Вы тут

Беларусы пачалі біятлонны сезон!


У традыцыйным аглядзе «Звязды» дзелімся самымі цікавымі спартыўнымі навінамі.


Гераіня тыдня. Біятланістка Дзінара Алімбекава заняла чацвёртае месца ў спрынце на этапе Кубка свету ў Эстэрсундзе (Швецыя). Алімпійская чэмпіёнка скончыла спрынтарскую гонку на 7,5 км з двума агнявымі рубяжамі без промахаў, саступіўшы лепшаму выніку 18 секундаў. Яшчэ адна беларуска, Ганна Сола, на гэтай дыстанцыі прыехала да фінішу пятая, маючы адзін недакладны выстрал.

Дзінара Алімбекава таксама прыехала чацвёртая да фінішу індывідуальнай гонкі. Дыстанцыю ў 15 кіламетраў яна пераадолела з чатырма агнявымі рубяжамі, саступіўшы пераможцы 1 хв. 46.0 секунды і дапусціўшы два промахі.

Другі этап Кубка свету па біятлоне пачнецца 2 снежня таксама ў шведскім Эстэрсундзе.

Герой тыдня. Дзмітрый Ходас заваяваў бронзавы медаль юніёрскага чэмпіянату свету па паўэрліфтынгу сярод спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Беларускі спартсмен, які выступае ў катэгорыі 59 кілаграмаў, паказаў вынік 110 кг.

Каманда тыдня. Беларускія баскетбалісты перамаглі каманду Турцыі ў стартавым матчы адборачнага турніру чэмпіянату свету — 2023. У першым туры кваліфікацыйнай групы В беларусы ўпэўнена абыгралі турэцкіх сапернікаў з вынікам 84:70. Але ў наступным матчы супраць каманды Грэцыі нацыянальная мужчынская зборная ўступіла. Вынік сустрэчы — 67:77. Самымі выніковымі ў складзе беларускай каманды сталі Максім Салаш і Уладзіслаў Блізнюк, якія набралі па 17 балаў.

Па выніках дзвюх сустрэч у межах першага «акна» кваліфікацыі чэмпіянату свету па розніцы забітых і прапушчаных балаў беларуская зборная ўзначальвае групу В. У наступны раўнд адборачнага турніру трапяць па тры найлепшыя каманды з васьмі квартэтаў. У выніку пуцёўкі на чэмпіянат свету атрымаюць 12 еўрапейскіх краін.

Перамога тыдня. Хакеісты мінскага «Дынама» перамаглі «Трактар» у матчы чэмпіянату Кантынентальнай хакейнай лігі. Сустрэча скончылася вынікам 2:1 на карысць «зуброў». Такім чынам, мінчане скончылі сваю шасціматчавую серыю паражэнняў. Наступны матч яны правядуць на выездзе супраць СКА.

Рэкорды тыдня. Беларус Ілья Шымановіч абнавіў сусветны рэкорд на этапе Міжнароднай лігі плавання (ІSL), які праходзіць у Эйндховене (Нідэрланды). На дыстанцыі 100 метраў брасам у 25-метровым басейне ён пабіў уласны рэкорд. Ілья пераадолеў дыстанцыю за 55,28 секунды. Раней найлепшым дасягненнем у гэтым відзе праграмы быў вынік 55,32 се-
кунды.

На гэтым турніры Настасся Шкурдай абнавіла нацыянальны рэкорд 200 м на спіне. З гэтага часу ён роўны 2 хв. 01,77 секунды. Ранейшы быў 2 хв. 02,43 секунды.

Медалі тыдня. Беларусы заваявалі чатыры залатыя медалі маладзёжнага чэмпіянату Еўропы па шашках-100 у Кортрэйку (Бельгія). Абсалютнай чэмпіёнкай стала Яна Якубовіч, якая заваявала «золата» ва ўсіх трох відах праграмы — класічнай, хуткай і вокамгненнай. Яшчэ два медалі на рахунку Паліны Петрусёвай. У юнакоў чэмпіёнам у класічнай праграме стаў мінчанін Дзмітрый Немец, таксама ён выйграў «бронзу» ў бліцы. Зборная Беларусі займае першае месца ў медальным заліку.

Жэраб’ёўка тыдня. Беларуская жаночая зборная па баскетболе даведалася, хто будзе яе саперніцамі па адборачным турніры чэмпіянату свету — 2022. За права выступіць на планетарным першынстве беларускі будуць змагацца з камандамі Босніі і Герцагавіны, Канады і Японіі.

Матчы кваліфікацыі сусветнага першынства пройдуць з 10 да 13 лютага 2022 года. Два турніры прыме сербскі Бялград, па адным адбудзецца ў японскім горадзе Осака і ў Вашынгтоне. Фінальная стадыя 19-га жаночага планетарнага форуму пройдзе на арэнах Аўстраліі з 22 верасня да 1 кастрычніка 2022 года. Месцы ў фінале ўжо маюць аўстралійскія баскетбалісткі і зборная ЗША, якая стала пераможніцай Алімпійскіх гульняў у Токіа.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.