Вы тут

Беларускія барцы-алімпійцы вярнуліся дадому


У нядзелю, 8 жніўня, дадому вярнуліся прызёры Алімпійскіх гульняў, якія прынеслі ў медальную скарбонку Беларусі найбольшую колькасць узнагарод — беларускія барцы. Сустракаць Ірыну Курачкіну, Ванэсу Каладзінскую і Магамедхабіба Кадзімагамедава ў аэропорт прыехалі спартыўнае кіраўніцтва, аматары, журналісты, і канешне, трэнеры і блізкія людзі.


«Да гэтага часу думаю аб тым, што не атрымалася ў паўфінале. Напэўна, справа ў тым, што ў канцы паядынку я задумалася пра час — колькі засталося. Лішняя думка наогул не павінна прысутнічаць. Трэба быць максімальна сканцэнтраванай», — падзялілася Ванэса Каладзінская, бронзавы прызёр Алімпіяды.

Яшчэ адзін уладальнік «бронзы» Магамедхабіб Кадзімагамедаў расказаў, журналістам, што крыху засмучаны сваім вынікам: «Вельмі рады, што выступаю за Беларусь, зарабляю медалі. У мяне ёсць свае прынцыпы і мэты, задачы, да якіх імкнуся. Гэта золата. Я ехаў за залатым медалём»

А ў сярэбранага прызёра Ірыны Курачкінай настрой быў адваротны. «Мы не разлічвалі, а змагаліся. Атрымалася як атрымалася — у мяне срэбны медаль. Я лічу, што гэта ўзнагарода Я шчаслівая. Сёння серабро, буду імкнуцца да большага. Гэта дастойная ўзнагарода за праведзеную намі працу. Вялікая колькасць людзей дапамагалі», — падзялілася яна з журналістамі.

Перажываць цяжэй, чым выступаць

Старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Алім Селімаў прызнаўся, што вынікам задаволены, бо ў планах было два медалі.

«Добра, што Усявышні быў з намі ў гэты дзень. Нам вельмі прыемна, што наш від спорту папоўніў медальную скарбонку краіны трыма медалямі. Перажываць за спартсменаў цяжэй, чым выступаць самому. Сам на працягу цыкла псіхалагічна рыхтуешся, зараджаны, нервы нацягнутыя, як струны. Кіраўнік у прынцыпе таксама. Я кірую федэрацыю некалькі месяцаў, але сачу за спартсменамі, пережываю. Ведаю адваротны бок гэтых медалёў, праз што дзецям прыходзіцца праходзіць. Вядома, я вельмі хваляваўся, седзячы ля экрана тэлевізара. Сэрца проста выскоквала», — расказаў ён.

Па словах старшыні федэрацыі, асабліва яму запала ў душу выступленне Ванесы Каладзінскай. «Пасля яе паразы ў паўфінале не толькі я прыходзіў у сябе цэлы дзень. Гэтая прыкрая памылка адыграла велізарную ролю. Яна пазбавілася фіналу, але змагла сабрацца. Бронза мае смак золата — усё ж у паядынку за гэты медаль спартсмен стаў пераможцам. Серабро — іншае. У яго ёсць невялікі прысмак горычы. Але мы вельмі рады за спартсменаў, за ўвесь наш беларускі спорт, асабліва цяпер, калі перамогі нам патрэбныя на ўсіх франтах», — падзяліўся Алім Селімаў. Ён паабяцаў, што федэрацыя, спартсмены і трэнеры будуць рабіць усё магчымае, каб павялічваць або як мінімум утрымацца на гэтай планцы на Гульнях у Парыжы.

На Алімпіядзе няма слабых, тут усё вырашаюць секунды

Галоўны трэнер зборнай Беларусі па жаночай барацьбе Алег Райхлін расказаў, што вынікамі Алімпійскіх гульняў таксама задаволены. «Я разлічваў, што кожная, якая едзе мае права на перамогу. Сваімі вынікамі, якія яны паказвалі напярэдадні Алімпійскіх гульняў, яны гэта пацвердзілі. Таму ў Токіа ехалі тыя, хто прайшоў праз вельмі жорсткі адбор, спартсмены з найвышэйшым вынікам. Яны выйгралі адборачныя турніры», — расказаў ён.

Але, па словах, Алега Райхліна, яму крыўдна за Васілісу Маразалюк, якая засталася без алімпійскага медаля. «У двух паядынках усё было ў яе руках. Яна 2: 1 прайграла немцы, але чэмпіёнка свету. Але і Васілісу мы ўзялі не з пясочніцы і сказалі змагацца. А з кітаянкай, там, напэўна, псіхалагічная нагрузка адбілася таксама 2: 1. Ніхто з барцоў, якія ўвайшлі ў прызёры Алімпіяды з такім мінімальным вынікам не прайгрывалі. Я не магу ёй зрабіць ніякага папроку. Але крыўдна». — падзяліўся трэнер.

Алег Якаўлевіч расказаў таксама, якім быў шлях Ванэсы Каладзінскай да алімпійскага медаля — нараджэнне сына, хваробы, перамогі і правалы на буйных стартах, каранавірус. «Правільна сказаў Павел Баранаў, за трэцяе месца не прыніжэнне, гэта прывілей змагацца. Я сам гляджу, мне з цяжкасцю здаецца, ці змог я пасля такой паразы так змагацца. Я вельмі ўдзячны Сяргею Смалю, які быў з ёй поббач там побач. Я лічу, што я прыняў правільнае рашэнне, калі сваё месца аддаў Сяргею. Я сказаў: „Ванэсе гэтыя тры дні патрэбен будзеш ты“. Мы з ёй размаўлялі ў шэсць гадзін раніцы. Я спытаў, Ванэса ты ведаеш, дзеля чаго ты паехала. Яна кажа, што ведаю. Я ж яе калісьці назваў Пітбуль. І яна паабяцала, што ўсё зробіць. І такі паядынак шыкоўны проста», — паведаміў ён.

«Мы ўсе рады за Іру. Усе, хто мог узяць медаль, гэта зрабіў. Для нас, для краіны, для сябе. Я імі ганаруся, гэтак жа як трэнерамі, і спартсменамі, якія дапамагалі нам у падрыхтоўцы. Гэта вынік вялікай каманднай працы, індывідуальна трэнераў і праца каманды. І ў нас моцнае маладое пакаленне. Я можа гэта пафасна кажу, але за спіной у нас вельмі моцныя дзяўчынкі — прызёры чэмпіянатаў свету ва ўсіх узроставых групах. 23 гады — бліжэйшы рэзерв, чэмпіянат Еўропы і чатыра медалі. Кадэты, юніёры ёсць. Мы не Кітай мы не гонімся за колькасцю, але за якасцю», — канстатаваў Алег Райхлін.

Галоўны трэнер падкрэсліў, што вялікі ўклад у падрыхтоўку спартсменак унесла трэнер-псіхолаг нацыянальнай каманды па жаночай барацьбе Таццяна Зубовіч. Яна расказала, над чым канкрэтна працавала з дзяўчатамі.

«Працавалі над развіццём іх псіхаматорных якасцяў, над хуткасцю прыняцця рашэнняў. Каб яны былі хутчэй сваіх сапернікаў, хутчэй іх прымалі рашэнне. Таму што гэта Алімпіяда а і тут ужо няма слабых, і ўсё вырашаюць секунды. І мая задача заключалася ў тым, каб нашы дзяўчынкі хутчэй размяркоўвалі, пераключалі сваю ўвагу і апярэджвалі сваіх сапернікаў», — расказала псіхолаг.

Як паказала японская Алімпіяда, гэта праца была не марнай.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА


Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.