Вы тут

Вынікі сельскагаспадарчага сезона паўднёвага ўсходу Беларусі падвялі ў Гомелі


Нягледзячы на зніжэнне аб'ёмаў сабранага збожжа з-за неспрыяльных кліматычных умоў, атрыманы на Гомельшчыне ўраджай дасць магчымасць не толькі забяспечыць уласныя патрэбы, але і нарасціць экспарт.


Фестываль працаўнікоў вёскі «Дажынкі» ў абласным цэнтры прайшоў упершыню. Для аграрыяў рэгіёна падрыхтавалі насычаную культурную праграму з наведваннем Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. На цэнтральнай плошчы Гомеля ўдзельнікаў свята чакала выстаўка сельгастэхнікі. Арганізатары пастараліся зрабіць яе максімальна цікавай для ўсіх: размясцілі побач з сучаснымі машынамі іх папярэднікаў, якія выходзілі ў поле паўстагоддзя таму. На выстаўцы прэзентавалі і ўсю лінейку новай тэхнікі ААТ «Гомсельмаш». Генеральны дырэктар прадпрыемства правёў экскурсію для ганаровых гасцей свята — намесніка прэм'ер-міністра Беларусі Юрыя Назарава, міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Івана Крупко, старшыні Гомельскага аблвыканкама Генадзя Салаўя. Тут можна было ўбачыць і падарункі ад «Гомсельмаша» для сельгаспрадпрыемстваў вобласці. Сертыфікаты на новую тэхніку — камбайн (мадэль 1218 А1) з поўным прыводам, які палягчае работу на пераўвільготненых глебах, і бульбаўборачны камбайн КПК 2-05 — былі перададзены гаспадаркам падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання герояў жніва.

Да ўдзельнікаў свята звярнуўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Генадзь Салавей:

— Не стамляюся паўтараць: каб нам тут, на Гомельшчыне, тэрыторыі рызыкоўнага земляробства, атрымліваць максімум аддачы ад укладзеных чалавечых і матэрыяльных рэсурсаў, неабходная дыктатура тэхналогій і жорсткая вытворчая дысцыпліна.

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў: нягледзячы на тое, што, гаспадаркі не змаглі дасягнуць мільённай мяжы па валавым зборы збожжавых і зернебабовых, сёлетні сезон зноў вызначыў імёны лідараў, нагадаў аб тых, хто з году ў год натхняе працаўнікоў вёскі сваім прыкладам. Планку ў тысячу тон пераадолелі 270 экіпажаў: практычна кожны трэці тандэм — «тысячнік». У рэгіёне шэсць «двухтысячнікаў». Па колькасці «тысячнікаў» лідары — Буда-Кашалёўскі, Добрушскі і Рэчыцкі раёны.

Цікава, што ўсе дыпломы пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненні на ўборцы збожжавых і зернебабовых культур заваявалі камбайнеры адной гаспадаркі — акцыянернага таварыства «Калінінскі» Добрушскага раёна. Лідары Сяргей Белавусаў, Пётр Самойленка і Мікалай Варганаў разам намалацілі звыш шасці тысяч тон збожжа новага ўраджаю.

— Праца, вядома, цяжкая. Але заўсёды разумееш: ад цябе залежыць, ці будзе хлеб на стале ў людзей, ці будзе накормлена жывёла, — у размове з журналістамі падзяліўся думкамі камбайнер ААТ «Калінінскі» Мікалай Варганаў, які падчас жніва намалаціў крыху менш за дзве тысячы тон збожжа. Ён і яго таварыш па рабоце, таксама герой жніва — старшы камбайнер ААТ «Калінінскі» Пётр Самойленка — за штурвалам камбайнаў больш як дваццаць гадоў.

Між тым, тысячу і больш тон намалацілі 32 маладзёжныя экіпажы Гомельшчыны — кожны восьмы. Амаль 10 % экіпажаў — сямейныя. Пераможцы «Дажынак-2021» таксама камбайнеры ААТ «Тураўшчына» Жыткавіцкага раёна, КСУП «Агракамбінат «Холмеч» Рэчыцкага раёна. З ліку маладых кіроўцаў на перавозцы збожжа дыпломы пераможцаў атрымалі работнікі ААТ «Ціхінічы» Рагачоўскага раёна, СВП «Свеціловічы» — філіял ААТ «Гомельхлебпрам» Веткаўскага раёна, ААТ «Брагінка» Брагінскага раёна. Тысяча і больш тон збожжа ў гэтую ўборачную на рахунку 239 кіроўцаў вобласці.

Як адзначыў старшыня аблвыканкама, сёлета на палях рэгіёна працавалі 34 новыя камбайны, з іх 10 — газаматорныя, яшчэ 11 паступяць у гаспадаркі да канца года. Амаль трыста адзінак тэхнікі вярнулі ў строй аграсэрвісы вобласці. Усяго на тутэйшых палях працавалі 966 камбайнаў, 93 % якіх — з лагатыпам «Палессе».

Лідар па ўборцы збожжавых сярод сельскагаспадарчых прадпрыемстваў вобласці — вытворчы кааператыў «50 гадоў Кастрычніка» Рэчыцкага раёна. Галоўныя складнікі поспеху, упэўненыя ў гаспадарцы, — дысцыпліна і строгае выкананне тэхналагічных патрабаванняў. Выдатны вынік па абвальванні збожжавых і ў іншай гаспадаркі Рэчыцкага раёна — КСУП «Агракамбінат «Холмеч». Наогул, Рэчыцкі разам з Буда-Кашалёўскім і Веткаўскім увайшоў у тройку раёнаў-лідараў з самай высокай ураджайнасцю збожжавых. А вось за Мазыршчынай сёлета першае месца за дасягненні ў галіне жывёлагадоўлі.

На фестывалі ўшанавалі таксама галоўных аграномаў і інжынераў сельгаспрадпрыемстваў, аператараў зернесушыльных установак і машыннага даення, жывёлагадоўчых комплексаў і птушкафабрык.

Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас кіраўнікоў і працаўнікоў некаторых гаспадарак. Падзяка Прэзідэнта перададзена калектыву ААТ «Отар» Чачэрскага раёна. Дырэктар прадпрыемства Таццяна Струк удастоена Ганаровай граматы Адміністрацыі Прэзідэнта. Падзяка Адміністрацыі Прэзідэнта аб'яўлена Сяргею Даўгялу — старшыні СВК «Дружба — Аўцюкі» Калінкавіцкага раёна. Ганаровых грамат Савета Міністраў удастоены выканаўчы дырэктар ААТ «Брагінка» Брагінскага раёна Тамара Кудан і трактарыст-машыніст СВК «Дружба — Аўцюкі» Калінкавіцкага раёна Мікалай Есьман.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Гомельскі плён працаўнікоў вёскі

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.