Вы тут

ЦТ — жывы арганізм. Тэсты пастаянна ўдасканальваюцца, але іх складанасць не змяняецца


Абсалютны вынік — 100 балаў — атрымалі на цэнтралізаваным тэсціраванні сёлета 379 чалавек па 13 вучэбных прадметах (летась — 323). З іх двойчы па сто балаў здолелі набраць 24 абітурыенты (у 2020 годзе такіх было 15 чалавек). Да трох стабальных сертыфікатаў ніхто не дацягнуў, хоць былі абітурыенты, якія набралі ў суме 298 балаў. І 355 абітурыентаў атрымалі 100 балаў па адным вучэбным прадмеце. Такім чынам, усяго ў гэтым годзе было выдадзена 403 стабальныя сертыфікаты.


Самая вялікая колькасць стабальных вынікаў у абітурыентаў, якія здавалі ЦТ у асноўныя дні, была на выпрабаванні па замежных мовах (88, з іх па англійскай — 64), біялогіі (76), рускай мове (65), фізіцы (45) і беларускай мове (40). Хоць дзеля аб'ектыўнасці трэба ўсё ж такі браць пад улік масавасць таго ці іншага прадмета. Напрыклад, на рускую мову зарэгістраваліся 50,8 тысячы абітурыентаў, а на беларускую — 17,9 тысячы.

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі ў БелТА намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Наталля ВАЙЦЯХОВІЧ, у гэтым годзе на ЦТ зарэгістраваліся 62,6 тысячы чалавек, а прынялі ўдзел у ім — больш за 60 тысяч. За розныя парушэнні былі выдалены 11 чалавек ( з улікам рэзервовых дзён). Не прайшлі тэсціраванне па медыцынскіх паказаннях — 16.

Самымі запатрабаванымі прадметамі на ЦТ у 2021 годзе былі руская мова (на яе зарэгістраваліся больш як 50 тысяч абітурыентаў) і матэматыка (больш як 32 тысячы). А сярод замежных моў лідзіравала англійская.

— Сёлета нас парадавала як арганізацыя ЦТ, так і вынікі абітурыентаў, — падкрэсліла Наталля Вайцяховіч. — Другі год тэсціраванне праходзіць ва ўмовах пандэміі. Яшчэ да моманту рэгістрацыі і старту ЦТ праводзілася актыўная работа па яго арганізацыі ў пунктах правядзення з захаваннем усіх мер бяспекі. З задавальненнем канстатую, што абітурыенты сталі больш адказна рыхтавацца да праходжання экзамена. Для нас, як для ўстановы, якая займаецца распрацоўкай тэстаў, наяўнасць стабальных вынікаў з'яўляецца яшчэ адным пацвярджэннем таго, што тэсты адпавядаюць праграме ўступных выпрабаванняў і навучальным праграмам. Калі мы паглядзім на абітурыентаў, якія дасягнулі высокіх вынікаў, то сярод іх не толькі выпускнікі гімназій і ліцэяў, але і звычайных школ. Многія з іх рыхтаваліся самастойна, і тыя стымулюючыя заняткі, якія праходзяць ва ўстановах адукацыі ў перадэкзаменацыйны перыяд, таксама далі станоўчыя вынікі.

Цэнтралізаванае тэсціраванне ўдасканальваецца з году ў год. Сёлета абітурыентам быў прапанаваны зменены фармат тэсту: змянілася агульная колькасць заданняў, таксама адбылося пераразмеркаванне заданняў паміж часткамі А і B. Колькасць адкрытых заданняў без варыянтаў адказу па шэрагу прадметаў павялічылася. Павялічылася і колькасць дыстрактараў (варыянтаў адказаў) у закрытых заданнях — з чатырох да пяці. Але складанасць тэстаў пры гэтым не змянілася.

«ЦТ — гэта жывы арганізм, — разважае Наталля Вайцяховіч. — У нас мяняюцца лінейкі падручнікаў. І мы павінны арыентавацца на абітурыентаў, якія вучыліся па іх. Напрыклад, мы не можам даць заданне ў тэсце па матэрыяле, які даваўся ў падручніку толькі для азнаямлення. У нас ёсць праграма ўступных выпрабаванняў, заснаваная на вучэбных праграмах, і мы павінны строга яе прытрымлівацца.

Матэрыялы ЦТ пастаянна ўдасканальваюцца: з'яўляюцца новыя формы заданняў, заданні з невербальнай падтрымкай, практыка-арыентаваныя заданні. Усё нацэлена на тое, каб абітурыент пры рабоце над тэстам не проста дэманстраваў тэарэтычныя веды, але і паказаў, як ён можа іх прымяняць.

Змяніўся ў гэтым годзе і знешні выгляд бланка адказаў. Ён быў адаптаваны пад тую колькасць заданняў, якія ёсць у тэсце. Разам з тым мы паклапаціліся пра абітурыентаў, якім трэба адмяніць памылковы адказ. Калі раней у бланку адказаў у частцы В можна было выправіць толькі дзве свае памылкі, то цяпер дазволена ўносіць да чатырох карэкціровак. І шэсць правак па-ранейшаму дазваляецца ўносіць у частцы А. Гэта дадаткова павялічыла шанцы абітурыентаў на паспяховую здачу экзамена».

«Тэсты гэтага года паступяць у продаж ужо ў жніўні, — праінфармавала намеснік дырэктара Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў. — У нас ёсць прынцып: праходзіць ЦТ па прадмеце — і ў гэты ж дзень мы аддаём у выдавецтва яго матэрыялы. Мы самі зацікаўленыя ў тым, каб як мага хутчэй не толькі патэнцыяльныя абітурыенты — выпускнікі наступнага года, але і абітурыенты гэтага года маглі ўбачыць тэсты, з якімі яны працавалі, і прааналізаваць свае памылкі».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.