Вы тут

Спартыўнае лета пачынаецца з перамог


У штотыднёвым аглядзе «Звязды» расказваем самыя цікавыя навіны.


Герой тыдня. Уладзімір Самсонаў заваяваў ліцэнзію на Алімпійскія гульні ў Токіа. Міжнародная федэрацыя настольнага тэніса апублікавала алімпійскі кваліфікацыйны рэйтынг, у якім лідар беларускай нацыянальнай каманды займае 29-ю пазіцыю. Для 45-гадовага спартсмена гэта алімпіяда стане сёмай у кар'еры. Уладзімір Самсонаў — адзіны з беларускіх гульцоў у настольны тэніс, які атрымаў права выступіць у алімпійскім Токіа.

Гераіня тыдня. Крысціна Ціманоўская перамагла на міжнародным лёгкаатлетычным турніры памяці прызёра Алімпійскіх гульняў — 1968 Лізэль Пракоп у Аўстрыі. Для Крысціны гэта быў першы летні старт у цяпершнім сезоне. У сваім папярэднім забегу на дыстанцыі 100 метраў беларуска перамагла з вынікам 11,52 і кваліфікавалася ў вырашальную стадыю турніру. У фінале Крысціна палепшыла свой час і першая прыбегла да фінішу праз 11,22 секунды.

Ліцэнзіі тыдня. Дзве алімпійскія ліцэнзіі ў кіданні молата заваявалі беларускія спартсмены на чэмпіянаце Малдовы. У жанчын алімпійскую пуцёўку атрымала Настасся Каламоец, якая закінула снарад на 72 метры 58 сантыметраў, што на восем сантыметраў больш за алімпійскі нарматыў. Гэты вынік таксама — новы асабісты рэкорд лёгкаатлеткі.

У мужчын у стартах малатабойцаў Юрый Васільчанка з першай спробы адправіў снарад на 77 метраў 65 сантыметраў, дадзены вынік на 15 сантыметраў пераўзыходзіць алімпійскі нарматыў. На гэтым ён не спыніўся, у другой спробе адправіўшы молат на 77 метраў 81 сантыметр, што прынесла яму «серабро» турніру.

Няўдача тыдня. Хакеісты зборнай Беларусі ўступілі расіянам у заключным матчы групавога этапу чэмпіянату свету па хакеі ў Рызе з вынікам 0:6. Гэта была апошняя гульня беларусаў на планетарным форуме, у сваёй групе яны занялі апошняе месца.

Каманда тыдня. Трэнерскі штаб нацыянальнай каманды па вольнай барацьбе вызначыўся са спартсменамі, якія будуць прадстаўляць краіну на Алімпійскіх гульнях у Токіа. На паездку ў сталіцу Японіі ў першую чаргу прэтэндуюць Магадхабіб Кадзімагамедаў (74 кг), Алі Шабанаў (86 кг), Аляксандр Гуштын (97 кг) і Дзяніс Храмянкоў (125 кг).

Перамога тыдня. Беларуска Ганна Кубарава перамагла на тэнісным турніры ІTF (Міжнародная федэрацыя тэніса. — «Зв.») у Казані. У вырашальным паядынку адзіночнага разраду Ганна была мацнейшая за прадстаўніцу Грэцыі Валянціні Грамацікопулу. Матч скончыўся з вынікам 6:1, 6:3. Для 20-гадовай беларускай тэнісісткі гэта чацвёрты тытул на турнірах ІTF.

Поспех тыдня. Беларуска Карына Дзямінская выйграла «серабро» чэмпіянату Еўропы па стральбе з класічнага лука, які праходзіць у Турцыі. У фінале беларуская спартсменка аспрэчвала «золата» з францужанкай Лізай Барбэлін, але на гэты раз выйграць Карыне Дзямінскай не ўдалося. Варта адзначыць, што жаночая каманда па стральбе з лука на алімпіядзе ў Токіа выступіць у індывідуальным заліку і камандных спаборніцтвах.

Турнір тыдня. У Познані прайшоў чэмпіянат Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ, адкуль беларускія спартсмены прывезлі россып медалёў. У гонках байдарак-двоек перамаглі Уладзіслаў Літвінаў і Дзмітрый Натынчык. «Серабро» заваяваў экіпаж байдаркі-чацвёркі ў складзе Маргарыты Махневай, Вольгі Худэнкі, Надзеі Папок і Марыны Літвінчук. А мужчынскі экіпаж байдарак-чацвёрак у складзе Паўла Мядзведзева, Ільі Федарэнкі, Кірыла Нікіціна і Віталя Бялько сталі пераможцамі турніру на дыстанцыі 1000 метраў. «Бронзу» ў гонках каноэ-адзіночак у жанчын на 500 метраў заваявала Алена Наздрова. Вольга Клімава выйграла фінальны заезд канаістак на 5000 метраў. Алег Юрэня стаў сярэбраным прызёрам такога ж заплыву сярод мужчын. У заездзе мужчынскіх каноэ на 200 метраў выйграў Арцём Козыр. У гонках жаночых байдарак-двоек на 500 метраў Марына Літвінчук і Вольга Худэнка занялі трэцяе месца.

Скачок тыдня. Лёгкаатлет Максім Недасекаў, які выступае ў скачках у вышыню, заняў першае месца па выніках «залатога» этапу Кантынентальнага тура World Athletіcs, які праходзіў у Нідэрландах. Беларускі спартсмен з другой спробы пераадолеў пачатковую адзнаку 2 м 15 см, пасля чаго з першага скачка ўзяў спачатку вышыню 2 м 20 см, а затым 2 м 24 см, паўтарыўшы свой найлепшы вынік у сезоне. У ролі пераможца Максім Недасекаў замовіў вышыню 2 м 30 см, аднак на гэты раз яна засталася няскораная.

Цытата тыдня. «Дзякуючы «СКА-Мінск» гандбол у нас развіваецца, у клубе багатыя традыцыі, якія беражліва захоўваюцца, а маладыя гульцы, спадзяюся, у будучыні яшчэ не раз парадуюць перамогамі ўсіх заўзятараў. У гульнявых відах спорту і не толькі з вашай каманды бяруць прыклад. Хацелася б пажадаць вам і вашым сем'ям здароўя, даўгалецця. Радуйце нас паспяховымі матчамі, а мы гатовыя зрабіць усё, каб перамог у беларускім гандболе было больш», — сказаў Віктар
Лукашэнка, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта, віншуючы гандбольны клуб «СКА-Мінск» з 45-годдзем. Гандбольнаму клубу ўручаны ганаровы знак НАК Беларусі «За заслугі ў развіцці алімпійскага руху ў Рэспубліцы Беларусь».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.