Вы тут

Якой павінна быць экалагічная асвета?


Сёння ўжо з вялікай доляй упэўненасці можна сцвярджаць, што працэс экалагічнага выхавання, як масавы трэнд, запушчаны і набірае абароты. Змяняюцца мадэлі паводзін, каштоўнасці, фарміруюцца новыя прыярытэты. У той жа час відавочна назіраецца адставанне ў экалагічнай асвеце. Недахоп навукова абгрунтаваных ведаў часта садзейнічае скажонаму ўспрыманню і спараджае праблемы ў самых розных сферах чалавечай дзейнасці.

Чаму ж так адбываецца і што варта было б змяніць, мы вырашылі абмеркаваць на завочным круглым стале з нашымі гасцямі: настаўніцай біялогіі сталічнай сярэдняй школы № 108 Ірынай Багіно, доктарам біялагічных навук дырэктарам Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ Алегам Родзькіным і дырэктарам Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця, грамадскім эколагам Русланам Шайкіным.


— Як вы лічыце, фарміруючы асновы экалагічных ведаў у дзяцей і дарослых, як варта было б расстаўляць прыярытэты?

Ірына Багіно: Пры рабоце са школьнікамі, на мой погляд, асноўным кірункам дзейнасці павінна быць вывучэнне мясцовай флоры і фаўны. Чаму? Як паказвае практыка, адказваючы на пытанне аб экалагічных праблемах, навучэнцы часцей за ўсё называюць забруджванне навакольнага асяроддзя (атмасферы, вады, глебы). Рэдка хто ўспамінае аб памяншэнні краявіднай разнастайнасці. Вядома, усё ўзаемазвязана, але аспект вывучэння і захавання біяразнастайнасці на мясцовым узроўні я б паставіла на першае месца. Вярнуць віды, калі яны зніклі, немагчыма, таму вырашаць пытанні іх захавання ў экасістэмах трэба сёння, а не заўтра!

Ніколі веды і ўменні не стануць здабыткам асобы, калі яны не замацаваны эмацыянальным і практычным досведам. Я раблю акцэнт на мясцовы краязнаўчы матэрыял, аднак эпізадычны зварот да асобных форм работы не прыносіць прыкметных вынікаў. Неабходны стрыжань, які дазволіць забяспечыць уключэнне навучэнцаў у розныя віды дзейнасці — пазнавальную, даследчую. Асновай могуць стаць даследчыя праекты па вывучэнні лакальнай біясферы. Напрыклад, у нашай школе шмат гадоў рэалізоўваецца вучэбна-даследчы праект «Ацэнка стану навакольнага асяроддзя на тэрыторыі Партызанскага раёна г. Мінска», у рамках якога дзеці праводзяць экалагічныя даследаванні, вывучаюць флору і фаўну ўрбанізаванай тэрыторыі. Гэта садзейнічае атрыманню экалагічных ведаў, даследчых уменняў, набыццю вопыту дзейнасці, значных для фарміравання экалагічнай кампетэнтнасці, якая ўлічвае спецыфічныя асаблівасці рэгіёна.

Руслан Шайкін: Экалагічныя веды неабходна фарміраваць адначасова і ў дзяцей, і ў дарослых. У гэтым адна з ключавых ідэй нашага Цэнтра экалагічнага выхавання і развіцця. Мы стараемся цікава данесці пэўную навуковую інфармацыю аб навакольным асяроддзі дзецям, а калі яны прыходзяць дадому, то з радасцю дзеляцца новымі ведамі з бацькам. Такім чынам, асветніцкая дзейнасць ахоплівае шырокія масы.

— Тое, што чалавек з’яўляецца часткай прыроды і яго нельга супрацьпастаўляць ёй — быццам зразумела кожнаму. Хочам мы ці не, але мы жывём за кошт навакольных прыродных рэсурсаў. І пытанне іх рацыянальнага выкарыстання архіважнае. Аднак, як паказвае практыка, разуменне ролі, рэсурсаў, асабліва ўзнаўляльных, нярэдка бывае няпоўным, а то і скажоным. Напрыклад, калі захаванне і аднаўленне лясоў характарызуецца станоўча, то высечка драўніны даволі часта падаецца ў негатыўным ключы. Тое ж з паляваннем. Развядзенне паляўнічых відаў — гэта добра, а вось іх канфіскацыя з прыроднага асяроддзя — дрэнна... Ці не лічыце вы, што падобнае ўспрыманне — наступствы недастатковасці неабходных базавых навукова абгрунтаваных ведаў?

Ірына Багіно: Сапраўды, даволі часта агульнадаступная інфармацыя падаецца аднабока, для аб’ектыўнага аналізу не хапае даных. У гэтым выпадку важныя навыкі крытычнага ўспрымання і здольнасць пошуку і аналізу фактаў.

Паказальная гісторыя з бабром звычайным, які раней ахоўваўся і паляванне на яго было забаронена. Цяпер сітуацыя змянілася: від шырока распаўсюдзіўся, стаў уплываць на мясцовыя экасістэмы. Аналагічна адбываецца сёння і з бурым мядзведзем, які занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Колькасць яго ўзрасла, і від стаў уяўляць пагрозу для жыцця чалавека. Гэтае пытанне выклікала вострыя дыскусіі сярод айчынных навукоўцаў-эколагаў і ў нас на ўроках таксама.

Няпростая тэма — рэгуляванне колькасці інвазійных відаў раслін і жывёл. Мы вымушаны ажыццяўляць іх кантроль (і знішчэнне) з мэтай захавання абарыгенных відаў. Але ў той жа час неабходна разумець, што, апроч выкліканых антрапагеннай дзейнасцю наступстваў, ёсць і аб’ектыўныя прыродныя з’явы, якія адбываюцца незалежна ад нашага жадання. Прыкладаў шмат. І таму педагогам трэба правільна тлумачыць навучэнцам, чаму важныя ўзважаныя рашэнні ў сферы экалогіі і як прагназаваць наступствы дзейнасці чалавека. 

А гэта без навукова абгрунтаваных ведаў не зрабіць.

Алег Родзькін: З’яўляючыся часткай прыроды, чалавек павінен канструяваць аптымальнае асяроддзе існавання, улічваючы асаблівасці функцыянавання экасістэмы ў цэлым і асобных яе кампанентаў. Пры вырашэнні пытанняў, звязаных са здабычай з папуляцыі асобных відаў раслін і жывёл або ўкараненнем (інтрадукцыяй) новых неабходны дбайны аналіз і прагназаванне сітуацыі з прыцягненнем усіх зацікаўленых асоб, уключаючы эколагаў. Не варта забывацца і пра такую форму асветніцкай работы, як грамадскія абмеркаванні. Верагодна, тады негатыўныя эмоцыі саступяць месца разуменню законаў экалогіі.

Руслан Шайкін: Мабыць, ведаў сапраўды не хапае. Шматлікія сітуацыі пацвярджаюць гэта, таму мы ўсяляк імкнёмся запоўніць гэтыя прабелы. Напрыклад, тлумачым, што падкорм качак і лебедзяў у гарадах, калі вадаплаўным не патрэбна такая падтрымка, прыводзіць да пэўных праблем: у халодны час птушкі адмаўляюцца ляцець у паўднёвыя рэгіёны на зімоўку, страчваюць навыкі здабываць корм самастойна ў прыродзе і г. д.

— У выхаваўчай рабоце эмацыянальны аспект вельмі важны. Але вось праблема: ідэі антрапацэнтрызму, якія ляжаць у аснове шматлікіх мультфільмаў і дзіцячых кніжак, фактычна ўжо сфарміравалі пакаленне, якое пераканана, што мядзведзі ў лесе плюшавыя і ласкавыя, мяса само з’яўляецца ў крамах, а ўдзел у раздзельным зборы смецця вырашае глабальную праблему забруджанасці. Як знайсці тую залатую сярэдзіну, каб рэальнасць і эмоцыі былі ў гармоніі?

Ірына Багіно: Адразу ўспамінаецца момант наведвання навучэнцамі заапарка. Аматары «плюшавых» мішак і лісічак адзначаюць, што жывёлы дрэнна пахнуць, што яны не такія цікавыя, як іх падаюць у некаторых відэароліках. Звяры такія, якія яны ёсць, са сваімі спосабамі абароны і нападзення. 

Рэальнасць значна адрозніваецца ад мультфільмаў і казак.

Пашырыць кругагляд гарадскіх дзяцей сёння можна падчас догляду хатніх жывёл. З гэтай мэтай мы праводзім у школе выставу гадаванцаў (хамячкоў, чарапах, катоў, сабак), дзе гаспадары расказваюць пра асаблівасці іх утрымання і адказнасць за тых, каго ўзялі ў дом. На мой погляд, гэта вельмі карысныя сустрэчы для аматараў «плюшавых» звяркоў.

Але праўда і ў тым, што сучаснае дзіця становіцца спажыўцом і ў большасці сваёй не жадае ведаць, адкуль бярэцца каўбаса ці мяса ў краме. На жаль, гаворка ідзе і аб раслінных прадуктах: даводзілася чуць ад вучняў, што і макароны растуць на дрэвах.

Алег Родзькін: Адукацыйны працэс не падзяляе паняцці «адукацыя» і «выхаванне». Яны ідуць разам, непарыўна, уплываюць на фарміраванне экакампетэнцый, экаадукаванасці і экакультуры як дзіцяці, так і дарослага.

У выхаваўчай рабоце дзіцячых дашкольных устаноў актыўна выкарыстоўваюць экалагічныя казкі. Іх значэнне велізарнае, яны вызначаюць эмацыянальны аспект успрымання навакольнага асяроддзя. 

Дабрыня, спагада, клопат неабходныя для фарміравання экалагічнай культуры дзяцей.

У школьнай сістэме пры адсутнасці асобнага вучэбнага прадмета «Экалогія» экалагічная адукацыя і выхаванне ажыццяўляецца ў асноўным у рамках пазакласнай работы і накіравана на фарміраванне экадружалюбных звычак, экакампетэнцый у пытаннях вырашэння Мэт устойлівага развіцця.

Што датычыцца непасрэдна эмацыянальнага аспекта, то, на жаль, ён часта становіцца асновай акцый розных грамадскіх арганізацый, якія спрабуюць такім чынам прыцягнуць увагу да сваёй дзейнасці.

Руслан Шайкін: Лічу, што захоўваць казкі і легенды неабходна, асабліва для маленькіх дзяцей. Але пры гэтым вельмі важна расказваць і паказваць факты аб сапраўднай прыродзе, асабліва той, якая літаральна знаходзіцца за акном. Звер з казкі і рэальная дзікая жывёла — зусім розныя персанажы. Сустрэўшы бабра-«дабрака», нават у горадзе, варта назіраць за ім на адлегласці і не падыходзіць блізка, мілых вожыкаў не трэба забіраць дадому і карміць малаком, а сінічку, якая выпадкова заляцела ў хату, трэба адразу ж адпусціць на волю. Толькі практычныя заняткі на прыродзе фарміруюць веды аб навакольным асяроддзі і яго насельніках.

— Не магу не закрануць тэму так званых радыкальных зялёных і зоаабаронцаў. Здавалася б, яны выступаюць за выратаванне і захаванне дзікай прыроды, але, прыкрываючыся гуманным стаўленнем да жывёл, нярэдка нават пагражаюць. У чым прычына такіх паводзін?

Ірына Багіно: Талерантнасць, уменне пачуць меркаванне іншых — неабходныя якасці асобы. На маю думку, дзейнасць «зялёных» неабходная, але яна павінна быць канструктыўнай. Часта зоаабаронцы маюць магутную падтрымку сярод мясцовай супольнасці. Іх прысутнасць у грамадскім жыцці дапамагае вырашаць важныя пытанні, уключаючы прыцягненне ўвагі заканадаўцаў пры фарміраванні экалагічнага парадку дня. У чым прычына агрэсіі і непрыняцця іншага меркавання? Верагодна, цяжка знайсці залатую сярэдзіну ў вырашэнні экалагічных пытанняў. Чалавек жа частка прыроды, яго асяроддзе пасялення таксама патрабуе рэарганізацыі. Вось і сыходзяцца на адной плоскасці інтарэсаў: Чалавек і Прырода.

Алег Родзькін: Дзейнасць большасці грамадскіх арганізацый радыкальных «зялёных», як я ўжо казаў, абапіраецца на эмацыянальны аспект, каб прыцягнуць увагу да сябе, сваіх мерапрыемстваў. Нельга поўнасцю адмаўляць іх работу, ёсць у іх і станоўчыя моманты. Але ім таксама варта было б знайсці залатую сярэдзіну і засяродзіцца на фарміраванні экалагічнай адукаванасці насельніцтва. Менавіта недахоп экалагічнай адукацыі і выхавання прыводзяць да такіх з’яў, як праблема кінутых жывёл (котак і сабак). Гэта сведчыць аб недастатковай ролі сям’і ў выхаванні адказнасці «за тых, каго прыручылі».

Руслан Шайкін: Агрэсія зоаабаронцаў, магчыма, з’яўляецца вынікам недахопу ведаў і адсутнасці крытычнага мыслення, калі інфармацыя ўспрымаецца павярхоўна. Бывае, расце прыгожае, на першы погляд, дрэва, аднак навукоўцы паведамляюць, што яно хворае і яго неабходна ссекчы. Але тут з’яўляюцца спачувальнікі і пачынаюць актыўную кампанію за яго «выратаванне». Чуць аргументы, што яно можа ўяўляць небяспеку як для людзей, так і для іншых дрэў, не жадаюць. Узнікае канфліктная сітуацыя. Таму ва ўсім патрэбен разумны падыход, адэкватная ацэнка пагроз. Важна вырашаць экалагічныя праблемы, не ствараючы іншых.

— Недахоп навуковых экалагічных ведаў правакуе многія сур’ёзныя праблемы ў грамадстве. На вашу думку, што трэба рабіць, каб выправіць становішча?

Ірына Багіно: Трэба фарміраваць у навучэнцаў не толькі веды, але і экалагічныя кампетэнцыі. Кампетэнтнасны «партрэт» вучня ў галіне экалогіі можа выглядаць наступным чынам: умее правільна аналізаваць прычынна-выніковыя сувязі экалагічных праблем дадзенай мясцовасці, рэгіёна, прымяняе экалагічныя веды ў паўсядзённых жыццёвых сітуацыях, праяўляе асобаснае стаўленне да каштоўнасцяў экалагічнага характару, удзельнічае ў практычнай дзейнасці, накіраванай на паляпшэнне навакольнага асяроддзя.

Такім чынам, работа настаўніка з вучнямі павінна будавацца не толькі на выкладанні экалагічных ведаў, але і на дзейсным падыходзе. Значны патэнцыял для фарміравання экалагічнай кампетэнтнасці мае праектна-даследчая дзейнасць на аснове краязнаўчага падыходу. Вырашэнне глабальных экалагічных праблем пачынаецца з вывучэння лакальных на мясцовым узроўні.

Алег Родзькін: На мой погляд, недахопу навуковых экалагічных ведаў не існуе. Ёсць праблема іх імплементацыі (укаранення) ў практыку. Пакуль жа яны нярэдка існуюць па-за рэальнасцю. Напрыклад, усе ведаюць аб забруджванні смеццем гарадскіх экасістэм, але большасць смецце не сартуе. Таму трэба весці размову аб практыка-арыентаваным падыходзе ў пытаннях экалагічнай адукацыі і выхавання. Любое рашэнне ў плоскасці ўзаемаадносін «прырода — чалавек» павінна будавацца на навукова абгрунтаваных ведах. Асаблівую ролю пры гэтым набывае ўзгодненасць дзеянняў адукацыйных структур (дзіцячых дашкольных устаноў, школ, ВНУ), СМІ, цэнтраў дадатковай адукацыі, розных ведамстваў і міністэрстваў. Сітуацыя ў нас палепшыцца, калі экалагічныя веды стануць асновай пры здзяйсненні дзеянняў, што закранаюць у любой ступені навакольнае асяроддзе.

Руслан Шайкін: Неабходна сістэмна праводзіць работу па экалагічнай асвеце, пажадана з самага ранняга ўзросту. Больш часу ўдзяляць разнастайным экскурсіям і заняткам у натуральных прыродных умовах з прыцягненнем спецыялістаў. Лічу, што наш праект па стварэнні новага дзіцячага экалагічнага руху — «зеленакласнікі» — у перспектыве зможа выканаць гэтыя задачы.

Андрэй КАРАБЕЛЬНІКАЎ

Прэв’ю: з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Рэальнасць + эмоцыі = гармонія

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.