Вы тут

Суровы, строгі, велічны


Гістарычныя звесткі пра касцёл святой Барбары ў вёсцы Замосце Слуцкага раёна вельмі скупыя. Вядома, што будынак быў фундзіраваны ў 1620 годзе (па іншых звестках — у 1649-м ) мясцовым шляхцічам Андрэем Самуілам Вінкам-Ратамскім, а пазней, у тым жа XVІІ стагоддзі, пры ім была місія езуітаў.


Даследчыкі лічаць, што будынак мог быць узведзены мясцовымі непрафесійнымі дойлідамі: на гэта ўказваюць адыход ад восевай сіметрыі, некананічная аб'ёмна-прасторавая пабудова, увядзенне ў муроўку буйных валуноў, адсутнасць выразных стылёвых рыс. Будынак складаецца з квадратнага ў плане асноўнага аб'ёму, асіметрычна ссунутай адносна падоўжнай восі храма пяціграннай апсіды і высокага першага яруса вежы-званіцы, якая не захавалася. Незвычайна, пад вуглом, да апсіды далучаны нізкія сакрыстыі. Высока ўзнятыя арачныя аконныя праёмы, магутнае канструкцыйнае рашэнне, простыя двухсхільныя дахі надаюць храму абарончы характар.

Гісторыка-стылістычны аналіз дазваляе меркаваць, што першапачаткова гэта быў, верагодна, кальвінісцкі збор. У гэтым пераконвае яшчэ і тое, што ў першай палове XVІІ стагоддзя (да 1669 года) удзельным Слуцкім княствам валодаў князь Багуслаў Радзівіл, кіраўнік евангелісцкай абшчыны ў Вялікім Княстве Літоўскім, таму з'яўленне місіі езуітаў пад Слуцкам раней за другую палову XVІІ стагоддзя малаверагоднае, адзначаюць гісторыкі.

Асаблівасцю храма з'яўляецца незвычайнае вырашэнне алтарнай часткі ў выглядзе гранёнай апсіды з моцна скошанымі бакавымі гранямі, у выніку гэтага ўнутры яна прасторава зліваецца з кафаліконам — малітоўнай залай храма. У апсідзе фрагментарна ўцалела цыліндрычнае скляпенне, дэкарыраванае ромбападобным сеткавым арнаментам з нізкім рэльефам лепкі. У галоўным алтары
знаходзілася карціна мастака Сымона Чаховіча «Укрыжаванне». Інтэр'ер храма захаваў архаічна суровую архітэктурную трактоўку, адзначаюць даследчыкі культавай архітэктуры.

Ёсць сведчанні, што некаторы час у канцы XVІІІ стагоддзя ў будынку касцёла быў уніяцкі храм у гонар Прасвятой Багародзіцы. 1 чэрвеня 1795 года каменная царква ў Замосці была далучана да праваслаўя і разам з ёю прыходскія вёскі. Праваслаўным храм заставаўся на працягу васьмі наступных гадоў, да 1802 года ўключна. Пасля будынак быў перададзены католікам і зноў стаў касцёлам.

У 1865 годзе ён быў пераасвячоны ў праваслаўную царкву. Пасля 1920 года выкарыстоўваўся як культурная і гаспадарчая ўстанова. 3 1993 года касцёл пасля рэстаўрацыі паводле праекта архітэктара В. Кондраля дзейнічае зноў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Анатоля КЛЯШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.