Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры пачаў вясну з урачыстай падзеі — святкавання 95-годдзя з дня нараджэння знакамітай паэтэсы Еўдакіі Лось. З 1 да 31 сакавіка ў музеі працуе літаратурна-мастацкая экспазіцыя, якая знаёміць наведвальнікаў з жыццём і творчасцю пісьменніцы.
Еўдакія Якаўлеўна Лось нарадзілася 1 сакавіка 1929 года ў вёсцы Старына Ушацкага раёна. «Ушацкая мадонна» — так велічна-шаноўна называў пісьменніцу яе зямляк Рыгор Барадулін. Мастацкім лейтматывам выстаўкі сталі валошкі і іх яркі сіні колер, які не мае аналагаў сярод кветак, — сімвал Віцебшчыны і ў прыватнасці Ушацкага раёна. Еўдакія Якаўлеўна вельмі любіла сваю малую радзіму і прысвяціла ёй шмат твораў:
...Паедземце, дружа, ва Ушачы,
Там зараз вясна, ды вясна.
Бярэзіна соладка плача,
Над рэчкай — вятроў гамана...
Пісьменніца належыць да першага пасляваеннага пакалення творцаў, якое даследчыкі часта называюць «пакаленнем дзяцей вайны» або «філалагічным», таму што ў іх ужо была магчымасць вучыцца. Калі пачалася вайна, юная паэтэса скончыла толькі 5 класаў. Гэтыя жудасныя падзеі паўплывалі на яе далейшую творчасць і жыццё. У экспазіцыі прадстаўлены чорна-белы фотаздымак сям’і пісьменніцы, падпісаны самой Еўдакіяй Лось, які быў зроблены за тыдзень да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. На фота можна пабачыць старэйшага брата паэтэсы Сяргея, якому тая асабліва давярала і ў пачатку творчага шляху паказвала свае першыя вершы. Сяргей загінуў падчас вайны, што стала вялікім горам для ўсёй сям’і, а асабліва для Еўдакіі Якаўлеўны. Яна прысвяціла брату шмат вершаў, напоўненых болем і сумам:
Moй бpaтoк,
Я дacюль нe вepy,
Штo цябe нa зямлi нямa...
Mнe здaeццa, aдчынiш дзвepы —
I cycтpэнy цябe caмa.
Тэма вайны — адна з найважнешых у творчасці Еўдакіі Лось. У многіх вершах яна расказвае пра тых, чыё дзяцінства выпала на ваенныя гады, хто пасля аднаўляў краіну, хто загінуў за свабоду і мір: «Вы не бачылі вёсак, якія не ўсталі з вайны? // Па ўсёй Беларусі, па ўсёй Беларусі яны...»
Еўдакія Лось — таленавітая пісьменніца, патрыётка, а таксама маці. Шмат вершаў прысвяціла свайму сыну Дзмітрыю. На выстаўцы прадстаўлены лісты пісьменніцы да сына, якія яна пісала падчас камандзіровак. Радкі, напісаныя знакамітай асобай, расказваюць пра звычайныя бытавыя сямейныя справы: як здароўе ў бабулі, колькі ў яе засталося грошай, якія падарункі прывязе сям’і. Дарэчы, Еўдакія Якаўлеўна шмат вандравала, а з падарожжаў прывозіла памятныя значкі, якія таксама прадстаўлены на выстаўцы.
Пяру паэтэсы належаць шматлікія паэтычныя зборнікі, сярод якіх «Сакавік» (1958), «Палачанка» (1962), «Людзі добрыя» (1963), «Хараство» (1965), «Яснавокія мальвы» (1967), «Галінка з яблыкам» (1973), «Лірыка» (1975), «Валошка на мяжы» (выбранае, 1984), а таксама кніжак вершаў для дзяцей «Абутая ёлачка» (1961), «Казка пра Ласку» (1963), «Вяселікі» (1964), «Зайчык-выхваляйчык» (1970), «Дванаццаць загадак» (1974), «Смачныя літары» (1978), зборнік апавяданняў «Дзесяць дзён у Барку» (1984). Шмат з іх можна ўбачыць на выстаўцы з подпісамі пісьменніцы сябрам.
Еўдакія Якаўлеўна з пакалення «шасцідзясятнікаў» і ў гэтым мужчынскім аттачэнні з выбітных паэтэс, бадай, яна адна. Як расказала на адкрыцці выстаўкі старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Князева, усе маладыя паэты таго часу гарнуліся да «ўшацкай мадонны» і хацелі з ёй сябраваць. Еўдакія Лось жыла ў Мінску на вуліцы Чарнышэўскага, яе невялікая кватэрка служыла прытулкам для пісьменнікаў. У экспазіцыі можна ўбачыць фотаздымкі таго часу, дзе разам з Еўдакіяй Лось стаяць беларускія пісьменніцы-паэтэсы-«сямідзясятніцы» — Яўгенія Янішчыц, Раіса Баравікова, Галіна Каржанеўская. Сябравала Еўдакія Якаўлеўна і з такімі знакамітымі творцамі, як Іван Шамякін, Васіль Вітка, Уладзімір Дубоўка. З апошнім шмат ліставалася, на святы адно аднаму дасылалі паштоўкі, якія таксама можна ўбачыць на выстаўцы. Перапісвалася яна з многімі маладымі пісьменнікамі, якія бачылі ў ёй не толькі добрую сяброўку, але і своеасаблівую «літаратурную маці». Напрыклад, Васіль Быкаў, нягледзячы на тое, што старэйшы за Еўдакію Якаўлеўну на 5 гадоў, заўсёды раіўся з ёй наконт сваіх твораў і скардзіўся на выдавецкія пакуты. Гарэзлівая і вясёлая па характары, пісьменніца натняхала іншых мастакоў тварыць. Прадстаўлены шаржы, прысвечаныя Еўдакіі Якаўлеўне, створаныя ў розныя часы. Усе яны адлюстроўваюць яркую натуру паэтэсы, яе любоў да жыцця і творчасці.
Вершы Еўдакіі Лось пяшчотныя, прасякнутыя любоўю да радзімы, сяброў, сям’і. «Галоўнае ў любові — любоў, галоўнае ў жыцці — жыццё», — пісала паэтэса. Адной з мэт экспазіцыі з’яўляецца прыцягненне ўвагі моладзі і сталага пакалення да выдатнай беларускай пісьменніцы, публіцысткі, маці і грамадскага дзеяча, якая пражыла толькі 48 гадоў, але пакінула багатую літаратурную спадчыну.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА
Фота аўтара
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.