Вы тут

22 чэрвеня 1941 года раздзяліла жыццё беларусаў на «да» і «пасля»


Вайна бязлітасна ўварвалася ў лёсы людзей: зруйнавала гарады і вёскі, разлучыла бацькоў з дзецьмі, жанчын з мужамі, знішчыла цэлыя сем'і... Пра першых яе герояў і ахвяр распавядаец часовая экспазіцыя «Сорак першы: вобразы вайны і міру», якая адкрылася ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Выстава прысвечана памяці тых, хто першым прыняў на сябе ўдар ворага. І гэта не толькі героі Брэсцкай крэпасці…


Сям'я Ба­ра­дзі­ных на бу­даў­ніц­тве  сва­ёй ха­ты ў Вет­цы (1946 год).

Мінск бамбілі...

За дзень да пачатку вайны жыхары сталіцы весела бавілі час: ва ўсіх парках і садах ладзіліся народныя гулянні, танцы, дзеці каталіся на атракцыёнах. Само надвор'е  (а яно было надзвычай цёплым і сонечным) вымушала людзей кідаць свае надзённыя справы і выходзіць на вуліцы горада. Мінчане быццам прадчувалі, што гэта апошняя магчымасць павесяліцца. Аднак яны яшчэ не ведалі, што наперадзе — доўгія тры гады жыцця пад акупацыяй. Камендант перадваеннага Мінска палкоўнік Фёдар Багрэеў 21 чэрвеня 1941 года некалькі разоў аб'язджаў на машыне горад. Апошні — каля дзвюх гадзін ночы. Людзі паступова разыходзіліся, за выключэннем маладых пар, якія не спяшаліся расставацца. Ваенны камендант адзін з першых даведаўся аб тым, што пачалася вайна. І калі ў дзевяць раніцы ён зноў ехаў па гарадскіх вуліцах, то з горыччу глядзеў на вясёлых і шчаслівых мінакоў: ніхто з іх яшчэ нават не падазраваў аб тым, якая трагедыя адбылася.

Асабліва моцна Мінск бамбілі на трэці дзень вайны. «24 чэрвеня каля 10 гадзін паветраны назіральнік паведаміў мне, што на горад ляціць «хмара» самалётаў, — успамінаў Фёдар Багрэеў. — Я выйшаў на двор і ў бінокль убачыў вялікую групу самалётаў, якія пры набліжэнні да горада разышліся веерам, і на ўскраіну Мінска ўжо паляцелі бомбы. Налёты ішлі адзін за другім на працягу 2-3 гадзін. Горад у многіх месцах гарэў, пачалася паніка... На вуліцы ляжалі забітыя грамадзяне...»

Цудам засталася ў жывых мінчанка Надзея Хатчанка. У першы ж дзень вайны яе муж пайшоў на фронт. На трэці — бомба ператварыла ў разваліны яе хату. Так жанчына з двума малымі дзецьмі засталася без даху над галавой і без сродкаў на існаванне. Як і многія, узяўшы сваіх дзяцей, яна падалася на Усход. Аднак нямецкія салдаты ішлі хутчэй, чым калоны бежанцаў. Многія вярталіся назад.
У разбураны Мінск праз некалькі тыдняў прыйшла і Надзея Хатчанка.

«Цяжка было паверыць, што гэта быў мой горад, — пісала ў сваіх успамінах жанчына. — Ён, як і людзі, стаў непазнавальным... Сэрца сціскалася пры выглядзе развалін і спусташэння. З абгарэлых хат глядзелі мёртвыя дзіркі аконных праёмаў, некаторыя будынкі былі гатовы вось-вось абваліцца і прыкрыць сабой наваколле... Я верыла, што Перамога над ворагам будзе. Але ці дажывём мы да гэтага шчаслівага дня?»

Гэтай моцнай жанчыне ўдалося не толькі перажыць вайну. Яна актыўна змагалася з ворагам у Мінскім падполлі, а яшчэ здолела зберагчы і выхаваць пяцярых дзяцей — дваіх сваіх і астатніх чужых, у тым ліку яўрэйскага хлопчыка, выратаванага з гета.

Вайна — вачыма дзяцей

Вядома, самае пекла ў першы дзень вайны было ў Брэсцкай крэпасці. Яшчэ са школьных гадоў мы дакранаемся да гісторыі гэтай легендарнай абароны, якая па сваёй працягласці і мужнасці не мае аналагаў у свеце.

Калі пачалася вайна, Аляксандру Бабкову, сыну аднаго з ваенналужачых Брэсцкай крэпасці, было пяць гадоў. З самага ранку хлопчык быў пабуджаны жудасным грукатам. Бацькі ў спешцы збіраліся. Схапіўшы яго і маленькую сястрычку, яны выбеглі з дома і схаваліся пад навесам склада з бочкамі. Раптам туды ўляцела граната. Як сын вайскоўца, хлопчык ведаў, што ў такіх сітуацыях трэба рабіць: ён паклаў галаву на бацьку, які ўжо ляжаў на зямлі з перабітымі нагамі, і закрыў галаву рукамі. У лічаныя хвіліны загінула ўся яго сям'я. Хлопчык застаўся адзін...

— Як гэта ні дзіўна, выратаваў яго нямецкі салдат, — расказвае загадчыца аддзела ваенна-франтавой гісторыі Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Святлана ПРЫБЫШ. — Пакуль ён нёс дзіця на руках, хлопчык пачаў яму расказаваць, дзе яны жылі, як забіла маці, сястру, бацьку. Ён тады яшчэ не ведаў, што гэта немец. Той занёс параненага хлопчыка на перавязачны пункт. Потым Аляксандра адправілі ў шпіталь, дзе без наркозу зрабілі аперацыю. Саша Бабкоў вайну перажыў. Сімвалічна, што калі ён дасылаў свае ўспаміны ў музей, то з'яўляўся студэнтам Мінскага медыцынскага інстытута.

Таня Дыла перад вайной скончыла 9 класаў 4-й школы Мінска. Дзяўчынка марыла аб тым, як яна весела правядзе летнія канікулы са сваімі сябрамі. Аднак лёс распарадзіўся інакш... 22 чэрвеня ўсю раніцу яна правяла ў садзе: даглядала за кветкамі, агародам, загарала — і раптам страшная навіна. Дзяўчына не магла ў гэта паверыць: ім заўсёды казалі, што калі і будзе вайна, то адназначна не на нашай тэрыторыі. Таня верыла ў тое, што яшчэ некалькі дзён — і ўсё будзе як раней. Аднак па-ранейшаму ўжо не будзе ніколі...

Увечары, па яе ўспамінах, у горадзе пачалі з'яўляцца бежанцы з прыгранічных раёнаў. Галодныя, знясіленыя, брудныя, яны размяшчаліся на лаўках у парку, каля Дома афіцэраў. Бяда ў Мінск прыйшла з першай масіраванай бамбардзіроўкай. Многія людзі хаваліся ў падвалах, якія сталі іх магіламі: дамы гарэлі, падалі, і выбрацца адтуль ужо было немагчыма.

Ця­рэс­паль­ская ве­жа Брэсц­кай крэ­пас­ці пас­ля ба­ёў 1941 го­да.

Бацька Таццяны з'яўляўся загадчыкам ясляў-ізалятара № 43 у Мінску. Горад гарэў, дзяцей трэба было эвакуіраваць. Аднак ніякіх указанняў не паступала, і тады Пётр Дыла ўзяў усю адказнасць на сябе. Урач спыніў на дарозе грузавік і папрасіў кіроўцу забраць дзяцей. Той не пагаджаўся: у яго была пуцёўка на вываз тавара з нейкага склада. Аднак пад напорам Пятра Дылы ён здаўся: дзяцей пагрузілі ў кузаў. Так яны выехалі з палаючага Мінска. Таццяна таксама была ў гэтай машыне.

У іх быў доўгі шлях у эвакуацыю. Спачатку Пётр Дыла планаваў спыніцца ў Смаленску, але горад гарэў. Яны дабраліся да Куйбышаўскай вобласці, дзе і перажылі вайну, — так адзін доктар выратаваў жыцці больш чым 60 дзяцей. Пасля вайны яны ўсе вярнуліся ў Мінск. Многім з іх Пётр Дыла праз аб'явы ў газетах дапамог знайсці бацькоў.

З Нінай Сакаловай, якая разам з маці і сястрой арганізоўвала эвакуацыю племяннога статка калгаса «Пралетарская Перамога» Веткаўскага раёна, аўтар гэтай публікацыі была знаёма асабіста. Адказнай за эвакуацыю 700 кароў, 300 авечак і 14 коней была яе маці, Пелагея Барадзіна — перадавік гаспадаркі, гераіня тагачасных газет. Фарміравала брыгаду таксама яна. Усяго — 14 чалавек: дзесяць камсамольцаў-падлеткаў і чатыры жанчыны.

Рухаліся па прыфрантавых і тылавых дарогах. Летам пераадольвалі па 20 кіламетраў у дзень, позняй восенню і зімой не праходзілі і пятнаццаці. Іх дахам стала неба, а ложкам — трава. Вельмі цяжка было знаходзіць дзённыя і начныя стаянкі для жывёл, забяспечваць іх кормам і вадой. Малако яны здавалі дзяржаве на прыдарожных пунктах, а таксама аддавалі параненым салдатам.

«У нас было цыганскае жыццё, ды і жылі мы горш, чым цыгане, — расказвала Ніна Сакалова. — У іх быў брызент, а мы ўвесь час — пад адкрытым небам: і ў спякоту, і ў дождж. Аднойчы паглядзелася ў люстэрка: твар быў увесь чорны ад пылу».

Пяць месяцаў у дарозе. Пяць пройдзеных абласцей: Гомельская, Арлоўская, Курская, Варонежская і Саратаўская. Шлях даўжынёй у паўтары тысячы кіламетраў. Амаль уцалелы статак. І ўсё гэта дзякуючы 14 чалавекам — жанчынам і падлеткам. Ці не подзвіг?! Аднак узнагарод удзельнікі эвакуацыі так і не атрымалі... Толькі галоўнай для іх узнагародай стала жыццё — уся сям'я Барадзіных (маці Пелагея з дочкамі Нінай і Раісай, сын Пётр, які прайшоў усю вайну) сустрэліся ў роднай Ветцы і разам адбудавалі дом.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва Белдзяржмузея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Загаловак у газеце: Той самы доўгі дзень...

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.