Вы тут

Паклон табе, Сонца з Усходу!


580‑годдзе з дня нараджэння Алішэра Наваі адзначаецца і ў Беларусі


Адна з кніг, выдадзеных у Беларусі

Юбілей вялікага асветніка-мудраца, паэта, дзяржаўнага дзеяча з Усходу Алішэра Наваі адзначаюць у школах, ВНУ, бібліятэках Беларусі. Дзеля таго распрацавана шырокая культурна-асветніцкая праграма з удзелам Пасольства Узбекістана. Спецыяльна да падзеі перастворана была на беларускую мову ўнікальная кніга Алішэра Наваі “Улюбёны сэрцаў”. А 9 лютага супрацоўнікі Пасольства Узбекістана ў Беларусі, прадстаўнікі ўзбекскай дыяспары, беларускай творчай інтэлігенцыі ўсклалі кветкі да помніка Алішэру Наваі, устаноўленага ў Мінску.

Адным з месцаў, дзе ўшаноўваўся юбіляр, стаў Выканаўчы камітэт Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Там прайшла ўрачыстасць, прэзентацыя кнігі “Улюбёны сэрцаў”: знакамітай паэмы Алішэра Наваі. Пераклад зрабіў Дзмітрый Радкевіч, ураджэнец Ашмян, мусульманін па веравызнанні. За савецкім часам некаторыя творы Наваі перастварыў па-беларуску і паэт Васіль Жуковіч, далучыўся да перакладаў творчай спадчыны вялікага Наваі вядомы паэт Мікола Мятліцкі. Што да паэмы “Улюбёны сэрцаў”, створанай паэтам-суфіем напрыканцы зямнога жыцця, то гэта велізарны сплаў духоўнасці, мудрасці. Можна сказаць: люстэрка жыццёвага досведу стваральніка, ягоны кодэкс гонару й маральнасці для моладзі. Прычым і сёння ў Алішэра Наваі ўсім нам ёсць многа чаму павучыцца.

У вітальным слове намеснік Старшыні ВК СНД Бекетжан Жумаханаў адзначыў, што юбілей Алішэра Наваі знамянальная падзеяй для ўсёй Садружнасці, у якой паяднаныя краіны розных цывілізацыйных плыняў. Пра значэнне для ўзбекскага народа бясцэннай спадчыны Алішэра Наваі, шырокае святкаванне яго юбілею хораша гаварыў Даніяр Абідаў — доктар палітычных навук, саветнік узбекскага Пасольства. Ён, у прыватнасці, з гордасцю за свой народ адзначыў, што ў апошнія гады праводзіцца маштабная работа па глыбокім вывучэнні творчасці Алішэра Наваі. Створаны Міжнародны грамадскі фонд яго імя, а ў адпаведнасці з Пастановай Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева 580‑годдзе паэта шырока адзначаецца ў краіне ды за мяжой.

Тут будзе да месца згадаць пра грунтоўнае інтэрв’ю Даніяра Таджыевіча “Мова воінаў стала мовай газеляў”, змешчанае ў часопісе “Беларусь. Belarus” (№ 11,2019). У ім навуковец і дыпламат, які сам рос пад уплывам духоўнай спадчыны супляменніка, расказвае пра Алішэра Наваі як пра Сонца Нацыі. Так вобразна, з вялікай павагай называюць паэта, філосафа і дзяржаўнага дзеяча цюркамоўныя народы. А, як вядома, без сонца няма жыцця. Вось цяпер, можна сказаць, вялікае Сонца з Усходу сагравае ўсё мацней і беларускія сэрцы.

Выступае Дзмітрый Радкевіч. Фота Івана Ждановіча

З вялікай цікавасцю было ўспрынята выступленне рэктара Ташкенцкага дзяржуніверсітэта ўзбекскай мовы й літаратуры: Шухрат Сіражыдзінаў — адзін з вядомых даследчыкаў творчасці Наваі. Выступалі таксама перакладчык кнігі Алішэра Наваі “Улюбёны сэрцаў” на беларускую мову, старшыня Савета імамаў Беларусі Дзмітрый Радкевіч, муфцій Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Беларусі Абу-Бекір Шабановіч, паслы, пастаянныя прадстаўнікі краін Садружнасці.

Іван Іванаў

Нумар у фармаце PDF

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.