Вы тут

Чаму ад узаемнага навучання педагогаў выйграюць найперш іх вучні?


Прыкладна ў 60—70-х гадах ХХ стагоддзя даследчыкі назіралі за дзеяннямі вялікай колькасці тэрапеўтаў: глядзелі, якое лячэнне прызначаецца хворым і як урач прымае тое ці іншае рашэнне. Высветлілася, што велізарная колькасць дактароў ставяць дыягназ практычна адвольна, таму што ім «так здаецца». А часам іх прадпісанні ўвогуле супярэчылі таму, што патрабавалася ў канкрэтнай сітуацыі. Тады ўрачоў вырашылі ўзброіць дакладнымі інструкцыямі (пратаколамі лячэння), якія абапіраліся на вопыт праведзеных у медыцыне даследаванняў. Самы просты прыклад: калі ўрач прызначае аспірын, ён павінен папярэдне пацікавіцца, ці ёсць у пацыента праблемы са страўнікам, інакш можна нашкодзіць, а не дапамагчы. Вядома, далёка не ўсе медыкі ўзрадаваліся таму, што іх інтуіцыя была прызнана ненадзейным інструментам, аднак смяротнасць пацыентаў пасля ўвядзення пратаколаў лячэння істотна знізілася...


pixabay.com

У адукацыі справы з кіраваннем на аснове даных ідуць пакуль горш, чым у медыцыне, бо адсачыць вынікі памылковых дзеянняў педагогаў значна складаней. Многія настаўнікі па-ранейшаму знаходзяцца ў палоне пэўных стэрэатыпаў, вучаць так, як іх саміх калісьці вучылі. Часта педагогу даволі складана выйсці за межы тыповых мадэляў паводзін, ён не заўсёды ведае, якія прыёмы і метады маглі б зрабіць яго ўрокі больш эфектыўнымі. Між іншым, зусім не трэба вынаходзіць веласіпед, дастаткова толькі звярнуцца да вынікаў педагагічных даследаванняў...

Кропкі для прафесійнага росту

— Як лепш вучыць? Што ўяўляе сабой мадэль паспяховага навучання? Якія фактары дапамагаюць поспеху вучняў, а якія маюць нулявы эфект? Адказы на ўсе гэтыя крытычна важныя для сістэмы адукацыі пытанні можна знайсці ў прафесара Мельбурнскага ўніверсітэта Джона Хэці,— падкрэслівае начальнік Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена РАДЗЕВІЧ. — Прааналізаваўшы за 15 гадоў вынікі больш чым 50 тысяч даследаванняў ва ўсім свеце з сумарным ахопам больш за 86 мільёнаў школьнікаў, Джон Хэці распрацаваў своеасаблівы «барометр», які паказвае ўплыў канкрэтных фактараў на навучанне. Чым вышэйшае значэнне паказчыка — тым большы ўплыў...

Прафесар, у прыватнасці, сцвярджае, што супрацоўніцтва паміж настаўнікамі мае самы моцны эфект сярод фактараў, якія ўплываюць на якасць навучання, ён утрая большы, чым сацыяльны статус навучэнца або стварэнне элітных школ і адмысловых праграм. Таксама адным з самых уплывовых фактараў эфектыўнага навучання ён лічыць пазітыўнае ўзаемадзеянне паміж настаўнікам і вучнем, ну і, вядома, настаўніцкія чаканні. Педагог павінен верыць, што ўсе дзеці могуць вучыцца і развівацца, што навучальныя вынікі любога з іх могуць змяніцца да лепшага, бо не з'яўляюцца раз і назаўсёды зададзенай велічынёй.

«Рэфлексія ўласнай педагагічнай практыкі — галоўны ключ да яе паляпшэння. Педагог можа займацца рэфлексіяй як індывідуальна, так і разам з калегамі, — разважае Алена Радзевіч. — Сумеснае абмеркаванне праблем і пытанняў, планаванне ўрокаў, назіранне і фіксацыя вынікаў, ацэнка ўрока з пункту гледжання вучня, змены падыходаў да вядзення ўрокаў пад уплывам назіранняў і ўласных міні-даследванняў вельмі дапамагаюць прафесійнаму росту. Менавіта таму ў 2019 годзе ў нашай краіне стартаваў інавацыйны праект па ўдасканаленні метадычнай работы ў школе. Да яго далучыліся пятнаццаць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з розных рэгіёнаў. Хтосьці спыніў свой выбар на куратарскай методыцы, а хтосьці — на тэхналогіі «Даследаванне ўрока ў дзеянні» (Lesson Study). Абедзве праграмы накіраваны на ўдасканаленне прафесійнай практыкі педагогаў. Таксама ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі распрацавана і паспяхова рэалізоўваецца праграма адукацыйных курсаў для дырэктараў, намеснікаў дырэктараў і метадыстаў «Даследаванне ўрока (Lesson study) і куратарская методыка ў кантэксце метадычнай працы ў школе: перазагрузка».

Прафесійная «кухня»

— Як сведчыць даследаванне, праведзенае ў некалькіх сотнях расійскіх школ, паміж педагогамі там вельмі мала якасных узаемных прафесійных сувязяў. Гэта значыць, што настаўнікі ў сваёй большасці прафесійна адзінокія і рэдка вучацца адзін у аднаго, — кажа кіраўнік праекта «Акадэмія дырэкторыі» (Масква), кандыдат педагагічных навук, эксперт па Lesson Study і куратарскай методыцы Кацярына КУКСО. — У сувязі з гэтым узнікае пытанне: як вырашыць гэтыя праблемы і пабудаваць прафесійныя сувязі? Як выхаваць у настаўнікаў звычку мэтанакіравана абменьвацца вопытам для паляпшэння якасці прафесійнай дзейнасці?

Прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА Мікалай Запрудскі паведаміў, што ў акадэміі праводзілі апытанне 200 настаўнікаў, дырэктараў школ і іх намеснікаў:

— Ім было прапанавана праранжыраваць розныя формы павышэння кваліфікацыі, сярод якіх згадваліся курсы, семінары, узаемнае навучанне настаўнікаў, адкрытыя ўрокі, наведванне ўрокаў намеснікам дырэктара і самаадукацыя. Нас цікавіла, што мае найбольшы эфект для прафесійнага і асобаснага росту педагогаў? На першым месцы аказалася самаадукацыя, а на другім — курсы. Гэта наша рэчаіснасць. 10-11 гадоў у школе, потым 4-5 гадоў ва ўніверсітэце нас навучалі аднолькава. І ў настаўнікаў склаліся пэўныя ментальныя мадэлі: трэба вучыць або індывідуальна, або франтальна. Яны індывідуальна пісалі курсавыя і дыпломныя работы. У камандзе нічога не рабілася. Між іншым, замежныя калегі правялі грунтоўныя даследаванні, якія сведчаць, што найбольшы эфект для прафесійнага развіцця мае ўзаемнае навучанне. А нашы настаўнікі баяцца і не жадаюць дзяліцца сакрэтамі сваёй «кухні», не запрашаюць да сябе на ўрок. Мы прызвычаіліся паказваць на адкрытым уроку бездакорную карцінку, але, каб адбываўся працэс узаемнага навучання педагогаў, трэба запрашаць калег да сябе, калі штосьці ў вас не атрымліваецца.

pixabay.com

На адлегласці выцягнутай рукі

— Чаму настаўнікі не рады бачыць старонніх людзей на сваім уроку, можна зразумець. Звычайна хто прыходзіць на ўрок, асабліва да педагогаў, якія яшчэ знаходзяцца ў зоне прафесійнага росту? Чалавек з большым педагагічным вопытам, часцей за ўсё гэта намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце. У 80 працэнтах выпадкаў наведванне ўрока адміністрацыяй не цягне за сабой нічога добрага — адсюль і трывога. А куратараская методыка — зусім іншая гісторыя, — падкрэслівае Кацярына Куксо. — У калектыве падбіраюцца роўныя па статусе і педагагічным вопыце пары педагогаў, прычым неабавязкова, каб настаўнікі выкладалі адзін прадмет. Гэта могуць быць пары з маладых спецыялістаў або пары з больш вопытных педагогаў. Яны наведваюць урокі адно аднаго з пратаколамі назірання. І для пары падбіраецца куратар — чалавек, які не ўдзельнічае ў назіранні за ўрокамі, але дапамагае арганізаваць абмеркаванне. Галоўная функцыя куратара — уменне слухаць, а не даваць парады, ён задае адкрытыя пытанні, якія стымулююць калег выказвацца і прымаць рашэнні. Гэта чалавек, які ўмее гасіць канфлікты і накіроўвае абмеркаванне ў канструктыўнае рэчышча.

Падчас наведвання ўрока пад увагу бярэцца толькі адзін аспект. Напрыклад, ці бачыць настаўнік увесь клас або толькі кароткую дыяганаль? Назіральнік фіксуе ўсе вербальныя ці невербальныя зносіны педагога і вучня ў пратаколе назірання: на схеме класа загадзя пазначаны моцныя, сярэднія і слабыя вучні. Дарэчы, узаемадзеянне ў большай ступені адбываецца на невербальным узроўні. Лічыцца, што для таго, каб вучань адчуваў увагу настаўніка, трэба некалькі разоў за ўрок быць ад яго на адлегласці выцягнутай рукі, асабліва гэта важна ў малодшых класах. Ва ўсіх настаўнікаў ёсць так званыя любімчыкі і вучні, якім удаецца ўвогуле не прыцягваць да сябе ўвагу. Можа дзейнічаць негалосная дамоўленасць: ты мяне не чапаеш — я табе не перашкаджаю.

Заўважана, што вучні з невысокай паспяховасцю ўзаемадзейнічаюць з настаўнікам максімум на адным-двух уроках у дзень з шасці і такім чынам могуць «выпадаць» з працэсу навучання. У класе ёсць так званыя зоны нулявога навучання. А настаўнік працуе з тымі дзецьмі, якія, па яго меркаванні, маюць у гэтым большую патрэбу.

Прадметам назірання можа стаць, напрыклад, час, які даецца на роздум з моманту пастаноўкі пытання. Звычайна паміж пытаннем настаўніка і адказам з класа праходзіць максімум паўтары секунды, а для таго, каб не толькі моцныя вучні паспелі сцяміць, пра што пытаецца настаўнік, патрабуецца шэсць секунд, а камусьці і пяці хвілін будзе мала. Аднак актыўнае думанне спыняецца адразу, як прагучаў адказ аднакласніка, няхай і няправільны. Да таго ж хуткасць адказаў залежыць у тым ліку і ад характару пастаўленага пытання. Над рэпрадуктыўнымі пытаннямі доўга думаць не трэба, але які ў іх сэнс?

Кацярына Куксо звяртае ўвагу на наступныя акалічнасці: «Звычайна той, хто прыходзіць на ўрок, кажа: «Рабі, як я». А куратар кажа: «Рабі так, каб дзеці вучыліся». У куратарскай методыцы ў цэнтры ўвагі знаходзіцца вучань з яго інтарэсамі. Калі ў пары аказваюцца настаўнікі, якія ў адным класе выкладаюць розныя прадметы, наведванне ўрока калегі дазваляе ім паглядзець на дзяцей з іншага боку. Бо на адным прадмеце вучань можа вызначацца поспехам, а на іншым — імкнецца не прыцягваць да сябе ўвагу, «сядзіць у акопе». Вельмі важна, што куратарская методыка дазваляе пазбегнуць моцнага супраціўлення, бо настаўнік не адчувае пагрозы свайму статусу, і нават дазваляе адрадзіць інтарэс да прафесіі. Да таго ж куратарства — гэта выдатная магчымасць выхаваць у калектыве лідараў, бо мала каго цікавіць работа ў школьнай
адміністрацыі, а магчымасцяў для кар'ернага росту ў школе не так і шмат».

Сумесная «трэніроўка»

Тэхналогія «Даследаванне ўрока (Leson Study)» была распрацавана ў Японіі яшчэ ў ХІХ стагоддзі, а сёння яна паспяхова выкарыстоўваецца ў ЗША, Вялікабрытаніі, Швецыі, Канадзе, Расіі, Казахстане, Сінгапуры, Ганконгу і Кітаі. Дарэчы, міжнародныя даследаванні пацвярджаюць высокі ўзровень адукацыйных дасягненняў японскіх вучняў, што напрамую звязана з прафесійным майстэрствам іх педагогаў.

Lesson Study задзейнічае майстэрства розных настаўнікаў, дае лепшае разуменне ўрока і развівае ў педагогаў навыкі назірання. Нават паспяховыя настаўнікі не звяртаюць увагу на большую частку таго, што адбываецца ў класе. Трыццаць або больш навучэнцаў становяцца носьбітамі вялізнага аб'ёму інфармацыі. Хуткасць, з якой гэта інфармацыя паступае настаўніку, такая ж вялікая, што робіць урок падобным, па выразе японцаў, на «імкліва бягучую раку». І як у ёй не патануць?

Lesson Study дапамагае ўдасканальвацца як вопытным, так і маладым настаўнікам. У калектыве падбіраюцца групы — аптымальна з трох чалавек (максімум пяць). Яны ўзгадняюць агульныя правілы і каштоўнасці. Настаўнікі выбіраюць канкрэтную праблему, якую важна вырашыць для школы. Напрыклад, як не дапусціць адставання слабых вучняў, як укараніць групавую работу і гэтак далей. Разам плануюць урок, ставяць мэты для розных навучэнцаў (выбіраюцца тры тыповыя вучні: «паспяховы», «сярэдні» і «слабы»). Назіраюць за тым, як дзеці вучацца на занятку: не за тым, што робіць настаўнік, а як яго дзеянні адбіваюцца на вучнях. Каманда праводзіць даследаванне актуальнай праблемы ў навучанні ў пэўным класе на працягу трох цыклаў урокаў-даследаванняў. Такія ўрокі дазваляюць прыняць да ўвагі самых розных дзяцей у калектыве і не дапусціць таго, што якая-небудзь група выпадзе з поля зроку.

— Падчас сумеснага планавання і аналізу педагогі атрымліваюць доступ да «чалавечага капіталу» адзін аднаго. Пасля такой сумеснай «трэніроўкі» новыя педагагічныя прыёмы аказваюцца ў «асабістым арсенале» кожнага ўдзельніка групы, — падкрэслівае Кацярына Куксо. — Да таго ж сумеснае з калегамі ўзаемадзеянне дапамагае знайсці найлепшыя рашэнні прафесійных праблем. Паступова мяняецца і мысленне педагога…

Надзея НІКАЛАЕВА

Загаловак у газеце: Школьны ўрок: перазагрузка

Выбар рэдакцыі

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на аўторак (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

 Яго знайшлі ў краінах Паўднёвай Афрыкі, у прыватнасці, у ПАР і Батсване.