Вы тут

З цукровым дыябетам, анкалогіяй, імунасупрэсіяй трэба вакцынавацца ў першую чаргу


Міністэрства аховы здароўя падрыхтавала серыю відэаролікаў «Ковід у пытаннях і адказах», прысвечаных пытанням вакцынацыі. Яны зроблены ў рамках праекта Сусветнага банка «Экстраннае рэагаванне на COVІD-19 у Рэспубліцы Беларусь». Адказы на папулярныя пытанні далі эксперты — урачы-практыкі, вучоныя, выкладчыкі медыцынскіх ВНУ. Прыводзім некаторыя з іх.


Фота: pixabay.com

— Ці можна прышчапляцца людзям з цукровым дыябетам?

Таццяна Мохарт, доктар медыцынскіх навук, прафесар, загадчык кафедры эндакрыналогіі БДМУ:

— Не можна, а трэба. Цукровы дыябет адносіцца да захворванняў, якія істотна павышаюць рызыку негатыўных наступстваў пры захворванні COVІD-19. Сёння даказана, што пры цукровым дыябеце часцей узнікае неабходнасць шпіталізацыі ў аддзяленне інтэнсіўнай тэрапіі, штучнай вентыляцыі лёгкіх — і, выдома, больш лятальных канцоў. Для таго каб мінімізаваць гэтыя рызыкі, пацыенты з цукровым дыябетам у многіх краінах адносяцца да катэгорыі асоб, якім вакцынацыя рэкамендуецца ў першую чаргу.

— Ці трэба вакцынавацца тым, у каго зніжаны імунітэт? У прыватнасці, людзям, у якіх аслаблены імунітэт з-за пэўнай хваробы ці прыёму лекаў — пасля трансплантацыі органаў, ВІЧ-інфікаваным, пацыентам з анкалагічнымі хваробамі?

Ігар Стома, урач-інфекцыяніст, рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, дацэнт:

— Магу з поўнай адказнасцю заявіць, што гэтыя пацыенты ў першую чаргу павінны быць прышчэпленыя ад COVІD-19, бо менавіта яны рызыкуюць перанесці інфекцыю ў найбольш цяжкай форме. Першыя даныя, якія паступілі з Італіі, сведчаць, што кожны пяты пацыент, які загінуў ад каранавіруса ў першую хвалю ў Італіі, меў анказахворванне ў той ці іншай форме. А гэта вялікая кагорта людзей, якія б маглі жыць, бо, магчыма, іх анказахворванне магло быць выведзена ў стадыю рэмісіі. Так што па выніках даследаванняў, якія маюцца ў свеце, пацыенты з анказахворваннямі, гематалагічнымі захворванннямі, пасля трансплантацыі органаў і тканак з'яўляюцца важнай групай для вакцынацыі.

Зразумела, рашэнне аб тэрмінах вакцынацыі павінна прымацца на кансіліуме пры ўдзеле профільных спецыялістаў, які вядуць дадзенага пацыента. Гэта не самастойнае рашэнне, яно павінна быць абгрунтавана спецыялістамі адпаведнага профілю.

— Ці прышчапляцца тым, хто перахварэў? Кажуць, што ў тых, хто прышчапіўся, былі сур'ёзныя наступствы...

Наталля Міцькоўская, тэрапеўт, кардыёлаг, загадчык кафедры кардыялогіі і ўнутраных хвароб БДМУ, дырэктар РНПЦ «Кардыялогія», доктар медыцынскіх навук:

— Я мела магчымасць «пазнаёміцца» з гэтай інфекцыяй, і ўспаміны ў мяне засталіся самыя непрыемныя. Больш за ўсё хачу ў будучым ніколі гэтага не паўтарыць. У мяне ў прынцыпе не было сумненняў, ці патрэбная мне вакцынацыя. Я прышчапілася ў максімальна раннія тэрміны пасля перанесенай каранавіруснай інфекцыі — літаральна праз тры месяцы.

Многія людзі цікавяцца меркаваннем самых розных спецыялістаў, што павінна быць крытэрыем вакцынацыі ў чалавека, які перанёс каранавірусную інфекцыю. Адзінага пункту гледжання ў свеце з гэтай нагоды няма. Больш за тое, часам дастаткова катэгарычна вельмі аўтарытэтныя спецыялісты заяўляюць, што і ўзровень антыцелаў не мае значэння ў гэтай сітуацыі. Тым не менш, пасля хваробы я пракантралявала ўзровень антыцел у сябе і запэўнілася, што ён дастаткова нізкі, пасля таго вакцынавалася «Спадарожнікам V». Чаму менавіта гэтай вакцынай? Асаблівага пераканання, што ў маёй сітуацыі патрэбная менавіта гэтая вакцына ці нейкая іншая, не было, але на той момант, калі я выконвала вакцынацыю, было дастаткова шмат навуковых даных аб яе эфектыўнасці.

Ці былі ў мяне пабочныя эфекты? Так, былі. І асабіста я лічу, што гэта сведчыць пра тое, што вакцына спрацавала, і спрацавала фантастычна, бо ў мяне быў вельмі высокі ўзровень антыцел — большы за 27 тысяч, гэта сапраўды сур'ёзная лічба. І цяпер я дастаткова актыўна працую, у тым ліку і з пацыентамі, выконваючы масачны рэжым, рэгулярна праветрываючы кабінет. Я адчуваю пэўную ступень абароненасці, і лепш яшчэ калі-небудзь перажыву пабочныя эфекты ад вакцынацыі, чым яшчэ раз сутыкнуся з самой каранавіруснай інфекцыяй. Гэта рэчы абсалютна несупастаўляльныя. І мы павінны разумець, што верагоднасць з'яўлення значных пабочных эфектаў надзвычай малая, а імавернасць цяжкага цячэння каранавіурснай інфекцыі, на жаль, вялікая. І нагадваю пра постковідны сіндром, які, на жаль, свой страшны твар цалкам яшчэ не паказаў. Мы пакуль не ведаем, што такое аддаленыя наступствы перанесенай каранавіруснай інфекцыі.

— Ці праўда, што вакцынацыя — моцны ўдар па імуннай сістэме?

Ігар Стома, урач-інфекцыяніст, рэктар Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, дацэнт:

— Для пачатку хацеў бы сказаць, што гэта прынцыпова няправільны механістычны погляд. Імунная сістэма — гэта не шалі, на якія вы нагружаеце кілаграмы і такім чынам уплываеце. Гэта дастаткова збалансаваная сістэма, якая мае патрэбу ў знешніх сігналах. Калі яна не атрымлівае ўздзеяння звонку ў выглядзе кантакту з мікробамі, антыгенамі, то яна страчвае якасць сваёй работы. Гэта як чалавек, які не займаецца фізічнымі практыкаваннямі, — яго мышцы будуць змяншацца ў аб'ёмах і якасці. Так і імунная сістэма: калі вы яе не трэніруеце, зніжае якасць сваёй работы. Таму абсалютна няправільна механістычна разглядаць, што нейкі імунабіялагічны прэпарат аказвае ўплыў. Гэта не нагрузка, а натуральнае ўздзеянне, якое неабходнае для каліброўкі імуннай сістэмы. Штодзень наша імунная сістэма рэагуе на дзясяткі тысяч антыгенаў, якія мы атрымліваем з ежай: мяса, морапрадукты — гэта антыгены, імунная сістэма кішэчніка рэагуе на іх, і нічога страшнага ў гэтым няма — наадварот, з'яўляецца нормай. Таму трэніраваць імунную сістэму з дапамогай вакцын натуральна і нармальна.

— Я перахварэў на COVІD-19, калі мне вакцынавацца?

Іна Фёдарава, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры эпідэміялогіі БДМУ:

— Вакцынацыя тым, хто перахварэў на COVІD-19, рэкамендаваная незалежна ад ступені цяжару хваробы — у лёгкай, сярэдняй ці цяжкай форме яна была. Падчас вакцынацыі чалавек павінен быць здаровы, а для гэтага патрэбны час ад 2 да 8 тыдняў пасля папраўкі. На працягу гэтага часу трэба вырашаць пытанне з вакцынацыяй.

— Ці ёсць у рэанімацыі тыя, хто прышчапляўся?

Юрый Горбіч, загадчык кафедрай інфекцыйных хвароб і дзіцячых інфекцый БелМАПА, дацэнт, кандыдат медыцынскіх навук:

— Не буду крывіць душой, яны сапраўды ёсць, але іх вельмі мала. Калі браць тую ж расійскую статыстыку, то там у цяжкім стане ад 0,05 % да 1 % прышчэпленых. Гэтая лічба адрозніваецца па рэгіёнах, працэнт вышэйшы там, дзе менш прышчэпленых. Рэальна ніводная вакцына не валодае 100 % эфектыўнасцю. І калі мы гаворым пра «Спадарожнік V» ці кітайскую вакцыну Vero Cell, эфектыўнасць у іх высокая, у першай дасягае 92 %. Гэта значыць, што са 100 прышчэпленых чалавек 92 атрымаюць імунітэт, а восем — не, і застануцца ўспрымальныя да віруса. Таму ў рэанімацыі ёсць прышчэпленыя, бо гэтыя восем нікуды не дзенуцца, а калі яны маюць фактары рызыкі, то ў іх развіваецца цяжкі стан. Маленькае «але» ў тым, што калі вы мяне спытаеце, ці шмат у рэанімацыі прышчэпленых, то я адкажу, што адзінкі.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Культура

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

Жэмчуг і пясок. Пяць расчараванняў Максіма Багдановіча

існуе тэорыя, што толькі той, каму выпала перажыць моцныя ўзрушэнні, можа стаць сапраўдным паэтам.

Грамадства

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Вакцынацыя і рэвакцынацыя: калі і каму прышчапляцца ад каранавіруса паўторна

Якую вакцыну выбраць для паўторнай прышчэпкі ад каранавіруса?

Грамадства

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Крэпасць духу. 10 натхняльных храмаў Гродзеншчыны

Гэта культурнае багацце прыцягвае ў краіну масу падарожнікаў.