Вы тут

Кніжны гасцінец. «Снег клаўся лёгка на жывых і мёртвых»


Пах летніх траў. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2021.

«Пабяжыць шаша, густа абсаджаная паабапал бярэзінамі, у якіх пад шнур абрэзаная і пабеленая кара, а потым замільгаюць арабіны з жоўта-чырванаватымі чачоткамі, і ўспомніцца, як яны чырванеюць да самай восені: ужо ападзе лісце, ужо шарэе белы марозік па траве ў канавах, а на арабінах яшчэ чырванеюць чачоткі — сумная памятка аб цяпле і леце» — гэта радкі з апавядання Вячаслава Адамчыка, якое нярэдка выкарыстоўваюць у якасці матэрыялу для школьных дыктантаў, і назва якога стала назвай зборніка «25 апавяданняў пра Бацькаўшчыну». І хоць беларускую літаратуру ўпікалі ўвесь час у «вясковасці» і дражнілі слоганам «Ганна завіхалася ля печы», кепскіх тэм няма, ёсць кепскія творы. А тут сабрана найлепшае — свет вёскі і прыроды робіцца сцэнай для неверагодна драматычных падзей і экзістэнцыяльных разважанняў. Гераіня апавядання Алеся Асташонка «Гэлька, Шуркава маці» не верыць у смерць сына, які ў дзевятнаццаць загінуў на франтах Вялікай Айчыннай. Няхай яго імя выбіта на помніку, няхай ёсць сведкі смерці юнака... Маці будзе чакаць... І створыць новую рэальнасць і новую праўду, перад якой адступяцца ўсе. Янка Сіпакоў заглыбляецца ў каларытную даўніну родных Зубрэвічаў, калі тут жыў князь Мітка Зубрэвіцкі, які ўвязаўся ў вайну паміж Ягайлам ды Свідрыгайлам і страціў каханую... Міхась Стральцоў прадстаўлены культавым апавяданнем «Сена на асфальце», у якім даследуецца менталітэт учарашніх вяскоўцаў, гараджан у першым пакаленні. Адам Глобус вымалёўвае каларытныя партрэты койданаўцаў — суседзяў і сваякоў... З героем апавядання Андрэя Федарэнкі «Пеля» ў родных мясцінах, непадалёк ад дому здарыўся выпадак амаль містычны — перад ад'ездам у студатрад зарыбачыўся да цемры і не змог выйсці з балота, якое раптам зрабілася непралазным... Давялося начаваць пад кустом... Спазніўся на цягнік. А потым даведаўся, што ў Крыме студатрад, у якім ён мусіў быць, ехаў на аўтобусе ды трапіў у страшную аварыю. «Радзіма мая — вёска, балота... Няўжо і цяпер я яшчэ нешта значу для цябе, няўжо і цяпер ты абараняеш мяне ад нечага?»


Джэймс Джойс. Дублінцы. Масква, «Азбука-класіка», 2020.

«Яго душа павольна згасала пад шоргат снегу, і снег лёгка клаўся па ўсім свеце, набліжаючы апошнюю часіну, клаўся лёгка на жывых і мёртвых».

Настальгія, туга па нязбытным, немагчымасць вырвацца з абрыдлага кола мітусні і забабонаў... Недарэмна зборнік маладога Джэймса Джойса выклікаў вельмі неадназначную рэакцыю. Як гэта — апісаць дарагі ірландскаму сэрцу Дублін як крыніцу «духоўнага паралюшу», дзе жывуць «жывыя мерцвякі»... Праўда, усё не так проста — як не можа быць простым ні чалавек, ні добрая літаратура. Цалкам свае думкі пра сэнс жыцця ў плыні свядомасці Джойс раскрые ў бясконцым і невытлумачальным рамане «Уліс», куды трапіў той-сёй з герояў «Дублінцаў»... Нават псеўданім, якім Джойс падпісаў апавяданні — Стывен Дыдалус — стане імем героя «Уліса». Але мала хто агорае таго «Уліса», а вось апавяданні... Напісаў іх Джойс па заказе паэта Джорджа Расэла, які прасіў для часопіса «Ірландская сядзіба» штосьці такое, што «не абурыць чытачоў». Надрукаваўшы тры апавяданні, нарваўся ўсё ж на абурэнне і папрасіў аўтара больш нічога не прысылаць. Калі праз нейкі час пятнаццаць аповедаў Джойса пачалі ператварацца ў кнігу, друкар спаліў наклад... Праз пару гадоў кніга выйшла — з накладу 1250 асобнікаў прадалі 379... Гэта я ўсё да сённяшняй манеры вымяраць вартасць кнігі яе распрадаванасцю. Бо «Дублінцы» — вялікая кніга. У якой за тужлівай сатырай — усё тая ж пакута за маленькага чалавека і суперажыванне за яго... Псіхалагічныя ланцугі — яны самыя моцныя. Вось дзяўчына, якая больш не можа зносіць задушлівы свет сваёй сям'і, наважваецца з'ехаць з каханым хлопцам за акіян... Але падчас пасадкі на карабель адмаўляецца ад перамен. Ёй жа ўсё жыццё казалі пра доўг перад бацькамі, пра прыстойнасць... Вось банкаўскі касір містар Дафі, які «жыў у змрочным старым доме, і з вокнаў яму бачныя былі закінуты бровар і берагі дробнай рэчкі, на якой стаіць Дублін», адасобіўся ад свету філасофіяй і мастацтвам. Містар Дафі сустракае блізкую душу, жанчыну, якая разумее яго... Але варта ёй намякнуць, што яна яго кахае — ганьба! Здрада духоўным ідэалам! Інтэлектуал сыходзіць, прыгаворваючы сяброўку да смерці, а сябе — да адзіноты... Сумная і мудрая кніга, якая не дае ратунку, але змушае тужыць аб волі і спачувальна прыглядацца да блізкага.

Выданні для агляду прадставіла крама «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.