Вы тут

Ці паедуць нашы дзеці на аздараўленне ў Расію? Гутарка а з дэпутатам Мікалаем Васільковым


Напярэдадні агульнага для дзвюх дзяржаў афіцыйнага свята, якое нарадзілася 25 гадоў таму, «Звязда» пагутарыла пра Саюзную дзяржаву з беларускім дэпутатам Мікалаем Васільковым, які ўзначальвае Пастаянную камісію Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы і Камісію Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый.


— Мікалай Андрэевіч, краіна больш за два дзесяцігоддзі жыве пасля ўтварэння Саюзнай дзяржавы. Раскажыце спачатку пра свой асабісты вопыт: што падабаецца, што — не?

— Хачу прывесці прыклад са свайго жыцця. У 1986 годзе я прымаў непасрэдны ўдзел у ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Займаўся медыцынскім абследаваннем людзей (я па прафесіі доктар), якія пражывалі на тэрыторыях, што былі забруджаны радыенуклідам, суправаджаў дзяцей з так званай чарнобыльскай зоны, якія выязджалі на аздараўленне ў Расійскую Федэрацыю. І я ніколі не забуду стаўленне жыхароў Расіі, асабліва бабуль і дзядуль, якія нас сустракалі, і дзецям гатовы былі прынесці ўсё, што мелі.

Гэта было даўно. Тым не менш агульнасць і складанасць наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якія Беларусь і Расія ліквідуюць разам, абумовіла далейшае аб'яднанне і фінансавых магчымасцяў, і арганізацыйнага вопыту, і навукова-практычнага патэнцыялу дзвюх дзяржаў. Праз 35 гадоў праблемы не сышлі. Шчыльнасць забруджвання тэрыторый зменшылася, але яно засталося, і там па-ранейшаму жывуць людзі.

Зараз рэалізоўваецца пятая праграма Саюзнай дзяржавы ў галіне пераадолення наступстваў чарнобыльскай катастрофы, якая накіраваная на стварэнне ўмоў для бяспечнага пражывання насельніцтва на пацярпелых тэрыторыях Беларусі і Расіі. У гэтых праграмах на першым месцы — сацыяльная абарона, медыцынскае забеспячэнне і аздараўленне, акрамя таго, яны прадугледжваюць радыяцыйную абарону, сацыяльна-эканамічнае развіццё тэрыторый. Вядома, у іх «закладзены» выдаткі на навуковае суправаджэнне азначаных мер.

З прычыны сваёй прафесійнай дзейнасці я цесна супрацоўнічаў з калегамі Курскай, Белгародскай, Арлоўскай, Бранскай абласцей Расіі. Мяне звязваюць з гэтымі людзьмі самыя цёплыя чалавечыя адносіны. Таму выступаю за глыбокую інтэграцыю нашых народаў: эканамічную, у сферах аховы здароўя, адукацыі, культуры, спорту. Паразуменне агульных праблем у нас закладзена генетычна.

Упэўнены, што такая інтэграцыя не толькі не нанясе шкоду суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, але і ўмацуе іх. Падзеі мінулага года паказалі, што без саюза складана прагназаваць лёс нашай краіны. Такая мая пазіцыя.

Хацелася б, каб працэсы аб'яднання, перш за ўсё ў эканамічнай сферы, ішлі больш актыўна, каб у Расіі на высокім узроўні было разуменне нашых праблем і чаканняў.

Я ўважліва адсочваю пазіцыю праціўнікаў інтэграцыі, але нават у іх заўсёды ёсць 10—14 пазіцый, якія сведчаць пра карысць аб'яднання, асабліва эканамічнага. Пра сферы аховы здароўя, культуры, адукацыі ўвогуле амаль ніхто не спрачаецца.

— Што да вашай пазіцыі дадаў парламенцкі вопыт?

— Як старшыня Камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый магу засведчыць, што пытанні, якія мы разглядаем, заўсёды знаходзяць разуменне і ў дэпутатаў Дзяржаўнай Думы, і ў Савеце Федэрацыі Расіі. Магчыма, некаторыя праблемы вырашаліся б больш актыўна, калі б не эпідэміялагічная сітуацыя, якая склалася ў абедзвюх краінах і ва ўсім свеце. Каласальныя сродкі спатрэбіліся для мінімізацыі наступстваў пандэміі каранавіруса.

Мы, напрыклад, выступаем за стварэнне трансгранічных асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, напрыклад, на базе нацыянальнага парку «Себежскі» ў Пскоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі і рэспубліканскіх ландшафтных заказнікаў «Красны бор» і «Асвейскі» ў Віцебскай вобласці. Для гэтага патрэбны фінансавыя сродкі, якія расійскае Міністэрства фінансаў пакуль не гатова выдзеліць, бо яны не былі закладзены ў бюджэт Саюзнай дзяржавы на сёлета.

Ёсць таксама жаданне рэалізаваць такія кірункі, як рэабілітацыя беларускіх дзяцей-інвалідаў на Чарнаморскім узбярэжжы Расіі. Са свайго боку расіяне зацікаўлены ў спелеялячэнні сваіх маленькіх грамадзян у нашым Салігорску. У іх такой базы няма. Спелеялячэнне — гэта сапраўды дасягненне нашай медыцыны.

Але, зноў жа, саюзны бюджэт 2021 года не прадугледжвае выдаткаў на гэта. Мая задача як старшыні Камісіі Парламенцкага Сходу — пераканаць Міністэрства фінансаў Расійскай Федэрацыі ў неабходнасці выдзялення сродкаў на гэта ў наступным годзе.

Ёсць задума надаць мерапрыемству Саюзнай дзяржавы «Аказанне комплекснай медыцынскай дапамогі асобным катэгорыям грамадзян Беларусі і Расіі, якія падвергліся радыяцыйнаму ўздзеянню з-за наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС» статус штогадовага. Мерапрыемства ўключае ў сябе аказанне паслуг высокатэхналагічнай і спецыялізаванай медыцынскай дапамогі, а таксама правядзенне рэабілітацыі пасля праведзеных аператыўных умяшанняў. За мінулы год за кошт бюджэту Саюзнай дзяржавы комплексную медыцынскую дапамогу атрымалі 1288 грамадзян Беларусі і Расіі.

Наданне статусу штогадовага гарантуе мерапрыемству пастаяннае фінансаванне з саюзнага бюджэту ў неабходных аб'ёмах, вызваляе дзяржаўных заказчыкаў ад працэдуры штогадовага абгрунтавання мэтазгоднасці яго правядзення. Гэта таксама патрабуе пэўных фінансавых выдаткаў. Думаю, на працягу 2021 года гэтыя сродкі будуць знойдзены.

— Цяпер беларускія дзеці-інваліды на рэабілітацыю на Чарнаморскае ўзбярэжжа Расіі за кошт саюзнага бюджэту не ездзяць? У СМІ размешчана інфармацыя пра артыкул выдаткаў бюджэту Саюзнай дзяржавы на арганізацыю лячэння і аздараўлення дзяцей з раёнаў Беларусі і Расіі, якія найбольш пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, — гэта 53 мільёны расійскіх рублёў. Два гады таму на гэтую суму папраўлялі здароўе 2000 юных беларусаў і расіян.

— Не трэба атаясамліваць паняцці «аздараўленне» і «рэабілітацыя». На гэта я звяртаў увагу і сваіх расійскіх калег. Рэабілітацыя — аднаўленне страчаных функцый органаў і сістэм дзіцяці. Для яе патрэбны асаблівыя ўмовы і медыцынскія падыходы. Трэба, каб гэта стала асобным кірункам у сацыяльнай палітыцы Саюзнай дзяржавы.

— Як працуе механізм ажыццяўлення ідэй, падобных той, што вы агучылі, скажам, пра рэабілітацыю на моры беларускіх дзяцей-інвалідаў?

— Разгляд падобных пытанняў на Парламенцкім Сходзе Саюза Беларусі і Расіі не мае наступствам заканадаўчы акт. У выніку выпрацоўваецца нарматыўны дакумент, які потым узгадняецца з міністэрствамі фінансаў абедзвюх краін, а пасля станоўчага рашэння аб выдзяленні неабходных сродкаў профільным міністэрствам і ведамствам даручаецца распрацаваць механізм рэалізацыі таго або іншага мерапрыемства.

— А калі саюзныя парламентарыі не знаходзяць паразуменне ў фінансістаў ці потым — патрэбнага імпэту ў міністэрскіх работнікаў? Якую сілу маюць рашэнні Парламенцкага Сходу?

— Усё залежыць ад сілы пераканання — наколькі нам удаецца абгрунтаваць неабходнасць рэалізацыі мерапрыемства. Калі ніхто не сумняваецца, што гэта сапраўды вельмі патрэбна, то перашкод не ўзнікае.

Што датычыцца здароўя дзяцей, то ў ім зацікаўлены ўсе. І гэта тэма патрабуе пільнай увагі. На жаль, дыспансерызацыя сведчыць, што працэнт здаровых дзяцей нізкі: расце колькасць хвароб на алергію, скаліёз, зніжаецца імунітэт. Таму такія пытанні заўсёды знаходзяць паразуменне, і я ўпэўнены, што ў 2022 годзе беларускія дзеці-інваліды атрымаюць магчымасць паехаць на рэабілітацыю на мора за кошт Саюзнай дзяржавы гэтак жа, як расійскія дзеці, якія пакутуюць на астму, змогуць паправіць здароўе ў нашых спелеялячэбніцах.

— У якіх яшчэ кірунках працуе Камісія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і ліквідацыі наступстваў аварый?

— Галоўная наша задача — гарманізацыя заканадаўства ў галінах аховы навакольнага асяроддзя, сацыяльнай абароны грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы  на ЧАЭС. Мы рыхтуем заканадаўчыя рэкамендацыі дзеля выпрацоўкі тут адзінай канцэпцыі.

— Ці адсочваеце вы, як ідзе работа па ўзгадненні дарожных карт па інтэграцыі Беларусі і Расіі?

— Цікаўлюся, у тым ліку з пункту гледжання таго, наколькі нашы праблемы знаходзяць разуменне ў Расійскай Федэрацыі. Суверэнітэт і незалежнасць — гэта тое, чым мы не можам ахвяраваць. Днямі пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка заявіў, што да канца першага паўгоддзя ўсе дарожныя карты будуць гатовы да падпісання. Гэта будзе значыць, мы рухаемся ў адным кірунку, што забяспечыць рост дабрабыту і беларусаў, і расіян.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.