Вы тут

Пра што анімацыйны фільм «263 ночы»


Анімацыйны фільм «263 ночы» паказалі ў Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У адлюстраванні мінулага надзвычай важны эмацыянальны складнік. Калі мы павінны вынесці ўрок з даўніх падзей, трэба перажыць іх на ўзроўні адчуванняў, прымераць на сябе. Вось чаму так кранаюць кінафільмы пра вайну. Але як перанесці на экран падзею, якую немагчыма зняць на камеру, бо галоўны ўспамін пра яе — абсалютная цемра?


Анімацыйны фільм «263 ночы» рыхтаваўся беларускімі, рускімі і ізраільскімі аўтарамі паўтара года. Нядаўна адбыўся яго першы, некамерцыйны, паказ — у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны напярэдадні свята Вялікай Перамогі. На лета запланавана сусветная прэм’ера: фільм пакажуць у Беларусі, Расіі і Ізраілі. У беларускага гледача будзе яшчэ адна магчымасць паглядзець карціну — на сёлетнім «Славянскім базары».

26-хвілінная анімацыйная стужка распавядае пра легендарны эпізод ваеннай гісторыі Мінска — выратаванне некалькіх жыхароў гета і іх знаходжанне на працягу дзевяці месяцаў пад зямлёй.

У 1943-м годзе ўлетку пячнік Пінхус Добін падрыхтаваў лазы і падземнае памяшканне, каб схаваць сваю сям’ю. У верасні стала зразумела, што Мінскае гета будзе знішчана, і 26 чалавек спусціліся пад зямлю — сям’я Добіна і яшчэ некалькі суседскіх сем’яў. Гэта быў шанс на выратаванне. Праз 263 дні, пасля вызвалення Мінска, іх знайшлі савецкія салдаты. На паверхню вярнуліся толькі 13 з 26. Месца падзямелля вызначана амаль дакладна — цяпер там знаходзіцца Гістарычная майстэрня.

Калі пачалася работа над фільмам, з трынаццаці выратаваных засталося чацвёра. Кожны ўспамінае гэты перыяд па-рознаму. У асноўным сюжэт базіруецца на ўспамінах Ефіма Гімельштэйна, якому на той час было 6 гадоў. У анімацыі адлюстраваны самыя страшныя моманты жыцця падзямелля — завал увахода ад нямецкіх гранат і тое, як жыхары адкопвалі хаця б нейкі выхад на паверхню лыжкамі і відэльцамі, пахаванне памерлых проста там жа, у падзямеллі, эпізод, калі памяшканне пачало затапляць вадой.

Кадры пераважна чорна-белыя, выдзяляюцца толькі жоўтыя «зоркі Давіда». Анімацыя выканана ў тэхніцы васкаграфіі, візуальныя вобразы персанажаў вельмі яскравыя і зразумелыя.

«Нам хацелася зрабіць фільм эмацыянальна даступным і дзецям. Натуралізму і жаху няма, нашы персанажы нават у нечым смешныя і дзіцячыя», — распавядала рэжысёрка карціны Ірына Тарасава ў інтэрв’ю «СТВ».

Для таго каб устанавіць эмацыянальную сувязь з рэальнасцю, стваральнікі дадалі ў карціну некалькі кадраў відэаздымкі з сучаснымі дзецьмі на фоне Гістарычнай майстэрні.

Адна з найважнейшых рыс любога мастацтва, што ствараецца з мэтай захавання памяці, — пакінуць жывых персанажаў, стварыць гісторыю, якая будзе адчувацца як рэальная і выклікаць сапраўдныя, разнастайныя эмоцыі. «263 ночы» — менавіта такі прыклад шматслойнасці і збалансаванасці. Прыгожая анімацыя, дакладна падабраны гук і яскрава выбудаваная гісторыя пра цемру прымусяць гледача адчуць сябе часткай неверагоднай гісторыі.

Ганна ІВАНОВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.