Вы тут

Што будзе адбывацца на БелАЭС да канца года


Пост-місія МАГАТЭ прыедзе на БелАЭС у снежні, а на днях уступіць у сілу ўказ аб рэгуляванні дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі і крыніц іанізуючага выпраменьвання. Пра гэтыя і іншыя моманты, якія датычацца ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў краіне, расказалі эксперты галіны.


«Гарачая» абкатка і комплексная ацэнка

Адключаны ад сеткі аўтаматычнай абаронай генератара 12 ліпеня першы рэактар БелАЭС пасля рамонту быў ізноў падключаны да энергасеткі краіны ўвечары 4 кастрычніка. А на другім энергаблоку паспяхова скончылася «гарачая» абкатка рэактарнай устаноўкі. Падчас абкаткі спецыялісты правялі каля 300 выпрабаванняў, асноўная мэта якіх — пацвярджэнне адпаведнасці сістэм і абсталявання «ядзернага вострава» праектным характарыстыкам. У тым ліку праверка бяспекі работы энергаблока на намінальных параметрах, а таксама пры разагрэве і ахалоджванні рэактарнай устаноўкі.

На рабочых параметрах (пры ціску ў першым контуры 160 кг/см2 і тэмпературы +2800 ?С) правяралася працаздольнасць усіх чатырох галоўных цыркуляцыйных помпаў і сістэм кіравання і абароны рэактарнай устаноўкі і электрасілкавання ўласных патрэб. Зроблена таксама прадзіманне ўласным парам галоўных параправодаў і выпрабаванні галоўных засцерагальных клапанаў парагенератараў, іншыя аперацыі.

— Выпрабаванні пацвердзілі, што ўсё абсталяванне і тэхналагічныя сістэмы энергаблока, якія задзейнічаны ў праграме «гарачай» абкаткі, адпавядаюць праектным характарыстыкам. Адпаведна з планам падрыхтоўкі энергаблока да фізічнага пуску, наступным этапам стане рэвізія асноўнага і дапаможнага абсталявання першага і другога контураў энергаблока, — расказаў Віталь ПАЛЯНІН, дырэктар праекта па стварэнні Беларускай АЭС АТ «Атамбудэкспарт».

А ўжо 5—13 снежня ў Беларусі будзе працаваць пост-місія МАГАТЭ па комплекснай ацэнцы рэгулюючай інфраструктуры ядзернай і радыяцыйнай бяспекі. Місія прайшла ў 2016 годзе, а пост-місія скіравана на тое, каб разгледзець, як Беларусь выконвае рэкамендацыі і нацыянальны план дзеянняў, сфарміраваны па выніках 2016-га, паведаміла Наталля ДАНІЛЕНКА, начальнік аддзела міжнароднага супрацоўніцтва Дзяржатамнагляда:

— У нацыянальны план уключана больш за 70 мерапрыемстваў, якія ахопліваюць усе напрамкі рэгулюючай дзейнасці, ад удасканалення нагляднай дзейнасці і нарматыўна-прававой базы да ўзаемадзеяння з грамадскасцю.

Павышэннеі рэгуляванне бяспекі

Своечасовае інфармаванне насельніцтва пра стан радыяцыйнай бяспекі і паведамленне аб тым, што робіцца дзеля падтрымання яе на належным узроўні, — пачынанне, якое знайшло адлюстраванне ў штогадовых аглядах стану ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Беларусі. Гэтыя дакументы арыентаваныя на шырокую аўдыторыю і змешчаны ў адкрытым доступе.

— Інфармаванне — неад'емная частка рэгулюючай дзейнасці Дзяржатамнагляда. Зводная інфармацыя пра стан ядзернай і радыяцыйнай бяспекі ў Беларусі ў выглядзе аглядаў рыхтуецца з 2014 года, і сёлета з'явіўся чарговы агляд за 2020-ы, — адзначыў Дзмітрый ПАЎЛАЎ, начальнік аддзела навукі і інфармацыі Дзяржатамнагляда. — У дакуменце пазначаны асноўныя леташнія мерапрыемствы і з'явы ў галіне рэгулявання ядзернай бяспекі. Яны датычацца павышэння ўзроўню бяспекі пры выкарыстанні крыніц іанізуючага выпраменьвання ядзерных установак, забеспячэння ядзернай бяспекі ў рэгіёнах, якія пацярпелі ад Чарнобыльскай аварыі, функцыянавання сістэмы радыяцыйнага кантролю.

Значная частка матэрыялаў сёлетняга агляду, які ўбачыў свет у жніўні 2021-га, прысвечана забеспячэнню бяспекі АЭС. У прыватнасці, тут з тэхнічнага пункту гледжання паказаны шэраг значных мерапрыемстваў, звязаных з запускам станцыі летась.

У 2019 годзе быў прыняты закон аб радыяцыйнай бяспецы, які ўступіў у сілу ў чэрвені 2020-га. На працягу бягучага года быў прыняты шэраг нарматыўных дакументаў, якія вызначалі новыя патрабаванні ў дадзенай галіне. Падрыхтавана 46 праектаў нарматыўных прававых актаў, з якіх 21 — гэта тэхнічны нарматыўна-прававы акт (нормы і правілы па забеспячэнні ядзернай і радыяцыйнай бяспекі), дзве пастановы Саўміна, 15 — МНС і восем дапаможнікаў па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы (тлумачальныя дакументы, якія ўтрымліваюць механізмы і магчымасці рэалізацыі нормаў і патрабаванняў па ядзернай бяспецы), удакладніў спецыяліст:

— І хоць Беларусь застаецца ў статусе краіны-навічка ў ядзернай галіне, наспела неабходнасць развіцця ядзернага права. Летась быў падрыхтаваны праект указа аб рэгуляванні дзейнасці ў галіне выкарыстання атамнай энергіі і крыніц іанізуючага выпраменьвання. Гэты дакумент рэгламентуе пытанні дзяржрэгулявання ў сферы ліцэнзавання ў гэтай галіне, а таксама ўстанаўлівае патрабаванні да суіскальніка ліцэнзіі і іншыя пытанні ліцэнзавання. Указ уступае ў сілу на гэтым тыдні, у выніку чаго зменіцца фармат нашых далейшых аглядаў. Акцэнт у іх будзе рабіцца на прыняцце рэальных мер і мерапрыемстваў, якія праводзіць АЭС для забеспячэння ядзернай і радыяцыйнай бяспекі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.