Вы тут

Блізіцца 89-ы сезон у Вялікім тэатры Беларусі


У тэатрах летнія месяцы лічацца «мёртвым» сезонам: не адбываюцца прэм’еры, ды і агульная праграма паказаў робіцца значна меншай. Але ў гэтым ёсць і плюсы. Пасля перапынку гледачы, якія паспелі засумаваць па спектаклях, з вялікай ахвотай і нецярпеннем вяртаюцца восенню ў тэатры. Вось і Вялікі тэатр Беларусі анансаваў новы, 89-ы, сезон. Адкрыццё запланавана на 8 і 9 верасня.


Алена Балабановіч, вядучы рэдактар службы маркетынгавых камунікацый Вялікага, распавяла «Звяздзе» аб прэм’ерах тэатра:

— Мы адкрываем наш сезон прэм’ерай, што ўжо даўно стала добрай традыцыяй: 8 і 9 верасня на нашай сцэне адбудзецца пастаноўка рэжысёра Ганны Маторнай — опера Уладзіміра Солтана «Дзікае паляванне караля Стаха». Адкрыемся операй, а вось першыя балеты сезона гледачы ўбачаць 10 і 11 верасня. Гэта будзе чароўны «Шчаўкунок» у пастаноўцы легендарнага харэографа Валянціна Елізар’ева. Заслужаны артыст Расіі Міхаіл Губскі выступіць 12 верасня ў ролі Радамеса ў оперы Джузепэ Вердзі «Аіда». Мы чакаем «заморскіх» гасцей і ў наступныя месяцы. Так, 16 кастрычніка ў сольным канцэрце беларускай опернай дзівы Аксаны Волкавай прымуць удзел зоркі, якія даўно заваявалі сусветныя сцэны: Уладзіслаў Сулімскі і Святлана Касьян. Дарэчы, Сулімскі, саліст Марыінскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, 19 кастрычніка выйдзе на сцэну Вялікага тэатра Беларусі ў якасці Макбета. Каманда пастаноўшчыкаў пад кіраўніцтвам харэографа народнага артыста Беларусі Юрыя Траяна рыхтуецца прадставіць публіцы прэм’еру балета Радзівона Шчадрына «Канёк-Гарбунок». У новым сезоне ў афішы Вялікага мы пабачым і новую рэжысёрскую работу Аксаны Волкавай. Заслужаная артыстка Рэспублікі рыхтуе оперу Каміля Сен-Санса «Самсон і Даліла».

Нагадаем аб яшчэ адной знакавай для Тэатра оперы і балета даце: 27 жніўня народная артыстка Беларусі, кавалер ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, галоўны хормайстар Вялікага тэатра Ніна Ламановіч адзначае 70-гадовы юбілей. Ніна Ламановіч прыйшла ў тэатр, калі ёй было 25 гадоў. І вось ужо 45 гадоў запар працуе ў ім.

— Хор для кожнага рэжысёра — галаўны боль. Гэта маса спевакоў, якія «раскіданы» па сцэне, але яны павінны дыхаць як адзіны арганізм. Таму хормайстар павінен так падрыхтаваць сваіх артыстаў, каб дырыжору было лёгка. І я заўсёды імкнуся рабіць сваю працу па максімуме, — кажа Ніна Ламановіч.

Завітвайце ў Вялікі тэатр Беларусі, каб пазнаёміцца з новай праграмай 89-га сезона!

Арына КАРПОВІЧ

Фота Міхаіла НЕСЦЕРАВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.