Вы тут

Ігар Петрышэнка: Мы аддалі нашых дзяцей на водкуп сацыяльным сеткам і блогерам


На калегіі Міністэрства адукацыі падвялі вынікі дзейнасці галіны за мінулы год

«2020 год стаў для ўсіх годам выпрабаванняў і праверкі на трываласць, у тым ліку і для сістэмы адукацыі. Сёння з упэўненасцю можна сказаць, што галіна спрацавала стабільна: у няпростых умовах адукацыйны працэс ва ўстановах адукацыі не быў сарваны, арганізавана прайшла ўступная кампанія ў ВНУ, каледжах і ліцэях, — падкрэсліў у сваім выступленні на выніковай калегіі Міністэрства адукацыі намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка. — На дадзены момант наша галоўная задача ў сістэме адукацыі — забяспечыць рэалізацыю ўстановак, якія былі агучаны на VІ Усебеларускім народным сходзе. Гэта датычыцца развіцця вышэйшай адукацыі, правядзення маладзёжнай палітыкі, патрыятычнага выхавання».


Віцэ-прэм'ер адзначыў, што на працягу апошніх пяці гадоў практычна вырашылася праблема з забеспячэннем дзяцей месцамі ў дашкольных установах. За гэты час у рэгіёнах было пабудавана больш за 70 дзіцячых садкоў на 14 тысяч месцаў. Так, у асобных новых мікрараёнах яшчэ не забяспечана крокавая іх даступнасць, але гэтыя пытанні рэгулююцца.

— У далейшым будзе прадоўжана інтэнсіўнае будаўніцтва дашкольных устаноў: да канца 2025 года запланавана пабудаваць больш як 90 садкоў
на 21 тысячу месцаў (большасць з іх у Мінску і Мінскай вобласці). Хацелася б звярнуць увагу на наступную акалічнасць: давайце думаць, якія садкі і якой магутнасці плануецца ўводзіць у тым ці іншым рэгіёне? Важна ўлічваць не толькі бягучы момант, але і бачыць работу дашкольнай установы ў перспектыве, бо мы ўкладваем немалыя бюджэтныя сродкі, а значыць і аддача, эфектыўнасць павінны быць адпаведныя. Разглядайце розныя варыянты, у тым ліку па адкрыцці сямейных дзіцячых садкоў, размяшчэнні дашкольных устаноў або асобных іх груп на першых паверхах жылых будынкаў, тым больш што ёсць станоўчыя прыклады. Актыўна прыцягвайце інвестараў да будаўніцтва дашкольных устаноў, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка. — Таксама хацеў бы спыніцца на актуальным пытанні — іх мадэрнізацыі і аснашчанасці сучасным абсталяваннем. Не кажу, што ў гэтым кірунку нічога не робіцца. У рамках падрыхтоўкі да новага навучальнага года частка дзіцячых садкоў рамантуецца, для іх закупляецца абсталяванне, але ў большасці выпадкаў гэтая работа больш нагадвае латанне дзірак, якія ўжо немагчыма не заўважыць і, як вынік такога падыходу, доля дашкольных устаноў, забяспечаных надворным абсталяваннем, складае 74 працэнты. Са 101 басейна ў дзіцячых садках, размешчаных у сельскай мясцовасці, дзейнічае толькі 32, астатнія патрабуюць мадэрнізацыі. Скажыце, ці зможам мы ў такіх установах паспяхова вырашаць адну з асноўных задач, што стаіць перад сістэмай дашкольнай адукацыі, — па захаванні і ўмацаванні здароўя выхаванцаў? Таму звяртаюся ў першую чаргу да намеснікаў старшыняў аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама — забяспечце ў рэгіёнах распрацоўку і рэалізацыю плана мадэрнізацыі і забеспячэння абсталяваннем дашкольных устаноў на бягучую пяцігодку.

Дзіцячыя садкі, як і школы, павінны праходзіць камісійную праверку перад пачаткам навучальнага года па адзіных патрабаваннях. У гэтай сувязі Міністэрству адукацыі сумесна з рэгіёнамі, Міністэрствам аховы здароўя і іншымі зацікаўленымі трэба прапрацаваць пытанне аб прыёме дзіцячых садкоў да 1 верасня па правілах, аналагічных для школ.

— Адна з ключавых задач галіны — забеспячэнне роўнага доступу да якаснай адукацыі для навучэнцаў усіх устаноў, незалежна ад месца іх навучання: у гарадской ці сельскай школе, — адзначыў Ігар Петрышэнка. — Для гэтага праведзена немалая работа. Важным крокам стала адмена ўступных іспытаў у гімназіях і замацаванне магчымасці адкрыцця профільных класаў у любой школе, у тым ліку ў сельскай мясцовасці. З мэтай замацавання кадраў з 2019 года БПС-Ашчадбанкам і Міністэрствам адукацыі рэалізуецца праграма «Настаўнік для Беларусі». Разам з тым сярод 38 пераможцаў XXVІІІ Рэспубліканскага турніру юных фізікаў і 18 пераможцаў XVІ Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы, заахвочаных грашовымі прэміямі са спецыяльнага фонду прэзідэнта, няма ніводнага навучэнца з сельскіх школ.

З 30 выхаванцаў першай змены ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку толькі трое навучаюцца ва ўстановах адукацыі, размешчаных у сельскай мясцовасці. Не змяняецца і сітуацыя на ЦТ: па-ранейшаму сярэднія балы ў вучняў гарадскіх школ па шэрагу дысцыплін вышэйшыя...

Самы сур'ёзны недагляд, на думку намесніка прэм'ер-міністра, быў дапушчаны ў арганізацыі выхаваўчай, патрыятычнай і ідэалагічнай работы з моладдзю:

— Мы звялі яе да складання нейкіх планаў, праграм, метадычных мерапрыемстваў. І за папяровай работай не ўбачылі самае галоўнае — студэнта і навучэнца. Фактычна, аддалі нашых дзяцей на водкуп сацыяльным сеткам і блогерам. Падзеі мінулага года гэта пацвердзілі. Таму трэба яшчэ раз паглядзець і ўзмацніць выхаваўчы аспект у адукацыі.

Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што ролю выхавальніка, настаўніка, кіраўніка ўстановы адукацыі складана пераацаніць:

— Ад вашай працы залежыць і якасць набытых ведаў, і тое, якія жыццёвыя ўстаноўкі атрымае моладзь. Сёння гэта асабліва актуальна. Трэба разумець, што паводзіны педагога, яго думкі і меркаванні — гэта прыклад для навучэнцаў, таму да кадравага падыходу і расстаноўкі патрэбна самая пільная ўвага. Выпадковых людзей сярод настаўніцтва быць не павінна. У сваім выступленні на VІ Усебеларускім сходзе кіраўнік дзяржавы жорстка папярэдзіў усіх аб недапушчальнасці фактаў перагрузкі настаўніка непатрэбнай папяровай работай. Я задаваў пытанні педагогам, наведваючы Свіслацкі раён, але ніхто не можа адкрыць тайну — што самі настаўнікі разумеюць пад непатрэбнай работай. Хацеў бы звярнуць увагу на яшчэ адну трывожную тэндэнцыю — павелічэнне непатрэбнага электроннага дакументаабароту. Скажыце, калі ласка, чым абумоўлена патрабаванне з боку кіраўніцтва да выхавальніка і настаўніка ў абавязковым парадку стварыць тэлеграм-канал і ў ім публікаваць штодзённую справаздачу аб малазначных фактах сваёй дзейнасці, напрыклад, як прайшлі прагулка ці ўрок? Ідэя стварэння школамі і дзіцячымі садкамі тэлеграм-каналаў — добрая, але ператвараць яе ў фармальнасць, бачнасць бурнай дзейнасці, на мой погляд, недапушчальна.

— Мы прынялі шэраг дакументаў, пералічылі, якую канкрэтна дакументацыю павінен весці настаўнік і класны кіраўнік, — падкрэсліў у сваім выступленні на калегіі міністр адукацыі Ігар КАРПЕНКА. — Скажыце, а што такое неўласцівыя функцыі? Абарона правоў дзіцяці? Выяўленне дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы? Забеспячэнне бяспекі ў школе? Работа з сям'ёй? Мне здаецца, што ўсё гэта функцыі педагогаў. А вось складанне настаўнікам справаздач замест адміністрацыі, выкананне нейкіх разавых даручэнняў — гэта зусім іншае. І калі вы пераклалі гэтую функцыю на настаўніка, то заплаціце яму. Што яшчэ трэба зрабіць на ўзроўні міністэрства? Які прыняць нарматыўны акт? Мы гатовыя. Лічу, што трэба абмеркаваць гэтую праблему больш дэталёва ў найбліжэйшы час, сабраць усіх зацікаўленых і прыняць граматнае кіраўніцкае рашэнне.

Ігар Карпенка паведаміў, што Міністэрства адукацыі працуе ўжо над канцэпцыяй развіцця сістэмы адукацыі да 2035 года, у яе аснову будуць пакладзены даручэнні кіраўніка дзяржавы, дадзеныя на Усебеларускім сходзе: «Спадзяёмся, што ў хуткім часе мы апублікуем праект на нашым сайце і ўжо ў жніўні выйдзем з ім на чарговы Рэспубліканскі педагагічны савет, дзе з педагагічнай супольнасцю краіны прымем канцэптуальныя падыходы».

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.