Вы тут

З 1 сакавіка пачне дзейнічаць забарона на лоўлю шчупака


З 1 сакавіка ў большасці рэгіёнаў Беларусі (за выключэннем Віцебшчыны) уводзіцца забарона на лоўлю шчупака, якая будзе доўжыцца па 15 красавіка. У Віцебскай вобласці забарона будзе дзейнічаць з 9 сакавіка па 25 красавіка, паведамілі ў Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.


Ахоўныя меры звязаны з пачаткам нерасту ў гэтага віду. Шчупак ідзе на яго раней за іншых вяснова-нерастуючых рыб, паколькі не такі патрабавальны да прагрэву вады, а часам нерастуе нават пад лёдам. Прэснаводны драпежнік вельмі важны для балансу іхціафаўны, ён з'яўляецца свайго кшталту рэгулятарам: знішчае малакаштоўную дробязь, хворых і аслабленых рыб, што спрыяе лепшаму росту каштоўных відаў і аздараўленню іх папуляцый.

Вылаў шчупака падчас нераставай забароны цягне сур'ёзную адказнасць. За кожную незаконна здабытую асобіну спаганяецца шкода ў патройным памеры — па дзевяць базавых велічынь (261 рубель). Таксама парушальніку можа быць прызначаны штраф у памеры да 30 базавых велічынь, згодна арт. 16.25 КаАП РБ (уступіць у сілу з 1 сакавіка 2021 года). Прычыненне шкоды на суму 100 і больш базавых велічынь цягне крымінальную адказнасць па арт. 281 КК РБ і яшчэ больш суровыя санкцыі.

За тыдзень да пачатку нераставай забароны на лоўлю шчупака інспектары Гомельскай вобласці разам з міліцыяй затрымалі шасцярых парушальнікаў на вадаёме каля вёскі Слабада Добрушскага раёна. Браканьеры лавілі рыбу забароненымі прыладамі — пяццю жакамі і восцямі. Ва ўлове аказалася 38 рыб, з іх — 34 асобіны шчупака. Ужо сёння кошт шкоды ад гэтай рыбалкі ацэньваецца ў 3,3 тысячы рублёў. А калі б парушальнікі папаліся ў перыяд забароны, толькі за шчупакоў ім давялося б заплаціць амаль 8,9 тысячы рублёў.

Сяргей РАСОЛЬКА

Фота з сайта Дзяржінспекцыі

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.