Вы тут

МТЗ за два гады павялічыў у 10 разоў пастаўкі тэхнікі праз «Расагралізінг»


Мінскі трактарны завод за два гады павялічыў у 10 разоў пастаўкі тэхнікі праз «Расагралізінг» у расійскія рэгіёны. Вынікі работы і перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва абмеркавалі 29 лістапада ў Маскве генеральныя дырэктары ААТ «МТЗ» Віталь Воўк і АТ «Расагралізінг» Павел Косаў, паведамілі ў прэс-службе МТЗ.


Фота з архіва

«За апошнія два гады мы правялі вялікую работу па ўмацаванні супрацоўніцтва, што дало магчымасць значна, а менавіта ў 10 разоў, павялічыць аб’ём паставак тэхнікі, вырабленай МТЗ, у расійскія рэгіёны. Калі ў 2019 годзе мы паставілі толькі 56 адзінак, то ў бягучым годзе — 557 адзінак», — падкрэсліў Павел Косаў.

Як адзначылі ў «Расагралізінгу», Мінскі трактарны завод з’яўляецца адным з ключавых партнёраў таварыства. З 2002 года расійскім аграрыям пастаўлена звыш 3 тыс. адзінак тэхнікі вытворчасці МТЗ. Па агульным аб’ёме паставак у 2021 годзе МТЗ займае другое месца ў рэйтынгу пастаўшчыкоў «Расагралізінгу». Высокі попыт на тэхніку завода падтрымліваецца ў тым ліку за кошт шырокай наменклатурнай лінейкі. Найбольш папулярныя мадэлі — BELARUS-82 і BELARUS-1221.

Віталь Воўк на сустрэчы адзначыў неабходнасць пашырэння асартыменту прадукцыі, рэалізуемай у супрацоўніцтве з «Расагралізінгам». «Мы гатовы прапанаваць партнёрам новую лінейку трактароў з палепшанымі спажывецкімі ўласцівасцямі. Пашырэнне наменклатуры пасадзейнічае павелічэнню аб’ёмаў продажаў тэхнікі МТЗ праз „Расагралізінг“, што, безумоўна, з’яўляецца нашай канчатковай мэтай», — адзначыў гендырэктар ААТ «МТЗ». Таксама Віталь Воўк выказаў зацікаўленасць у інвестыцыях «Расагралізінгу» ва ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ТАА «Гандлёва-вытворчая кампанія МТЗ-Татарстан».

Рост попыту на трактары BELARUS абумоўлены льготнай праграмай лізінгу «Беларуская тэхніка», якая дае магчымасць кліентам «Расагралізінгу» набываць беларускую тэхніку на льготных умовах. Праграма рэалізуецца ў адпаведнасці з указам ад 24 верасня 2009 года нумар 466 «Аб некаторых мерах па рэалізацыі тавараў, вырабленых у Рэспубліцы Беларусь». Кампаніям — нерэзідэнтам краіны прадастаўляецца магчымасць субсідзіравання лізінгавых плацяжоў пры набыцці тэхнікі і абсталявання беларускай вытворчасці за кошт бюджэту Беларусі.

Бакі дамовіліся аб далейшым супрацоўніцтве па пастаўках тэхнікі ў лізінг.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.