Вы тут

Амбіцыйныя задачы для моладзі ​па пабудове краіны будучыні


Больш як 200 маладых даследчыкаў узялі ўдзел у рэспубліканскім маладзёжным форуме «Беларусь інтэлектуальная», арганізаваным Саветам маладых навукоўцаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сярод іх пераможцы і лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных інтэлектуальных конкурсаў, прадстаўнікі працоўнай моладзі ў сістэме адукацыі і ў навукаёмістых сферах эканомікі.


Мэтай форуму стала абмеркаванне і выпрацоўка таленавітай моладдзю прапаноў па вырашэнні шырокага кола задач для пабудовы Беларусі інтэлектуальнай.

— Бачанне такой мадэлі будучыні нашай краіны было адобрана на ІІ з'ездзе вучоных Рэспублікі Беларусь у 2017 годзе з удзелам кіраўніка нашай дзяржавы. А магістральныя задачы былі сфармуляваны ў Стратэгіі «Навука і тэхналогіі: 2018–2040», — падкрэсліў у сваім выступленні перад моладдзю старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір ГУСАКОЎ — Менавіта тым, хто сядзіць сёння ў зале, наканавана вырашаць амбіцыйныя задачы па пабудове краіны будучыні — Беларусі інтэлектуальнай.

Па словах Уладзіміра Гусакова, ва ўмовах пабудовы ІT-краіны асобнай увагі заслугоўвае падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі. У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі функцыянуе ўласная сістэма магістратуры, аспірантуры і дактарантуры. Пры гэтым стратэгічнай задачай з'яўляецца пабудова Акадэмічнага ўніверсітэта.

— Пытанне кадравага забеспячэння навуковай і інавацыйнай сфер з'яўляецца вызначальным для дасягнення пастаўленых мэт, — падкрэслівае Уладзімір Гусакоў. — Сёння ў краіне паспяхова функцыянуе цэласная сістэма работы з адоранай і таленавітай моладдзю. А Нацыянальная акадэмія навук Беларусі як вышэйшая навуковая арганізацыя краіны знаходзіцца на пярэднім плане работы з маладымі навукоўцамі. Пры гэтым асноўным крытэрыем у навуковай і інавацыйнай сферах з'яўляюцца не столькі колькасныя паказчыкі, а ў першую чаргу прафесіяналізм і якасны патэнцыял.

Важным кірункам на перспектыву з'яўляецца таксама работа з навучэнцамі. У нас і цяпер на пастаяннай аснове праводзяцца навукова-папулярныя лекцыі, майстар-класы для адораных школьнікаў, а таксама арганізоўваецца наведванне навукова-даследчых арганізацый. Але важна выйсці на новы ўзровень па выяўленні і суправаджэнні таленавітых даследчыкаў пачынаючы са школы. У сувязі з чым мы ставім задачу стварэння сеткі «акадэмічных» школ.

Па словах Уладзіміра Гусакова, сусветныя працэсы глабалізацыі, з аднаго боку, і прыярытэт уласных інтарэсаў дзяржаў на сусветнай арэне, з іншага боку, ужо зараз ставяць перад беларускім грамадствам цэлы комплекс праблем. У першую чаргу гэта датычыцца неабходнасці захавання ўласнай нацыянальнай ідэнтычнасці, культурных і духоўных каштоўнасцяў беларускага народа.

— Усё нарастаючае значэнне набываюць пытанні захавання гістарычнай памяці, — падкрэсліў кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук. — У апошнія гады намаганнямі спецыялістаў акадэміі акцэнтуецца ўвага на асновах беларускай дзяржаўнасці, адлюстраванні ў навуковых работах розных аспектаў гісторыі яе станаўлення і развіцця. Пры гэтым важнымі з'яўляюцца шырокая папулярызацыя сярод грамадзян вынікаў дадзеных даследаванняў, выкарыстанне найноўшых распрацовак у гэтай галіне ў мэтах умацавання дзяржавы, зыходзячы з нашых нацыянальных інтарэсаў.

Перспектыўнай бачыцца прапрацоўка новага ідэалагічнага напаўнення жыццядзейнасці беларускай дзяржавы і грамадства. Як вядома, ідэі кіруюць светам. Узровень развіцця інфармацыйных тэхналогій ужо зараз ставіць шэраг пытанняў, звязаных з уздзеяннем на свядомасць цэлых сацыяльных груп у пэўных мэтах. Таму гуманітарная бяспека беларускага грамадства павінна выйсці на якасна новы ўзровень. У гэтай сувязі асаблівая адказнасць па захаванні і прымнажэнні гістарычнай памяці, культурных і духоўных каштоўнасцяў беларускага народа кладзецца менавіта на маладое пакаленне.

Праграма форуму ўключала тры блокі пытанняў: адукацыя ва ўмовах сучасных трансфармацый, штучны інтэлект і лічбавыя тэхналогіі, а таксама пабудова высокаінтэлектуальнага грамадства.

Па выніках форуму «Беларусь інтэлектуальная» была прынята дэкларацыя, накіраваная на актывізацыю ўдзелу моладзі ў вырашэнні задач па ўкараненні лічбавых тэхналогій ва ўсіх сферах беларускай эканомікі, развіцці новага індустрыяльнага комплексу краіны і фарміравання высокаінтэлектуальнага грамадства.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.