Вы тут

Чаму навіна аб допуску беларусаў на Алімпійскія гульні не такая добрая, як здаецца


Ад Міжнароднага алімпійскага камітэта нарэшце сталі прыходзіць добрыя навіны. Тыдзень таму выканкам МАК дапусціў беларускіх і расійскіх спартсменаў да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года, якія пройдуць у Парыжы. Прэзідэнт МАК Томас Бах вельмі красамоўна заяўляў, што спартсмены не павінны пакутваць з-за дзеянняў сваіх урадаў. Кіраўнік арганізацыйнага камітэта Гульняў Тоні Эстанге запэўніўваў, што ў французскай сталіцы будуць вельмі радыя бачыць беларусаў. Прайшоў тыдзень, але радасці ад гэтай навіны няма, мабыць, ні ў кога. Разбяром, чаму ад такой доўгачаканай добрай навіны становіцца сумна. 


Сам факт таго, што беларусаў дапускаюць да ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях — зусім не галоўнае ў гэтым паведамленні. Тут варта звярнуць увагу на мноства «але» ці як называе гэта МАК «умовы допуску». Так, у заяве МАК сказана, што ў Парыжы беларускія і расійскія спартсмены будуць спаборнічаць як індывідуальныя нейтральныя спартсмены. Прадстаўнікі камандных відаў спорту ў ніякім статусе не змогуць выступіць на Алімпіядзе. Спартсмены, якія заключылі кантракт з расійскімі або беларускімі ваеннымі або органамі нацыянальнай бяспекі, не будуць дапушчаны да ўдзелу ў спаборніцтвах Для допуску да спаборніцтваў любы спартсмен павінен адпавядаць усім антыдопінгавым патрабаванням, якія прымяняюцца да іх напярэдадні і падчас Алімпійскіх гульняў 2024 года. У Парыжы будуць забаронены сцягі, гімны, нацыянальныя колеры і любая іншая сімволіка Беларусі і Расіі. Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі назваў гэтыя ўмовы дыскрымінацыйнымі. «Перакананы, што для захавання цэласнасці алімпійскага руху найхутчэйшае выкараненне любой няроўнасці ў спорце максімальна адпавядае інтарэсам самога МАК», — сказана ў афіцыйнай заяве НАК Рэспублікі Беларусь.

Зараз алімпійскую ліцэнзію маюць чатыры беларускіх спартсмены. У верасні на чэмпіянаце свету па барацьбе іх атрымалі Ванэса Каладзінская і Абубакар Хаслаханаў. Ванэса Каладзінская на Алімпіядзе ў Токіа стала бронзавым прызёрам, затым нарадзіла другое дзіця, прыйшла ў форму і сёлета на чэмпіянаце свету заваявала сярэбраны медаль. Гэта дасведчаная спартсменка, якой, здаецца, па плячы ўсё. Абубакар Хаслаханаў — прадстаўнік маладога пакалення беларускай школы грэка-рымскай барацьбы. У жніўні выйграў ІІ Гульні краін СНД, а ў верасні заняў пятае месца на чэмпіянаце свету. Чэмпіянат свету па акадэмічнаму веславанню прынёс Яўгену Залатому не толькі залаты медаль, але і пуцёўку на Алімпійскія гульні. 

Таксама на Алімпійскія гульні — 2024 паедзе плыўчыха Анастасія Шкурдай, якая ў кастрычніку заваявала серабро на этапе Кубка свету ў Будапешце. А 15 снежня яна перамагла на турніры Gyor Open, які з’яўляецца кваліфікацыйным да Алімпійскіх гульняў і чэмпіянату свету. На міжнародных стартах у нейтральным статусе працягваюць выступаць Ілья Шымановіч і Аліна Змушко. Днямі камісія Міжнароданй федэрацыя плавання дапусціла яшчэ трох спартсменаў да ўдзелу ў міжнародных стартах. Таму колькасць алімпійскіх ліцэнзій у плыўцоў можа павялічыцца. 

«Тое, што без сімволікі (без сцяга, без гімна і іншага), — гэта дрэнна. Але гэта не катастрофа. У сапраўднага спартсмена з сэрца сцяг і гімн не вырвеш. Яны ў сэрцы павінна быць, калі гэта сапраўдны спартсмен. Калі ён скача, бегае і гуляе, ён павінен разумець, што ён гуляе перш за ўсё для людзей», — год таму адзначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, прымаючы з дакладам міністра спорта і турызму.

Аднак нават і без сцяга і гімна, далёка не ўсе беларускія спартсмены змогуць выступіць на радасць людзям. Міжнародны алімпійскі камітэт і міжнародныя спартыўныя федэрацыі, як так любяць казаць пра падтрымку спартсменаў, гэтаму пасадзейнічалі. 

Напрыклад, для тэнісістаў галоўны крытэрый адбору на Алімпійскія гульні — пазіцыя ў рэйтынгу. Згодна з правіламі, кожная краіна на спаборніцтвы ў адзіночным разрадзе можа прадставіть не больш за чатыры спартсмены (па чатыры ў мужчынскім і жаночым), а таксама па дзве мужчынскія і жаночыя пары і адну каманду ў міксце. Акрамя таго, тэнісісты, каб адабрацца на Алімпійскія гульні, павінны ўдзельнічаць у Кубку Дэвіса і Кубку Білі Джын Кінг. А беларускіх спартсменаў Міжнародная федэрацыя тэніса адхіліла ад удзелу ў гэтых спаборніцтвах. Такім чынам, Арына Сабаленка, якая займае другі радок у сусветным рэйтынгу, на Алімпіядзе выступіць не зможа. Праўда, ёсць магчымасць атрымаць уайлд-кард ад Міжнароднай тэніснай федэрацыі, але, зразумела, што сёння гэта амаль немагчыма. 

Сярод лёгкаатлетаў кваліфікацыйны нарматыў для ўдзелу ў Гульнях выканала Ірына Жук, якая займаецца скачкамі з шастом, Карына Дзямідзік, якая скача ў вышыню, і Эльвіра Грабарэнка, чыя спецыялізацыя — бег з бар’ерамі. «Магчыма, вы ўбачыце нейкіх нейтральных атлетаў з Расіі і Беларусі на Алімпіядзе ў Парыжы, але толькі не ў лёгкай атлетыцы. Пазіцыя ў нашым відзе спорту не змянілася, яна ўстойлівая, яе прыняў выканкам, савет яе прытрымліваецца. Яна практычна аднагалосна падтрымліваецца атлетычнай сям’ёй», — заявіў кіраўнік Сусветнай лёгкаатлетычнай асацыяцыі (World Athletics) Себасцьян Коэ. Так адным выступленнем чалавек, які кажа пра лёгкаатлетчную сям’ю, перакрасліў чатыры гады працы трох моцных спартсменак. 

Міжнародная федэрацыя веславання дапусціла беларускіх спартсменаў да міжнародных стартаў. Нашы спартсмены збіраліся на чэмпіянат свету па веславанні на байдарках і каноэ, які летам праходзіў у Германіі. Але беларускую заяўку адхілілі арганізатары турніру з-за «немагчымасці забяспечыць бяспеку». А на тым чэмпіянаце разыгрываліся амаль усе ліцэнзіі. Такім чынам, адабрацца ў Парыж у беларускіх байдарачнікаў і канаістаў амаль не засталося, празрыстая надзея застаецца толькі на вясновыя старты ў венгерскім горадзе Сегедзе. «Вось сёння Міжнародную федэрацыю веславання ўзначальвае прадстаўнік Германіі. Як бы яно ні было, усё роўна гэта мае нейкі палітычны характар. А калі ўплыў яшчэ на гэта аказваюць прадстаўнікі МАК, дык вось і атрымліваецца такая карціна. Сказаць прама і чэсна ніхто нічога не можа», — адзначаў старэйшы трэнер нацыянальнай зборнай па веславанні на байдарках і каноэ Уладзімір Шантаровіч у інтэрв’ю парталу Sport5by.

Асноўная праблема алімпійскага руху сёння ў тым, што сапраўды, сказаць прама і чэсна ніхто нічога не можа. Праўда, галаўны боль гэта прыносіць толькі спартсменам, якія хочуць выступаць і спаборнічаць.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.