Вы тут

Унучка камандзіра Чырвонай Арміі, сям'ю якога ратавалі вяскоўцы пад Брэстам, прыехала пакланіцца магілам ратавальнікаў


Марына доўга чакала гэтай сустрэчы, рыхтавалася, наладзіла перапіску з кіраўнікамі мясцовай улады, па крупінках збірала сведчанні і факты. Збіралася прыехаць летась, нават білет на самалёт узяла, але пандэмія памяняла ўсе планы. Ды сёлета вырашыла цвёрда: паедзе. Прымеркавала водпуск да чэрвеньскіх памятных дзён, каб пабываць заадно ў Брэсце. З Марынай мы таксама пазнаёміліся па перапісцы. І вось едзем разам у Мачулішча да людзей і магіл…


Пекла першых дзён вайны

Марына Гуранда — унучка лейтэнанта Чырвонай Арміі Рыгора Папова, які з 1940 года служыў на адной з застаў прыкладна за сорак кіламетраў ад Брэста. 22 чэрвеня 1941-га, калі тэрыторыю пачалі бамбіць, пачаўся гэты пякельны вэрхал, Папоў тэрмінова адбыў у часць. Болей мужа і бацьку яны не ўбачылі. А яго маладая жонка Праскоўя і чацвёра дзяцей — два хлопчыкі і малодшыя дзяўчынкі-двайняты — засталіся. Потым ужо праз многа гадоў бабуля ёй расказвала, што малодшыя дзеці перанеслі жах першага дня лягчэй, бо мала што разумелі. А ў старэйшага, 10-гадовага Сашы, ад страху здарылася нешта, падобнае на нервовы прыпадак. Хлопчык упаў на падлогу, стаў біцца ў істэрыцы. Яго доўга не маглі падняць. Наступствы адчуваліся ўсё далейшае жыццё, Аляксандр меў слабае здароўе і вельмі рана памёр. Можна сказаць, што гэта яшчэ адна ахвяра вайны, нідзе не ўлічаная.

Што перажыла гэтая жанчына з дзецьмі на руках, цяжка нават уявіць. Але ўсё сваё далейшае жыццё памятала добрых людзей з беларускай вёскі, якія на некалькі гадоў сталі ёй самымі блізкімі. Сям'ю Паповых, як  і многія сем'і вайскоўцаў, тады забралі ў лагер для прымусовых перасяленцаў у Чарнаўчыцах Брэсцкага раёна. Жыццё ў гэтым гета было жудасным, харчоў фактычна не было. Дзеці хадзілі па ваколіцы і жабравалі.

Большасць насельнікаў гета складалі яўрэі, былі і камандзірскія сем'і любых нацыянальнасцяў. І Паповы, несумненна, падзялілі б лёс іншых вязняў гета, каб не Клім Абрамук і яго сям'я. Ён скарыстаўся тым, што праз некаторы час жыхарам дазволілі браць людзей з лагера на работу. Адразу паехаў у Чарнаўчыцы за сваімі былымі кватарантамі, да вайны яны здымалі пакой у яго хаце. Так Праскоўя і дзеці зноў вярнуліся ў Мачулішча. Але, паводле правілаў, іх зноў трэба было вяртаць у лагер. І немцы некалькі разоў забіралі жанчыну з дзецьмі ў гета. Клім са сваім бацькам зноў прыязджаў у Чарнаўчыцы і нейкім чынам зноў вызваляў сям'ю, улагоджваў паліцаяў салам або самагонкай. Потым кіраўніцтва лагера ды і ахоўнікі мяняліся, і пра Паповых, відаць, забыліся. Усю вайну Праскоўя Папова пражыла з дзецьмі ў Мачулішчы. Жыла некаторы час і пасля, бо не магла нічога даведацца пра мужа, пра іншых сваякоў, што заставаліся ў Расіі.

Беларускі дзед Клім

У вёсцы яе называлі лейтэнанткай, паважалі за працавітасць. Каб пракарміць дзяцей, хадзіла па хатах, наймалася да гаспадароў у суседніх вёсках: жыта жала, бульбу капала, агарод палола, ніякай работы не цуралася.

Марына Гуранда (у цэнтры) з Уладзімірам і Верай Казырамі.

Недзе ў 1949 годзе ўсё ж прыняла рашэнне вяртацца ў родныя мясціны і выехала ў Ніжні Ноўгарад, тады Горкі. Пра мужа, які лічыўся прапаўшым без вестак, яна атрымае праз многа гадоў дакумент аб тым, што Папоў Рыгор Іванавіч загінуў 31 жніўня 1943 года у Ярцаўскім раёне Смаленскай вобласці. Але інфармацыя акажацца не зусім дакладнай, унучка Марына высветліць тое ўжо ў ХХІ стагоддзі, ды пра гэта крыху пазней.

Праскоўя ж будзе перапісвацца з Клімам Абрамуком усё жыццё, лічыць яго сям'ю выратавальнікамі свайго роду, у гэтым ключы выхавае сваіх дзяцей і ўнукаў. Пры жыцці яны яшчэ некалькі разоў сустракаліся. У Мачулішча прыязджала пазней і дачка Праскоўі Святлана са сваёй сям'ёй, яе тут прывячалі дочкі Кліма — Надзя і Ніна. А потым старэйшыя сышлі з жыцця, пісьмы перасталі прыходзіць, сувязі парушыліся. І вось Марына, дачка Святланы і ўнучка Праскоўі, вырашыла аднавіць сувязі і памяць, наведаць гэтыя мясціны, пакланіцца магілам. Зрабіла гэта найперш для сваіх дзяцей і ўнукаў. Яе ўнучкі, юныя масквічкі, таксама ведаюць, што ў далёкай і незнаёмай ім Беларусі жыў дзед Клім, чалавек з вялікім сэрцам, які ў вайну ратаваў сям'ю іх прабабулі.

Белы голуб на дарозе

Чаму засталіся толькі магілы? Рэч у тым, што ў Кліма Абрамука прамых спадчыннікаў не засталося. Надзея і Ніна, нявесты пасляваенных гадоў, замуж не павыходзілі, дзяцей не мелі. Ніна Клімаўна жыла ў доме, які пабудавалі на месцы былога бацькоўскага. Напрыканцы жыцця яна перапісала дом на знаёмых людзей, што падтрымлівалі яе ў старасці. Яны і даглядалі магілы. Дом, праўда, ужо некалькі гадоў таму прадалі іншым людзям.

А калі мы пад'язджалі да вёскі, кіламетраў за восем да яе, на пустую ў гэты час дня шашу раптам апусціўся белы дзікі голуб. Яны нашмат большыя за гарадскіх галубоў. Птушка з'явілася нечакана, невядома адкуль, на імгненне апусцілася на дарогу, а потым узляцела перад самым лабавым шклом машыны і знікла... Гэта было так нечакана і так шчымліва, што ў мяне не адразу рот адкрыўся, каб загаварыць. «Нехта з іх нас сустракае, Клім або адна з дачок яго», — справіўшыся з камяком у горле, вымавіла нарэшце Марына.

Потым на могілках яна кранала іх сціплыя абеліскі, гаварыла, што раскажа маме і бабулі на іх магілах, як была тут, як яшчэ раз дзякавала за выратаванне, як стаяла на месцы іх былой хаты. Мы са Сняжанай Хомкай, кіраўніком справамі Агародніцкага сельскага Савета, з цяжкасцю стрымлівалі слёзы.

Слёзы былі і потым, калі заехалі ў Зарэчча да Уладзіміра і Веры Казыраў. Аказалася, што Уладзімір Якаўлевіч памятае дочак лейтэнанткі Праскоўі — двайнятак Тамару  і Свету Паповых, бо хадзіў з імі ў адзін клас.

На могілках Абрамчукоў.

А калі даведаўся, што перад ім дачка адной з былых яго аднакласніц, 85-гадовы чалавек слёз не стрымліваў. «Хай будзе праклятая тая вайна», — прамаўляў дзядуля, і плечы яго трэсліся. Крыху супакоіўшыся, ён расказаў, што ў памяці засталіся сціплыя дзяўчынкі, добрыя і старанныя, беднавата апранутыя: «Мы ведалі, што гэта дочкі савецкага афіцэра, які загінуў у першыя дні вайны. Перад вайной у нашай памежнай зоне часці стаялі, у вёсках афіцэры з сем'ямі жылі».

Для нашчадкаў — цяперашніх і будучых

Афіцэр Карчагін змог сям'ю ўратаваць, а Папоў не паспеў. І яго сям'ю ратавалі іншыя, чужыя людзі. Увесь час гэтай асаблівай сустрэчы не пакідала думка пра тое, што, можа, гэта і ёсць прадвызначэнне гэтых людзей: калі не выпаў лёс прадоўжыць свой род, яны дапамаглі захаваць жыццё іншаму роду, які працягваецца. Удава афіцэра-франтавіка ўзняла на ногі чацвярых дзяцей, усе выраслі, атрымалі адукацыю, сталі прыстойнымі людзьмі. Святлана Таланава (Папова), дачка Рыгора і Праскоўі, шмат гадоў працавала кавалём-штампоўшчыкам на Горкаўскім аўтазаводзе, узнагароджана ордэнам Леніна, ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі. Яе сям'я жыла разам з маці, таму ў іх збіраліся на святы ўсе астатнія. І Праскоўя абавязкова згадвала Кліма Абрамука. За сталом спявалі беларускія песні. Марына ўспомніла любімую бабуліну: «Каля грэблі шумяць вербы». Цяпер У Расіі жывуць унукі, чацвёра праўнукаў і трое прапраўнукаў Рыгора і Праскоўі. Род працягваецца.

Марына Гуранда, інжынер-механік, працуе на адным з заводаў. Яна ж займаецца сямейным летапісам. Некалькі гадоў пісала запыты ў розныя архівы, высветліла, што акрамя яе дзеда быў яшчэ адзін лейтэнант Папоў Рыгор Іванавіч. У іх толькі імя па бацьку жонак адрознівалася. Магчыма, ім прыслалі звесткі пра таго Папова. А дзед, паводле меркавання Марыны, хутчэй за ўсё загінуў у тым пекле першых дзён вайны. Яна сабрала шмат дакументаў, звестак, нават вырабіла невялікі буклет, прысвечаны бабулі з дзедам і іх беларускім выратавальнікам. Гаворыць, што робіць гэта ў іх памяць, у памяць сваёй мамы дзеля сваіх нашчадкаў, цяперашніх і будучых, каб помнілі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: І слёзы, і радасць.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.