Вы тут

Як у Гомелі настаўнікі выхоўваюць юных патрыётаў


Кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні, якія з гэтага навучальнага года з'явіліся ў школах краіны, — значная дапамога педагагічнаму калектыву. У Год народнага адзінства заклікі да актывізацыі патрыятычнай работы сярод школьнікаў — не проста словы. Між тым, сёння застаецца актуальным пытанне стварэння ў навучальных установах сур'ёзнай вучэбна-матэрыяльнай базы па дапрызыўнай падрыхтоўцы і фарміраванні патрыятычнай самасвядомасці вучняў.


Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Віталь Уткін трымае ў руках капсулу часу падчас акцыі каля помніка ахвярам фашызму ў Гомелі.

Варта адзначыць, што ў Гомелі яшчэ два гады таму стартаваў новы праект па развіцці адукацыйнага асяроддзя для фарміравання ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў. Ініцыятарам праекта выступіў на той час кіраўнік Чыгуначнага раёна Гомеля, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Віталь Уткін. Парламентарый — актыўны ўдзельнік ваенна-патрыятычных мерапрыемстваў, якія праходзяць на Гомельшчыне. У сваёй рабоце ў акрузе ён ў тым ліку далучаецца да правядзення патрыятычных акцый грамадскіх арганізацый.

— Патрыятычнаму выхаванню юнага пакалення, лічу, варта заўсёды аддаваць вялікую ўвагу, бо дзяцінства і юнацтва — тая пара, калі зараджаецца пачуццё любові да сваёй радзімы, да свайго народа. Грамадзянска-патрыятычнае выхаванне дапамагае сфарміраваць пачуццё годнасці, упэўненасці ў сабе, павагі да гісторыі сваёй Айчыны, вернасці баявым і працоўным традыцыям, гатоўнасці да абароны сваёй Радзімы. У нашай краіне выхаванню юных патрыётаў адводзіцца значная ўвага, але, вядома, яшчэ ёсць да чаго імкнуцца ў гэтым кірунку, — падзяліўся сваім меркаваннем Віталь Уткін.

Для яго ваенны доўг перад Радзімай — не пустыя словы. У свой час Віталь Юр'евіч праходзіў тэрміновую службу ва ўнутраных войсках Міністэрства ўнутраных спраў СССР, пасля працягнуў службу ў органах МУС. Дэпутат як сапраўдны сын Гомеля шануе і захоўвае памяць аб героях Вялікай Айчыннай вайны, у гонар якіх названыя вуліцы роднага горада.

Дарэчы, сярэдняя школа № 57 Гомеля размешчана на вуліцы, якая носіць імя Героя Савецкага Саюза Кірыла Восіпава. Менавіта на базе гэтай навучальнай установы сёння актыўна развіваецца праект «Магчымасці адукацыйнага асяроддзя для фарміравання ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў», які ініцыіраваў Віталь Уткін. Праект падтрымаў і першы намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Ігар Бурмістраў.

Вучні ваенна-патрыятычнага класа СШ №57 Гомеля падчас наведвання мемарыяльнага комплексу «Ала» ў Светлагорскім раёне.

У межах праекта было таксама падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж школай і вайсковай часцю № 5525 Гомеля. Па словах намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 57 Гомеля Дзмітрыя Цыбізава, узаемадзеянне з гэтым злучэннем унутраных войскаў МУС Беларусі дапамагло атрымаць паспяховы досвед па ўкараненні новых формаў работы ў межах патрыятычнага выхавання вучняў. Сёння гомельскія педагогі гатовыя дзяліцца сваімі напрацоўкамі.

— Два гады таму мы падрыхтавалі ўсё неабходнае для адкрыцця на базе нашай школы ваенна-патрыятычных класаў. Для вучняў, уключаных у праграму, была пашыта форма, падрыхтавана матэрыяльна-тэхнічная база для навучання, — тлумачыць Дзмітрый Цыбізаў.

Праграмай прадугледжаны штотыднёвыя ўрокі з прадстаўнікамі вайсковай часці № 5525 Гомеля. Штодзённыя заняткі спортам, страявой і агульнай тэарэтычнай падрыхтоўкай з вайскоўцамі як на базе школы, так і на базе вайсковай часці дазваляюць дзецям павысіць узровень фізічнага развіцця, навыкаў самаабароны і ваенна-патрыятычнага выхавання, адзначаюць педагогі.

Сёння праектам ваенна-патрыятычнага выхавання ў гомельскай сярэдняй школе № 57 ахоплена звыш шасцідзесяці вучняў. Гэта навучэнцы восьмага класа і зборная група сямікласнікаў, якія жадаюць наведваць заняткі па праграме ваенна-патрыятычнага выхавання. Ёсць запыт ад вучняў шостага класа і іх бацькоў далучыць да заняткаў у ваенна-патрыятычным класе і іх звяно. Безумоўна, адзначаюць у школе, з'яўленне новай пасады — кіраўніка ваенна-патрыятычнага выхавання — дапаможа далучыць да патрыятычнага руху школьнікаў усіх ахвотных вучняў.

— Асноўная мэта праекта — выхаванне дастойных грамадзян і патрыётаў сваёй краіны, гатовых не толькі любіць і абараняць сваю Радзіму, але і спрыяць яе культурнаму, палітычнаму і сацыяльнаму развіццю, — падкрэсліў намеснік дырэктара. — Вучні ваенна-патрыятычных класаў удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, конкурсах і алімпіядах, прымеркаваных да святкавання найважнейшых падзей нашай краіны, бяруць актыўны ўдзел у навукова-даследчай дзейнасці.

Гомельскія педагогі адзначаюць, што вывучэнне юрыдычных дысцыплін на факультатывах, удзел у ваенна-патрыятычных конкурсах, форумах, наведванне гістарычных мясцін Беларусі — відавочна вельмі станоўча ўплываюць на паводзіны вучняў. З гэтым пагаджаюцца і бацькі навучэнцаў. Вучні ваенна-патрыятычных класаў больш дысцыплінаваныя, палепшыліся іх поспехі ў вучобе, многія лічаць, што цяпер знайшлі арыенцір для будучай прафесіі. Асабліва такая работа ў калектыве карысная для падлеткаў, што трапілі ў поле зроку праваахоўнікаў. Сёлета ў гомельскай школе № 57 запісацца ў ваенна-патрыятычны клас выказалі жаданне вучні, якія знаходзіліся на прафілактычным уліку.

— Мы пераканаліся, напрыклад, як станоўча на дысцыпліну і праводзіны вучняў уплывае нашэнне ваеннай формы, — дзеліцца Дзмітрый Цыбізаў. — Паказальна і тое, што класныя кіраўнікі актыўна падтрымалі вучняў патрыятычных класаў і таксама носяць форму для прыкладу дзецям.

Дзмітрый Ігаравіч падкрэслівае: значную выхаваўчую ролю адыгрывае ўдзел дзяцей у грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах і акцыях Гомеля.

— Моцныя ўражанні аказала на дзяцей унікальная экспазіцыя «Цягнік Перамогі», што экспанавалася гэтым летам у абласным цэнтры. У Дзень ведаў для вучняў нашай школы новы навучальны год адкрыла выступленне ваеннага аркестра васковай часці № 5525. Дарэчы, нядаўна нашы навучэнцы ўзялі актыўны ўдзел у Дне адчыненых дзвярэй гэтага вайсковага злучэння. Дагэтуль згадваюць дзеці і свае экскурсіі ў Гомельскі абласны музей ваеннай славы і мемарыяльны комплекс «Ала». У верасні навучэнцы ваенна-патрыятычных класаў падчас урачыстых мерапрыемстваў з нагоды Дня горада прадэманстравалі макеты-дыярамы ваенных бітваў па вызваленні Гомеля. Дзеці рыхтавалі іх самастойна на працягу навучальнага года, — пералічвае актыўнасці вучняў Дзмітрый Цыбізаў.

Ён дадае: вельмі важна, што ў жыцці ваенна-патрыятычных класаў актыўны ўдзел бяруць і бацькі вучняў. Разам наведваюць мемарыялы і памятныя мясціны, удзельнічаюць у акцыях і спартыўных мерапрыемствах.

— Афіцэрская служба, жаданне здзейсніць подзвіг — мара многіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Гэта толькі некаторыя з многіх прычын, з якіх навучэнцы нашай школы выбіраюць шлях абаронцы Айчыны. Першы крок гэтага няпростага шляху — ваенна-патрыятычныя класы. У іх дзеці вучацца ўзаемадапамозе, дысцыпліне і пераадоленню перашкод, — матывуе гомельскі педагог.

Наталля КАПРЫЛЕНКА, фота дадзена СШ № 57 Гомеля

Загаловак у газеце: Выхаванне пашаны

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.