Вы тут

Мядовы рай кліча на Ельшчыну


Як узаемадзеянне органаў мясцовага кіравання і самакіравання, сфер культуры, адукацыі, спорту і турызму спрыяе пашырэнню прыватнай ініцыятывы па развіцці аграэкатурызму? На прыкладзе праектаў Ельскага раёна гэта прааналізавалі дэпутаты базавага ўзроўню Гомельшчыны.


Любоў Уласенка і Уладзімір Невяроўскі аграсядзіба «У залатой пчолкі мядовы рай»

Узяць удзел у выязным семінары на Ельшчыну прыехала старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч і старшыні раённых Саветаў дэпутатаў вобласці. Гасцей з розных куткоў рэгіёна цікавяць станоўчыя прыклады работы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны раёна. Варты ўвагі і вопыт Ельшчыны па ўкараненні новых формаў паслуг на маршрутах аграэкатурызму, папулярызацыі адкрыцця аграсядзіб сярод вясковага насельніцтва.

У Дабрынскім культурна-спартыўным цэнтры ўдзельнікі семінара азнаёміліся з брэндавымі выстаўкамі Ельскага краю. Прадстаўленыя экспазіцыі яскрава перадаюць тое, як работа педагогаў з вучнямі ў школах і навучэнцамі ў цэнтрах творчасці дзяцей і моладзі дапамагае захоўваць самабытныя традыцыі і адметныя рамёствы раёна.

— У нас распрацаваны турыстычны маршрут «Палескія таленты», дзякуючы якому кожная ўстанова культуры мае магчымасць прадстаўляць свае нумары, праграмы, — расказаў загадчык Старавысокаўскага цэнтра культуры Уладзімір Невяроўскі. — Гэтыя здабыткі мы можам дэманстраваць як на маршруце ў сваёй установе, так і на тэрыторыі аграсядзіб.

У клубе аграгарадка Старае Высокае Уладзімір Цімафеевіч адпрацаваў 36 гадоў. Кажа, у іх населеным пункце склалася вельмі ўдалае супрацоўніцтва работнікаў сферы культуры, адукацыі і гаспадароў аграсядзіб.

— Праводзім шмат мерапрыемстваў. Асабліва шмат ладзім свят для гарадскіх дзяцей з Мазыра і Калінкавіч, — тлумачыць Уладзімір Невяроўскі. — Гаворка не толькі пра фальклорныя святы, але і пра больш сучасныя праграмы. Наладзілі супрацоўніцтва з Млыноцкім культурна-спартыўным цэнтрам (гэта, дарэчы, іншы бок раёна, але ніякага значэння тое не мае). У іх вельмі добрая гульнявая праграма з аніматарамі для дзетак, так што прыязджаюць да нас, і разам арганізоўваем мерапрыемствы.

Уладзімір Цімафеевіч выступае і ў вобразе сцэнічнага мужа гаспадыні аграсядзібы «У залатой пчолкі мядовы рай» Любові Уласенкі. Менавіта на яе падворак завіталі ўдзельнікі выязнога семінара. Для дэпутатаў адбыўся міні-паказ праграмы «Добры дзень вам, госцейкі!». Таксама былі прадстаўлены майстар-клас бытавых танцаў, выстаўка вырабаў народнай творчасці і адмысловы майстар-клас ад народных умельцаў.

У вёсцы Жукі дэпутаты пазнаёміліся з гаспадыняй аграсядзібы «Васіліса Цудоўная» Аленай Лагвіненкай. Менавіта яна змагла аб'яднанаць вопыт стварэння вясковай турыстычнай зоны адпачынку і месца памяці аб удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны Васілісе Прохаравай (родная цётка гаспадыні аграсядзібы). Падворак з гонарам нясе імя вядомага героя Ельскага краю.

Уражаннямі ад наведвання аграсядзіб і знаёмства з вопытам вяскоўцаў па развіцці агратурызму падзялілася старшыня Хойніцкага раённага Савета дэпутатаў Галіна Бондар:

— Хочацца адзначыць, што Ельскі раён — прыгожы, утульны куток, дзе створаны ўсе умовы, каб добра жыць, працаваць, развівацца. Як можна было ацаніць, тут старанна захоўваецца культурная спадчына. Аргасядзібы, якія мы наведалі, — гэта душа вяскоўцаў. Упэўненая, што чым больш такіх аграсядзіб будзе на тэрыторыі вобласці, тым будзе лепш для ўсіх жыхароў рэгіёна. Асабліва гэта важна для развіцця сельскіх тэрыторый.

Падводзячы вынікі семінара, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч заўважыла, што ў Ельскім раёне працуе восем аграсядзіб, першая з іх была адкрыта ў 2010 годзе ў вёсцы Дабрынь. Агратурызм — гэта сацыяльны праект развіцця сельскіх тэрыторый, які садзейнічае занятасці насельніцтва:

— Адзначу станоўчы вопыт раёна па стварэнні кластараў агратурызму. Развіваецца прыватна-дзяржаўнае партнёрства ў дадзенай сферы. Гэта вельмі важна з боку стварэння новых рабочых месцаў, якія адкрываюць самі людзі. Важнае і актыўнае ўключэнне ў гэтую работу аддзелаў культуры, спорту і турызму, адукацыі райвыканкама. Так, госці аграсядзіб не толькі атрымліваюць умовы для адпачынку, але і далучаюцца да культурна-пазнавальных праграм і мерапрыемстваў.

Між тым, у Ельскім раёне ўпэўненыя, што агратурызм — рэальны сектар эканомікі, высокарэнтабельная, прыбытковая дзейнасць. Гэты раён на поўдні Гомельшчыны папулярны сярод турыстаў з Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Ізраіля і Галандыі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.