Вы тут

Акцыя «Прырода без фармацэўтычных адходаў» атрымлівае прыхільнікаў па ўсёй краіне


Усе мы перыядычна купляем лякарствы. І ў кожнай дамашняй аптэчцы, відаць, можна знайсці прэпараты, у якіх скончыўся тэрмін прыдатнасці. Часцей за ўсё падчас генеральнай прыборкі ці рэвізіі гаспадыні выкідваюць пратэрмінаваныя лекі... у сметніцу. Такім чынам мы не проста шкодзім прыродзе, а закладваем своеасаблівую бомбу запаволенага дзеяння — пад здароўе не толькі сваё, але і нашчадкаў.


Галоўнае — пачаць

У адкрытых крыніцах можна знайсці нямала інфармацыі пра вынікі даследаванняў вадаёмаў, глебы, гарадскіх сетак каналізацыі. Там пастаянна выяўляюць рэшткі фармацэўтычных прэпаратаў, нярэдка вельмі небяспечных, якія маюць уласцівасць назапашвацца ў жывых арганізмах. У гэтых рэштках, напрыклад, поўна антыбіётыкаў. Туды яны трапілі з нашых аптэчак. Небяспечныя рэчывы трапляюць у ваду і глебу, спажываюцца потым жывёламі, птушкамі, раслінамі, а мы з вамі вымушаныя гэта з'ядаць з усімі наступствамі для здароўя.

Праблема даўно занепакоіла баранавіцкіх грамадскіх актывістаў. Адзін з іх — Яўген Калач — і стаў ініцыятарам кампаніі «Прырода без фармацэўтычных адходаў», якая стартавала ўвосень 2019 года. Яе ідэя — у арганізацыі збору пратэрмінаваных і непрыдатных для выкарыстання лякарстваў ад жыхароў горада і раёна ў спецыяльныя кантэйнеры, а таксама ўтылізацыя сабраных фармацэўтычных прэпаратаў. Другая задача, асветніцкая, заключалася ў шырокім інфармаванні насельніцтва па ўказанай тэме. Тады ж, у лістападзе, у Баранавіцкай цэнтральнай паліклініцы быў устаноўлены першы кантэйнер для збору непатрэбных лекаў. За ім паявіліся яшчэ тры. Пазней была зарэгістравана некамерцыйная сацыяльна-экалагічная ўстанова «Цэнтр экалагічнага і сацыяльнага развіцця», які ўзначаліла жонка Яўгена — Вікторыя.

— Мы сталі працаваць не толькі ў Баранавічах, але і ў многіх іншых гарадах краіны, — расказвае Вікторыя Калач. — Самымі складанымі і працаёмкімі аказаліся арганізацыйныя пытанні. Першыя нас, дарэчы, падтрымалі камерцыйныя аптэкі, і першыя кантэйнеры з'явіліся там. Але ў далейшым мы вырашылі рабіць стаўку на паліклінікі. І вось чаму. У аптэку чалавек заходзіць нярэдка па дарозе ў краму, забягае ў абедзенны перапынак, — адным словам, вельмі часта аптэку наведваюць амаль што выпадкова. А ў паліклініку чалавек ідзе, як правіла, з дому і мэтанакіравана. Таму ён можа прыхапіць з сабой пратэрмінаваныя лекі. Гэта зручна.

Словам, пачыналі з таго, што пісалі пісьмы кіраўнікам выканаўчай улады з просьбай размясціць кантэйнеры ва ўстановах аховы здароўя, працягвае суразмоўніца. Потым спісваліся з галоўнымі ўрачамі паліклінік, узгаднялі арганізацыйныя моманты. Гэта нярэдка займала шмат часу, але ж намаганні таго вартыя.

Першыя цэнтнеры — ва ўтыль

За год арганізацыя ўстанавіла 34 пункты збору пратэрмінаваных лекаў, у тым ліку 10 — у Брэсцкай вобласці, 13 — у Мінскай, 3 — у Гродзенскай. За гэты час сабрана і ўтылізавана больш за 325 кілаграмаў пратэрмінаваных лекаў. Дарэчы, з гарадоў больш за ўсё сабрана ў Барысаве — звыш 80 кілаграмаў. Названыя лекі спалілі ў Мінску на спецыялізаваным прадпрыемстве. Там прэпараты ўтылізуюцца шляхам спальвання пры тэмпературы не менш за 850 градусаў.

Гэта значыць, больш за 300 кілаграмаў небяспечных рэчываў не трапяць у сцёкавыя воды, у зямлю, не будуць забруджваць навакольнае асяроддзе. Але ж гэта ўсё роўна невялікая частка фармпрэпаратаў, якія проста выкідваюцца ў кантэйнеры з бытавымі адходамі і вывозяцца на палігоны.

Таму сваю другую задачу каманда «Цэнтра» бачыць у асветніцкай рабоце. Наладжана супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам. Для навуковых даследаванняў адной з лабараторый ВНУ быў выкарыстаны прыкладна цэнтнер сабраных прэпаратаў.

Ва ўсе дзверы

Вікторыя Калач сказала, што работу ў паліклініцы па ўстаноўцы кантэйнераў яны пачынаюць звычайна гутаркай з медперсаналам. Урачоў, участковых медсясцёр просяць нагадваць пацыентам аб неабходнасці экалагічнага збору лекаў для іх далейшай утылізацыі. Часам чалавек, асабліва пажылы, і не зверне ўвагу на кантэйнер з подпісам «Пункт збору пратэрмінаваных лекаў», а вось параду свайго доктара ён успрымае як інструкцыю да дзеяння.

Яшчэ супрацоўнікі цэнтра ідуць у калектывы, найбольш у школьныя, і выступаюць там, расказваюць пра шкоду прыродзе ад лекавых прэпаратаў і неабходнасць цывілізаванага іх збору. Установа выпусціла чатыры коміксы тыражом па 250 экзэмпляраў і раздала іх. На Youtube-канале запусцілі дакументальны фільм «Прырода без фармацэўтычных адходаў». Свой праект сёлета прадставілі на рэспубліканскім экалагічным форуме. І там ён атрымаў станоўчыя водгукі.

— Мы стукаемся ў любыя дзверы, — разважае Вікторыя, — і даволі часта нам адчыняюць. Мы разумеем, што знаходзімся ў самым пачатку шляху па фарміраванні культуры спажывання лякарстваў, але ж усе гэтыя крокі трэба зрабіць, пажадана ўсім разам. Таму важна аб'яднаць намаганні ўстаноў адукацыі, аховы здароўя, жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

На дзяржаўным узроўні

Дарэчы, гэтая работа — не асобная кампанія грамадскай арганізацыі. 20 чэрвеня 2020 года ў краіне быў зацверджаны і ўведзены ў дзеянне Тэхнічны кодэкс №13/4-Т (Правілы абыходжання з камунальнымі адходамі). Пункт 12.7 названага дакумента выглядае так: «Адходы пратэрмінаваных лякарстваў падлягаюць збору ў аптэках, бальніцах, паліклініках, амбулаторыях і іншых арганізацыях, якія аказваюць медыцынскія паслугі насельніцтву, шляхам устаноўкі спецыяльных кантэйнераў для самастойнага размяшчэння там адходаў фізічнымі асобамі або шляхам перадачы адходаў упаўнаважанаму работніку такіх арганізацый». Такім чынам, на дзяржаўным узроўні вызначана, што рэшткі лекаў не павінны трапляць у навакольнае асяроддзе.

Усё больш нашых грамадзян гэта разумее, падтрымлівае. Але неабходна, каб свядомых людзей было яшчэ больш, каб кожны расказваў пра кантэйнеры ў паліклініках суседу, таварышу па вучобе і рабоце. Гэта наша агульная справа, наша навакольнае асяроддзе і адпаведна — здароўе.

Напрыклад, у Баранавічах пункты збору заходзяцца ў цэнтральнай гарадской паліклініцы, у ветклініцы «Айбаліт», у медыцынскім цэнтры «Леда Мед», у інтэрнаце будтрэста № 25. У Брэсце лекі можна пакінуць у паліклініцы № 1, у жаночай кансультацыі па вуліцы Кірава, у філіялах паліклінік па мікрараёнах і іншых установах. Не так даўно пункт збору з'явіўся ў Маладзечне. Знайсці адрас найбліжэйшага пункта ў вашым горадзе можна ў сацыяльных сетках, альбо зайшоўшы на сайт «Цэнтра экалагічнага і сацыяльнага развіцця».

Там жа размешчаны парады па правільнай утылізацыі лекаў. Маецца на ўвазе, што выкідваць трэба таблеткі, капсулы, аэразолі, суспензіі, мазі, свечкі, папярэдне выняўшы іх з упакоўкі. Нельга выкідваць раслінныя прэпараты, вітаміны. Апошнія не прычыняюць урону навакольнаму асяроддзю, а іх утылізацыя каштуе немалых грошай. Важна спаліць вельмі небяспечныя прэпараты, якія могуць нашкодзіць здароўю. Напрыклад, рэшткі асобных лекавых прэпаратаў здольныя выклікаць праблемы рэпрадуктыўнага характару, прывесці да ўстойлівасці да антыбіётыкаў, развіцця алергіі і іншых негатыўных наступстваў. Таму трэба ўсім нам прывучацца да правільнай утылізацыі лекавых сродкаў. Не варта набываць іх у запас. Акалі нешта не выкарысталі, трэба прынесці і пакласці ў кантэйнер.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Калі лекі становяцца небяспечныя

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.