Вы тут

Міцкевічы вымушаны былі зрабіць... наезд, каб завалодаць сядзібай у Завоссі


Літаратурна-мастацкі вобраз, які пастараліся стварыць аўтары экспазіцыі ў Музеі-сядзібе Міцкевічаў «Завоссе», філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, на падставе дакументальных крыніц канца XVIII — пачатку XIX стст. ды тых паэтычных ілюстрацый, што намаляваў паэт у сваёй неўміручай паэме «Пан Тадэвуш», вяртае ў атмасферу шляхецкага асяродку той эпохі.


Ідэя слыннага твора і была пакладзена ў аснову мемарыяльнага комплексу. Ведаючы, што герой паэмы Тадэвуш Сапліца з’яўляецца літаратурным правобразам аўтара, мы можам паспрабаваць пераадолець некаторую эпічную аддаленасць, што падзяляе нас, сённяшніх, з людзьмі таго часу, тым больш што літаратурныя вобразы арганічна ўзаемадзейнічаюць з рэальнымі гістарычнымі вобразамі і падзеямі, якія мелі месца ў фальварку Завоссе на пачатку XIX ст.

Старадаўнія дакументы сведчаць: каб завалодаць гэтай сядзібай, Міцкевічы вымушаны былі зрабіць... наезд! Дарэчы, пра гэтыя падзеі распавядаюць і паэтычныя радкі Міцкевіча, дый поўная назва паэмы — «Пан Тадэвуш, або Апошні наезд у Літве». Гаспадарыў у фальварку ў XVIII стагоддзі пан Яновіч. Працавіты быў, але і дужа зайздросны. Жадаў, каб у яго ўсё было найлепшае. Але ж на кожнае жаданне павінны быць грошы. Ды іх заўжды не хапала. Таму пан Яновіч грошы пазычаў, але не вяртаў. Самым вялікім крэдыторам Яновіча быў Юзаф Міцкевіч, родны брат дзеда Адама Міцкевіча Якуба. Юзаф пазычыў Яновічу 200 злотых, а калі мінулі ўсе тэрміны вяртання доўгу, па суду атрымаў паперу на сядзібу, якая з’яўлялася закладам. Дамовіцца не змаглі: Яновіч з’язджаць не хацеў, а ў суда не было выканаўчай улады — паліцыі, каб дапамагчы крэдытору. Ён павінен быў разбірацца сам.

Радаводнае дрэва і дакументы Адама Міцкевіча.

— Але ж як тут разбярэшся? Міцкевічы прыедуць — Яновічы нацкуюць сабак. Праз час ізноў прыедуць, а сыны Яновіча, якія былі паляўнічымі, возьмуць стрэльбы і пачнуць паліць. Міцкевічы на працягу трох гадоў, як мелі паперу на зямлю, не маглі завалодаць ёю, — распавядаў падчас экскурсіі загадчык філіяла Віктар Дмухоўскі. — Тады Міцкевічы сабраліся ўсім родам, запрасілі сяброў і знаёмых, пазычылі гармату, паставілі яе за свіранам і пальнулі ўверх для страху!.. Сабакі пахаваліся ў буды, шыбы з вокнаў павыляталі, а Яновічы вымушаны былі ўцякаць. Такім чынам Міцкевічы ўчынілі наезд, звыклы па тым часе, — закон не працаваў: трэба было браць «даўбешку» і адваёўваць належнае, прычым часта не без крыві...

Факт нараджэння Адама Міцкевіча ў Завоссі засведчыў яго малодшы брат Аляксандр: ён пісаў пра гэта ў лісце да іх брата Францішка. Распавядаў цікавыя звесткі, што захаваліся ў дзіцячай памяці: акушэрка, жадаючы Адаму прыгатаваць лёс разумнага, узяла кнігу, на якой ножыкам адрэзала дзіцяці пупок. «Тую кнігу паказвала маці сваёй знаёмай, на стале ў бацькі, а маё вочка тое падгледзела, вушка падслухала. Трымаў я тую кнігу заўсёды ў памяці. Быў гэта судовы працэс... у пераплёце з чорнай скуры», — згадваў Аляксандр.

Завоссе Міцкевічаў ляжыць у нізіне, каля падножжа даволі вялікага для гэтых мясцін узгорка, — у Міцкевічавы часы ён насіў назву Жарнова гара. Гэты тапонім, як і некаторыя іншыя (напрыклад, «калдычаўскія хвалі»), згадвае ў сваёй баладзе «Тукай» і сам Міцкевіч. Яшчэ нядаўна ў ваколіцах Завосся жыло некалькі сем’яў з прозвішчам Тукай.

Падчас археалагічнага даследавання на месцы сядзібы, якая была спалена падчас Першай сусветнай вайны, знайшлі падмурак жылога дома і рэшткі кафляных печаў, у развалах выявілі фрагменты тэракотавай і зялёнапаліванай кафлі, а таксама рэшткі керамічнага посуду ХVIII—ХІХ стст., галандскую белагліняную люльку ХVII—ХVIII стст., фрагменты керамічных і бронзавых падсвечнікаў, аконнае і сталовае шкло.

У навуковай экспертызе археалагічнага матэрыялу прымаў удзел і польскі даследчык Юзэф Марышэк з Беластока. Даследчыкі прыйшлі да высновы, што на гэтым месцы была сядзіба дробнапамеснага шляхціча.

Фрагмент экспазіцыі Музея-сядзібы Міцкевіча «Завоссе».

У 1993 годзе прынялі пастанову адбудаваць сядзібу Міцкевічаў. У аснову праекта аднаўлення лёг малюнак сучасніка Адама Міцкевіча, літаратара і мастака Эдварда Паўловіча, які добра ведаў наваколле. Планіроўка фальварка была традыцыйнай для шляхецкага жытла таго часу. Паўловіч досыць падрабязна апісаў унутраную планіроўку дома ў фальварку Завоссе: «З ганку трапляеш у сені; дзверы направа вялі да пакою ў два вакны з франтона. Быў то пакой гасцінны і адначасова сталовы. З таго пакою адны дзверы (насупраць уваходу) вялі да пакоя вуглавога, які зваўся гасцёўняй (два вокны ад франтона і ад гары Жарновай), і тут нарадзіўся Адам; другія дзверы налева вялі да спальні. За спальняй быў малы пакойчык, а за ім — аптэчка.

З сеняў прама ад уваходу дзверы вялі да другіх сеняў, дзе была кухня, кладоўка і выйсце да саду. З сеняў налева — да людской, разам з якой была камора...» 

Музейная экспазіцыя да дробязей перадае атмасферу далёкай эпохі. На сцяне ў сталовай прыцягвае ўвагу абавязковы шляхецкі атрыбут — шабля. Побач з шабляй — партрэт Тадэвуша Касцюшкі і нагрудны знак Рынграф. Пра наяўнасць партрэта Касцюшкі мы ведаем з паэмы:

Абоі і спраты старыя ў кожным кавалку, 
усё, чым любіў забаўляцца ад самага малку...
Таксама партрэты старыя на сценах віселі: 
Касцюшка ў чамарцы кракоўскай, як жыў, выступае, 
з вачыма, у неба паднятымі, меч свой трымае аберуч, 
бо ім прысягаў ён народ ратаваці...

Усе рэчы, якіх кранаецца пяро Адама Міцкевіча, арганічна ўпісваюцца ў асяродак — літаратурныя фантазіі паэта мелі канкрэтныя жыццёвыя адпаведнікі.

Са сталовага пакоя трапляем у пакой вуглавы, «які зваўся гасцёўняй, і тут нарадзіўся Адам». Літаратурны вобраз змяняецца рэальнымі дакументамі аб сям’і Міцкевічаў. Тут можна пазнаёміцца з іх радаводным дрэвам, выявамі бацькоў і самога Адама, лістамі яго маці і некаторымі іншымі атрыбутамі з гісторыі гэтай сям ‘і. Тут знаходзіцца і дарожны куфэрак паэта.

Далей — малы пакой, аптэчка — цёмная камора, дзе захоўваюцца лекавыя травы, настоі, розныя варэнні, наліўкі і лікёры.

Наступны пакой — спальны. Аўтары экспазіцыі надалі яму жаночую атмасферу. Фізгармонія, люстэрка ў музейнай экспазіцыі ствараюць антураж тых часоў. Вобразы з паэмы паўстаюць перад намі ў сваёй рэальнасці... 

Напоўніць музей дапамаглі жыхары навакольных вёсак — на момант яго стварэння ў хатах захоўваліся многія старадаўнія рэчы. Людзі аддавалі старую мэблю, часта бясплатна. Сядзіба працуе ўжо 23 гады.

Ідэя «шляхецкага гнязда», увасобленая паэтам у «Пане Тадэвушы», характарызавала менталітэт шляхты. Страта радавога засценка была найвялікшай трагедыяй для шляхціча. Бывала, жыццё сыходзіла, каб вярнуць некалі страчанае гняздо: прывязанасць да сваіх каранёў, да малой радзімы была моцным маральным імпульсам, які фарміраваў яшчэ больш высокія пачуцці патрыятызму, грамадзянскай годнасці і шляхецкага гонару.

Музей у Завоссі чакае ўсіх неабыякавых да творчасці Адама Міцкевіча, гісторыі і культуры ўласных продкаў, усіх, хто жадае перажыць незабыўныя хвіліны спаткання са слаўным мінулым.

Вясной юбілейнага года на ўскрайку фальварка раптам зацвіла і пусціла новыя парасткі старая ліпа, якая была пашкоджана бурай і не падавала ніякіх прыкмет жыцця. А тут нібыта новыя сокі напоўнілі старое дрэва, як сімвал таго, што спакутаваная ў доўгім расстанні з радзімай душа паэта ўрэшце знайшла спакой. І сімвал таго, што народ, так горача любімы паэтам, не знікне ў гісторыі, а будзе годным захавальнікам найлепшых традыцый.

Яна БУДОВІЧ 

Фота аўтара

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.