Яго палотны — страшная праўда лагераў, спачатку фашысцкіх, потым ГУЛАГа. З карцін глядзяць вязні. А мастак гаворыць з намі жорстка, непрыхавана, па праве відавочцы, па праве пакутніка. Усе гэтыя дарогі, адлюстраваныя на карцінах, ён прайшоў сам. Стагадовы юбілей сусветна вядомага мастака Эдуарда Куфко адзначылі ў Брэсце выставай яго карцін.
На лёс гэтага чалавека прыйшлося шмат выпрабаванняў. Нарадзіўся ў сакавіку 1921 года ў Цвярской вобласці. Скончыў лесатэхнічны тэхнікум і два курсы мастацкага вучылішча ў Яраслаўлі. З першых дзён вайны — на фронце, трапіў у палон, а пасля — у канцэнтрацыйны лагер. З 1946-га да 1953-га знаходзіўся ў ГУЛАГу.
У Брэст ён прыехаў у 1955-м, дакументы аб рэабілітацыі атрымаў у 1957-м, пасля гэтага стаў удзельнічаць у мастацкіх выставах. Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах партрэта, пейзажа, нацюрморта. У 1990-я правёў шэраг паспяховых персанальных выстаў у Беларусі і ЗША. Работы мастака знаходзяцца ў буйных музеях і карцінных галерэях Брэста, Мінска, у прыватных калекцыях за мяжой.
У экспазіцыі «Музей вайны — тэрыторыя міру» Брэсцкай крэпасці прадстаўлена яго работа «Уцёкі». Шырокую вядомасць атрымалі палотны антыфашысцкага цыкла «Пракляцце фашызму», «Асвенцім», «Не забудзем», «Вызваленне» і многія іншыя. Эдуард Куфко напісаў партрэты многіх вядомых людзей — сваіх сучаснікаў.
Усё яго жыццё знайшло адлюстраванне ў творчасці. Карціны мастака ў асноўным напісаны ў змрочных тонах. А як яшчэ можна перадаць пекла лагернага жыцця? Выстава нездарма названа «Зона». Знаходжанне ў зонах доўжылася для мастака больш за дзесяцігоддзе. А тое, што ён прайшоў усе выпрабаванні і застаўся чалавекам, стаў мастаком — адзначалі на выставе, — такой была воля нябёсаў. Значыць, так трэба было, каб Куфко расказаў, каб пакінуў перасцярогу людзям.
Святлана ЯСКЕВІЧ
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?