станоўчыя. Хочацца, каб такімі яны былі і ва ўсёй краіне.

На мой погляд, вельмі правільная палітыка па падтрымцы шматдзетных сем'яў у плане крэдытавання будаўніцтва жылля, налічэння сямейнага капіталу. А вось наконт памяншэння працягласці дэкрэтнага водпуску (цяпер на гэту тэму вядзецца абмеркаванне ў прэсе) трэба добра падумаць. Лічу, што гэта наша дасягненне, ад якога не варта адмаўляцца. Далёка не ўсе дзеці ў два гады маюць навыкі, неабходныя для знаходжання ў дашкольнай установе. Ну не заўсёды дзіця можна аддаць у яслі ў два гады, гэта можа стаць праблемай для сям'і. І трэба паглядзець, ці шмат выйграе дзяржава ў такім выпадку. У нас ёсць, напрыклад, сем'і, дзе маці зусім не выходзяць на работу, бо гадуюць 9, 10, 12 дзяцей. Нагатаваць, прыбраць, памыць на такую сям'ю, правесці ў школу і сустрэць — вось вам і поўная занятасць не на 8 гадзін нават, а нашмат больш. Трэба пралічваць і магчымыя «бальнічныя», і маральныя страты ў выпадку скарачэння працягласці дэкрэтнага водпуску. Таму не варта прымаць рашэнне, не ўзважыўшы ўсе «за» і «супраць». Гэта адно.

А другое, аб чым я б хацела сказаць на тэму дэмаграфіі, — гэта вострая неабходнасць павелічэння колькасці рабочых месцаў у глыбінцы. Даволі часта сустракаюся, размаўляю з аднакласнікамі, якія з'ехалі ў іншыя гарады. Фактычна ўсе называюць прычынай ад'езду адсутнасць работы. Вось і мой муж, каб дастойна ўтрымліваць сям'ю, працуе вахтавым метадам у Расіі, і большую частку года я адна цягну на сабе ўсе сямейныя клопаты.

Мы пастаянна чытаем, якія грандыёзныя праекты ажыццяўляе бізнес у сталіцы і яе ваколіцах, побач з іншымі вялікімі гарадамі. Думаю, што прыспеў час рухаць бізнес у глыбінку, каб людзі атрымлівалі добрыя рабочыя месцы. Бо менталітэт вясковага чалавека адрозніваецца ад менталітэту гарадскога. Гэта ў нас на падсвядомым узроўні закладзена патрэба ў вялікай сям'і. У сталіцы дзяцей мала нараджаюць. А ў нас, на Століншчыне, цяпер жывуць 2230 шматдзетных сем'яў, 731 жанчына ўзнагароджана ордэнам Маці. Нам толькі трэба развіваць вытворчасць, якая забяспечыць занятасць. Тады не давядзецца для шматдзетных вяскоўцаў будаваць кватэры ў горадзе, як гэта робіцца сёння. Летась дзевяць шматдзетных сем'яў з нашага сельсавета атрымалі кватэры ў Століне.


Будзе прадоўжана работа па стварэнні стабільных, камфортных, канкурэнтных і прагназуемых умоў для інвеставання і вядзення бізнесу. Акцэнт будзе зроблены на ўзмацненне даверу дзелавой супольнасці да дзейнасці дзяржаўных інстытутаў, аптымізацыю рэгулятарнага асяроддзя.

Дзмітрый КРЫЛОЎ, кіраўнік сялянска-фермерскай гаспадаркі «ДАК» Дзяржынскага раёна:

— Мне імпануе, што асноўныя палажэнні праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021—2025 гады прадугледжваюць спрыяльнае асяроддзе для вядзення бізнесу, разняволенне дзелавой ініцыятывы, укараненне сучасных тэхналогій ва ўсе галіны народнай гаспадаркі.

У прыватнасці, пяць гадоў таму мы распрацавалі бізнес-план па развіцці козагадоўлі. А менавіта будаўніцтва фермы на 1600 галоў, а таксама адкрыццё лабараторыі па эмбрыянальным размнажэнні дробнай рагатай жывёлы. ЭКА-тэхналогіі значна павялічаць выхад маладняку, паколькі ён будзе з'яўляцца «з прабіркі». Ад адной высокапрадукцыйнай казы мяркуецца атрымаць да 25 малых у год.

Не ведаю, як іншыя фермеры, але я не ў крыўдзе. Калі мы звярнуліся да дзяржавы за падтрымкай, нам пайшлі насустрач. Праект забяспечваецца датацыямі інавацыйнага фонду Мінскай вобласці і Банка развіцця. Гаспадарка таксама ўкладвае асабістыя сродкі ў справу.

Адпаведна, той комплекс, які будуем, стане навукова-практычным цэнтрам, увасобіць у сабе ўсе найлепшыя, перадавыя дасягненні ў галіне козагадоўлі. Акрамя племянной работы, збору генетычнага матэрыялу, эмбрыянальнага размнажэння, павелічэння пагалоўя, тут будуць прадаваць жывёлу, аказваць паслугі па перасадцы эмбрыёнаў.

Прадугледжаны таксама новыя тэхналогіі ўтрымання, даення, кармлення. Мяркуецца стварыць экалагічную станцыю, дзе зерне будзе прарошчвацца гідрапонным метадам. Дзякуючы гэтаму жывёла будзе мець круглы год зялёны корм.

Вядома, што новыя падыходы ў справе козагадоўлі патрабуюць высокай кваліфікацыі работнікаў. У нас ёсць два ветэрынарныя ўрачы. Адкрыта вакансія ўрача па аперацыйнай рабоце, а менавіта па перасадцы эмбрыёнаў, шукаем зацікаўленага чалавека. Вучыць яго будзем за мяжой. Гэтымі тэхналогіямі нават у Еўропе мала хто валодае. Згадзіўся да нас прыехаць і доктар навук са Злучаных Штатаў Амерыкі — навучаць персанал.

На мой погляд, нядрэнна, каб у фермераў было сваё прадстаўніцтва, якое ўмее іх навучаць і канцэнтраваць веды, уменні, прадставіць іх інтарэсы ў вялікіх гандлёвых сетках. Там неабходны пастаянны і рэгулярны вялікі аб'ём, а ў фермераў маленькія партыі прадукцыі...


Пільная ўвага будзе аддадзена павышэнню ўзроўню кадравай забяспечанасці, уключаючы пытанні падрыхтоўкі кадраў сельскагаспадарчага профілю і іх замацавання на вёсцы.

Аляксандр ЛАПАЦЕНТАЎ, старшыня СВК «Калгас «Радзіма» Бялыніцкага раёна:

— Я ўсё сваё жыццё пражыў у вёсцы і ніколі не памяняю яе на горад. Больш за 90 % членаў нашага кааператыва таксама сяляне, прычым не ў адным пакаленні. Дык чаму ў нашай вёсцы Вішоў яны застаюцца, а ў іншых — не? Растлумачыць складана, бо ў кожнага сваё разуменне. Для мяне, як для селяніна, пытанне вельмі балючае. Калі пра гэта пачынаю казаць, сэрца шчыміць.

Я сам са шматдзетнай сям'і, восьмае дзіця з дзевяці. Мае бацькі — жывёлаводы, працаўнікі ад зямлі — цалкам прысвяцілі свае жыцці гэтай справе. І дзецям сваім далі добрую адукацыю, некаторыя з нас маюць ажно па 2-3 вышэйшыя адукацыі. Я вось — калгаснік. Сорак гадоў таму, калі партыя і ўрад паставілі мяне на гэты пост, мне было ўсяго 25 гадоў — зусім яшчэ «зялёны» па сельскіх мерках кіраўнік. Вядома, былі сумненні, але мне вельмі хацелася сцерці розніцу паміж горадам і вёскай не на паперы, а на самай справе.

Не скажу, што мы злавілі птушку шчасця, але пэўных вынікаў дасягнулі. Апошнія дзесяць, а можа, і больш гадоў жывём у калгасе па Канстытуцыі — рэгулярна пакідаем святочныя і выхадныя дні. І гэта таксама дасягненне, бо не ва ўсіх гаспадарках так жывуць.

Некаторыя патанулі з галавой у гноі і гумавых ботах — прасвету не бачаць. Мы ж ад гэтага адышлі. На сённяшні дзень па максімуме стварылі ўмовы і для жыцця, і для работы людзей. У нас ёсць добрыя рабочыя месцы, зручная тэхніка, сучасныя тэхналогіі, рэжым дня.

Калі я прыйшоў у калгас, у мяне была мара дажыць да таго часу, калі даярка летам прыйдзе на работу не ў гумавых ботах, а ў басаножках. І сёння нашы сялянскія дзяўчаты выглядаюць не горш за гарадскіх. Таму што мы стварылі ўмовы.

У маім дзяцінстве бацькі пагражалі: будзеш дрэнна вучыцца, пойдзеш у калгас працаваць трактарыстам. Тады гэта здавалася чымсьці накшталт турмы. А сёння спытайцеся ў нашага дэлегата, механізатара Мікалая Дарэчкіна, пакаранне гэта для яго або цікавая, з дастойнай зарплатай работа. У яго сёння на ўзбраенні сучасны камбайн, машына настолькі перадавая і разумная, што чалавек без мазгоў або п'яны проста не зможа на ёй працаваць. І ў нас такой тэхнікі працэнтаў 80.

Для нас такога выразу, што, калі будзеш дрэнна вучыцца, пойдзеш у калгас, больш няма. Мы яшчэ не кожнага да сябе возьмем.

Сваімі сіламі і за свой кошт пабудавалі Дом культуры, музей, амфітэатр, алею Славы, узвялі па сваім праекце храм і даглядаем яго. Нават зарплату свяшчэнніку плацім. Можам сабе дазволіць. Пенсіянерам, ды і ўсім нам вельмі важнае гэта месца для душы. Дапамагаем школе, вучні праходзяць у нас на канікулах практыку і атрымліваюць за гэта грошы. У нас сёння няма пытання, як затрымаць моладзь. Мы ім стварылі ўсе ўмовы.

Цудоўна, калі ёсць праграма, але ўсё трэба рабіць у комплексе. Сёння ў Вішове кватэры не пустуюць, але ёсць гаспадаркі, дзе ад тых дамоў адны фундаменты засталіся.

Пабудаваць жыллё мала, трэба яшчэ стварыць рабочыя месцы, умовы для адпачынку, тэхнікай чалавека забяспечыць.

Хіба гэта не праграмныя пытанні? Пад праграму патрэбны людзі, прычым спецыялісты, якія жадаюць працаваць на вёсцы. З будучымі кадрамі трэба вельмі сур'ёзна працаваць. Сёння на ўсіх узроўнях не саромеюся казаць: вярніце работу з кадрамі партыйных часоў. І нічога не трэба больш прыдумваць.

Трэба рыхтаваць кадры са школьнай парты. Спецыялісты павінны быць свае, карэнныя, іх не трэба прывозіць аднекуль. Калі малады чалавек пойдзе вучыцца на заатэхніка, мы будзем ведаць, з якой ён сям'і. І не трэба будзе гадаць, застанецца ён пасля адпрацоўкі або не. У нашым раёне ёсць добрыя прыклады. Той жа Аляксандр Вяселеў, дырэктар ААТ «Райагратэхснаб».

Любоў да гэтай асаблівай работы павінна быць у генах. Гэта вельмі асаблівая работа, гэта — дынастыі. Інакш мы будзем ствараць умовы для селяніна, а прыедзе дачнік. Часам ад горада таксама хочацца адпачыць. Але працаваць ён сюды не прыйдзе. Сялянская праца патрабуе ахвяравання. І павінен быць стымул. А яшчэ трэба давяраць. Сёння чалавек паўгода папрацаваў, камусьці нешта не спадабалася, і яго адхілілі, паставілі новага. Калі пачынаецца такая мітусня, нічога талковага не атрымаецца. Гаспадарка разваліцца, а людзі разбягуцца.

Прэзідэнт зрабіў вельмі важны крок — затармазіў разлад вёскі. Цяпер трэба змяніць сітуацыю. І да праграмы павінна быць падрабязная інструкцыя, як тое, што ў ёй прапісана, рэалізаваць. А то чытаеш, напрыклад, «павялічыць зарплату» і думаеш: а за кошт чаго? Павінен быць выразны план. Цаліну ў савецкі час ехалі асвойваць таму, што была складзена праграма і пад яе дадзены сродкі. Спачатку трэба нешта даць, каб потым пытаць за гэта. Толькі так можна пачаць ствараць будучага селяніна. Таго, які быў, мы ўжо страцілі.


Будзе створана адзіная тэлекамунікацыйная інфраструктура аховы здароўя, паэтапна асвоены новыя метады персаніфікаванай медыцыны для павышэння рэзультатыўнасці лячэння з прымяненнем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

Аліна ШЧУПАКОВА, прарэктар па вучэбнай і лячэбнай рабоце Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар:

— Павышэнне якасці жыцця насельніцтва непарыўна звязана з развіццём аховы здароўя краіны. Адзін з найважнейшых кірункаў — удасканаленне даступнасці медыцынскай дапамогі з выкарыстаннем сучасных камунікацыйных тэхналогій.

З красавіка 2020 года ў нашым універсітэце пачаў функцыянаваць «Цэнтр экстраннага тэлемедыцынскага кансультавання». Гэта было асабліва актуальна і своечасова ў сувязі з істотным уздымам захваральнасці на вострыя рэспіратарныя інфекцыі, у тым ліку COVІD-19. Стварэнне такога цэнтра дазволіла павысіць даступнасць і аператыўнасць аказання высакаякаснай кансультацыйнай дапамогі пацыентам. Такі від кансультацыйнай дапамогі дазваляе скарэктаваць дыягнастычны і лячэбны працэс за кароткі час і аказаць дапамогу вялікай колькасці пацыентаў, незалежна ад аддаленасці ўстановы аховы здароўя, куды яны звярнуліся па дапамогу.

На працягу мінулага года для выканання тэлемедыцынскіх кансультацый у «Рэспубліканскім цэнтры арганізацыі медыцынскага рэагавання» былі зарэгістраваны 73 выкладчыкі нашага ўніверсітэта. Яны маюць вучоную ступень кандыдата альбо доктара медыцынскіх навук, а таксама першую або вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Летась яны правялі больш за сто сеансаў тэлемедыцынскага кансультавання. Найбольш актыўна дадзеным відам кансультацыйнай дапамогі скарысталіся раённыя бальніцы ў Браславе, Мёрах, Бешанковічах і іншых населеных пунктах.

Аднак не толькі ўкараненне сучасных камунікацыйных тэхналогій спрыяе павышэнню якасці медыцынскай дапамогі. Неад'емным этапам развіцця з'яўляецца стварэнне, акрамя цэнтраў высокатэхналагічнай медыцыны ў рэгіёнах, яшчэ і ўніверсітэцкіх клінік.

У нас распрацоўваецца канцэпцыя стварэння Віцебскай універсітэцкай клінікі — шматпрофільнага медыцынскага цэнтра «замкнёнага цыкла» — для аказання сучаснай высокатэхналагічнай спецыялізаванай медыцынскай дапамогі на рэгіянальным узроўні.

Яго стварэнне дазволіць знізіць нагрузку на рэспубліканскія і абласныя спецыялізаваныя цэнтры за кошт зніжэння патокаў пацыентаў, паменшыць тэрміны атрымання спецыялізаванай дапамогі пацыентам, якія маюць патрэбу ў высокаспецыялізаванай меддапамозе пры розных захворваннях. Гэта неабходна для работы кафедраў універсітэта, забеспячэння практыкаарыентаванай падрыхтоўкі студэнтаў, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, праходжання інтэрнатуры, клінічнай ардынатуры, магістратуры, аспірантуры як беларускімі, так і замежнымі грамадзянамі, а таксама правядзення навукова-даследчай работы, распрацоўкі і ўкаранення новых медыцынскіх тэхналогій. Стварэнне ўніверсітэцкай клінікі неабходна для забеспячэння павышэння якасці і эфектыўнасці медыцынскай дапамогі насельніцтву вобласці і краіны ў цэлым. Гэта паспрыяе актыўнаму стварэнню перадавых медыцынскіх тэхналогій і будзе ўкладам універсітэта ў эканоміку і інавацыйнае развіццё краіны з мэтай далейшага ўдасканалення практыкаарыентаванай падрыхтоўкі медыцынскіх кадраў, забяспечыць рост экспарту медыцынскіх і адукацыйных паслуг у ВДМУ, а таксама базу для стварэння і ўкаранення новых медыцынскіх тэхналогій, іх камерцыялізацыі.


Стратэгія развіцця прамысловай вытворчасці прадугледжвае яе трансфармацыю ў канкурэнтаздольны комплекс, які аператыўна рэагуе на сусветную кан'юнктуру і патрэбы ўнутранага рынку. Мэтавы арыенцір — павелічэнне прадукцыйнасці працы ў прамысловасці ў 1,3 раза.

Андрэй БАБОВІЧ, дырэктар рэспубліканскага ўнітарнага сэрвіснага прадпрыемства «Агенцтва развіцця і садзейнічання інвестыцыям», кандыдат эканамічных навук, дацэнт (Гомель):

— Сёння нашы прадпрыемствы сутыкнуліся з неабходнасцю дыверсіфікацыі вытворчасці. Усім зразумела, што ў сучасных умовах складана займацца выключна адным відам дзейнасці. Гэта можна ўбачыць на прыкладзе буйных айчынных вытворчых прадпрыемстваў, спектр прадукцыі якіх пашырыўся на дзясяткі гадоў пазней, чым на аналагічных прадпрыемствах у свеце. Але рынкі былі ўжо страчаны. Пры гэтым на канкурэнтаздольнасць вытворчага прадукту таксама ўплывае нязначная ўдзельная вага ў сабекошце вырабаў інавацыйнага складніка. Стварэнне інавацыйна-прамысловых кластараў — гэта адказ на выклікі сучаснага рынку. Асноўная мэта падобных канкурэнтаздольных эканамічных аб'яднанняў — выпуск новай высокатэхналагічнай, навукаёмістай прадукцыі.

У сваю чаргу неабходныя інавацыйныя распрацоўкі могуць акумулявацца на базе такіх бізнес-лакацый, як тэхнапаркі. Гэта сувязнае звяно паміж прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі, навукай, адукацыяй. І не менш важна, што тэхнапарк — гэта матыватар для ўзаемадзеяння з самастойнымі вынаходнікамі, інжынерамі-пачаткоўцамі, якія імкнуцца рэалізаваць свае тэхналагічныя стартапы. Тэхнапарк можа выступаць цэнтрам калектыўнага карыстання сучасным абсталяваннем для стварэння прататыпаў.

Як прыклад, тэхнапарк «Карал». Сёння гэта першая ў краіне практыка стварэння «экасістэмы» для развіцця прамысловых і інавацыйных складнікаў эканомікі пры свабоднай эканамічнай зоне. Тэхнапарк «Карал» заснаваны на базе рэзідэнта СЭЗ «Гомель-Ратон» рэспубліканскага ўнітарнага сэрвіснага прадпрыемства «Агенцтва развіцця і садзейнічання інвестыцыям». Прынамсі, рэзідэнтамі СЭЗ таксама з'яўляюцца 70 вытворчых прадпрыемстваў Гомельшчыны самай рознай накіраванасці.

Сёння прайсці практыку ці працаўладкавацца на паспяховае вытворчае прадпрыемства студэнтам вельмі складана. Таксама цяжка наладзіць прадукцыйнае ўзаемадзеянне паміж вытворцамі і навукоўцамі, таму што паміж імі няма прамых кантактаў. Тэхнапарк «Карал» сёння выходзіць з прапановай аб стварэнні адмысловых лабараторый. Вытворчых лакацый, дзе б маглі ўзаемадзейнічаць і працаваць над агульнымі праектамі як рэзідэнты свабоднай эканамічнай зоны, так і выкладчыкі ВНУ і студэнты, прадстаўнікі прафтэхадукацыі і навучэнцы каледжаў, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі са сваімі стартапамі.

Падобны досвед дапаможа прадухіліць і такую негатыўную тэндэнцыю сярод моладзі, як імкненне рэалізаваць свае прафесіянальныя амбіцыі і развіць кампетэнцыі на замежных прадпрыемствах. Сёння здараецца так, што нашы таленавітыя маладыя людзі, якія вучацца на тэхнічных спецыяльнасцях, проста не цікавяцца перадавымі прадпрыемствамі свайго рэгіёна. А між тым, толькі на тэрыторыі Гомельшчыны сёння працуе шэраг кампаній, тэхнічнае аснашчэнне і вытворчы патэнцыял якіх не саступае канкурэнтам за мяжой.

Сёння тэхнапарк «Карал» зрабіў свой уклад у перспектыўнае развіццё інавацыйна-прамысловай прасторы рэгіёна і краіны ў цэлым. Мы заключылі дагаворы аб супрацоўніцтве з ВНУ. Толькі ў гэтым месяцы, напрыклад, да нас упершыню прыходзяць на вытворчую практыку студэнты Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога. Гэта будзе абсалютна новая спецыяльнасць — вытворчасць вырабаў на аснове трохвымерных тэхналогій. Падобны вопыт падрыхтоўкі на базе тэхнапарка — таксама новая практыка для краіны. Задачай для нашых «навабранцаў» будзе  асвоіць на прыктыцы работу з 3D-абсталяваннем тэхнапарка і зрабіць прататыпы сваіх вырабаў. Таксама сёння ідзе актыўная работа са студэнтамі і навукоўцамі ГДУ імя Ф. Скарыны і БелДУТа. Вельмі перспектыўным сёння з'яўляецца выкарыстанне вытворчага рэсурсу для рэалізацыі распрацовак навукоўцаў Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.


Працягнецца работа па стварэнні нацыянальных культурных брэндаў, у тым ліку арганізацыя фестываляў народнай творчасці, развіццё народных промыслаў і рамёстваў... Удасканаленне музейнай дзейнасці запатрабуе ўкаранення асобных распрацовак у сферы інфармацыйных тэхналогій.

Алёна КЛІМОВІЧ, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама:

— Зараз рыхтуецца новая праграма «Культура Беларусі» на 2021—2025 гады. На Гродзеншчыне ў гэтай галіне працуе больш за 630 устаноў і 7 тысяч чалавек. Падмуркам для ажыццяўлення праграмы стане і наша спадчына, як матэрыяльная, так і нематэрыяльная. Гродзеншчына ў гэтам плане вельмі багаты рэгіён, тут захавалася больш за 700 гісторыка-культурных аб'ектаў. Гэта і замкі, і сядзібы, і культавыя збудаванні, што ўключаюцца ў агульнатурыстычныя маршруты.

Якія новыя кірункі дзейнасці мы бачым? Па-першае, гэта музейны патэнцыял. Толькі 7 % музейных фондаў выстаўляецца ў экспазіцыях і выстаўках. Гэта мала. Музеі могуць стаць месцам прыцягнення як мясцовых жыхароў, так і турыстаў. Прыклад — музей-сядзіба М. К. Агінскага ў Смаргонскім раёне. Тут за мінулы год было прынята больш за 24 тысячы наведвальнікаў. Для гэтага выкарыстоўваецца не толькі сам музей, але і асяроддзе парку. Мала ў якіх музеях ёсць карэта з коньмі, а тут такая атракцыя дзейнічае. Турыстаў катаюць у ёй па маляўнічым парку з альтанкамі, падчас паездкі выкарыстоўваюць тэатральныя элементы. Цікавы музей працуе ў Лідскім замку. Спалучэнне гісторыі, музейнай экспазіцыі, анімацыі, адаптаванасці да наведвальнікаў — гэта тое, што цяпер добра працуе, і шлях, які трэба надалей удасканальваць. У такім сэнсе значным аб'ектам стане адноўлены Стары замак, які ўжо сёлета прыме наведвальнікаў. Будзе адкрыта цікавая музейная экспазіцыя. Завяршаюцца работы ў Гальшанскім замку, нядаўна там адкрылі візіт-цэнтр з пляцоўкай для аўтобусаў.

Мы вырашылі пайсці далей і далучыць да экскурсій яшчэ і забаўляльную анімацыйную праграму з народнымі калектывамі, танцамі, абрадамі. І гэта працуе. У тым жа музеі Міцкевіча ў Навагрудку асвоілі новы кірунак і ўдала спалучаюць музейныя экскурсіі з анімацыяй. Лічу, што гэта вельмі перспектыўны кірунак, які будзем развіваць. Рэаліі сённяшняга часу дыктуюць новыя падыходы. І супольная работа клубаў, музеяў, гістарычных аб'ектаў якраз і ёсць такі шлях. Цяпер рыхтуецца да адкрыцця шматфункцыянальны цэнтр у Астраўцы. Жыхары любога ўзросту змогуць знайсці тут цікавы занятак. Гэта і зала для прагляду кінафільмаў, і музейная экспазіцыя, акрамя таго сюды пераязджаюць бібліятэка, дзіцячая школа мастацтва, клубная ўстанова і многае іншае.

Такі падыход пераймаюць іншыя ўстановы культуры. Адзіны ў Беларусі дзяржаўны музей рэлігіі ў канцы мінулага года запусціў праект «Сентыментальны шпацыр па яўрэйскай Гародні», які стаў даволі папулярным. Ахвотныя могуць запісацца на экскурсію па аб'ектах горада, пасля якой гасцей чакае дэгустацыя яўрэйскай кухні ў адным з кафэ горада. Гэта вельмі ўдалае спалучэнне работы дзяржаўнай установы і прыватнага аб'екта.

Прыярытэтным кірункам стане арганізацыя вольнага часу сельскіх жыхароў. Нашы вёскі маюць багатыя традыцыі, адметныя рысы, якія становяцца брэндамі многіх свят. Як, напрыклад, «Свята кветак у Жалудку» у Шчучынскім раёне. На раённым узроўні гэта і «Іўеўскі памідор», і «Гальшанскі замак», «Смаргонскія абаранкі», «Паланэз» у Слоніме, «Свята на Аўгустоўскім канале» і іншыя.

Актыўна працуем у віртуальнай прасторы. У пачатку года аб'явілі такі чэлендж — «Культгульня». Жыхары разам з работнікамі культуры прадстаўляюць у інтэрнэт-прасторы зімовыя забавы Гродзеншчыны. У віртуальным рэжыме распачалі праекты «Творым дома», «Таленты дома», «Святы на канапе», «Культура з дастаўкай на дом», «Культура ў тварах» і іншыя. Віртуальны наведвальнік можа выйсці на сайт установы і паглядзець майстар-клас, наведаць музей, убачыць тэатральныя, канцэртныя пастаноўкі. Ад гэтага кірунку мы не адмовімся, а наадварот, будзем развіваць, у тым ліку і ў бібліятэчнай справе. Бо да 40 % нашых наведвальнікаў — віртуальныя. Ідзе алічбоўка бібліятэчнага фонду, ствараецца зводны рэгіянальны каталог, бібліятэкі паступова далучаюцца да яго. Электронная база даступная для ўсіх карыстальнікаў, якія зарэгістраваны на сайце бібліятэкі. Гэта таксама такі пасыл, які скіроўвае на рэальнае наведванне той жа культурнай установы.

Мы вельмі спадзяёмся, што сёлета, у Год народнага адзінства, нам удасца правесці Фестываль нацыянальных культур, які ўжо стаў брэндам не толькі Гродна, але і ўсёй Беларусі.

Падрыхтавалі Нэлі ЗІГУЛЯ, Наталля КАПРЫЛЕНКА, Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ, Аляксандр ПУКШАНСКІ, Маргарыта УШКЕВІЧ, Святлана ЯСКЕВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.