Вы тут

Што давялося перажыць вядомым дзеячам нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі «за польскім часам»


У самым цэнтры Гродна, побач з Фарным касцёлам, знаходзіцца яшчэ некалькі цікавых архітэктурных помнікаў. І калі ты не гродзенец або не турыст, які ведае пра гісторыю старажытнага горада ўсё і нават больш, наўрад ці зможаш здагадацца, што некалі будынкі барочнага стылю былі прыстасаваныя пад камеры для асуджаных.


Фарны касцёл у Гродне, які Напалеон Орда намаляваў падчас зняволення.

Але перад гэтым, яшчэ ў пачатку XVIII стагоддзя, калі ўзводзіліся названыя пабудовы, яны задумваліся пад калегіум езуітаў. І тут сапраўды вучыліся прадстаўнікі ордэна рымска-каталіцкай царквы. Аднак нядоўга. У 1820 годзе езуіты былі вымушаныя пакінуць Расійскую імперыю, у склад якой уваходзіў і сучасны Гродна. Тагачасныя ж улады не прыдумалі нічога лепшага, як перарабіць вучэбныя класы пад камеры. У розныя часы за масіўнымі белымі сценамі Гродзенскай турмы адбывалі пакаранне нароўні са злачынцамі і тыя, хто ўнёс немалы ўклад у развіццё культуры і навукі нашай краіны, змагаўся за нацыянальнае самавызначэнне беларускага народа.

Орда пісаў гравюры

Найбольш знакамітым вязнем турмы, напэўна, быў беларускі мастак і кампазітар Напалеон Орда, якога арыштавалі за ўдзел у паўстанні 1830—1831 гадоў. Адметны факт — менавіта ў турме мастак напісаў большую частку сваіх знакамітых гравюр з выявамі Гародні. Дагэтуль на сцяне ўнутры турэмнага дворыка захоўваецца малюнак Орды, на якім адлюстраваны Фарны касцёл. Ні намаляваць, ні сфатаграфаваць мясцовую славутасць з гэтага ракурсу з аб'ектыўных прычын сёння немагчыма.

Цікавая дэталь — у сярэдзіне XIX стагоддзя, нават нягледзячы на тое, што тут адбывалі пакаранне зняволеныя, турэмныя камеры не зачыняліся. Людзі маглі пакідаць іх і свабодна перасоўвацца па тэрыторыі турмы. Маляваць з натуры, як рабіў Орда, маліцца (тут была пабудавана каплічка), чытаць кнігу на лаўцы ва ўнутраным дворыку, проста шпацыраваць па брукаванцы і дыхаць свежым паветрам — вязням давяралі, бо многія з іх былі дваранамі, а значыць, дысцыплінаванымі людзьмі, якія не маглі здзейсніць уцёкі.

Зайздросцілі Мядзёлцы

Калі да ўлады прыйшлі палякі, у Гродзенскай турме пачалі адбываць пакаранне не толькі крымінальныя злачынцы, а і палітычныя вязні. У прыватнасці, вядомы актывіст беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў Тамаш Грыб. Гэта быў вельмі радыкальны беларускі дзеяч, які ўдзельнічаў у многіх эпізодах расійскай рэвалюцыі 1917 года. Напрыклад, у знакамітым пасяджэнні Устаноўчага сходу Расіі, які разагналі бальшавікі. Тамаш Грыб выступаў не толькі супраць бальшавікоў, не мірыўся ён і з уладай палякаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Разам са сваімі аднадумцамі ён імкнуўся аднавіць незалежнасць Беларусі. Таму зразумела, што ворагам нумар адзін для іх была Польшча.

Разам з Грыбам у Гродзенскай турме сядзела і яго каханая, а потым жонка Паўліна Мядзёлка. Жанчына, якую любіў яшчэ і Купала, з'яўлялася старшынёй Грамады беларускай моладзі ў Горадні, арганізоўвала дзіцячыя прытулкі, беларускія школы. Яе арыштавалі разам з Тамашом Грыбам пасля таго, як у адным з нумароў газеты «Родны край», якую ён рэдагаваў, быў апублікаваны артыкул, дзе заклікалася змагацца з усім польскім. Ужо за такія радкі — «Гнёзды белага арла хутка будуць знішчаны» — можна было пазбавіцца волі. Так яно і атрымалася.

У сваіх успамінах Паўліна Мядзёлка прыгадвала, што ні адзін з яе гродзенскіх сяброў не адрэагаваў на просьбу перадаць у турму бялізну і адзенне. Хоць грэх было скардзіцца: за кратамі да жанчын адносіліся больш-менш паблажліва. Актрыса, напрыклад, часта шпацыравала па ўнутраным дворыку турмы, чытала газеты і кнігі, курыла цыгарэты, атрымлівала абеды з клуба — іншыя вязні маглі толькі зайздросціць Мядзёлцы, бо ў параўнанні з астатнімі турмамі ўмовы ўтрымання тут былі жорсткія. Затое заможныя зняволеныя мелі магчымасць зменшыць свой тэрмін пакарання: у Заходняй Беларусі працаваў суд, які дзякуючы добраму адвакату можна было выйграць.

Этнічны канфлікт

«За польскім часам», асабліва ў пачатку 1920-х гадоў, у Гродне быў вельмі моцны нацыянальны рух. Ішла сапраўдная барацьба за беларускую дзяржаўнасць. Многія зразумелі, што яны — беларусы, а таму маюць права жыць на сваёй зямлі, размаўляць на роднай мове. Аднак у палякаў былі іншыя мэты...

— Пасля падзелу Рэчы Паспалітай польскія ўлады доўгі час выношвалі ідэю адраджэння Польшчы ў межах 1772 года (а гэта і Беларусь, і Украіна, і Літва), — расказвае дацэнт кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр ГОРНЫ. — І калі пасля Першай сусветнай вайны гэтая ідэя стала магчымая, палякі стварылі незалежную дзяржаву, свой урад, армію. Яны пачалі пераследаваць беларускіх актывістаў, зачыняць беларускія школы, якіх толькі за 1918—1919 гады на тэрыторыі Заходняй Беларусі было створана каля 300—400. Пераследавалі праваслаўную царкву, масава адкрывалі касцёлы. Палякі праводзілі сапраўдны тэрор супраць беларускіх актывістаў, адбіралі ў сялян зямлю, якой у іх і так катастрафічна не хапала, каб перадаць яе польскім асаднікам. Усё гэта вылілася ў вельмі моцны этнічны канфлікт.

Удзельнікі акруговага з'езду Таварыства беларускай школы ў Гродне, 1927 год. (Пётр Сяўрук — у другім радзе чацвёрты злева).

Трэба адзначыць, што Гродна быў другім цэнтрам нацыянальнага адраджэння пасля Вільні. Тут віравала сапраўднае беларускае жыццё. Невыпадкова ў 1919 годзе ў горад з Мінска пераехаў урад БНР. Адметны факт: некаторыя з тых, хто ў 1917 годзе далучыўся да нацыянальнага руху, нават не ведалі беларускай мовы. Прайшоў усяго год — і многія дзеячы не толькі размаўляюць, а і пішуць па-беларуску лісты, справаздачы, цікавяцца ўласнай гісторыяй.

— Палякі нават не разлічвалі на такі ўздым беларускага руху, — адзначае Аляксандр Горны. — Польскія ўлады глядзелі на беларусаў як на людзей другога сорту. Лічылі сваю культуру на парадак вышэйшай: мы, маўляў, яе вам нясём, вы яшчэ «дзякуй» павінны сказаць. Калі, сустракаючыся з Пілсудскім, беларускія дзеячы пачалі прасіць, каб Польшча прызнала незалежнасць Беларусі, ён ім адказаў: «Незалежнасць Беларусі — гэта блеф. Нават не думайце пра гэта». Праўда, прапанаваў дапамагчы беларусам стварыць «беларускі П'емонт» (своеасаблівы нацыянальны тэрытарыяльны цэнтр), на аснове якога калі-небудзь узнікне Беларусь. Вядома, гэта была гульня.

Увогуле, многае, што абяцалі палякі, не спраўдзілася. Варта хоць бы згадаць такі эпізод. У Гродне існаваў дзіцячы прытулак, які ў свой час стварылі беларусы. Грамадзянская вайна, рэвалюцыя — было шмат беспрытульных дзяцей. Калі да ўлады прыйшлі палякі, яны ніяк не дапамагалі ім. Захаваліся ўспаміны загадчыцы прытулку Станіславы Буйло (сястры знакамітай паэткі Канстанцыі Буйло), у якіх яна піша, што дзеці жывуць у настолькі жудасных умовах, што нават адзетыя ў мяхі з-пад бульбы, а пасля сну з-за холаду ў іх на тварах утвараецца раса. Жанчына звяртаецца да неабыякавых людзей, каб тыя дапамаглі дзецям.

Беларускі Гандзі і мары селяніна Сеўрука

Адбываў пакаранне ў Гродзенскай турме і знакаміты беларускі філолаг, аўтар першай «Беларускай граматыкі» Браніслаў Тарашкевіч. Менавіта тут ён перакладаў на нашу мову «Іліяду» Гамера, «Пана Тадэвуша» Міцкевіча. Тарашкевіча называлі беларускім Гандзі, бо ён быў сімвалам барацьбы нашых папярэднікаў за свае правы, лідарам 100-тысячнай Беларускай сялянска-работніцкай грамады — арганізацыі, якая сваёй масавасцю напалохала палякаў.

Сядзелі за гэтымі кратамі і актывісты яшчэ адной шматлікай нацыянальна-вызваленчай арганізацыі — Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. Сярод асуджаных быў і актывіст Таварыства беларускай школы Пётр Сяўрук. Малады хлопец са Скідзеля, які нарадзіўся перад Першай сусветнай вайной, жыў у бежанстве ў Ліпецку. Вяртаецца на радзіму, а тут — галеча. Быў час, калі яму даводзілася хадзіць у дзіравых ботах, перакручаных дротам. Пётр пачынае аднаўляць гаспадарку. У хлопца неверагодная прага да ведаў, ён марыць аб нацыянальным самавызначэнні беларусаў. На жаль, да гэтага шчаслівага дня Пётр не дажыў: у 1929 годзе ён памёр ад сухотаў. Хваробу займеў у турмах, праз якія прайшоў.

Так цяпер выглядае Гродзенская турма.

Захаваліся ўспаміны Пятра Сеўрука аб часе, калі ён знаходзіўся за кратамі Гродзенскай турмы: «Змешчаны я быў у камеры адзін і пры гэтым было адабрана ўсё, што было ў мяне. Ні алоўка, ні паперы не было, толькі накрэсленыя алоўкам ці цвіком надпісы або лозунгі сведчылі аб тым, што ў камеры калісьці былі заключаны іншыя такія ж, як я.

Я адчую нейкую блізкасць да гэтых сваіх папярэднікаў і выказаў гэтае пачуццё напісаннем на сцяне наступнай фразы (па-беларуску): «Я адзін, але я адчуваю прысутнасць кожнага, хто тут быў, бо я злучаны з імі адной доляй».

Турэмнае паўстанне

Чалавекам, што пакінуў такі надпіс на турэмным засценку, мог бы быць і вядомы заходнебеларускі пісьменнік Валянцін Таўлай. Паэт сам пасля расказваў, што падчас прагулак па тэрыторыі турмы ён незаўважна падымаў каменьчыкі, якімі на падлозе ў камеры пісаў вершы. Магчыма, пісаў і на сценах. Дарэчы, зняволеныя, якія пасля заканчэння тэрміну выходзілі на свабоду, ведалі гэтыя вершы на памяць, а таму расказвалі сваім знаёмым — Таўлай выйшаў на волю ўжо вядомым паэтам. У Гродзенскай турме ён сядзеў двойчы: першы раз быў арыштаваны за падпольную дзейнасць у 1929 годзе, другі — за спробу перайсці савецка-польскую граніцу ў 1934-м. Апошні раз быў асуджаны на восем гадоў, але дзякуючы вызваленчаму паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь быў вызвалены раней.

Калі зняволеныя даведаліся, што савецкія войскі перайшлі польскую граніцу, у турме пачалося паўстанне, арганізатарам якога быў яшчэ адзін паэт — Піліп Пястрак, дзеяч Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Вязні некалькі дзён утрымлівалі турму пад сваім кантролем, пакуль Гродна не занялі чырвонаармейцы. Некаторым удалося збегчы, а паколькі польскія ўлады, у тым ліку паліцыя, былі яшчэ ў горадзе, пачалося ўзброенае супраціўленне. Вязні турмы абараняліся ў Свята-Пакроўскім саборы ў Гродне, які дагэтуль захаваўся.

Вераніка КАНЮТА

г. Гродна.

Загаловак у газеце: Не зламалі беларускі дух

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.