Вы тут

Сяргей Кандыбовіч: З беларусамі ўсім утульна і камфортна


Напрыканцы мінулага тыдня ў Беларусі прайшло пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС. Актыўны ўдзел у ім узялі прадстаўнікі Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі — арганізацыі, якая аб'ядноўвае нашых суайчыннікаў у суседняй краіне. Аб дзейнасці беларускай дыяспары мы паразмаўлялі з кіраўніком ФНКА беларусаў Расіі, членам прэзідыума Савета пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, акадэмікам Расійскай акадэміі адукацыі, заслужаным дзеячам навукі Расійскай Федэрацыі, прафесарам Сяргеем Кандыбовічам.


— Сяргей Львовіч, колькі беларусаў пражывае ў Расіі?

— Згодна з папярэднім перапісам насельніцтва Расійскай Федэрацыі, каля 550 тысяч грамадзян, якія назвалі сябе беларусамі. Гэта пазіцыя была неабавязковая, але людзі пажадалі сябе так абазначыць. Нас заўсёды непакоіла пытанне, што ад перапісу да перапісу колькасць беларусаў у Расіі стабільна скарачалася ў 1,5 раза. Калі апошні перапіс РСФСР паказваў 1 мільён 200 тысяч, у наступных лічбы былі такія: 826 і 550 тысяч, цяпер, 14 лістапада, быў апошні перапісны дзень у Расіі. І мы вельмі спадзяёмся, што на гэты раз беларусаў не стане менш.

Але ў такім змяншэнні нічога катастрафічнага няма. Гэтаму ёсць некалькі тлумачэнняў. Адно з іх — двайная ідэнтычнасць, і адна з асноўных задач нашай арганізацыі — якраз дапамагчы беларусам захаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць, культурны код на тэрыторыі Расіі. У першую чаргу, канешне, гэта мова і культура, а ў культуру ўключаюцца многія рэчы, тая ж нацыянальная кухня.

На тэрыторыі Расіі ў нас 44 нацыянальна-культурныя аўтаноміі — мясцовыя, рэгіянальныя і федэральныя, і 71 арганізацыя, якая з'яўляецца носьбітам беларускай культуры, я ўжо не кажу пра музеі беларускай культуры. Што датычыцца нацыянальна-культурнай аўтаноміі, то ў нас быў такі вырашальны крок з нагоды аб'яднання ўсіх арганізацый беларускай этнічнасці: гэта і нацыянальныя клубы, і проста грамадскія арганізацыі. Цяпер мы адно цэлае. Мы ніколі не дзяліліся, але ў арганізацыйна-юрыдычных момантах максімальна зблізіліся.

— Як фарміруецца ваша арганізацыя?

— Арганізацыя — гэта ў першую чаргу людзі і справы. Тут важным з'яўляецца момант, што ў складзе нацыянальна-культурнай аўтаноміі могуць быць прадстаўнікі любой нацыянальнасці. І яны, трэба сказаць, з задавальненнем уваходзяць у склад актыву нашай арганізацыі, бо з беларусамі ўсім утульна і камфортна.

Наш актыў складаюць людзі, якія пры розных абставінах аказаліся на тэрыторыі Расіі. Гістарычна склалася, што ва Усходняй і Цэнтральнай Сібіры дагэтуль шмат нашчадкаў беларусаў-перасяленцаў даваенных часоў, тых, хто па прычыне абставін застаўся жыць у Расіі пасля эвакуацыі падчас Вялікай Айчыннай вайны. У савецкі перыяд найноўшай гісторыі вельмі шмат беларускіх кіраўнікоў, ваенных, якія эфектыўна працавалі на тэрыторыі БССР і былі запрошаны ў цэнтральныя органы кіравання Савецкага Саюза. Многія з гэтых людзей уваходзяць у склад нашага актыву. Нельга не згадаць нашых герояў космасу — Пятра Клімука, Уладзіміра Кавалёнка, Алега Навіцкага. Алег Віктаравіч таксама з'яўляецца членам Савета ФНКА беларусаў Расіі.

— Ці паўплывала пандэмія на актыўнасць вашай арганізацыі? Як выходзіце са складанай сітуацыі, калі асабістыя кантакты сталі вельмі абмежаванымі?

— Наш актыў арганізоўвае самыя разнастайныя мерапрыемствы беларускай тэматыкі. У год іх праходзіць каля дзвюх тысяч у розных рэгіёнах. Цяпер, на жаль, мы перайшлі на рэжым анлайн. З аднаго боку, гэта вельмі сумна, але з іншага — за два гады мы атрымалі вялікі досвед правядзення мерапрыемстваў у рэжыме анлайн. Калі ў папярэднія гады было да дзвюх тысяч наведванняў, то апошнія нашы канцэрты, канферэнцыі і іншыя акцыі ў рэжыме анлайн збіраюць ад 100 да 150 тысяч праглядаў. Тут аўдыторыя пашырылася неймаверна, чаму мы бясконца рады.

У ФНКА беларусаў Расіі ёсць яшчэ адна дамінантная опцыя — пытанне ваенна-патрыятычнага выхавання. Беларуская зямля, дзе кожны рэгіён авеяны славай і подзвігам, стала месцам прыцягнення і шматлікіх патрыятычных акцый. Усе падзеі, звязаныя з вайной, у тым ліку партызанскі, падпольны рух, цяпер маюць вялікі інтарэс — з боку кінематографа, літаратуры.


Мы арганізоўваем наведванне гэтых месцаў у першую чаргу расійскай моладдзю, школьнікамі, студэнтамі. І гэта здорава, што патрыятычнаму выхаванню, якое Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін вызначыў як нацыянальную ідэю, надаецца вялікае значэнне.

У Беларусі абавязковымі для наведвання расійскай моладдзю застаюцца Брэсцкая крэпасць, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, мемарыяльны комплекс Хатынь. У кожным рэгіёне, у тым ліку і ў апошнія гады, адкрылася шмат мемарыяльных комплексаў. Гэта і вёска Ала, і вялікі комплекс Трасцянец, Лінія Сталіна. Важным, але недастаткова пакуль наведвальным аб'ектам з'яўляецца комплекс у Смаргоні, прысвечаны Першай сусветнай вайне. Як вядома, яго стварэнне было здзейснена за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы.

— У мінулую пятніцу прайшло пасяджэнне Кансультатыўнага савета беларусаў замежжа, у якім вы ўзялі актыўны ўдзел. Раскажыце пра яго вынікі.

— Трэба сказаць, што некалькі гадоў таму ў Беларусі быў прыняты Закон «Аб беларусах замежжа». Звярталіся і да грамадзян беларускай дыяспары. І з задавальненнем адзначу, што нашы прапановы і папраўкі былі ўлічаны, і знайшлі сваё месца ў канчатковай рэдакцыі дакумента. У межах рэалізацыі гэтага закона створаны Кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа пры МЗС Беларусі, які ўзначальвае міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей. Кансультатыўны савет збіраецца раз на год. З-за пандэмічнай сітуа-
цыі летась сабрацца не атрымалася, і мы рады, што цяпер маем такую магчымасць. На пасяджэнне было запрошана 20 членаў савета, з іх трое прадстаўнікі «Беларусаў Расіі», усяго ж у нашай дэлегацыі пяць чалавек. Мы ўбачыліся са сваімі калегамі, даўнімі сябрамі, кіраўнікамі дыяспар іншых краін свету. Быў цікавы парадак дня, мы наведалі Палац Незалежнасці, паглядзелі шэдэўр беларускай тэатральнай класікі ў Купалаўскім тэатры — спектакль «Паўлінка». Увогуле, гэта добрая пляцоўка не толькі паслухаць даклад, выступіць самім з прапановамі і ацэнкамі, але і паразмаўляць з калегамі, абмяняцца ідэямі.

— Сяргей Львовіч, ці сочаць беларусы, якія жывуць у Расіі, за грамадска-палітычным жыццём у нашай краіне? Як яны рэагуюць на апошнія падзеі?

— Безумоўна, падзеі мінулага і гэтага года не маглі нас пакінуць убаку. Нават у самыя няпростыя моманты грамадска-палітычных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі Беларусі, беларуская дыяспара, і ў першую чаргу наш актыў, вельмі дакладна ўсведамляла, што ў нас ёсць мацярынская дзяржава, Беларусь, але мы грамадзяне Расіі. Таму ніякіх заяў — ні палітычных, ні эмацыянальных, ніводнага ўсплёску эмоцый ні ў адным рэгіёне не адбылося. І на тое, што некаторыя СМІ асвятлялі несанкцыянаваныя акцыі і прыпісвалі іх беларусам таго ці іншага рэгіёна, тут адназначны адказ: гэта былі не грамадзяне Расіі. Гэта ўраджэнцы, выхадцы з Беларусі, якія не з'яўляюцца грамадзянамі Расійскай Федэрацыі, якія такім чынам выказвалі сваё меркаванне.

Падзеі апошняга месяца, а гэта падпісанне на Вышэйшым савеце Саюзнай дзяржавы дырэктывы Саюзнай дзяржавы, нас парадавалі і натхнілі. Аднак тут трэба разумець, што, падпісаўшы нават вельмі важныя дакументы, як неаднаразова падкрэслівалася, патрабуецца яшчэ вялікая карпатлівая работа па прывядзенні заканадаўчай базы нашых дзяржаў у гарманічнае становішча. Гэта вымагае працяглага часу — не тыдня і не месяца. Дзесьці змены патрабуюцца на самым высокім заканадаўчым узроўні, дзесьці больш просты фармат. Аднак мы вельмі задаволены, што завяршыўся чарговы этап, вельмі важны і патрэбны.

— Цяпер няпросты час, калі перамяшчэнне паміж Расіяй і Беларуссю часткова абмежавана. Што параіце ў такой сітуацыі беларусам і расіянам?

— Канешне, усіх нас засмучае сітуацыя з абмежаваннем перамяшчэнняў паміж нашымі дзяржавамі. Я ведаю, што ўсе беларусы Расіі хоць б раз на год наведваюць радзіму, прыязджаюць на могілкі сваіх продкаў, на святы. Цяпер мы крыху абмежаваны, але сітуацыя паступова наладжваецца. Хацеў бы пажадаць, каб усе былі здаровыя, прышчэплены, былі ўпэўненыя ў заўтрашнім дні, і заставаліся актыўнымі. У сваю чаргу, мы будзем рады прыехаць праз нейкі час у Беларусь і зрабіць рэвакцынацыю беларускай вакцынай.

Алена КРАВЕЦ

Фота Анатоля КЛЯШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.

Грамадства

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў  і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Што вылучае Іўе сярод іншых беларускіх гарадоў і якая трагедыя дагэтуль у памяці яго жыхароў?

Са старажытных часоў Іўеўшчына адметная сваёй шматнацыянальнасцю. 

Грамадства

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Што акрамя цэркваў і замкаў паглядзець на Гарадзеншчыне?

Музей, валуноў, вавёркі, вадзянога млына і не толькі.